САЛІТЭ́Р (франц. solitaire ад лац. solitarius адзінокі) у садова-паркавым мастацтве, адзіночныя пасадкі дрэў, кустоў або кветкава-дэкар. раслін. Мае самаст. дэкар. значэнне — канцэнтруе ўвагу на дэталях садова-паркавай кампазіцыі.
Салітэрныя дрэвы вызначаюцца памерамі, формай кроны, афарбоўкай, дэкар. кветкамі, пладамі і гарманічна ўпісваюцца ў ландшафт. Найчасцей выкарыстоўваюць святлолюбівыя пароды (хвоя звычайная, бярозы павіслая і яп., лістоўніцы сібірская і еўрап., таполі канадская і пірамідальная, акацыя белая, лох серабрысты, яблыні Нядзвецкага, ягадная і інш.). Кусты С. бываюць у штамбавай (ружы, глог), сцелістай (ядловец казацкі) і інш. формах. Кветкава-дэкар. расліны для С. падбіраюць буйныя, з яркімі і арыгінальнымі кветкамі і лісцем (півоні, вяргіні, астыльбы, хосты, папараці).
т. 14, с. 111
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)