РА́БСТВА,
найбольш жорсткая форма эксплуатацыі, пры якой эксплуатуемы (раб) з’яўляецца маёмасцю свайго гаспадара-рабаўладальніка. Узнікла пераважна пасля пераходу чалавека да земляробства і жывёлагадоўлі; але існавала і ў некат. паўн.-амер. паляўнічых плямёнах. Верагодна, першыя рабы былі з ваеннапалонных. Найб. прымітыўнай формай Р. было паўсюдна пашыранае патрыярхальнае Р., калі рабы лічыліся бяспраўнымі членамі сям’і. У большасці выпадкаў патрыярхальнае Р. вызначалася адносна лёгкім становішчам раба. У першых дзяржавах Стараж. Усходу 3—2-га тыс. да н.э. [Егіпет часу Стараж. царства, Шумер, Стараж. Індыя і Кітай часу Шан (Інь)] найб. пашырэнне атрымала дзярж. Р., калі рабы выкарыстоўваліся на грамадскіх працах, у палацавай і храмавай гаспадарках; прыватнае Р. было нязначным. У больш позні час пашырылася прыватнае Р., у т. л. продаж у Р. за пазыкі. Законы Хамурапі (18 ст. да н.э.) рэгулявалі Р., гарантавалі рабам некат. вызначаныя правы (шлюбу, уладання пэўнай маёмасцю і інш.). Рабы выкарыстоўваліся пераважна ў хатняй гаспадарцы рабаўладальніка і не адыгрывалі вял. ролі ў эканоміцы ўсх. грамадстваў. У Стараж. Грэцыі і Рыме склалася класічнае ант. Р., цесна звязанае з таварнай вытворчасцю. З 5 ст. да н.э. Р. набывала ўсё большае значэнне ў гаспадарцы Грэцыі, пераважна ў рамястве, горнай справе і інш. Найб. росквіту інстытут Р. дасягнуў у Рым. дзяржаве. З часу позняй рэспублікі (2—1 ст. да н.э.) праца рабоў выкарыстоўвалася ва ўсіх галінах эканомікі. Буйныя рабаўладальнікі мелі тысячы рабоў. Іх становішча было вельмі цяжкае, яны не мелі ніякіх правоў, а рабаўладальнік меў права нават забіць свайго раба. Памяншэнне прытоку рабоў у перыяд імперыі прывяло да пэўнага паляпшэння іх становішча ў 2—4 ст. н.э. Неэфектыўнасць рабскай працы вяла да паступовай замены яе ў сельскай гаспадарцы працай залежных сялян-арандатараў. У час ранняга Сярэднявечча Р. ў краінах Еўропы адыгрывала важную, але не вядучую ролю ў гаспадарцы. У Візантыі Р. мела большае значэнне, чым на Захадзе. У Кіеўскай Русі Р. існавала ў патрыярхальнай форме ў перыяд станаўлення феад. ладу ў 9—11 ст. (гл. Халопы, Чэлядзь). Да 13 ст. Р. практычна знікла ў большасці краін Еўропы, хоць некат. італьян. гарады (Генуя, Венецыя і інш.) працягвалі гандаль рабамі і пазней. У краінах Паўд. і Усх. Азіі патрыярхальнае Р. існавала да ўзнікнення капіталізму. Шырокія памеры Р. набыло ў мусульм. краінах. У 16—18 ст. продаж у Р. людзей, захопленых у выніку набегаў на ўкр., бел. і рус. землі, быў найважн. крыніцай прыбыткаў Крымскага ханства; найб. яскравы нарыс пра гандаль рабамі ў Крыме змешчаны ў творы бел. аўтара 16 ст. М.Літвіна. З 16 ст., са стварэннем буйных плантацыйных гаспадарак у еўрап. калоніях Амерыкі, пачаўся ўвоз туды рабоў з Афрыкі, што набыло асабліва вял. маштабы ў 18 — пач. 19 ст. Да канца 18 ст. негры-рабы складалі б.ч. насельніцтва а-воў Вест-Індыі, Бразіліі і некат. рэгіёнаў ЗША. У 1807 Вялікабрытанія, пазней інш. еўрап. дзяржавы і ЗША прынялі законы, якія забаранялі гандаль рабамі, хоць нелегальны ўвоз рабоў працягваўся. У 1833—38 Р. скасавана ў брыт., пасля 1848 — у франц. калоніях. У Паўн. Амерыцы Р. скасавана ў выніку грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—65. У 1888 апошняй з амер. краін Р. скасавала Бразілія. Брусельскі акт 1890 афіцыйна забараніў любы гандаль рабамі. Аднак Р. працягвала існаваць у некат. краінах Азіі і Афрыкі да сярэдзіны 20 ст. (напр., Эфіопія скасавала Р. ў 1942, Саудаўская Аравія — у 1962). У 1926 Ліга Нацый прыняла канвенцыю аб Р. з патрабаваннем поўнага яго скасавання. На яе аснове Міжнародная арганізацыя працы падрыхтавала Канвенцыю аб прымусовай працы 1930, якая абавязала ўсе краіны скасаваць усе формы прымусовай працы. Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека, прынятая ААН у 1948, забараняе Р. ва ўсялякіх формах. У 1956 міжнар. канферэнцыя ў Жэневе прыняла дадатковую канвенцыю аб барацьбе з Р., гандлі рабамі, скасаванне інстытутаў і звычаяў, падобных да Р.
Літ.:
Кузищин В.И. Античное классическое рабство как экономическая система. М., 1990;
Штаерман Е.М. Расцвет рабовладельческих отношений в Римской республике. М., 1964;
Greenidge G.W. Slavety. London, 1958.
В.У.Адзярыха.
т. 13, с. 188