Няве́ста ’дзяўчына, якая збіраецца пайсці замуж; жанчына ў час вяселля’ (Бяльк., Сл. ПЗБ, Пятк. 2), ’акрамя звычайнага значэння наогул, таксама нестарая жанчына’ (Нас.), ’нявестка, жонка сына ў адносінах да яго бацькоў’ (Сл. ПЗБ; гродз., З нар. сл.), неві́ста ’тс’ (Булг.), няве́стка ’тс’ (Бяльк., Сцяшк., Касп., Сл. ПЗБ), неве́стка, нэві͡естка ’тс’ (Маш., ТС, Бесар.), укр. неві́ста ’жонка’, невістка ’жонка сына’, рус. неве́ста ’нявеста, маладая, замужняя жанчына ў першы год пасля вяселля’, няве́стка ’жонка сына’, польск. niewiasta ’жанчына’, чэш. nevěsta ’нявеста, нявестка’, славац. nevesta ’тс’, в.-, н.-луж. njewjesta ’нявеста, дзяўчына ў час вяселля’, славен. nevésta ’тс’, серб.-харв. нѐвјеста ’нявеста, нявестка’, макед. невеста ’нявеста (у дзень вяселля); маладзіца; нявестка’, балг. невя́ста ’нявеста, маладзіца’. Прасл. *nevěsta ’нявеста, дзяўчына на выданні’, найбольш верагодная версія: з *ne і *vědati (гл. ве́даць), г. зн. ’невядомая’, што лічыцца табуізаванай назвай (< і.-е. *neu̯oidta ’тс’), або да *vesti (гл. вадзіць весці) (< і.-е. *neu̯ou̯edta з і.-е. *neu‑ ’новы’ + *u̯ed(‑h), ’вясці, браць замуж’), гл. Фасмер, 3, 54–55 (з літ-рай). Паводле Ю. Сцяпанава (Revue roumaine de linguistique, 20, 1975, 417–419), вынік кантамінацыі названых слоў. Параўн. таксама Ондруш, Slavica Slovaca, 20, 1975; Шаўр, Přibuz., 17, 60; Макоўскі, Мир слов и знач., 137; Жалезнікер, Studien zum i.-g. Wortschatz. Innsbruck, 1987, 245–248. Гл. таксама нявесна, нявехна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)