Вары́згацца ’займацца пустымі размовамі; доўга з чым-небудзь вазіцца’ (Мядзв.), вораскаться ’тс’ (Мядзв.), вары́згаць ’гаварыць бязглузда і недарэчна’ (КЭС). Параўн. рус. дыял. вары́згать ’паспешна, неакуратна есці’, вара́згаться ’рабіць што-небудзь няўмела, доўга вазіцца’. Параўн. далей бел. варзе́каць ’размазваць што-небудзь густое’, рус. варза́кать ’рабіць што-небудзь наспех, сяк-так; дрэнна, неахайна пісаць’, укр. варзя́кати, верзя́кати ’балбатаць, вярзці’. Паколькі ў адным слове часта аб’яднаны значэнні ’пагана рабіць’ — ’балбатаць, гаварыць пустое, вярзці’ (параўн., напр., рус. вара́кать ’дрэнна рабіць, пэцкаць; гаварыць абы-што, вярзці’), то можна зыходзіць з *vьrz‑ti (вярзці́, укр. верзти́), да слав. *vьrz‑ ’плесці’. Форма вары́згацца (< варазгацца; параўн. варыхацца < варахацца) — гэта нібы экспрэсіўнае «паўнагалоссе» (vьrz‑ > верз‑ > вараз‑).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Латашы́ць, латажы́ць, бялын. лыташы́ць ’ірваць без разбору псуючы і спусташаючы’, ’неахайна ірваць’ (ТСБМ, Шат.; беласт., навагр., паст., пух., Сл. паўн.-зах.), ’таптаць травы, пасевы’ (Шат.), ’знішчаць з’ядаючы і топчучы’ (ТС, Янк. II), ’біць кіем па садовым дрэве, з шумам рваць траву ці гародніну’ (КЭС, лаг.), ’абтрасаць, абіраць’, ’браць, збіраць старанна’ (Яўс.), ашм., навагр. ’красці, грабіць’, смарг. ’насіць вялікімі бярэмамі’ (Сл. паўн.-зах.), ’біць, лупцаваць’, ’страляць’ (ТСБМ; в.-дзв., швянч., Сл. паўн.-зах.). Укр. гуц. лото́шити ’быць без занятку’, рус. наўг. лотошить ’красці’, польск. łatać/łatoszyć, lotoszyć ’біць, лупцаваць’. Утворана ад *латоxa < latiti. Да ла́та́цца (гл.). Параўн. таксама латухея (гл.). Відавочна, у афармленні семантыкі дзеяслова ў некаторых гаворках уплывала лексема лата ’лапік’. Параўн. рус. паўд.-сіб. латошить ’латаць адзенне’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пу́дзіла, ‑а, н.

1. Чучала ў выглядзе чалавека, якое выстаўляецца на палях, агародах для адпужвання птушак. За плотам сярод канапель стаіць там пудзіла, стаіць, здзіўлена растапырыўшы ў бакі рукі, і цікуе за ўсімі з-пад нізка насунутай на колік шапкі. Галавач. У гародзе, за пахілым парканам матлялася на ветры пудзіла на вераб’ёў. Арочка. // перан. Пра тое, што выклікае страх, сполах у каго‑н. Царская Расія была пудзілам для нацыянальна-рэвалюцыйнага руху ў Еўропе.

2. перан. Пра неахайна, непрыгожа апранутага, брыдкага чалавека. [Гусоўскі:] — Глядзі, якім пудзілам апранулі! Цікава, для чаго такая маскіроўка? Навуменка. [Насця:] — Ну, паглядзі ты на сябе: на каго ты падобен у гэтым рызмане? Дзе ж ёсць другое такое пудзіла на свеце? Колас.

•••

Пудзіла (агароднае) гарохавае — пра смешна, безгустоўна адзетага чалавека.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ахламо́н ’неарганізаваны, неакуратны, зацюканы чалавек’ (Юрч. Фраз. 2), вахламон ’неахайны чалавек’, вахламоня ’неахайная жанчына’, вахламондзія ’тс’ (Яўс.); слова вядома на большай частцы Беларусі са значэннямі ’чалавек, недалёкі ў разумовых адносінах’, ’чалавек без пачуцця ўласнай годнасці’, ’дрэнна выхаваны, некультурны чалавек’, ’неакуратны, неахайны чалавек’, ’неахайна адзеты чалавек’, няўклюда’ і інш. Рус. охламон дурань і гультай’, рус. дыял. охламон ’вялікі чалавек, у якога не ўсё ў парадку’. Няясна. Найбольш натуральнай здаецца сувязь з хлам ’старызна, дрэнь’ (Нас.), якое, паводле Бірылы, Бел. антр., 2 (пад Ахламёнак), можа выступаць у форме ахлам, параўн. таксама рус. дыял. хлам ’лахманы, старызна’, хламунина ’старая, зношаная адзежына’; параўн. таксама серб.-харв. hlamina ’зношаны абутак, уступкі’ (Скок, 1, 671); тады першапачаткова ахламоннеахайна адзеты чалавек’ з экспрэсіўнай суфіксацыяй як у разявон ’разява’, пры гэтым магчымы ўплыў кантамінаваных форм тыпу рус. пск. ахломотья лахманы’. Аднак, прымаючы пад увагу аддзеяслоўны характар форм тыпу разявон, можна дапусціць утварэнне ахламон ад хламаць, хламнуць (ад гукапераймальнага хлам!), параўн. хламаць ’есці’ (пра свіней; рэдка абразліва — пра чалавека, КСТ), экспр. ’есці’ (Сержп., Грам., 61), хламнуць ’праглынуць (Бел. фраз., 62), суфіксацыя ахламон як у матон ’круцель, махляр, дзялок’ (Яўс., ад матаць); тады ахламон ’некультурны чалавек, мужык’, параўн. хамула ’некультурны чалавек’ ад хамаць ’прагна і гучна есці’, рус. дыял. охряпок ’дзеравеншчына, няўклюда’ ад хряпать ’есці многа’. Жаргонны характар слова дазваляе лічыць верагодным таксама дапушчэнне Супруна (вусн. паведамл.) аб сувязі з грэч. ὄχλος ’чэрнь, натоўп’ (да ст.-грэч. ὀχλο‑μανέω ’імкнуцца да папулярнасці’?), аднак пры гэтым узнікаюць пэўныя фармальныя цяжкасці. Параўн. з іншай суфіксацыяй ахлама́н ’неацёсаны, тупы чалавек’ (Цых.). Гл. Цыхун, БЛ, 8 (1975), 58–59.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бадзя́цца ’бадзяцца, цягацца, валачыцца; валяцца’ (Шат., Касп., Нас., Янк. Мат., Бір. Дзярж., Гарэц., Бяльк.), ’валяцца’ (Жд.: бадзялася скошаная трава). Слова няяснага паходжання. Параўн. рус. дыял. (зах.) бодя́ться ’тс’, польск. дыял. badziać się, bodziać się ’бадзяцца’ (Карловіч: z Litwy). Даль выказвае (з запытаннем) не вельмі пэўную думку аб паходжанні ад бода́ть ’калоць, біць рагамі’. Магчыма, што гэта дзеяслоў экспрэсіўнага паходжання. Не выключаецца, што ёсць сувязь з бадзя́цьнеахайна адносіцца, насіць (адзенне, абутак); пэцкаць’ (гл.), укр. гуц. ба́дити (абба́дити) ’знайсці’ (*baditi < *ob‑vaditi да *vada ’перашкода’; першапачаткова ’знайсці, перамагаючы перашкоды’ → ’шукаць, хадзіць шукаючы’ → ’бадзяцца’). Параўн. і палес. бада́ццэ ’пераадольваць цяжкасці; перабівацца’ (Лысенка, ССП). Тады ў бадзя́цца — экспрэсіўная палатальнасць (замест бада́цца). Наўрад ці ёсць сувязь з польск. badać się ’дапытвацца, дашуквацца’. Сюды ж бадзя́га ’валацуга’ (Касп., Нас., Бяльк.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пехцяро́к ’вяровачная сетка для сена ў дарозе’ (Нас.), ’кашэль, торба’ (Нар. Гом.), пехцёрь ’тс’ (Растарг.), пехцяром ’быць неахайна апранутым’ (Нас.), пяхцер ’гультай’ (мазыр., Мат. Гом.), (перан.) пехірірок ’таўстун (пра дзіця)’ (Нас.), рус. кур., калуж. пехтерь, пехтерь ’кошык, у які натоптваюць сена’, цвяр. ’тоўстае пражэрлівае дзіцё’, смал. пяхцерь ’пяхцер’, ярасл., цвяр., пск. пехтёршпь ’несці нешта цяжкае’, ’шмат набіраць, напіхваць’, ’шмат і прагна есці’. Відаць, уграфінізм. Параўн. вепск. pehit ’мятая салома, сечка’, peksta ’мяць, таптаць’, ’мясіць, збіваць, перамешваючы’, а таксама эрзя-мардоўск. pʼetkʼel ’таўкач’. Гл. таксама пяхцер. Куркіна (Этимология–1970, 96–97) рус. пехтерь, пестер(ь) і да т. п. адносіць да прасл. *pьxali, pixati, уключаючы сюды рус. пест ’таўкач, кій’, славен. peši ’салома ў кулях, прызначаная для пакрыцця будынку’ і інш., і вызначае магчымасць семантычнага пераходу: ’хуткі рух са штуршком’ > ’піхаць, таўчы’ > ’плесці, віць, ткаць’ > ’нешта сплеценае’, што не зусім адпавядае семантыцы бел. лексем.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пяхце́р ’кашэль, торба; пра нязграбнага, непаваротлівага чалавека’ (ТСБМ; Нас., Растарг., Мядзв., Мат. Гом.), пе́хцер ’гультай’ (Мат. Гом.), піхце́р ’вяровачны мяшок; няўклюда’ (Нік. Очерки; Касп.), пяхтэ́р, пі́цер, піхто́р, пэхту́р, пяхту́р арг. ’мяшок’ (Рам. 9), сюды ж пяхце́рыць ’набіваць, напіхваць’, пяхце́рыцца ’наядацца’, пяхце́рны ’сетачны’, пехцяро́м ’апрануўшыся неахайна’ (Нас.). Укр. пихті́р, пухті́р, пухті́ер ’мяшок для корму каня ў дарозе’, рус. пе́хте́рь ’кашэль для сена; тоўстае, пражэрлівае дзіця’; сюды ж, відаць, і пе́стер, песте́рь, пе́щерь, пе́ще, пище́р, пе́щур ’заплечная вярэнька, рагожа’, ’няўклюда’. Дакладнай этымалогіі не мае. Варыянтнасць формы, хутчэй за ўсё, сведчыць аб запазычанні. Да той жа высновы схіляе і шырокае ўжыванне ў традыцыйных усходнеславянскіх арго. Анікін (446) рус. пе́стер, пехте́рь і пад. на падставе неўласцівай славянскім мовам варыянтнасці ‑хт‑/‑ст‑ разглядае следам за Вострыкавым (Этим. иссл., 1981, 23–24) як субстратам фіна-ўгорскія элементы, звязаныя з марыйск. пӧштыр, пешыр ’тс’, параўн., аднак распаўсюджанасць ва Украіне, што, магчыма, пярэчыць такой крыніцы. Збліжэнне з піхаць (Нас., 413) можа мець другасны характар; агляд ранейшых версій гл. Фасмер, 3, 250, 254, 428; ЕСУМ, 4, 381. Гл. таксама пяхце́ль.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

нячы́сты, ‑ая, ‑ае.

1. Брудны, неахайны. К твайму аконцу каля ганка Падходзіць варожыць цыганка ў лахмане зрэбным і нячыстым. Багдановіч. // Непрыбраны, засмечаны, запушчаны. Нячысты пакой.

2. Неаднародны, з дамешкам чаго‑н.; забруджаны. Нячысты спірт. Нячыстая вада. // Не чыстакроўнай пароды. Конь нячыстай пароды. // Мутны, няясны, невыразны (пра колер). Нячыстыя фарбы. // З прышчыкамі, вуграмі і пад. (пра скуру). Нячыстая скура па твары.

3. Разм. Неахайна выкананы, неакуратны. Нячыстая апрацоўка.

4. Разм. Невыразны, не зусім дакладны, правільны (пра гукі, выказванне думак). У маёра голас пісклявы, у суседа яго — хрыплы, нячысты. Навуменка. [Колас:] — Ну, палепшу я радок ці два, гэта ж справы не ратуе. Сырызна застаецца сырызнай, мова нячыстая, верш недасканалы. Лужанін.

5. перан. Які не вызначаецца сумленнасцю, несумленны, здольны да машэнства. [Ладынін:] «Трэба сказаць Башлыку, каб прасачыў за гэтымі нарыхтоўшчыкамі сваімі. Нячыстыя, відаць, людзі». Шамякін. // Заснаваны на машэнстве; нячэсны. Цяпер новая думка кальнула.. [Зосю]: «Можа.. [Міхал] і тады ўжо ў якіх нячыстых авантурах быў?». Чорны. [Грэт] інстынктам адчула, што справа тут нячыстая. Маўр.

6. У некаторых рэлігійных вучэннях — непрыгодны, непажаданы богу, грэшны. [Сымон] даводзіў, што свіння для старазаконнікаў-яўрэяў — грэшная і нячыстая жывёла. Бядуля.

7. Разм. У забабонах — звязаны са злым духам, чараўніцтвам. Пятрусь і не думаў спыняць каня, скарэй бы ад гэтага нячыстага месца. Колас. // у знач. наз. нячы́сты, ‑ага, м. Злы дух, чорт. [Жонка брыгадзіра:] — Не сорам табе, і нячыстага не баішся ты. Мурашка.

•••

Нячыстая сіла гл. сіла.

Нячысты дух гл. дух.

Нячысты на руку — схільны да крадзяжу, махлярства.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пэ́цкаць ’мазаць, брудзіць; рабіць няўмела, неахайна’ (ТСБМ, Гарэц., Яруш., Шат.), ’ляпіць глінаю, мазаць; брудзіць’ (Нас.), пе́цкаць ’брудзіць, мазаць’ (ТС), пэ́цнуць ’мазануць; стукнуць’ (ТСБМ), ’гучна ўдарыць; кінуць чым-небудзь ліпкім; упасці’ (Нас.), вытворныя: пэ́цкала, пэ́цкало ’няўмека, неакуратны ў рабоце чалавек, бракароб, партач’ (Сцяц., Сцяшк. Сл., Скарбы; любч., Нар. словатв.; міёр., З нар. сл.), пэ́цкаль ’хто любіць пэцкацца, неахайны, паскуднік’ (Шпіл., Чач., Гарэц., Шат.; брасл., Сл. ПЗБ), ’няўмека, дрэнны майстар’ (ТСБМ; маладз., Янк. Мат.; Яўс., Шат., Бяльк.; міёр., З нар. сл.). Паводле Насовіча, утворана ад гукапераймальнага пэц! ’тое, што і пац!’ (“от звука брошенной на что либо грязи или брошенного чего въ грязь”, Нас., 543); нягледзячы на фанетычныя прыкметы запазычання з польск. peckać ’вэдзгаць, перабіраць, корпацца’, параўн. рус. па́чкать ’пэцкаць’, да вышэйназванай версіі схіляецца Цвяткоў (Запіскі, 2, 75) і канстатуе, што слова не выводзіцца ад кораня *pak‑ (дапускаючы для рускага слова сувязь з пакость ’паскудства’, інакш гл. Фасмер, 3, 223); наяўнасць славен. pecati, peckati, pečkati ’даваць аплявуху; біць па вушах’ і pəčka, pəčkálo ’хто ляніва, марудна і дрэнна працуе’ ўзмацняе прышлую версію. Пра магчымую сувязь названых слоў з pečkȁ ’ядро, костачка’, што дае падставы для семантычнага пераходу ’ўздуцце, разбуханне’ > ’слабы, дрэнны’, гл. Бязлай, Etyma, 163; Куркіна, Этимология–1984, 113; гл. таксама спецыяльна Куркіна, Этимология–1988–1990, 61. Атаясамліванне з укр. пи́цькати ’дрэнна працаваць, корпацца’, якое выводзіцца праз польск. pyćkać, peckać ’тс’ з ням. patschen ’плёскаць (па вадзе)’ (гл. ЕСУМ, 4, 382), здаецца, не мае падстаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

шпурля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., каго-што.

Разм.

1. і чым. З сілай кідаць што‑н. [Бацька] заўзята маўчыць і шпурляе наверх вялікія чорныя цагліны торфу, а я адношу іх і складаю адну пры адной. Брыль. [Федзя:] — Няпраўда! Вы [хлопцы] усе шпурлялі ў звон каменнямі... таму іх так многа тут! Ваданосаў. Зіма снягоў шпурляла жмені, Сумёты белыя мяла, Але крынічныя струмені Скаваць ільдамі не змагла. Ляпёшкін. / у безас. ужыв. Па твары хлёпала мокрым цветам, гэта шпурляла з-пад колаў раскіслым снегам і глінай. Пташнікаў. // Ставіць, класці, кідаць што‑н. неахайна, абы як. Да таго ж прыемна было [Юрку] слухаць, не запісваючы, з незалежным выглядам шпурляць дома падручнікі на падаконнік, рабіць усё, як табе хочацца... Карпаў. // часцей безас. Моцна качаць, трэсці, тузаць і пад., прымушаючы каго‑, што‑н. рабіць рэзкія, бязладныя рухі. Вось толькі тады, калі разгуляецца вецер над зялёнаю шчэццю лясоў, над круглымі купамі-шапкамі кучаравай лазы, пад бародаўкамі-купінамі жорсткай асакі, тады яна [Прыпяць] няветла пахмурнее, задрыжыць, затрасецца тысячамі хваль і сярдзіта шпурляе чаўны і чайкі-душагубкі. Колас. Дарога была гразкая, уся ў калдобінах, і матацыкл то рэзка падкідвала ўгору, то шпурляла ўбакі, то гойдала і калыхала, як човен на хвалях. Краўчанка.

2. Раскідваць што‑н. у розныя бакі. А Базыль бушаваў. Хадзіў па хаце, шпурляў нагамі табурэткі, зламаў вілачнік ля печы. Курто. / у безас. ужыв. Часам з вогнішчаў сыпала снапы іскраў, шпурляла навокал галавешкі. Мележ.

3. перан. Выдаткоўваць без карысці; марна траціць што‑н. Шпурляць грошы на вецер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)