злаякасная пухліна, якая развіваецца з эпітэліяльных тканак (скура, слізістыя абалонкі, залозістая тканка і інш.). Пашыраная форма ў мужчын — Р. лёгкіх, у жанчын — Р. малочнай залозы. З узростам частата Р. павялічваецца. Паводле сучасных уяўленняў, ракавыя клеткі ўзнікаюць у арганізме пастаянна, але знішчаюцца сістэмай проціпухліннай аховы. Ва ўзнікненні Р. найб.значэнне маюць генет. фактары, хім. і фіз. канцэрагены, таксама стан псіхікі (напр., пры канцэрафобіі — боязі ўзнікнення Р.). Пасля Чарнобыльскай аварыі на Беларусі вырасла захваральнасць на Р. шчытападобнай залозы (ад уздзеяння радыеактыўнага ёду). Скорасць прагрэсіравання Р. залежыць ад спеласці ракавых клетак. Лячэнне хірург., прамянёвымі, хіміятэрапеўт. або спалучанымі метадамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСКО́ЛАТЫ КА́МЕНЬ,
геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1974). Размешчаны за 1,8 км на ПдЗ ад в. Якімавічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. 2 камлыгі дробназярністага шэрага граніту-гнейсу з жылкамі ружовага граніту. Паўн. камлыга даўж. 4,1 м, шыр. 2,7 м, выш. 3,8 м, у абводзе 14 м, аб’ём 23 мэ, маса каля 60 т; паўд. — даўж. 4 м, шыр. 2,1 м, выш. 2,1 м, у абводзе 12 м, аб’ём 10 м³, маса каля 26 т. Прынесены ледавіком каля 220—150 тыс. гадоў назад са Скандынавіі адзіным блокам, які раскалоўся пры раставанні лёду. У мінулым меў культавае значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛІТЭ́Р (франц. solitaire ад лац. solitarius адзінокі) у садова-паркавым мастацтве, адзіночныя пасадкі дрэў, кустоў або кветкава-дэкар. раслін. Мае самаст.дэкар.значэнне — канцэнтруе ўвагу на дэталях садова-паркавай кампазіцыі.
Салітэрныя дрэвы вызначаюцца памерамі, формай кроны, афарбоўкай, дэкар. кветкамі, пладамі і гарманічна ўпісваюцца ў ландшафт. Найчасцей выкарыстоўваюць святлолюбівыя пароды (хвоя звычайная, бярозы павіслая і яп., лістоўніцы сібірская і еўрап., таполі канадская і пірамідальная, акацыя белая, лох серабрысты, яблыні Нядзвецкага, ягадная і інш.). Кусты С. бываюць у штамбавай (ружы, глог), сцелістай (ядловец казацкі) і інш. формах. Кветкава-дэкар. расліны для С. падбіраюць буйныя, з яркімі і арыгінальнымі кветкамі і лісцем (півоні, вяргіні, астыльбы, хосты, папараці).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ЎЧАНКА Сцяпан Уладзіміравіч (28.12.1889, с. Сіняўка Менскага р-на Чарнігаўскай вобл., Украіна — 16.1.1942),
украінскі літаратуразнавец і педагог. Праф. (1925). Скончыў Кіеўскі ун-т (1913) і з 1917 выкладаў у ім. Аўтар даследаванняў: «Паходжанне раманскіх моў» (1916), «Гі дэ Мапасан» (1926), «Класічны тэатр XVII ст. і класіцызм» (1931), «Шаўчэнка і сусветная літаратура» (1939) і інш. У працы «Руская народная казка» (1914) даследаваў гісторыю збірання і вывучэння бел. казак. Пераклаў з лац. на рус. мову і апублікаваў «Данясенні папскага нунцыя Іаана Тарэса, архіепіскапа Адрыянопальскага, аб падзеях у Польшчы ў час, паўстання Багдана Хмяльніцкага» (1916), што мела пэўнае значэнне для вывучэння гісторыі Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕДЛАВЫ́ КА́МЕНЬ З Я́МКАМІ,
геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1997). Размешчаны за 100 м на ПдУ ад в. Занарач Мядзельскага р-на Мінскай вобл., каля шашы Брусы—Нарач. Ружова-шэры дробназярністы граніт з крышталямі палявога шпату. Даўж. 4 м, шыр. 3,2 м, выш. 1 м, у абводзе 11,5 м, аб’ём бачнай часткі 13 м³, маса 30 т. Прынесены ледавіком каля 20—15 тыс.г. назад са Скандынавіі. На верхняй пляцоўцы захаваліся 8 штучных паўсферычных паглыбленняў з адшліфаванымі сценкамі дыяметрам 3—4 см, глыб. 1,5—2 см, якія зроблены чалавекам каля 2—2,5 тыс. гадоў назад. У старажытнасці меў культавае значэнне.
адносіны велічыні, што характарызуе ўзровень рэакцыі прыёмніка (выхаднога сігналу), да патоку энергіі монахраматычнага выпрамянення. які выклікаў гэтую рэакцыю. Адрозніваюць абсалютную С.а. (выражаецца, напр., у амперах на ват, калі рэакцыя прыёмніка выражаецца ў амперах) і адносную С.а. — адносіны С.а. пры дадзенай даўжыні хвалі выпрамянення да максімальнай С.а. ці да С.а. пры пэўнай фіксаванай (эталоннай) даўжыні хвалі. С.а. вока (спектральная светлавая эфектыўнасць выпрамянення) — адносіны светлавога патоку монахраматычнага выпрамянення да поўнага патоку выпрамянення, успрынятага вокам чалавека; найб.значэнне мае для даўжыні хвалі 555 нм. Спосабы вызначэння абсалютнай і адноснай С.а. вока пакладзены ў аснову пабудовы сістэмы светлавых велічынь. Гл. таксама Прыёмнікі аптычнага выпрамянення, Сенсібілізацыя, Сенсітаметрыя, Фотаметрыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАНКО́ВАЕ МАСТА́ЦТВА,
творы жывапісу, скульптуры і графікі, якія маюць самаст. характар, свабодныя ад прамых утылітарных функцый і не прызначаныя для ансамбля ў якасці яго састаўной і неад’емнай часткі. Назва ад «станка», на якім ствараюцца творы С.м., — мальберт, скульптурны станок. Творы С.м. разглядаюцца адасоблена ад наваколля, іх значэнне не мяняецца ад месца, дзе яны знаходзяцца, хаця ўмовы экспанавання і асвятлення могуць спрыяць альбо перашкаджаць поўнаму раскрыццю іх якасцей. У эпоху Адраджэння, з распадам універсальных комплексаў, характэрных для сярэдневякоўя, С.м. стала адной з умоў росквіту маст. культуры. У 17—20 ст. С.м. з яго псіхалагізмам, шматграннасцю і багаццем нюансаў — асн. род маст. творчасці, вызначальны ў жыцці грамадства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУБСТАНТЫВА́ЦЫЯ (ад лац. substantivum назоўнік),
пераход у разрад назоўнікаў слоў інш. часцін мовы ў выніку набыцця імі здольнасці ўказваць непасрэдна на прадмет, а не толькі на яго прыкмету; безафіксны спосаб утварэння назоўнікаў пераважна ад прыметнікаў як разнавіднасць канверсіі. Пры С. ўтвараюцца назоўнікі, што могуць мець значэнне асобы («хворы», «маладая»), прозвішча або мянушкі («Чорны», «Сівы»), відаў жывёлін («хобатныя», «хордавыя»), відаў страў («гарачае», «салодкае»), памяшканняў («мыйная», «сталовая»), інш. з’яў і прадметаў («праязны», «сутачныя») і г.д.
Субстантываваныя прыметнікі захоўваюць формы скланення прыметніка. Аказіянальна-кантэкставая С. можа закранаць і інш. часціны мовы («Ваша вечнае «не» мне надакучыла»; «Ну, давай «пяць» і не злуй болей»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАНСЦЭНДЭНТА́ЛЬНАЕ [ад лац. transcendens (transcendentis) які выходзіць за межы],
тое, што выходзіць за межы канечнага эмпірычнага свету. Тэрмін «Т.» ўведзены ў сярэдневяковай схаластыцы для характарыстыкі універсальных прадметаў пазнання (ісціна, адзінства, дабро і інш.). Гнасеалагічнае значэнне гэтаму паняццю надаў І.Кант, які пад Т. разумеў тое, што адносіцца да апрыёрных умоў пазнання і арганізуе вопыт (напр., прастора і час, субстанцыя, прычыннасць і інш.). Шырокае распаўсюджанне тэрмін «Т.» атрымаў у філас. сістэмах І.Г.Фіхтэ, Ф.Шэлінга і неакантыянства. Ням. фенаменолаг Э.Гусерль проціпастаўляў Т. ўсяму эмпірычнаму, а гал. мэтай фенаменалагічнай рэдукцыі абвясціў выхад на ўзровень Т. свядомасці, ачышчанай ад усіх элементаў вопыту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЫБУ́НЫ НАРО́ДНЫЯ, трыбуны плебейскія (лац. tribuni plebis),
у Старажытным Рыме вышэйшыя выбарныя (з 494 да н.э.) службовыя асобы з плебеяў. Валодалі правам умяшання ў дзеянні патрыцыянскіх магістратаў (акрамя дыктатара) і сената; маглі забараніць іх пастановы (права veto). Т.н. складалі калегію з 2—10 асоб, якіх выбіралі на плебейскіх сходах на 1 год. Асоба Т.н. лічылася свяшчэннай і недатыкальнай. Т.н. выступалі ініцыятарамі агр. законаў і дэмакр. пераўтварэнняў. З дзейнасцю трыбунаў Тыберыя і Гая Гракхаў, напр., звязаны найвыш. ўздым дэмакр. руху ў Рыме. У эпоху імперыі Т.н. фармальна захаваліся, але страцілі рэальнае значэнне, паколькі носьбітамі трыбунскай улады з часоў Цэзара сталі імператары.