ГУ́ТМАН (Наталля Рыгораўна) (н. 14.9.1942, Казань, Татарстан),
расійская віяланчэлістка. Нар. арт. Расіі (1989), нар. арт. СССР (1991). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1964), у 1967—77 выкладала ў ёй. З 1964 салістка Масканцэрта, з 1976 — Маскоўскай філармоніі. Адна з буйнейшых рас. выканальніц віяланчэльнай класікі і сучаснай музыкі. Выступае і як ансамблістка (у т. л. з С.Рыхтэрам, да 1990 з мужам А.Каганам). З 1992 праф. Вышэйшай школы музыкі ў г. Штутгарт (Германія). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу музыкантаў-выканаўцаў (1961), міжнар. конкурсаў віяланчэлістаў імя А.Дворжака (Прага, 1961), імя П.І.Чайкоўскага (Масква, 1962), камерных ансамбляў (Мюнхен, 1967; разам з А.Наседкіным).
т. 5, с. 550
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНІЭЛЯ́Н (Айкануш Багдасараўна) (15.12.1893, Тбілісі — 19.4.1958),
грузінская і армянская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана). Нар. арт. СССР (1939). Скончыла Петраградскую кансерваторыю (1920). З 1922 салістка Грузінскага, у 1933—48 Армянскага т-раў оперы і балета. У 1943—51 выкладала ў Ерэванскай кансерваторыі (праф. з 1949). У рэпертуары вылучаліся партыі з опер арм. кампазітараў — Ануш («Ануш» А.Тыграняна), Алімпія («Аршак II» Т.Чухаджана), а таксама класічных — Марфа («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Антаніда («Іван Сусанін» М.Глінкі), Маргарыта Валуа («Гугеноты» Дж.Меербера), Джыльда, Віялета, Дэздэмона («Рыгалета», «Травіята», «Атэла» Дж.Вердзі). Дзярж. прэмія СССР 1946.
т. 6, с. 42
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСТО́МІНА (Аўдоцця Ільінічна) (17.1.1799, С.-Пецярбург — 8.7.1848),
руская балерына. Скончыла Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1815, педагог Ш.Дзідло і інш.). Вучаніцай дэбютавала ў партыі Галатэі («Ацыс і Галатэя» К.Каваса). У 1816—36 салістка (да 1829 вядучая танцоўшчыца) пецярбургскага Вял. т-ра. Валодала моцным тэмпераментам, віртуознай тэхнікай, бездакорным пачуццём стылю, сцэн. абаяльнасцю. Стварыла яркія разнапланавыя вобразы (ад камічных да глыбока трагічных). Сярод лепшых партый: Флора, Чаркешанка («Зефір і Флора», «Каўказскі нявольнік, або Цень нявесты» Каваса), княжна Людміла («Руслан і Людміла» Ф.Шольца; паст. ўсіх Дзідло), царыца Сумбека («Сумбека, або Заваяванне Казанскага царства» Л.Санэ).
Літ.:
Эльяш Н. Авдотья Истомина. Л., 1971.
т. 7, с. 347
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРНІ́ЦКАЯ (па мужу Дырэнталь) Магдалена
(каля 1764, г. Паставы Віцебскай вобл. — ?),
танцоўшчыца. Прыгонная падскарбія надворнага літ. А.Тызенгаўза. Вучылася ў яго балетнай школе ў Паставах. У 1785—94 (з перапынкам) у складзе трупы «Т-ва танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці» ў Варшаве. Выступала (з 1790 як Дырэнталь) на каралеўскай сцэне і ў Нац. т-ры, другая салістка (сярод партый Пастушка ў балеце «Лукас і Калінета»). Пасля 1794, відаць, працавала ў Варшаве ў трупе «Нацыянальныя танцоры» і антрэпрызе С.Гальніцкага і К.Аўсінскага, у 1795 выступала ў Гродне і Львове, з 1797 — у Варшаве ў антрэпрызе Т.Трускаляскага.
Г.І.Барышаў.
т. 8, с. 83
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРОЗ (Дора Захараўна) (12.11.1909, г. Сянно Віцебскай вобл. — 8.12.1997),
бел. спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана). Скончыла Бел. студыю оперы і балета (1933), Бел. кансерваторыю (1937, клас В.Несцярэнка). У 1933—49 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Валодала голасам прыгожага серабрыстага тэмбру, тонкім муз. густам. Сярод лепшых партый: Марфачка («Алеся» Я.Цікоцкага), Марфа («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Мікаэла («Кармэн» Ж.Бізэ), Джыльда, Віялета («Рыгалета», «Травіята» Дж.Вердзі). З інш. партый: Караліна («У пушчах Палесся» А.Багатырова), Русалка («Кветка шчасця» А.Туранкова), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Алімпія («Казкі Гофмана» Ж.Афенбаха).
Б.С.Смольскі.
т. 8, с. 475
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛІ́ЕВА (Мая) (Мамаджан; н. 1920, аул Безмеін Ашгабацкага р-на, Туркменістан),
туркменская спявачка (лірычнае сапрана). Нар. арт. СССР (1955). У 1938—41 вучылася на туркм. аддзяленні Маскоўскай кансерваторыі. З 1941 салістка Туркменскага т-ра оперы і балета. Першая выканала на туркм. сцэне шэраг партый еўрап. опернага рэпертуару: Таццяна («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Марфа («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Маргарыта («Фауст» Ш.Гуно), Чыо-Чыо-сан (аднайм. опера Дж.Пучыні). Сярод партый нац. рэпертуару: Айна, Шасенем («Айна», «Шасенем і Гарыб» А.Шапашнікава і Д.Авезава), Лейлі («Лейлі і Меджнун» Ю.Мейтуса і Авезава).
т. 9, с. 5
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́ДВІГ ((Ludwig) Крыста) (н. 16.3.1928, Берлін),
аўстрыйская спявачка (мецца-сапрана). Вучылася пад кіраўніцтвам бацькі А.Людвіга, потым у муз. школе ў Франкфурце-на-Майне. З 1946 працавала ў розных ням. оперных т-рах, з 1955 салістка Венскай дзярж. оперы. Спявала таксама ў т-рах «Метраполітэн-опера», «Ла Скала». Сярод партый: Дарабела, Керубіна («Усе яны такія», «Вяселле Фігара» В.А.Моцарта), Леанора («Фідэліо» Л.Бетховена), Актавіян і Маршальша («Кавалер ружы» Р.Штрауса), Эбалі («Дон Карлас» Дж.Вердзі). У 1954—74 пастаянна ўдзельнічала ў Зальцбургскіх фестывалях. Выконвала сольныя партыі ў 9-й сімфоніі Бетховена. Выступае як камерная спявачка.
т. 9, с. 401
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЫ́С ((Mathis) Эдзіт) (н. 11.2.1938, г. Люцэрн, Швейцарыя),
швейцарская спявачка (сапрана). Вучылася ў Люцэрнскай кансерваторыі. Спявала ў Кёльнскім і Гамбургскім оперных т-рах. Удзельнічала ў Зальцбургскім і інш. фестывалях. З 1963 салістка Берлінскай дзярж. оперы, з 1970-х г. выступае ў буйнейшых т-рах Еўропы і Амерыкі. Для творчасці характэрны высокая муз. культура, гарманічнае адзінства вак. і сцэн. малюнка. Сярод партый: Мелізанда («Пелеас і Мелізанда» К.Дэбюсі), Паміна, Сюзанна («Чароўная флейта», «Вяселле Фігара», В.А.Моцарта), Марцэліна («Фідэліо» Л.Бетховена). Вядома як выканальніца сапранавых партый у кантатах і пасіёнах І.С.Баха.
т. 10, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУДЭ́НКА (Ларыса Архіпаўна) (28.1.1918, г. Макееўка Данецкай вобл., Украіна — 19.1.1981),
украінская спявачка (мецца-сапрана). Нар. арт. СССР (1960). Скончыла Кіеўскую кансерваторыю (1940), з 1951 выкладала ў ёй (з перапынкамі; з 1978 праф.). У 1939—70 салістка Кіеўскага т-ра оперы і балета. Валодала моцным голасам, яркі.м драм. талентам. Першая выканаўца гал. партый у многіх операх укр. кампазітараў, у т. л. Уля Громава («Маладая гвардыя» Ю.Мейтуса). Сярод партый; Юнона («Энеіда» М.Лысенкі), Саламія («Багдан Хмяльніцкі» К.Данькевіча) Графіня («Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Кармэн («Кармэн» Ж.Бізэ). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў (1939). Здымалася ў кіно.
т. 13, с. 432
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЙШЭНАЛІ́ЕВА (Бібісара) (Бюбюсара; 17.5.1926, кішлак Таш-Цюбе Канцкага р-на, Кыргызстан — 10.5.1973),
кіргізская артыстка балета. Нар. арт. СССР (1958). Скончыла Ленінградскае харэагр. вучылішча (1949). З 1941 салістка Кіргізскага т-ра оперы і балета. Валодала высокай танц. культурай і нац. своеасаблівасцю. Значна паўплывала на станаўленне і развіццё кірг. нац. балета. Сярод партый: Чалпон і Айдай («Чалпон» М.Раўхвергера), Анар, Сайра («Анар», «Вясна ў Ала-Тоа» У.Уласава і У.Ферэ), Раймонда («Раймонда» А.Глазунова), Марыя і Зарэма («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Адэта—Адылія («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Эсмеральда («Эсмеральда» Ц.Пуні), Джульета («Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева). Дзярж. прэмія Кіргізіі імя Тактагула 1970.
т. 2, с. 376
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)