ЖЫ́ДЛІЦКІ (Židlicky) Вацлаў (н. 16.4.1931, в. Купічаў Валынскай вобл., Украіна),

чэшскі літаратуразнавец і перакладчык. Д-р філалогіі (1967). Ганаровы д-р БДУ (1996). Скончыў Карлаў ун-т у Празе (1955), з 1976 праф. гэтага ун-та. Даследуе гісторыю бел. і ўкр. л-р, іх сувязі з чэш. л-рай. Аўтар прац «Украінская і беларуская літаратура ў чэшскіх перакладах» (1956), «Малы слоўнік савецкіх пісьменнікаў. Ч. 2. Украінскія і беларускія пісьменнікі» (1959, 2-е выд. 1966), «Даследаванні па гісторыі чэшска-беларускай супольнасці» (1960), «Кароткі нарыс гісторыі беларускай літаратуры» (1972); сааўтар «Слоўніка пісьменнікаў. Савецкі Саюз» (т. 1—2, 1978, арт. пра бел. і ўкр. пісьменнікаў), «Нарысаў па гісторыі літаратур народаў СССР» (1982, з Р.​Паралекам) і інш. На чэш. мову пераклаў кнігі А.​Адамовіча, В.​Быкава, Я.​Брыля, У.​Караткевіча, А.​Карпюка, У.​Калесніка, І.​Пташнікава, І.​Шамякіна, асобныя творы Ц.​Гартнага, К.​Чорнага і інш. Укладальнік «Анталогіі сучаснай беларускай паэзіі», аднатомнікаў Я.​Купалы, М.​Танка і інш.

Літ.:

Гардзіцкі А. Размова з Вацлавам Жыдліцкім // Далягляды. Мн., 1980.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 6, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНО́ГІ (Petromyzones),

падклас (атрад) пазваночных кл. кругларотых. 3 сям., 7 родаў, каля 30 відаў. Пашыраны ва ўмераных марскіх і прэсных водах. Прахадныя М. жывуць у моры, на нераст мігрыруюць у рэкі; у жылых ручаёвых М. жыццёвы цыкл адбываецца ў прэснай вадзе. На Беларусі 3 віды: М. рачная (Lampetra fluviatilis), М. ручаёвая еўрапейская (L. planeri) — у бас. рэк Зах. Буг, Зах. Дзвіна, Нёман; М. ўкраінская (L. mariae, або Eudontomyzon mariae) — у бас. рэк Дняпро і Нёман. Бел. мясц. назвы: верацёнка, відун, вугрыца, вярцёлка, мянёга і інш.

Даўж. да 1 м, маса да 3 кг. Цела вугрападобнае, голае. Шкілет храстковы. Спінных плаўнікоў 1 або 2. Шчэлепных адтулін па 7 э кожнага боку. Вочы развітыя, ёсць цемянное вока, здольнае рэагаваць на святло. Рот лейкападобны, на дне прысмоктвальнага дыска; на языку і дыску рагавыя зубы. Сэрца двухкамернае. Многія віды — эктапаразіты рыб. Угрызаюцца ў цела рыбы, смокчуць кроў, выядаюць мышцы і вантробы. Кормяцца таксама беспазваночнымі, лічынкі — водарасцямі, дэтрытам. Пасля нерасту гінуць. З ікры вылупляецца пескарыйка, якая праз 3—4 гады ператвараецца ў дарослую М. Ядомыя. Другарадны аб’ект промыслу.

Міногі: 1 — рачная; 2 — украінская; 3 — ручаёвая.

т. 10, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЦЕПАНЮ́К Барыслаў Паўлавіч (н. 16.7.1923, с. Канеўшчына Прылуцкага р-на Чарнігаўскай вобл., Украіна),

украінскі паэт і перакладчык. Засл. работнік культ. Кіргізіі (1975). Засл. работнік культ. Чувашыі (1979). Засл. работнік культ. Украіны (1983). Скончыў Кіеўскі ун-т (1947). Друкуецца з 1943. Матывамі дружбы народаў, ідэямі патрыятызму і інтэрнацыяналізму прасякнуты кнігі «Насустрач вёснам» (1948), «Бацькоўскі ачаг» (1955), «У палявым вянку» (1963), «Імем сонца» (1966), «Баладны лад» (1972), «Пяць пялёсткаў агню» (1980). Беларусі прысвяціў вершы «Ой, ляцелі гусі з Беларусі», «Песня Янкі Купалы», «Матчына мова» і інш. Пераклаў на ўкр. мову паэмы В.​Таўлая «Таварыш», А.​Вялюгіна «Вецер з Волгі», паасобныя вершы М.​Багдановіча, Р.​Барадуліна, З.​Бядулі, У.​Дубоўкі, К.​Кірэенкі, А.​Куляшова, Е.​Лось, М.​Танка і інш. На бел. мову яго вершы перакладалі Барадулін, А.​Бялевіч, В.​Вольскі, Ю.​Голуб, С.​Грахоўскі, Х.​Жычка, Кірэенка, Г.​Пашкоў, П.​Прыходзька, А.​Пысін, Ю.​Свірка і інш. Складальнік анталогіі на бел. мове «Украінская савецкая паэзія» (т. 1—2 1975).

Тв.:

Вибрані твори. Т. 1—2. Київ, 1983;

Обпалена всіма вітрами. Київ, 2000;

Бел. пер. — Матчына слова. Мн., 1977.

Літ.:

Рагойша В.П. Вяртанне ў матчыну мову // Кантакты. Мн., 1982.

т. 15, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУІ́НДЖЫ Архіп Іванавіч (студзень 1841, г. Марыупаль, Украіна — 24.7.1910),

расійскі жывапісец-пейзажыст. Правадз. чл. Пецярбургскай АМ (з 1893). Жывапісу вучыўся самастойна і ў Пецярбургскай АМ (1868). Чл. Т-ва перасоўных маст. выставак 1875—79 (гл. Перасоўнікі). Ініцыятар стварэння Т-ва мастакоў (1909, пазней Т-ва імя Куінджы). Выкладаў у Пецярбургскай АМ (праф. з 1892, з 1894 праф.-кіраўнік пейзажнай майстэрні, сярод вучняў А.​Рылоў, М.​Рэрых і інш.), адкуль у 1897 звольнены за падтрымку студэнцкіх патрабаванняў. У ранні перыяд зазнаў уплыў І.​Айвазоўскага. У сярэдзіне 1870-х г. стварыў шэраг карцін, у якіх пейзажны матыў разлічаны на канкрэтныя сац. асацыяцыі, што адпавядала канцэпцыі перасоўнікаў («Забытая вёска», «Чумацкі тракт»). У творах сталага перыяду імкнуўся да перадачы найб. выразных па асвятленні станаў прыроды. З дапамогай кампазіцыйных прыёмаў, якія дазвалялі стварыць панарамныя віды (высокі гарызонт і інш.), светлавых эфектаў і інтэнсіўных колераў, зведзеных да некалькіх гал. тонаў, дамагаўся амаль поўнай ілюзіі натуральнага асвятлення: «Украінская ноч» (1876), «Бярозавы гай», «Пасля навальніцы» (абедзве 1879), «Ноч на Дняпры» (1880), «Дняпро раніцай» (1881) і інш. Работам позняга перыяду ўласцівы дэкаратыўнасць і знешняя эфектнасць колеравага ладу («Бярозавы гай», 1901, і інш.).

Літ.:

Марков В. А.И. Куинджи. М., 1969;

Неведомский М.П., Репин И.Е. А.​И.​Куинджи. Ростов н/Д., 1997.

Л.​Ф.​Салавей.

А.Куінджы. Дняпро раніцай. 1881.

т. 8, с. 566

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́МСКІ Агафангел Яфімавіч (15.1.1871, г. Уладзімір-Валынскі, Украіна — 25.1.1942),

украінскі ўсходазнавец, славіст, пісьменнік. Па паходжанні беларус. Акад. АН Украіны (1919). Засл. дз. нав. Украіны (1940). Скончыў Лазараўскі ін-т усходніх моў у Маскве (1892) і Маск. ун-т (1896). У 1898—1918 выкладчык (з 1900 праф.) Лазараўскага ін-та ўсходніх моў, з 1918 праф. Кіеўскага ун-та. Адзін з арганізатараў АН Украіны, з 1918 у ёй працаваў (да 1928 сакратар). У 1921—29 дырэктар Ін-та ўкр. навук. мовы. Навук. працы па гісторыі, л-ры, мовах арабаў, персаў, туркаў і інш. народаў Б. і Сярэдняга Усходу, па гісторыі мусульманства. Даследаваў усх.-слав. мовы, фальклор: «Украінская граматыка» (ч. 1—2, 1907—08), «Пра «быліны». Рускія быліны старога і новага запісаў», «Да этнаграфіі т.зв. Новарасіі» (абедзве 1928). У працах «Філалогія і палодзінская гіпотэза» (1904), «Старажытнакіеўскі говар» (1906), «Пра антрапалагічны склад усходніх славян» (1928) закранаў пытанні паходжання бел. этнасу, яго мовы. Беларусазнаўчы матэрыял — у яго даследаванні «Да этнаграфіі Палесся» (1928). Аўтар зб-каў вершаў «Пальмавыя галіны» (кн. 1—3, 1901—22), прозы «Аповесці і эскізы з украінскага жыцця» (1895), «Бейруцкія апавяданні» (1906) і інш. твораў. Перакладаў з араб., тур., перс., англ., франц., ням. і інш. моў. На бел. мову асобныя творы К. пераклаў М.​Багдановіч.

Тв.:

Твори. Т. 1—5. Київ. 1972—74.

Літ.:

Гурницкий К.И. А.​Е.​Крымский. М., 1980.

В.​А.​Чабаненка.

т. 8, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАГНІ́БЕДА Мікола (Мікалай Львовіч; 20.9.1911, с. Смірнова Запарожскай вобл., Украіна — 16.9.1985),

украінскі паэт. Засл. работнік культуры Беларусі (1973). Друкаваўся з 1930. Зб-кі вершаў, паэм і балад «Дняпроўская вясна» (1932), «Днепраград» (1937), «Дарога на поўдзень» (1940), «Незабыўнае» (1946), «Правы бераг» (1948), «Вершы» (1951, Дзярж. прэмія СССР 1952), «Зерні граніту» (1963), «Кастрычніцкая кніга» (1967), «Вам прысвячаю» (1975), «Благаславёна будзь» (1980), «Подзвіг кахання» (1984) адметныя грамадз. пафасам, прасякнуты матывамі дружбы, барацьбы за мір, паэтызацыяй прац. будняў народа, яго мужнасці ў Вял. Айч. вайну. Складальнік (з А.​Вялюгіным) анталогій «Беларуская савецкая паэзія» (т. 1—2, 1971), «Украінская савецкая паэзія» (т. 1—2, 1975). Быў знаёмы з Я.​Купалам, Я.​Коласам, падтрымліваў творчыя кантакты з многімі бел. пісьменнікамі. Шматлікія творы прысвяціў Беларусі, у т. л. паэмы «Васілёк» (1958), «Званы Хатыні» (1973), «Матулям з Расон» (1979). Пераклаў на ўкр. мову асобныя творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, Р.​Барадуліна, П.​Броўкі, А.​Вялюгіна, П.​Глебкі, А.​Зарыцкага, К.​Кірэенкі, А.​Куляшова, М.​Лужаніна, Р.​Няхая, П.​Панчанкі, М.​Танка, В.​Таўлая і інш. На бел. мове выдадзены зб-кі яго вершаў у перакладзе М.​Аўрамчыка, Барадуліна, Броўкі, М.​Базарэвіча, А.​Бялевіча, Вялюгіна, С.​Грахоўскага, Х.​Жычкі, Зарыцкага, М.​Калачынскага, І.​Калесніка, Кірэенкі, В.​Коўтун, Куляшова, В.​Лукшы, П.​Макаля, Панчанкі, У.​Паўлава, Ю.​Свіркі, Я.​Семяжона, Танка, У.​Шахаўца. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1970.

Тв.:

Бел. пер. — Песня з Украіны. Мн., 1957;

Трэцяе спатканне. Мн., 1971;

Вятрылы, поўныя блакіту. Мн., 1981.

Літ.:

Рагойша В. І нясе яна дар... Мн., 1977. С. 207—222.

т. 11, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАГАМА́НАЎ Міхайла Пятровіч (30.9.1841, г. Гадзяч, Украіна — 2.7.1895),

укр. філосаф, гісторык, эканаміст, літ.-знавец, фалькларыст, публіцыст, грамадскі дзеяч. Скончыў Кіеўскі ун-т (1863), дзе працаваў у 1864—75. З 1876 паліт. эмігрант у Швейцарыі, з 1889 праф. Сафійскага ун-та. У Жэневе з М.​Паўлыкам і С.​Падалінскім выдаваў час. «Громада», забароненыя ў Расіі творы Т.​Шаўчэнкі, П.​Мірнага і інш. Прапаведаваў культурна-нац. аўтаномію Украіны. У 1881 выдаў на бел. мове агітац. брашуру Падалінскага «Пра багацтва ды беднасць». Працы Д. па гісторыі Украіны: «Урывак з гісторыі ўкраінафільства» (1876), «Матэрыялы для маларускай гісторыі ў італьянскіх архівах» (1877), «Погляд на ўкраінскую гісторыю» (1895) і інш. Як эканаміст быў на пазіцыях утапічнага сацыялізму. Прадстаўнік культурна-гіст. школы і параўнальна-гіст. метаду ў літ.-знаўстве («Літаратура расійская, велікаруская, украінская і галіцкая», 1873—74, «Шаўчэнка, украінафілы і сацыялізм», 1879, і інш.). Апублікаваў зб-кі ўкр. фальклору «Гістарычныя песні маларускага народа» (т. 1—2, 1874—75, з В.​Б.​Антановічам), «Палітычныя песні ўкраінскага народа 18—19 ст.» (1883—85) і інш. Прызнаваў права Беларусі на самаст. развіццё, асуджаў польск. і рус. палітыку дэнацыяналізацыі беларусаў («Вопыт украінскай палітыка-сацыяльнай праграмы», 1884, «Велікарускі інтэрнацыянал і польска-ўкраінскае пытанне», 1907). Паўлык і І.​Франко пад уплывам Д. ў 1885 склалі праект «Украінска-польска-літоўска-беларускага брацтва». У 1886 перапісваўся з бел. пісьменнікам В.Савіч-Заблоцкім.

Тв.:

Літературно-публіцистичні праці. Т. 1—2. Київ, 1970.

Літ.:

Заславський Д., Романченко І. Михайло Драгоманов. Київ, 1964;

Злупко С.М. М.​П.​Драгаманаў пра Беларусь і беларусаў // Матэрыялы першай навук. канф. па вывучэнню беларуска-ўкраінскіх літаратурных і фальклорных сувязей. Гомель, 1969;

Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. Мн., 1988. С. 312—319, 470-471.

В.​А.​Чабаненка.

т. 6, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́рмія. Рус. армия (з 1705; армея з 1704), укр. армія, польск. armia (з XVII ст.). Саднік-Айцэтмюлер, 1, 29. Вытворныя сведчаць аб аснове з ‑е‑: армейскі, армеец. Ст.-бел., ст.-укр. армея (Бярында), таму наўрад ці патрэбна лічыць зноў запазычаным у XIX ст., як Гіст. лекс., 245, ці нават XX ст., як Гіст. мовы, 2, 148, хаця, магчыма, рускі ўплыў у гэты час садзейнічаў замацаванню слова. Краўчук (ВЯ, 1968, 4, 122) прапануе для ўкраінскай, паводле Агіенка, Иноз. элем. 70 (які аб гэтым гаварыў для рускай мовы), польскае пасрэдніцтва. Паўтарак (Бел. лекс., 135) прапануе шлях: заходнееўрапейскія мовы > польская > руская > украінская і беларуская. Паводле Шанскага, 1, А, 145, рускае з нямецкай; Фасмер, 1, 87 — з нямецкай ці французскай, Брукнер (7) лічыць польскае з нямецкай. Беларуская і ўкраінская маглі быць, як і польская, пасрэднікамі для рускага слова, нельга выключыць украінскую мову як магчымую крыніцу пераходу е > і (Саднік-Айцэтмюлер, там жа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ЛЫ́СЕНКА Мікалай Віталевіч (22.3. 1842, с. Грынькі Глобінскага р-на Палтаўскай вобл., Украіна — 6.11.1912),

украінскі кампазітар, піяніст, хар. дырыжор, муз. фалькларыст, педагог; заснавальнік нац. кампазітарскай школы. Скончыў Кіеўскі ун-т (1865), вучыўся ў Лейпцыгскай (1867—69) і Пецярбургскай (1874—76, клас М.Рымскага-Корсакава) кансерваторыях. Арганізаваў хор Кіеўскага ун-та (1864), укр. хор у Пецярбургу (1874), муз.-драм. школу (1904; з 1918 Муз.-драм. ін-т імя Л.) у Кіеве і інш. Яго музыка адметная яскравым нац. каларытам, арганічным развіццём асноў нар.-песеннай культуры, дэмакр. ідэямі. Садзейнічаў станаўленню ўкр. оперы, узбагаціў муз.-сцэн. і вак. жанры, паклаў пачатак многім інструментальным жанрам у нац. музыцы. Збіраў і вывучаў фальклор, стварыў класічныя ўзоры апрацовак нар. песень. Сярод твораў: 9 опер, у т. л. «Тапельніца» (паст. 1885), дзіцячая «Каза-дзераза» (паст. 1888), «Наталка Палтаўка» (паст. 1889), «Тарас Бульба» (паст. 1890), «Энеіда» (паст. 1911); аперэта «Чарнаморцы» (паст. 1872); цыкл «Музыка да «Кабзара» Т.​Шаўчэнкі» (больш за 80 вак. твораў розных жанраў, у т. л. песні, ансамблі, хары, кантаты, 1868—1901); сімф. фантазія «Украінскі казак-шумка», «Украінская сюіта», «Гераічнае скерца» і 2 укр. рапсодыі для фп.; вак. кампазіцыі на тэксты І.​Франко, С.​Руданскага, Лесі Украінкі; апрацоўкі нар. песень для голасу з фп. (каля 300), для хору (больш за 200) і інш. Аўтар шэрагу муз.-фалькларыстычных прац. Імя Л. прысвоена Харкаўскаму т-ру оперы і балета, Львоўскай кансерваторыі і інш. У Кіеве музей Л. У 1982 устаноўлена Рэсп. прэмія Украіны імя Л.

Тв.:

Зібрання творів. Т. 1—20. Київ, 1950—59;

Листи. Київ, 1964.

Літ.:

Лысенко О. Микола Лысенко: Воспоминания сына. М., 1960;

Архімович Л., Гордійчук М. М.​В.​Лисенко. 2 вид. Київ, 1963;

М.​В.​Лисенко у спогадах сучасників. Київ, 1968;

Курковський Г.В. М.​В.​Лисенко — піаніст-виконавець. Київ, 1973;

Булат Т.П. М.​Лисенко. Київ, 1973.

М.В.Лысенка.

т. 9, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УКРАІ́НКА Леся (сапр. Косач-Квітка Ларыса Пятроўна; 25.2.1871, г. Наваград-Валынскі, Украіна — 1.8.1913),

украінская пісьменніца. Вучылася дома і ў прыватных педагогаў. Ведала каля 10 моў. Друкавалася з 1884. Першы зб. «На крылах песень» (1893). Вершы У. вызначаюцца багаццем лексікі, рытмікі, паэт. форм. Тэмы свабодалюбства, барацьбы супраць няволі — гал. ў цыкле вершаў «Песні пра волю» (1905), драм. паэмах «Вавілонскі палон» (1903), «На руінах» (1904, абедзве апубл. 1908), «У катакомбах» (1905), «Оргія» (1913), драмах «Асенняя казка» (1905, апубл. 1928), «Касандра» (1908), «Каменны гаспадар» (1912) і інш. Вяршыня паэт. майстэрства — драма-феерыя «Лясная песня» (1912), напісаная на фалькл. матэрыяле. Матывы грамадз. паэзіі У. нагадваюць матывы творчасці М.​Багдановіча. Абодва паэты сцвярджаюць сілу і неўміручасць свайго народа, свайго краю. Аўтар літ.-крытычных артыкулаў, апавяданняў, вершаў і казак для дзяцей. Тройчы прыязджала ў Мінск да свайго сябра С.Мяржынскага, у апошні прыезд (студзень—сак. 1901) напісала драм. паэму «Утрапёная» і арт. «Сучасная грамадская драма». Творчасць У. была высока ацэнена «Нашай нівай» (26.7.1913). На бел. мову творы У. перакладалі Э.​Агняцвет, А.​Астрэйка, М.​Аўрамчык, А.​Вольскі, А.​Вялюгін, Ю.​Гаўрук, Н.​Гілевіч, С.​Грахоўскі, С.​Дзяргай, Х.​Жычка, Н.​Загорская, І.​Калеснік, У.​Корбан, Е.​Лось, П.​Пестрак, П.​Прануза, Я.​Семяжон, М.​Хведаровіч і інш. У. прысвяцілі свае творы Лось, Грахоўскі, Жычка; Дз.​Лукас напісаў музыку на вершы У. «Мелодыі». Яе драму «Каменны гаспадар» ставілі Гродзенскі абл. драм. т-р (1953) і Бел. т-р імя Я.​Купалы (1982).

Тв.:

Зібрання творів. Т. 1—12. Київ, 1975—79;

Бел. пер. — Вершы і паэмы. Мн., 1957;

Лясная песня. Мн., 1971;

У кн.: Вокны ў сад. Мн., 1987;

У кн.: Гаўрук Ю. Узвіхраны ветразь. Мн., 1990;

Рус. пер. — Избранное. М., 1984.

Літ.:

Караткевіч У. Saxifraga // Полымя. 1971. № 2;

Леся Украинка в воспоминаниях современников. М., 1971.

Л.Украінка.

т. 16, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)