КАПАДЫ́СТРЫЯ ((Kapodistrias) Іааніс Антоніяс) (11.2.1776, в-аў Корфу, Грэцыя — 9.10.1831),

грэчаскі і расійскі дзярж. дзеяч, дыпламат. Граф. Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1818). Скончыў Падуанскі ун-т (Італія, 1798). У 1803—06 дзярж. сакратар Рэспублікі Сямі Злучаных а-воў (Іанічнай Рэспублікі). З 1808 на дыпламат. службе ў Расіі, у т. л. ў 1815—22 статс-сакратар па замежных справах, удзельнік Венскага кангрэса 1814—15 і замежнага паходу рас. арміі 1815, ад імя Расіі падпісаў Парыжскі мірны дагавор 1815. Выступаў за вызваленне балк. народаў ад тур. панавання з дапамогай Расіі. У час грэчаскай нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі 1821—29 выбраны прэзідэнтам Грэцыі (1827). Выступаў за збліжэнне з Расіяй. Забіты паліт. праціўнікамі.

Літ.:

Арш Г.Л. И.​Каподистрия и греческое национально-освободительное движение, 1809—1822 гг. М., 1976;

Яго ж. Иоанн Каподистрия в России // Вопр. истории. 1976. № 5.

т. 8, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯВО́НЦЬЕЎ (Мікалай Сцяпанавіч) (30.5.1862, г. Навагрудак Гродзенскай вобл. —4.7.1910),

вайсковец, падарожнік, дыпламат. Граф Абісінскай імперыі (1896). Вучыўся ў Мікалаеўскім ваен. вучылішчы ў Пецярбургу, служыў у Гродзенскім гусарскім палку (да 1892). У 1894—95 арганізаваў на свае сродкі (дзеля чаго прадаў свае маёнткі) разам з падарожнікам А.В.Елісеевым рас. геагр. экспедыцыю ў Эфіопію (Абісінію). Наладзіў сяброўскія адносіны з імператарам Менелікам ІІ, садзейнічаў пасылцы ў ліп. 1895 эфіопскай місіі ў Пецярбург і ўсталяванню дыпламат. адносін паміж Расіяй і Эфіопіяй. Быў ініцыятарам адпраўкі ў Эфіопію летам 1895 вял. партыі рас. зброі. У час італа-эфіопскай вайны 1895—96 ваен. саветнік Менеліка II. У 1897—99 ген.-губернатар Экватарыяльнай вобл. Эфіопіі, пасля чаго вярнуўся ў Расію. Удзельнік рус.-яп. вайны 1904—05. Апошнія гады жыў у Парыжы.

Літ.:

Бобрович В. Граф Абиссинской империи // Полит. собеседник. 1991. № 4.

В.​Д.​Бабровіч.

т. 9, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗАРЫ́НІ (італьян. Mazarini, франц. Mazarin) Джуліо (14.7.1602, Пешына, Італія — 9.3.1661), французскі дзярж. дзеяч. Д-р права (1622). Скончыў ун-т у Алькала-дэ-Энарэс (Іспанія, 1622). З 1630 на дыпламат. службе ў папы рымскага. З 1640 на франц. дыпламат. службе. З 1641 кардынал. У 1643—61 першы міністр Францыі, фактычны кіраўнік знешняй і ўнутр. палітыкі маладога Людовіка XIV і яго маці (рэгенткі ў 1643—51) каралевы Ганны Аўстрыйскай, з якой уступіў у тайны шлюб. Працягваў курс А.Э.Рышэльё на ўмацаванне франц. абсалютызму: задушана змова знаці (1643), шматлікія нар. паўстанні, выкліканыя павелічэннем падаткаў, атрымана перамога над Фрондай (1653). У знешняй палітыцы дамогся значных поспехаў (Вестфальскі мір 1648; мірны і гандл. дагаворы з Англіяй у 1655, ваен. саюз з ёй у 1657; мірны дагавор з Іспаніяй у 1659 і інш.), замацаваў паліт. гегемонію Францыі ў Еўропе.

т. 9, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІТ (Pitt) Уільям Малодшы

(28.5.1759, Хейс, цяпер у межах Лондана — 23.1.1806),

англійскі дзярж. дзеяч. Сын У.Піта Старэйшага. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1776). З 1781 чл. парламента, лідэр «новых торы», звязаных з фін. буржуазіяй і калан. дзялкамі. У 1782—83 міністр фінансаў, у 1783—1801 і 1804—06 прэм’ер-міністр. У 1784 правёў закон, які абмежаваў правы Ост-Індскай кампаніі і паставіў пад дзярж. кантроль кіраванне Індыяй. Каб паслабіць міжнар. пазіцыі Расіі, спрыяў развязванню рас.-тур. вайны 1787—91 і рас.-швед. вайны 1788—90, аказваў дыпламат. падтрымку Турцыі і Швецыі. З пачаткам французскай рэвалюцыі 1789—99 П. — адзін з гал. арганізатараў дыпламат. ізаляцыі Францыі і ваен.-паліт. кааліцый супраць яе. Садзейнічаў задушэнню дэмакр. руху ўнутры краіны і нац.-вызв. руху ў Ірландыі, правядзенню «Акта аб уніі» (1801), які скасаваў аўт. ірл. парламент.

т. 12, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЗАВУІ́РАВАННЕ (ад франц. désavouer адмаўляцца, выказваць неадабрэнне),

заява пра нязгоду з дзеяннямі сваёй даверанай асобы ці аб тым, што дадзеная асоба не ўпаўнаважана дзейнічаць ад імя заяўніка. У міжнар. праве — заява кіраўніка дзяржавы ці ўрада аб тым, што дыпламат. прадстаўнік або інш. афіц. асоба дзейнічала без адпаведнага даручэння ці з перавышэннем паўнамоцтваў.

т. 6, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ЙДЭНШТЭЙН, Гайдэнштайн (Heidenstein) Рэйнгальд

[1553, в. Сулячына Слупскага ваяв., Польшча — 24.12.1620],

нямецкі і польскі гісторык, дыпламат, юрыст. Вучыўся ва ун-тах Кёнігсберга, Вітэнберга, Падуі, Парыжа, Арлеана. Сакратар прускага герцага Альбрэхта II Фрыдрыха, з 1582 — вял. князёў ВКЛ і каралёў польскіх Стафана Баторыя і Жыгімонта III Вазы. Выконваў дыпламат. даручэнні, падрыхтаваў рэформу феад. права Прусіі. З 1612 у адстаўцы, займаўся гісторыка-літ. творчасцю. На падставе дакументаў і сведчанняў удзельнікаў у 1584 выдаў на лац. мове «Запіскі аб Маскоўскай вайне» — храналагічнае апісанне апошняга перыяду Лівонскай вайны 1558—83. Твор — каштоўная крыніца па гісторыі вайны. «Запіскі...» увайшлі ў гал. працу Гейдэнштэйна — «Гісторыю Польшчы ад смерці Жыгімонта Аўгуста» (выдадзена ў 1672 яго сынам Янам), якая ахоплівае падзеі 1572—1603. Гейдэнштэйн выступаў за моцную каралеўскую ўладу, ухваляў дзейнасць Баторыя. Напісаў паліт. трактат «Канцлер» і біяграфію свайго заступніка кароннага канцлера Я.Замойскага.

Тв.:

Рус. пер. — Записки о Московской войне (1578—1582). СПб., 1889.

т. 5, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́РБЕРШТЭЙН, Герберштайн (Herberstein) Зігмунд фон (23.8.1486, вобл. Крайна, Славенія — 28.3.1556), дыпламат «Свяшчэннай Рымскай імперыі», падарожнік. Скончыў Венскі ун-т (1502). З 1506 на вайсковай, з 1514 на дыпламат. службе. Узначальваў пасольствы імператара Максіміляна I і эрцгерцага Фердынанда ў 1517 і 1526 у Маскву, накіроўваўся з даручэннямі ў Венгрыю, Польшчу, ВКЛ. Неаднаразова праязджаў праз Беларусь. У 1549 у Вене выдадзена яго праца «Запіскі аб маскоўскіх справах», дзе Герберштэйн выкарыстаў зах.-еўрап. і ўсх.-слав. пісьмовыя крыніцы, уласныя матэрыялы і назіранні. Кніга — каштоўная крыніца па гісторыі Расіі. У ёй прыведзены гіст.-этнагр., паліт. і культ. звесткі пра Беларусь і Літву: заняткі і побыт насельніцтва, рэліг. вераванні, гандл. сувязі, рэкі, крэпасці, пра ўзаемадачыненні ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы, мяцеж князёў Глінскіх, пра К.Астрожскага і інш. На падставе гэтай кнігі складзены шматлікія еўрап. карты Расіі і ВКЛ.

Тв.:

Рус. пер. — Записки о Московии. М., 1988.

С.​М.​Ходзін.

З.Герберштэйн. Гравюра 18 ст.

т. 5, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАМАРЦІ́Н ((Lamartine) Альфонс Мары Луі Пра дэ) (21.10.1790, г. Макон, Францыя — 28.2 або 1.3.1869),

французскі паэт-рамантык, паліт. дзеяч, дыпламат, гісторык. Чл. Франц. акадэміі (1830). З 1814 афіцэр каралеўскай гвардыі. У 1820—21 з дыпламат. місіяй у Неапалі, у 1825—28 — у Фларэнцыі. З 1833 чл. Палаты дэпутатаў. У рэвалюцыю 1848 міністр замежных спраў Часовага ўрада Францыі. Першым зб-кам («Паэтычныя роздумы», 1820; «Новыя паэтычныя роздумы», 1823) уласцівы летуценная сузіральнасць і меланхолія, якія паступова змяняюцца малітоўнай одай (зб. «Паэтычныя і рэлігійныя сугуччы», 1830). Паэмы «Жаселен» (1836), «Падзенне анёла» (1838) прасякнуты адчуваннем нетрываласці зямнога быцця і тугой па тагачасным ідэале. Сярод інш. твораў — паэма «Смерць Сакрата» (1823), аповесці «Споведзь», «Рафаэль» (абедзве 1849), «Грацыэла» (1852). Асн. гіст. праца — «Гісторыя жырандыстаў» (т. 1—8, 1847).

Тв.:

Рус. пер. — у кн. Французская элегия XVIII—XIX вв. в переводах поэтов пушкинской поры. М., 1989. С. 304—433.

А.В Хадановіч.

т. 9, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ДАМС ((Adams) Джон Куінсі) (11.7.1767, Куінсі, штат Масачусетс, ЗША — 23.2.1848),

дзяржаўны дзеяч ЗША, дыпламат. Сын прэзідэнта Дж.Адамса. Першы пасланнік ЗША у Расіі (1809—14), садзейнічаў умацаванню рас.-амер. адносін. У 1815—17 пасланнік ЗША у Англіі. У 1825—29 прэзідэнт ЗША. Адзін з аўтараў Манро дактрыны. Выступаў у кангрэсе як прадстаўнік памяркоўнага крыла праціўнікаў рабства.

Дж.Адамс.

т. 1, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭЙ, Грэй оф Фаладан (Grey of Fallodon) Эдуард (25.4.1862, каля г. Эмблтан, Вялікабрытанія — 7.9.1933), англійскі дыпламат і дзярж. дзеяч, віконт. З 1885 чл. парламента ад Ліберальнай партыі. У 1892—95 нам. міністра, у 1905—16 міністр замежных спраў. Заключыў пагадненне з Расіяй, якое садзейнічала афармленню Антанты. Палітыка Грэя зрабіла ўплыў на падрыхтоўку і развязванне 1-й сусв. вайны.

т. 5, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)