КРЫ́МСКІ (Агафангел Яфімавіч) (15.1.1871, г. Уладзімір-Валынскі, Украіна — 25.1.1942),
украінскі ўсходазнавец, славіст, пісьменнік. Па паходжанні беларус. Акад. АН Украіны (1919). Засл. дз. нав. Украіны (1940). Скончыў Лазараўскі ін-т усходніх моў у Маскве (1892) і Маск. ун-т (1896). У 1898—1918 выкладчык (з 1900 праф.) Лазараўскага ін-та ўсходніх моў, з 1918 праф. Кіеўскага ун-та. Адзін з арганізатараў АН Украіны, з 1918 у ёй працаваў (да 1928 сакратар). У 1921—29 дырэктар Ін-та ўкр. навук. мовы. Навук. працы па гісторыі, л-ры, мовах арабаў, персаў, туркаў і інш. народаў Б. і Сярэдняга Усходу, па гісторыі мусульманства. Даследаваў усх.-слав. мовы, фальклор: «Украінская граматыка» (ч. 1—2, 1907—08), «Пра «быліны». Рускія быліны старога і новага запісаў», «Да этнаграфіі т.зв. Новарасіі» (абедзве 1928). У працах «Філалогія і палодзінская гіпотэза» (1904), «Старажытнакіеўскі говар» (1906), «Пра антрапалагічны склад усходніх славян» (1928) закранаў пытанні паходжання бел. этнасу, яго мовы. Беларусазнаўчы матэрыял — у яго даследаванні «Да этнаграфіі Палесся» (1928). Аўтар зб-каў вершаў «Пальмавыя галіны» (кн. 1—3, 1901—22), прозы «Аповесці і эскізы з украінскага жыцця» (1895), «Бейруцкія апавяданні» (1906) і інш. твораў. Перакладаў з араб., тур., перс., англ., франц., ням. і інш. моў. На бел. мову асобныя творы К. пераклаў М.Багдановіч.
Тв.:
Твори. Т. 1—5. Київ. 1972—74.
Літ.:
Гурницкий К.И. А.Е.Крымский. М., 1980.
В.А.Чабаненка.
т. 8, с. 514
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)