ТАРАШКЕ́ВІЧ Браніслаў Адамавіч (20.1.1892, б. засценак Мацюлішкі, Літва — 29.11.1938),
бел. грамадска-палітычны і асветны дзеяч, мовазнавец, публіцыст, перакладчык, літаратуразнавец. Акад.Бел.АН (1928). Скончыў Петраградскі ун-т (1916), у якім быў пакінуты для атрымання прафесарскага звання на кафедры рус. мовы і славеснасці (1916—18). У 1918 заг.культ.-асв. аддзела Бел.нац. камісарыята, яго Петраградскага аддзялення. З 1917 адзін з лідэраў Беларускай сацыялістычнай грамады, з 1918 — Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. У 1918 выдаў «Беларускую граматыку для школ» (5-е факс. выд. 1991). У 1919 выкладаў бел. і грэч. мовы ў Мінскім бел.пед. ін-це. У 1920 старшы рэферэнт дэпартамента асветы т.зв. Сярэдняй Літвы, у 1921—22 дырэктар Віленскай беларускай гімназіі, адзін з кіраўнікоў і заснавальнікаў Таварыства беларускай школы. У 1922 абраны паслом (дэпутатам) сейма Польшчы, узначаліў у ім Беларускі пасольскі клуб. З трыбуны сейма абараняў сац. і нац. правы працоўных Зах. Беларусі. Выступаў у зах.-бел. друку з публіцыст. артыкуламі, прысвечанымі актуальным пытанням нац.-вызв. руху. У 1925 стаў адным з заснавальнікаў Беларускай сялянска-работніцкай грамады, старшыня яе ЦК, чл.КПЗБ. Двойчы (1927, 1931) арыштаваны польскімі ўладамі, засуджаны адпаведна на 12 і 8 гадоў. У турме пераклаў на бел. мову «Іліяду» Гамера і «Пана Тадэвуша» А.Міцкевіча. У 1930 спец. распараджэннем прэзідэнта Польшчы вызвалены. У выніку абмену палітвязнямі з вер. 1933 жыў у СССР. Працаваў у Міжнар.агр. ін-це ў Маскве. 6.5.1937 арыштаваны АДПУСССР па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра». 5.1.1938 асуджаны камісіяй НКУССССР і пракурорам СССР («двойкай») да вышэйшай меры пакарання, расстраляны. Рэабілітаваны Ваен. калегіяй Вярх. суда СССР 26.1.1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАРКО́ЎСКІ Андрэй Арсеневіч (4.4.1932, Масква —6.12.1986),
расійскі кінарэжысёр, сцэнарыст; буйнейшы майстар сусв. кіно. Сын А.А.Таркоўскага. Скончыў Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі (1961). Дэбютаваў фільмам «Каток і скрынка» (1960). Цэнтр. тэма творчасці Т. — набыццё чалавекам духоўнай цэльнасці праз веру, любоў і пакаянне. Яго фільмам характэрны шырыня і паэтычнасць мыслення, высокая выяўл. культура, спалучэнне рэаліст. дакладнасці з метафарычнай вобразнасцю і ўмоўнасцю. У фільме «Іванава дзяцінства» (1962, прыз «Залаты леў» Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі; гал. прэміі Міжнар. кінафестываляў у Сан-Францыска і Акапулька) кантрастна спалучаны светлыя ўспаміны пра дзяцінства падлетка і жорсткі свет вайны. Фільм «Андрэй Рублёў» (1966, прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Канах) — гіст. фрэска 15 ст. часоў татара-мангольскага нашэсця на Расію — сцвярджае бессмяротнасць твораў чалавека духу. У фільмах «Салярыс» (1972, спец. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах) і «Сталкер» (1980, прэміі Міжнар. кінафестываляў у Трыесце і Мадрыдзе) у метафарычным плане разглядаюцца праблемы мэты і сэнсу чалавечага жыцця, пошукаў ісціны. Стужка «Люстра» (1975) — лірыка-біягр.споведзь мастака пра сям’ю, дзяцінства на фоне гіст. падзей, адлюстраванне мінулага ў цяперашнім. З 1982 працаваў за мяжой. У фільме «Настальгія» (1983, Італія, Вял. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах) створаны вобраз «чалавека-свечкі», які імкнецца служыць людзям. «Ахвярапрынашэнне» (1986, Швецыя, Вял.спец. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах) — аўтарскае бачанне місіі мастака ў сусвеце: выратаванне чалавецтва ад экалаг., тэхнал. і маральнай катастрофы. Ленінская прэмія 1990. З 1993 на Маскоўскім міжнар. кінафестывалі прысуджаецца прэмія імя Т.
Літ.:
Зак М.Х. Андрей Тарковский: Творч. портрет. М., 1988;
Михалкович В.И. Андрей Тарковский. М., 1989;
О Тарковском. М., 1989;
Мир и фильмы Андрея Тарковского. М., 1991;
Туровская М. 7 1/2, или Фильмы Андрея Тарковского. М., 1991;
Тарковская М.А. Осколки зеркала. М., 1999;
Болдырев Н. Сталкер, или Труды и дни Андрея Тарковского. Челябинск, 2002.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
фарма́льнасць, ‑і, ж.
1. Фармальныя адносіны да чаго‑н.; праяўленне фармалізму ў чым‑н. Максім ведаў гэтую хітрасць: захоўваць фармальнасць там, дзе можна было б абысціся без яе, і парушаць, дзе выгадна.Машара.
2. Тое, што адлюстроўвае прыняты парадак; тое, што робіцца па традыцыі і не мае істотнага значэння. У памяці Лабановіча засталася апошняя споведзь яшчэ ў а. Мікалая. Гэта была проста фармальнасць.Колас.Для фармальнасці натарыус праверыў пашпарты.Пальчэўскі.
3.звычайнамн. (фарма́льнасці, ‑ей). Знешнія патрабаванне ўмовы, якія выконваюцца пры афармленні чаго‑н. У міліцыі Івана Дамінікавіча ведалі і адразу ж справілі ўсе фармальнасці, звязаныя з яго далейшым бытаваннем у сталіцы.Лужанін.Васіль Пятровіч .. зайшоў да начальніка санпрапускніка, каб уладзіць фармальнасці і атрымаць даведку.Карпаў.
4. Уласцівасць фармальнага (у 5 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
БУЛГА́КАЎ Міхаіл Афанасьевіч (15.5.1891, Кіеў — 10.3.1940),
рускі пісьменнік. Скончыў мед.ф-т Кіеўскага ун-та (1916). Працаваў земскім доктарам у Смаленскай губ. У 1919 пачаў прафесійна займацца л-рай. Супрацоўнічаў у газ. «Гудок» (1922—26). У 1925—26 апубл. «Запіскі маладога ўрача». Першы зб.сатыр. апавяданняў «Д’ябаліяда» (1925) выклікаў спрэчкі ў друку. У рамане «Белая гвардыя» (1925—27), п’есах «Дні Турбіных» (напісана па матывах гэтага рамана, паст. 1926), «Бег» (1926—28, паст. 1957) настроі старой рус. інтэлігенцыі, еднасць яе з народам, роздум пра шляхі і выбар, думкі пра «белы рух» і лёс Расіі. У камедыях «Зойчына кватэра» (паст. 1926) і «Барвовы востраў» (паст. 1928) высмейвае быт і норавы нэпманскага асяроддзя, парадзіруе звычкі абмежаванага тэатр. свету. Літ. крытыка канца 1920-х г. адмоўна ацэньвала творчасць Булгакава, яго творы не друкаваліся, п’есы былі зняты са сцэны. З пач. 1930-х г. працаваў рэжысёрам-асістэнтам МХАТа, інсцэніраваў «Мёртвыя душы» Гогаля (1932). У сатыр.-фантастычных аповесцях «Фатальныя яйкі» (1925) і «Сабачае сэрца» (1925, апубл. 1987) сцвярджэнне этычнай адказнасці інтэлігенцыі за вынікі сацыяльнага эксперыменту. «Майстар і Маргарыта» (1929—40, апубл. 1966—67) своеасаблівая форма філас. рамана, дзе сумешчаны гісторыка-легендарны, сучасна-бытавы і містыка-фантастычны планы дзеяння. У ім складанасць жыцця, вечная барацьба сіл стварэння і разбурэння. У гіст. драмах «Кабала святош» («Мальер», 1930—36, паст. 1943) і «Апошнія дні» («Пушкін», 1934—35, паст. 1943), у біяграфічнай аповесці «Жыццё спадара Мальера» (1932—33, апубл. 1962) паказвае несумяшчальнасць сапраўднага мастацтва з дэспатызмам манархіі. Незакончаны «Тэатральны раман» («Запіскі нябожчыка», 1936—37, апубл. 1965) — іранічная перыфраза гісторыі МХАТа 1920-х г., ён спалучае ў сабе споведзь і сатыру. Булгакаў — майстар дасканалай тэхнікі, імклівага сюжэта, валодаў жывой, гнуткаю мовай. Раман «Майстар і Маргарыта» на бел. мову пераклаў (1994) А.Жук.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—5. Мн., 1989—90;
Записки на манжетах. М., 1988.
Літ.:
Творчество Михаила Булгакова: Исслед. и материалы... Кн. 1—2. СПб., 1991—94;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́СНІ ПРА КАХА́ННЕ,
пазаабрадавая песенная паэзія розных народаў, звязаная з інтымнымі перажываннямі лірычнага героя. Сярод інш. песенных жанраў і груп вылучаюцца глыбокім рэалізмам. Іх лірычныя героі — канкрэтныя асобы (хлопец і дзяўчына) і іх унутр. свет, часта споведзь лірычнага героя. Вобраз дзяўчыны надзелены асабліва прывабнымі рысамі — пяшчотай, шчырасцю, адданасцю, багаццем духоўнага свету, высакароднасцю, мудрасцю, працавітасцю. Вернасць у каханні і самаахвярнасць узняты на самую высокую ступень агульначалавечай маралі. У бел. песнях шырока паказаны бяспраўнае становішча сял. дзяўчыны ва ўмовах патрыярхальна-сямейнага ўкладу і феад.-прыгонніцкага ладу, залежнасць яе ад бацькоў. Гераіня нярэдка ўздымаецца над суровай рэчаіснасцю, бароніць сваю годнасць, права на свабоду выбару, сваіх пачуццяў, ідэалаў і поглядаў. У іх цэлы комплекс чалавечых узаемаадносін, у якім паядналіся розныя сямейна-бытавыя і грамадскія праблемы — звычаёва-прававыя, сац., маральныя, філас., этычныя, эстэтычныя і інш. Дамінуе нар. мараль, якая выхоўвае ў чалавеку ідэалы дабра, справядлівасці, вышыні духу. Праз многія песні праходзіць матыў горкай долі напачатку ў бацькоў, потым у сям’і мужа, што ўспрымаецца як доля самога народа, суровая і беспрасветная. Сац. становішча, якое вызначала адносіны паміж людзьмі, негатыўна адбівалася на шчырых памкненнях закаханых. Але якім цяжкім ні было б каханне, калі яно заснавана на шчырым і ўзаемным пачуцці, яно заўсёды прыносіць чалавеку вял. радасць і шчасце — асн. змест большасці такіх песень. Прывабнымі фарбамі ў іх намаляваны і вобраз хлопца. Яго заляцанні, жаданне пабачыцца з каханаю, звязаць з ёю свой лёс маляўніча ўвасоблены ў многіх песнях. Побач з каханнем крочыць здрада, якая ніколі не даруецца. У песнях асуджаецца рэўнасць як сляпое пачуццё, як трагедыя вызначаецца адзінота, спароджаная маральна-этычнымі нормамі. Рускія П.п.к. падзяляюцца на частыя, дзе адносіны закаханых разгортваюцца на бытавым фоне, і працяжныя — элегічныя паводле тону, выказваюць сум, журбу, крыўду.
Публ.:
Песні пра каханне. Мн., 1978;
Пісні кохання. Київ, 1986.
Літ.:
Гілевіч Н.С. Наша родная песня. Мн., 1968;
Колпакова Н.П. Восточнославянская лирическая песня: (Сравнит. анализ поэтики) // Русский фольклор. М.; Л., 1968. Т. 11.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАРАНГО́ВІЧ Васіль Пятровіч (н. 14.1.1939, в. Качаны Мядзельскага р-на Мінскай вобл.),
бел. графік, педагог. Брат К.П.Шаранговіча. Засл. дз. маст. Беларусі (1978). Засл. дз. культ. Польшчы (1986). Нар. мастак Беларусі (1991). Праф. (1981). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1966). У 1967—98 выкладаў у Бел.АМ (у 1972—89 заг. кафедры, у 1986—89 прарэктар, у 1989—97 рэктар). З 1997 дырэктар Музея сучаснага выяўл. мастацтва. Працуе ў галіне кніжнай і станковай графікі. Творчасці ўласцівы разнастайнасць графічных тэхнік і стылявых прыёмаў, выразны малюнак, эмацыянальнасць і глыбокая змястоўнасць вобразаў. Работы ў кніжнай графіцы адметныя тонкім разуменнем структуры і ладу літ. твора, паглыбленай пранікнёнасцю ў псіхалогію персанажа, вострым пачуццём гармоніі элементаў афармлення кнігі: «Віленскія камунары» М.Гарэцкага (1965), «З майго летапісу» Я.Коласа, «Дзесяць дзён, якія скаланулі свет» Дж.Рыда (абедзве 1967), «Мая Беларусь» Т.Хадкевіча, «Збор твораў» М.Багдановіча (т. 1—2, усе 1968), «Зямля навагрудская, краю мой родны...» А.Міцкевіча, «Салавей» З.Бядулі (абедзве 1969), «У.І.Ленін» У.Маякоўскага (1970), «Залаты ключык, або Прыгоды Бураціна» А.Талстога (1971), «Вершы» Я.Коласа (1972), «Сорак трэці» І.Навуменкі (1974), «Паэмы» (1978) і «Адвечная песня» (1981) Я.Купалы, «Споведзь сэрца» А.Бялевіча (1978), «Пан Тадэвуш» Міцкевіча (1985, 1998), «Старыя беларускія хронікі» У.Караткевіча (1988), «Новая зямля» Я.Коласа (2002). Рэквіем людской мужнасці і стойкасці ў гады Вял.Айч. вайны, увасоблены строгімі сродкамі графікі, гучыць у цыкле моцных па экспрэсіі гравюр «Памяці вогненных вёсак» (1979—85, Дзярж. прэмія Беларусі 1986). У станковых работах шырока выкарыстоўвае нац.маст. традыцыі, сімволіку і метафару, у многіх творах адчувальна паэтызацыя чалавечага быцця з яго прыгажосцю і драматызмам, калізіямі, што дасягаецца своеасаблівасцю ракурсаў каларыту, рытмічнай арганізацыі прасторы: «Смерць Гражыны» (паводле Міцкевіча, 1970), «Партрэт Ф.Скарыны» (1971), «Ганчар» (1973), «А хто там ідзе» (1976), серыі «Край нарачанскі» (1972—75), «Блакада. 1943 год» (1974), трыпціх «Дзе крыўда адвечная спела» (1982) і інш.
Літ.:
Ганчароў М.І. Васіль Шаранговіч. Мн., 1981.
Н.В.Шаранговіч.
В.П.Шаранговіч.В.Шаранговіч. Паляванне. Ілюстрацыя да паэмы «Пан Тадэвуш» А.Міцкевіча. 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
спавяда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго і без дап.
1. Прымаць споведзь у каго‑н., слухаць пакаянне ў грахах на споведзі. Спавядаць грэшніка. Спавядаць хворага. □ У царкве правілі аж тры папы: спавядалі, хрысцілі, свянцілі ваду, з пратэсамі хадзілі вакол крыніцы.Грахоўскі.
2.перан. Настойліва распытваць каго‑н.; лаяць і ўшчуваць за што‑н. Васіль Бераг, ведаеце, угледзеўшы, што Стэпа нясе бярэмейка г[о]ллейка, спыніў яе ля студні .. і давай спавядаць, лаяць ды, нават, штурхаць. «Гэта, — кажа, — няйначай, ты пакрала маё галлё...»Гартны.[Ніна:] — Ат, глупства. «Маленькі дыванок», і растлумачыла: — Так мы называем выклік да начальства. Стаіш на дыване, а яно цябе спавядае.Шыцік.
3.Кніжн. Прытрымлівацца якога‑н. вучэння, пераканання і пад. Цікавасць Багдановіча да народнага эпасу і яго форм была творча зразумета Купалам, які напісаў сваю «Бандароўну», якраз кіруючыся прынцыпамі, якія спавядаў Багдановіч.М. Стральцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
БУРА́ЎКІН Генадзь Мікалаевіч (н. 28.8.1936, в. Тродавічы Расонскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. паэт, дзярж. дзеяч. Скончыў БДУ (1959). Працаваў у прэсе, на радыё. З 1968 карэспандэнт газ. «Правда» па БССР, з 1972 гал. рэдактар час. «Маладосць», з 1978 старшыня Дзярж.к-таБССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні. У 1990—94 пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН. Мае ранг надзвычайнага і паўнамоцнага пасла. У 1994—95 нам. міністра культуры і друку Беларусі. З 1995 у час. «Вожык». Друкуецца з 1952. У зб-ках «Майская просінь» (1960), «З любоўю і нянавісцю зямною» (1963), «Дыханне» (1966), «Жніво» (1971), «Выток» (1974), «Варта вернасці» (1978, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1980), «Пяшчота» (1985), «Гняздо для птушкі радасці» (1986), «Узмах крыла» (1995) і інш. раскрыў біяграфію пакалення, якое прайшло праз пакуты вайны, аднаўляла разбураны край, змагалася за справядлівасць, кахала. Паэзіі Бураўкіна характэрна арганічная сувязь з роднай зямлёй і гісторыяй, любоў да чалавека, роздум над жыццём, грамадз. тэмперамент, высокая духоўнасць, публіцыстычнасць, усведамленне адказнасці за слова. Лірыка яго задушэўная, адкрытая, споведная. Аўтар са з’едлівай іроніяй выступае супраць мяшчанства, бездухоўнасці, раўнадушша. Творы Бураўкіна вылучаюцца маштабнасцю вобразаў, дакладнасцю, прасветленасцю радка, гнуткасцю і мілагучнасцю слова. Аўтар дакумент. аповесці «Тры старонкі з легенды» (1971), кн. для дзяцей «Тры казкі пра Зая» (1974), сцэнарыяў дакумент. фільмаў «Апаленая памяць» (1975), «Падарожжа па Беларусі» (1976), адзін з аўтараў (з Ф.Коневым і У.Халіпам) сцэнарыя 2-серыйнага фільма «Полымя» (1974). Творы Бураўкіна пакладзены на музыку бел. кампазітарамі. Перакладае на бел. мову творы рус., укр. (зб. Б.Алейніка «Заклінанне агню», 1979), балг. і інш. паэтаў. У 1980—90 дэп. Вярх. Савета Беларусі. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1972.
Тв.:
Выбр.тв.Т. 1—2. Мн., 1986;
Сінія арэлі. Мн., 1987.
Літ.:
Барсток М. Руплівы поўдзень: Нарыс творчасці Генадзя Бураўкіна. Мн., 1984;
Лойка А. Сустрэчы з днём сённяшнім. Мн., 1968. С. 120—125;
Бугаёў Д. Дыханне паэзіі // Бугаёў Д. Шматграннасць. Мн., 1970;
Гніламёдаў У. Споведзь пакалення (Генадзь Бураўкін) // Гніламёдаў У. Упоравень з векам. Мн., 1976;
Гілевіч Н. Удзячнасць і абавязак. Мн., 1982. С. 149—165;
Барадулін Р. Парастак радка, галінка верша. Мн., 1987. С. 286—299, Панчанка П. Высокі бераг. Мн., 1993. С. 182—188.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛЮ́ГІН Анатоль Сцяпанавіч (27.12.1923, в. Машканы Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 24.10.1994),
бел. паэт, кінадраматург, перакладчык.
Засл. дз. культ. Беларусі (1969). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1948). Удзельнік Вял.Айч. вайны, быў паранены. Працаваў у прэсе, у 1946—84 у час. «Полымя». Друкаваўся з 1934. Першы зб. вершаў «Салют у Мінску» (1947). Лірыка Вялюгіна — дасягненне бел. паэзіі. Яго творчасці ўласцівы яркая метафарычнасць, асацыятыўная вобразнасць, філігранная апрацоўка слова. У паэзіі Вялюгіна шчырае апяванне роднай зямлі, пранікнёная споведзь паэта-франтавіка, які прайшоў суровыя выпрабаванні ваен. ліхалецця, разнастайныя грамадз. і інтымныя пачуцці сучасніка (зб. «Негарэльская арка», 1949, «На зоры займае», 1958; «Насцеж», 1960; «Песня зялёнага дуба», 1989; «З белага камення — сіняе пламенне», 1993), патрыятычныя матывы («Прызнанне ў любові»), пантэістычнае стаўленне да прыроды («Спелы бор»). У жанры паэмы распрацоўваў гісторыка-рэв. тэму («Бацька Дняпро», 1955, «Вецер з Волгі», 1963, Літ. прэмія імя Я.Купалы 1964). Аўтар паэт. зб-каў для дзяцей «Галубы» (1949), «Тры гудкі» (1951), «Рыбы нашых рэк» (1952), «Дзіцячы сад» (1954), «Вада і вуда» (1967), сцэнарыяў маст. («Рэха ў пушчы», 1977; «Глядзіце на траву», 1983), дакументальных («Генерал Пушча», Дзярж. прэмія Беларусі 1968; «Арліная крыніца», «Балада пра маці», «Дзядзька Якуб», «Янка Купала», «Я — крэпасць, вяду бой», «Віцебскія ўзоры» і інш.) фільмаў. На бел. мову пераклаў паэмы М.Лермантава «Каўказскі нявольнік» і «Баярын Орша» (1950), «Паэму братэрства» Э.Межэлайціса (1958, з М.Калачынскім), паэмы М.Нагнібеды «Званы Хатыні» (1973) і «Матулям з Расонаў» (1981), кнігі для дзяцей П.Варанько і Дз.Білавуса, паасобныя вершы У.Маякоўскага, Л.Украінкі, М.Рыльскага, А.Малышкі, А.Міцкевіча, Ю.Тувіма і інш.
Тв.:
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1973;
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1984;
Адрас любві. Мн., 1964;
Вершы і балады. Мн., 1969;
Заклён на скрутны вір. Мн., 1995.
Літ.:
Бярозкін Р. У свет, адкрыты насцеж... // Бярозкін Р. Спадарожніца часу. Мн., 1961;
Арочка М. У спелым леце... // Арочка М. Галоўная служба паэзіі. Мн., 1974;
Майсейчык А. Аб жанравых асаблівасцях паэм А.Вялюгіна // Бел. літаратура. Мн., 1977. Вып. 5;
Барадулін Р. Партрэт у верасе пчаліным // Маладосць. 1983. № 12;
Зуёнак В. Гэта ўзважана сэрцам // Зуёнак В. Лінія высокага напружання. Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРЦІ́НСКІ Анатоль Ільіч (н. 18.11.1931, в. Дзямешкава Лепельскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. паэт, драматург, публіцыст, крытык, перакладчык. Скончыў БДУ (1956). Працаваў у прэсе. У 1975—82 сакратар праўлення СП Беларусі, у 1986—90 гал. рэдактар газ. «Літаратура і мастацтва». У 1990—96 дэп. Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. Друкуецца з 1951. Першы зб. паэзіі «Песня пра хлеб» (1962). Тэмы сучаснага жыцця ў яго шматгранных вымярэннях — у аснове кніг «Тры цішыні» (1966), «Чалавечы знак» (1968), «З’яўленне» (1975), «Час першых зорак» (1976), «Ветрана» (1979). Творам Вярцінскага ўласцівы высокі грамадзянскі пафас, філасафічнасць, аналітычнасць, вострая публіцыстычнасць. Паэт асэнсоўвае «вечныя» праблемы чалавечага існавання, маральныя каштоўнасці жыцця, услаўляе духоўную веліч чалавека, выкрывае абыякавасць і самазадаволенасць. Найб. значныя творы — ліраэпічныя паэмы «Заазер’е» і «Дажынкі» (1968) — прысвечаны жыццю пасляваен. бел. вёскі, маці — вясковай працаўніцы — лірычная паэма «Начны бераг» (1972), у якой сцвярджаецца неабходнасць захавання гармоніі ва ўзаемаадносінах чалавека з прыродай, і лірыка-філас. паэма «Колькі лет, колькі зім!» (1979, тэлеспектакль 1980). Аўтар п’ес для дзяцей «Дзякуй, вялікі дзякуй!» (паст. 1974), «Скажы сваё імя, салдат» (паст. 1975), «Гефест — друг Праметэя» (паст. 1984), літ.-крытычных і публіцыстычных твораў (зб. «Высокае неба ідэалу», 1980, «Нью-Йоркская сірэна», 1987, Дзярж. прэмія Беларусі 1988). Пераклаў на бел. мову паасобныя творы класічнай і сучаснай рус., укр., літ., лат., балт., польск., венгерскай паэзіі, п’есы Лопэ дэ Вэгі «Раба свайго каханага», М.Себасцьяна «Безыменная зорка», В.Пальчынскайтэ «Спяшаюся за летам».
Тв.:
Выбранае. Мн., 1973;
Святло зямное. Мн., 1981;
Дзякуй, вялікі дзякуй!: П’есы. Мн., 1983;
Хлопчык глядзіць... Мн., 1992.
Літ.:
Шпакоўскі Я. Узрушанасць. Мн., 1978. С. 91—102;
Сямёнава А. Высокае неба // Сямёнава А. Гарачы след таленту. Мн., 1979;
Бугаёў Дз. Споведзь даверлівая і шчырая // Бугаёў Дз. Талент і праца. Мн., 1979;
Лойка А. Пераадоленне // Лойка А. Паэзія і час.Мн., 1981;
Арочка М. Усе чатыры вятры паэзіі // Арочка М. Саюз часу і майстэрства. Мн., 1981;
Чабан Т. Крылы рамантыкі. Мн., 1982. С. 129—131, 134—136, 161—167;
Бечык В. На аснове чалавечай роднасці... // Бечык В. Прад высокаю красою... Мн., 1984;
Гніламёдаў У. Вершы мае — пісьмы // Гніламёдаў У. Ля аднаго вогнішча. Мн., 1984.