НАГНІ́БЕДА (Мікола) (Мікалай Львовіч; 20.9.1911, с. Смірнова Запарожскай вобл., Украіна — 16.9.1985),
украінскі паэт. Засл. работнік культуры Беларусі (1973). Друкаваўся з 1930. Зб-кі вершаў, паэм і балад «Дняпроўская вясна» (1932), «Днепраград» (1937), «Дарога на поўдзень» (1940), «Незабыўнае» (1946), «Правы бераг» (1948), «Вершы» (1951, Дзярж. прэмія СССР 1952), «Зерні граніту» (1963), «Кастрычніцкая кніга» (1967), «Вам прысвячаю» (1975), «Благаславёна будзь» (1980), «Подзвіг кахання» (1984) адметныя грамадз. пафасам, прасякнуты матывамі дружбы, барацьбы за мір, паэтызацыяй прац. будняў народа, яго мужнасці ў Вял. Айч. вайну. Складальнік (з А.Вялюгіным) анталогій «Беларуская савецкая паэзія» (т. 1—2, 1971), «Украінская савецкая паэзія» (т. 1—2, 1975). Быў знаёмы з Я.Купалам, Я.Коласам, падтрымліваў творчыя кантакты з многімі бел. пісьменнікамі. Шматлікія творы прысвяціў Беларусі, у т. л. паэмы «Васілёк» (1958), «Званы Хатыні» (1973), «Матулям з Расон» (1979). Пераклаў на ўкр. мову асобныя творы Я.Купалы, Я.Коласа, Р.Барадуліна, П.Броўкі, А.Вялюгіна, П.Глебкі, А.Зарыцкага, К.Кірэенкі, А.Куляшова, М.Лужаніна, Р.Няхая, П.Панчанкі, М.Танка, В.Таўлая і інш. На бел. мове выдадзены зб-кі яго вершаў у перакладзе М.Аўрамчыка, Барадуліна, Броўкі, М.Базарэвіча, А.Бялевіча, Вялюгіна, С.Грахоўскага, Х.Жычкі, Зарыцкага, М.Калачынскага, І.Калесніка, Кірэенкі, В.Коўтун, Куляшова, В.Лукшы, П.Макаля, Панчанкі, У.Паўлава, Ю.Свіркі, Я.Семяжона, Танка, У.Шахаўца. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1970.
Тв.:
Бел. пер. — Песня з Украіны. Мн., 1957;
Трэцяе спатканне. Мн., 1971;
Вятрылы, поўныя блакіту. Мн., 1981.
Літ.:
Рагойша В. І нясе яна дар... Мн., 1977. С. 207—222.
т. 11, с. 116