СТАРАБЕЛАРУ́СКАЯ МО́ВА,
мова бел. народнасці ў 14—18 ст. Існавала ў вуснай нар.-дыялектнай і кніжнай літ.-пісьмовай формах.
Нар.-дыялектная С.м. ўзнікла на базе тэр. дыялектаў усх.-слав. зямель, якія ў 13—14 ст. увайшлі ў ВКЛ. Яна вызначаецца фанетычнымі рысамі: зацвярдзеннем «ч» і «р» («прычыны»), дзеканнем і цеканнем, зацвярдзеннем губных зычных на канцы слова («семъ», «голубъ»), фрыкатыўным «г», пераходам «в» і «л» у «ў» (у пэўных пазіцыях), падоўжаннем зычных у інтэрвакальным становішчы (вынік асіміляцыі «j»), супадзеннем у вымаўленні гукаў «e» і «ё», развіццём спалучэння «ры», «лы» на месцы спалучэнняў плаўных з рэдукаванымі («крываво», «блышчачися»), развіццём напружаных рэдукаваных y «і» і «ы» («злыи», «биитеся»), развіццём акання і якання. Граматыцы С.м. ўласціва захаванне ў словазмяняльнай парадыгме чаргаванняў заднеязычных і свісцячых, ужыванне форм старога вінавальнага склону мн.л. ў назвах жывёл, захаванне клічнай формы назоўнікаў мужчынскага і жан. роду, выцясненне кароткіх форм вышэйшай ступені прыметнікаў поўнымі, утварэнне складанай формы будучага часу з дзеясловамі-звязкамі «буду» і «маю», захаванне формы плюсквамперфекта, замацаванне дзеепрыслоўяў на «-учы(-ючы)» і «-ачы(-ячы)», пашырэнне безасабова-пасіўнай канструкцыі з дзеепрыметнікам залежнага стану прошлага часу («мужа забіто»), У слоўнікавым складзе С.м. захаваліся некат. словы, якія выйшлі з ужытку на б.ч. ўсх.-слав. моўнай тэр. («багна», «вежа», «збожжа», «лазня» і інш.). Уласнабел. словы ўтвараліся пры дапамозе афіксаў ад агульнаслав. каранёў («пачатак», «слухач»). Узбагачэнне лексікі адбывалася за кошт запазычанняў з польскай, ням. і літ. моў («дах», «дойлід», «моц», «праца», «скарб», «фарба», «свіран» і інш.).
Нар.-дыялектная С.м. служыла сродкам штодзённых зносін бел. насельніцтва. На ёй ствараліся фалькл. творы — песні, казкі, паданні, прыказкі, прымаўкі, загадкі. Літ.-пісьмовая С.м. развівалася ў 14—15 ст. са старажытнарускай мовы праз насычэнне яе бел. рысамі. Яна з’яўлялася афіц. мовай ВКЛ. На працягу 15—17 ст. на С.м. створаны шматлікія і разнастайныя ў жанравых адносінах помнікі л-ры На ёй пісаліся дакументы велікакняжацкіх канцылярый 15—16 ст.: Метрыка ВКЛ, Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588, судзебнікі, дагаворы, граматы, прывілеі, інвентарныя вопісы (іх мова ў найб. ступені адпавядала тыпу жывой нар. мовы), актавыя матэрыялы судоў, гар. упраў і магістратаў, дыпламат. і прыватная перапіска. На С.м. ствараліся творы свецкай л-ры: летапісы (Віленскі, Нікіфараўскі, Акадэмічны), хронікі і хранографы (Хроніка літоўская і жамойцкая, Хроніка Быхаўца, Баркулабаўская хроніка, пераклады хронік М.Бельскага і М.Стрыйкоўскага), перакладныя аповесці («Аповесць пра Баву», «Аповесць пра Трышчана», «Гісторыя пра Атылу», «Троя», «Александрыя»). Літ. С.м. шырока ўжывалася для стварэння рэліг.-палемічнай л-ры: «Катэхізіс» С.Буднага, «Апісанне і абарона сабора рускага берасцейскага», «Дыярыуш» Афанасія Філіповіча, агіяграфічныя зборнікі 17 ст., на яе перакладзена «Евангелле» В.Цяпінскага. На аснове С.м. ўзнікла бел. кнігадрукаванне, у т. л. выданні Ф.Скарыны. Кнігі (пераважна павучальнай і прапаведніцкай л-ры) выдаваліся ў друкарнях Вільні, Еўя, Куцейна, Нясвіжа ў 2-й пал. 16—1-й пал. 17 ст. З узмацненнем сувязей ВКЛ з Польшчай (асабліва з сярэдзіны 17 ст.) С.м. як афіц. мова пачала выцясняцца з ужытку польскай мовай. У 18 ст. С.м. існавала толькі ў дыялектна-нар. разнавіднасці. На яе аснове ў 19 ст. адбылося станаўленне нац. беларускай мовы.
Літ.:
Жураўскі А.І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 1. Мн., 1967;
Филин Ф.П. Происхождение русского, украинского и белорусского языков. Л., 1972.
А.І.Яновіч.
т. 15, с. 153