ДРАГАМА́НАЎ (Міхайла Пятровіч) (30.9.1841, г. Гадзяч, Украіна — 2.7.1895),

укр. філосаф, гісторык, эканаміст, літ.-знавец, фалькларыст, публіцыст, грамадскі дзеяч. Скончыў Кіеўскі ун-т (1863), дзе працаваў у 1864—75. З 1876 паліт. эмігрант у Швейцарыі, з 1889 праф. Сафійскага ун-та. У Жэневе з М.Паўлыкам і С.Падалінскім выдаваў час. «Громада», забароненыя ў Расіі творы Т.Шаўчэнкі, П.Мірнага і інш. Прапаведаваў культурна-нац. аўтаномію Украіны. У 1881 выдаў на бел. мове агітац. брашуру Падалінскага «Пра багацтва ды беднасць». Працы Д. па гісторыі Украіны: «Урывак з гісторыі ўкраінафільства» (1876), «Матэрыялы для маларускай гісторыі ў італьянскіх архівах» (1877), «Погляд на ўкраінскую гісторыю» (1895) і інш. Як эканаміст быў на пазіцыях утапічнага сацыялізму. Прадстаўнік культурна-гіст. школы і параўнальна-гіст. метаду ў літ.-знаўстве («Літаратура расійская, велікаруская, украінская і галіцкая», 1873—74, «Шаўчэнка, украінафілы і сацыялізм», 1879, і інш.). Апублікаваў зб-кі ўкр. фальклору «Гістарычныя песні маларускага народа» (т. 1—2, 1874—75, з В.Б.Антановічам), «Палітычныя песні ўкраінскага народа 18—19 ст.» (1883—85) і інш. Прызнаваў права Беларусі на самаст. развіццё, асуджаў польск. і рус. палітыку дэнацыяналізацыі беларусаў («Вопыт украінскай палітыка-сацыяльнай праграмы», 1884, «Велікарускі інтэрнацыянал і польска-ўкраінскае пытанне», 1907). Паўлык і І.Франко пад уплывам Д. ў 1885 склалі праект «Украінска-польска-літоўска-беларускага брацтва». У 1886 перапісваўся з бел. пісьменнікам В.Савіч-Заблоцкім.

Тв.:

Літературно-публіцистичні праці. Т. 1—2. Київ, 1970.

Літ.:

Заславський Д., Романченко І. Михайло Драгоманов. Київ, 1964;

Злупко С.М. М.П.Драгаманаў пра Беларусь і беларусаў // Матэрыялы першай навук. канф. па вывучэнню беларуска-ўкраінскіх літаратурных і фальклорных сувязей. Гомель, 1969;

Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. Мн., 1988. С. 312—319, 470-471.

В.А.Чабаненка.

т. 6, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)