Азгле́ць ’азябнуць, адубець’ (БРС). Няясна. Магчыма, па паходжанню з польск. oschły ’чэрствы, халодны’. Параўн. бел. паланізм осхлы (гл.). Тады осхлы > *асхлець > азглець. Гэта версія мае семантычныя цяжкасці. Значэнне ’халодны’ ў польскім слове толькі пераноснае, асноўнае значэнне звязана не з паняццем ’холад’, а ’сухмень’. Параўн., аднак, тлумачэнне польск. oschły як oziębły і наадварот. Іншая версія: аззлець < азалець (гл.) ’змерзнуць, акалець’ (Трубачоў, вусн. паведамл.). Магчыма, таксама да асклець (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Звы́чай ’прыняты парадак; прывычка’. Рус. паўд. свы́чай, укр. зви́чай, польск. zwyczaj, славац. zvyčaj. Ст.-бел. звычай (Скарына), ст.-рус. звычай (1609 г.), съвычаи (XII ст.), ст.-бел. звычай. З суф. ‑ějь (гл. Слаўскі, SP, 1, 86–87) ад дзеяслова sъ‑vyk‑nǫ‑ti (гл. выкнуць). Улічваючы ст.-рус. съвычаи (XII ст.), наўрад ці ст.-бел. звычай паланізм (Булыка, Запазыч., 119). Сцяцко, Афікс. наз., 23. Гл. звыклы.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Капава́ць 1 ’цяміць, кумекаць’ (стаўбц., Нар. сл.; смарг. Сцяш. Сл.; зэльв. Жыв. сл.), капавіты ’разумны, кемлівы’ (Сцяшк.). Паводле геаграфічнага пашырэння — паланізм (< kapować ’тс’, ’падглядваць, віжаваць, сачыць’, якое узыходзіць да лац. caput ’галава’).
Капава́ць 2 ’складаць у копы’ (браг., Мат. Гом.), капнаваць, напіць ’тс’ (там жа). Да напаі. Сюды ж і капавішча ’месца, дзе ставяць капу сена’ (слаўг., Яшк.).
Капава́ць 3 ’мець або пражыць 60 год’ (смарг. Сл. паўн.-зах.). Да капах.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Наварот ’вяртанне, зварот’ (Др.-Падб.), наворот ’заход’: < гУжэ другім наворотом грыбы несуць» (ТС, 3, 115); на́варатам ’у першы, другі, трэці прыём’ (Некр.). Калі першае слова з пэўнымі падставамі можна разглядаць як фанетычна адаптаваны паланізм, параўн. польск. nawrót (гл. Вячорка, БЛ, 30, 1986, 51), то астатнія несумненна ўяўляюць мясцовыя ўтварэнні ад варочаць, варочацца, вядомыя і іншым славянскім мовам. Параўн. наварачацца ’заходзіць час ад часу’ (Мат. Гом.), серб.-харв. на́врат: у вище наврата ’шматразова’ і пад.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ляга́вы 1 ’пародзісты (аб сабаку)’ (Сцяшк.), ст.-бел. лекгавый. Запазычана са ст.-польск. legawy pies ’выжал — сабака, які навучаны класціся на месца і віляць хвастом тады, калі ён пабачыць птушку, на якую палююць’ (Слаўскі, 4, 113–114; Фасмер, 2, 473; Булыка, Лекс. запазыч., 143; Кохман, 81).
Ляга́вы 2, люга́вы, люга́ўка ’той, хто ўхіляецца ад цяжкай працы’ (Пан. дыс.; дзятл., Сцяшк. Сл.). Відаць, паланізм, параўн. польск. legawy ’той, хто любіць вылёжвацца, гультай, соня’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Мале́начкі, мале́нечкі, мале́нячкі ’вельмі маленькі’ (Кліх, Ян.; дзярж., Нар. сл.; мсцісл., Нар. словатв.; Сл. ПЗБ), шальч., астр., воран., гродз. ’малалетні’ (Сл. ПЗБ). Укр. маленечкий, рус. смал., бран., кур. маленечкий, маленечкий, польск. malenieczki ’тс’. Магчыма, паланізм (і ва ўкр. мове таксама). Форма маленачкі ўзыходзіць да маленкі (смарг., трак., вільн., воран., дзятл., Сл. ПЗБ), у якім ‑н‑ цвёрдае: вытрымана заканамернасць памякчэння зычнага перад мяккім, апрача г, к, х. Не выключаны таксама і ўплыў фанетыкі суседніх літоўскіх гаворак.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Браск ’досвітак’ (Мар. дыс.). Марозаў, там жа, лічыць, што гэта паланізм. Параўн. польск. brzask ’тс’. Хоць тэарэтычна браск можа быць і бел. словам (параўн. рус. брезг ’тс’, бре́зжит ’світае’, чэш. břesk, ст.-слав. пробрѣзгъ і г. д. — слав. *brězg‑; аб слав. словах гл. Фасмер, 1, 211), усё ж на бел. глебе яно ізаляванае (акрамя таго, у бел. мове было б брэск). Укр. дыял. бряск ’бляск’ таксама з польск. (гл. Рыхардт, Poln., 37).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
*Просціра, простіра ’прасціна’ (?) (маг., Шн.; Карскі, Труды, 313). Відаць, захаванае ст.-бел. простира ’прасціна; кавалак тканіны’, што ўжывалася паралельна з простирадло ’тс’ і простица ’тс’. Верагодна, утварэнне ад дзеяслова *прасціраць ’распасціраць’, ад якога гэта было б рэгулярным дэрыватам з суф. ‑а, аднак у гэтай форме на беларускай тэрыторыі ён невядомы. Адаптаваны паланізм? Параўн. прасціра́ла ’прасціна’ (Ласт.) з польск. prześcieradło ’тс’, укр. простира́ло ’тс’ (паводле ЕСУМ, 5, 606, узыходзіць да *prostira(d)lo).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Такве́ле ’столькі’ (гродз., ЛА, 5), такве́ля ’тс’ (карэліц., навагр., капыл., Жыв. сл., Скарбы, Сцяшк., Жд. 2, Сл. Брэс.; нясвіж., Жд. 2; стаўб., Нар. сл.), ’столькі (многа), так шмат’ (Сцяц. Сл.), ’ледзьве’ (клец., Жд. 1), такве́ля таго ’хай сабе’ (Марц.), такве́ля бяды́ ’такой бяды’ (узд., Мілк.). Штучны паланізм, утвораны на мясцовай глебе з так і веле (гл.) або на глебе “пальшчызны крэсовай” спалучэннем польск. tak і wiele з развіццём семантыкі: ’гэтак многа’ → ’столькі’. Параўн. такеля, гл.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ложак ’мэбля — месца для спання, пасцель’ (Нас., ТСБМ, Гарэц., Бяльк., Касп., Шат., Сцяшк., Яруш.; КЭС, лаг.), ложык (Бяльк.), лу͡ожэк (паўд.-мін., паўд.-усх., КЭС), ло́жок (ТС). Відавочна, паланізм — параўн. польск. łóżko < паўн.-слав. ložьko (памяншальнае ад lože > ложа 1), якое пасля запазычання па-беларуску было б ложка, што вельмі блізка да лексемы ложка ’лыжка’, пашыранай на значнай тэрыторыі (гл., напрыклад, Сл. ПЗБ). Таму лексема пры запазычанні змяніла род і адпаведна суфікс па аналогіі да назваў прадмета паводле яго прызначэння, напрыклад прыпечак, абутак.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)