ПІТ (Pitt) Уільям Малодшы
(28.5.1759, Хейс, цяпер у межах Лондана — 23.1.1806),
англійскі дзярж. дзеяч. Сын У.Піта Старэйшага. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1776). З 1781 чл. парламента, лідэр «новых торы», звязаных з фін. буржуазіяй і калан. дзялкамі. У 1782—83 міністр фінансаў, у 1783—1801 і 1804—06 прэм’ер-міністр. У 1784 правёў закон, які абмежаваў правы Ост-Індскай кампаніі і паставіў пад дзярж. кантроль кіраванне Індыяй. Каб паслабіць міжнар. пазіцыі Расіі, спрыяў развязванню рас.-тур. вайны 1787—91 і рас.-швед. вайны 1788—90, аказваў дыпламат. падтрымку Турцыі і Швецыі. З пачаткам французскай рэвалюцыі 1789—99 П. — адзін з гал. арганізатараў дыпламат. ізаляцыі Францыі і ваен.-паліт. кааліцый супраць яе. Садзейнічаў задушэнню дэмакр. руху ўнутры краіны і нац.-вызв. руху ў Ірландыі, правядзенню «Акта аб уніі» (1801), які скасаваў аўт. ірл. парламент.
т. 12, с. 390
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)