Галакані́ць ’гаманіць’ (Сцяц. Словаўтв.). Падобныя словы ёсць, напраў рус. і ўкр. мовах. Параўн. у Даля: гала́нить, гала́чить, гала́шить ’гарланіць, крычаць, шумець і да т. п.’ (гл. і СРНГ, 6, 104–105). Параўн. далей укр. гала́кати ’крычаць’, гала́йкати (Грынч.). У аснове гэтай групы слоў ляжыць, як здаецца, гукавы комплекс гал‑, гала‑, галай‑, што азначае ’шум, шумець, крычаць і да т. п.’ Ад гэтага гал(а)‑ пры дапамозе дзеяслоўнага «узмацняльнага» суф. ‑к‑ было ўтворана гала‑к‑ (гл. укр. дзеяслоў гала́кати). Далей да гэтага апошняга тыпу ўтварэння быў даданы «ўзмацняльны» суф. ‑ан‑ (галакан‑), што і з’явілася базай дзеяслова галакані́ць. Параўн. яшчэ штурхацьштурхнуцьштурхан (гл. пад гакан) і гакан ’моцны штуршок’ (там жа). «Узмоцненымі» («падоўжанымі») формамі лічыў другія словы ў парах тыпу hákatyhałakaty, hajkatyhalájkaty ва ўкр. мове Смаль–Стоцкі (гл. Slavia, 5, 6–7). Аб дэрывацыі ад выклічніка hala‑ гл. таксама ў Слаўскага, 1, 397.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Звадыяш ’зводнік, падбухторшчык’, дыял. зваду́н, звод ’тс’ (Касп.). Параўн. рус. сводня, сводник ’асобы, што выступаюць пасрэднікамі’ (у тым ліку, паводле Даля, ’злачынных сувязей’), укр. звідник ’абманшчык’ (Грынч.), уст. дыял. зводи́тель ’спакуснік’, польск. дыял. zwodzijasz, zwodzijaś ’птушка ляляк, Caprimulgus europaeus, якая водзіць людзей па лесе’, ’падманшчык’ (1 красавіка — dzień św. Zwodzijasa) (Карловіч), ст.-польск. zwodzicz, zwodca ’баламут, падманшчык’ (Рэчак). Параўн. бел. звада ’спрэчка’ (Мікуцкі, Полымя, 1971, 8, 251), звадзіць ’пасварыць’ (Багушэвіч, Мар. дыс., 176). Паводле Мартынава–Міхневіча (Маладосць, 1969, 9, 149), да кораня вад‑ (гл. вадзіць). Аднак у словатворчых адносінах дакладней Сцяцко (Афікс. наз., 32–33): звадыяш ад зводнік. Сувязь з вадзіць пазнейшая. Зважаючы на бел.-польск. пашырэнне, хутчэй тут запазычанне, верагодна, з польск. у бел. Ад зводзіць з суфіксам ‑ун утворана звадун, што тыпова для бел. словаўтварэння. Звод можа быць рэфлексам старога ўтварэння з аблаўтам ад sъved‑ti (рус. свести) у спецыфічным значэнні, адкуль потым адназоўнікавы дзеяслоў зводзіць, але магчыма і больш новае, другаснае ўтварэнне ад гэтага дзеяслова, утворанага на базе звод з шырокім значэннем.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́жны ’кожны’ (лаг., КЭС; мал., драг., Нар. словатв.), кажный ’тс’ (Бяльк., Грыг., Нас.), кажан ’тс’ (лаг., КЭС), кажен ’усякі’ (Нас.), кажэнь ’кожны’ (жытк., браг., Мат. Гом.), кажон (драг., Нар. словатв.), кажын ’тс’ (Мат. Маг., Сцяшк.), кажынный ’тс’ (віц., Нар. сл.; вілен., Нас.), кажнюткі ’кожны’ (ваўк., Сцяшк.). Укр. дыял. кажний (і памянш. формы), кажінний, рус. смал. кажан, дыял. кажинный, кажиный, кажин, кажней, кажний, кажный. Як паказваюць рус. (паўдн., паводле Даля, — укр.?) каждный, польск. każden, каш. kazdulny, пам.-славін. kouždèrï і інш., існавала тэндэнцыя да ўзмацнення абагульнення або ўдакладнення прасл. kažьdъjь суфіксальным спосабам. Паводле ESSJ, 2, 398, суф. ‑n(ъ)‑ быў устаўлены паміж асновай слова і суф. ‑jь. Калі ў групе зычных пасля заняпаду «ераў» знік галосны, група спрасцілася. Нягледзячы на тое што суфіксальна ўскладненыя формы зафіксаваны ў некалькіх паўн.-слав. мовах, можна думаць, што сепаратных сувязей не было і рэалізавана была агульная тэндэнцыя, якая і прывяла да вялікай колькасці варыянтаў ускладненага kažьdъjь. Адносна дублетнасці кажны/кожны былі розныя меркаванні, падрабязней гл. кожны. Аб прасл. kažьdъjь гл. кажды.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кале́ць ’зябнуць, мерзнуць’ (БРС, ТСБМ, Нас., Шат.), ’дубець, карчанець’ (Нас.), ’здыхаць’ (Яруш.). Рус. бран., смал., цвяр., пск., наўг., вяц. і інш. колеть ’цвярдзець’ (у Даля без геаграфіі), (смал.) ’здыхаць’. Відаць, інавацыя ў бел. і шэрагу рус., пагранічных з беларускімі гаворках. Утворана аналагічна дубець, карчанець і да т. п. ад кол (гл.). Што датычыць семантыкі, асноўнае значэнне ’станавіцца цвёрдым’, адкуль і ’мерзнуць’ і ’здыхаць’. З вытворных слоў звяртае на сябе ўвагу калелая ў выразе калелая бярэ (Янк. БП), бадай яго каліэлая ўзела (Сержп. Грам.). У Насовіча калёлая тлумачыцца як наз. жан. р. са значэннем ’холад, дрыжыкі’: «Колѣлая цебе берець, на печь лѣзсшъ» (Нас., 242), колѣлый ’замёрзлы, азяблы’. Думаецца, што можна меркаваць пра беларускую інавацыю, паколькі дакладны адпаведнік быў адзначаны толькі Дабравольскім: колелая ’дрыжыкі, ліхарадка’. Не выключана, што тут эўфемістычная назва хваробы, параўн. рус. дыял. назву ліхаманкі колотуха. У такім выпадку значэнне магло развіцца натуральна на базе семем ’зябнуць’ і ’дрыжаць, трэсціся’ (параўн. і трасца ў аналагічных выпадках). Да статуса інавацыі параўн. рус. том. колеться ’зябіць, ліхаманіць’: «колется тебе всё, колется, хворатся».

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каю́к1 ’рачное вёслава-паруснае грузавое судна’ (ТСБМ); таксама ’лодка’. Рус. каю́к, укр. каю́к. Слова не вельмі яснага паходжання (прынамсі, што датычыцца фармальнага боку этымалогіі). Лічыцца запазычаннем з цюрк. моў. Параўн. тат., тур., крым.-тат., казах. kajyk. Так у Фасмера, 2, 215 (гл. яшчэ Бернекер, 1, 469; Корш, AfslPh, IX, 507–508). Няясна, як узнікла форма каю́к, якая пашырана ва ўсх.-слав. мовах. Паводле Шанскага, 2, К, 107, упершыню назва каюк зафіксавана ў рус. дакументах у 1614 г. Адносна формы каю́к Шанскі, там жа, мяркуе, што гэта кантамінацыя слова кайык (kajyk ’лодка’ і чагат. каюк ’загнуты назад’.

Каюк2 ’канец, пагібель, смерць’ (ТСБМ, БРС, Шат., Бяльк.). Усх.-слав. утварэнне (параўн. рус. каю́к, укр. каю́к ’тс’). У слоўніках рус. мовы ўпершыню, як дыялектнае, адзначаецца ў 1909 г. Мяркуюць, што гэта назва ўзнікла на аснве ўжо існуючага слова каю́к ’лодка-душагубка’ (плаванне і такіх лодках было вельмі небяспечным) у выніку лексікалізацыі. Гл. Шанскі, 2, K, 107. Параўн. апісанне лодкі-каюка ў Даля: «долбушка, однодеревка без набоев или душегубка, лодченка, каючек» (т. II, 101).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каляві́на ’каляя’ (Бяльк., Жд. 3. Нас.; лаг., Яшк.), ’мокрая сенажаць’ (Жд. 3), калягіна ’каляя’ (Шат.), калягінка ’тс’ (Кліх). У асноўным ц.-бсл. і ўсх.; рус. пск., асташк., цвяр. калявина ’выбоіна на дарозе’, рбсл., смал. калявіша, кур., арл. ’каляя’, калевина ’тс’, раст. ’калужа, стаячая вада. яма з вадой’, смал. (зах., у Даля), тул., зах.-бран., варонеж., кур., пск., валаг., сіб. колевина ’каляя’, пск., асташк., цвяр. колевина. смал., росл. колевина ’выбоіна на дарозе’. Інавацыя ў сумежных гаворках, хутчэй за ўсё на базе каляіна (< каляя, да кола, гл.) з устаўным ‑β‑, аб гэтым сведчыць форма калявіна з менай г/β. Паколькі мена пратэзы г/β больш натуральная для паўднёва-заходняй тэрыторыі, тут, магчыма, мена j/b — параўн. ДАБМ. к. 49. Сцяцко (Афікс. наз., 143–144) мяркуе аб суфіксе ‑авін‑а (‑явін‑а), параўн. калюгакалюгавіна, полазпалазавіна. Суфікс генетычна складаны, слоў тыпу каляя, калюга і пад. многа, як і суфіксальных кантамінаваных варыянтаў, таму нельга выключыць нрапапаванай вышэй этымалогіі. Звяртаюць на сябе увагу рус. пск., асташ., цвяр. каёвка ’каляя’, колёвина ’кожнае выцягнутае паглыбленне, рубец’ у сувязі з арханг. калёвки ’выстругаць фігурныя профілі дошак або брускоў’, магчыма, аманімія спрыяла пашырэнню (сістэмнасці) запазычанай асновы (гл. калёўка).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Андарак, паводле ДАБМ, існуюць формы: ондорак, андрак, андэрак, андзірак, андорак, андърак, аднарак, андарачак, андарачны, ст.-бел. индерак, индерочек (Мар. дыс.). Рус. зах. (смал., бранск.) андара́к, укр. палес. андарак (Краўчук, ВЯ, 1968, 4, 121). Польск. (з XVI ст.) inderak; літ. andarõkas, inderõkas. Этымалогія не высветлена да канца. Рус. і ўкр. андарак можна лічыць запазычанымі з бел. Адносна беларускіх форм Міклашыч (Türk. El., 1, 248), Карскі (Белорусы, 175), Юргелевіч (Курс, 137) выказвалі думку пра цюркскае паходжанне; крыніцай тады было б тур. antars ’кароткае адзенне, якое носяць пад кафтанам’ (Радлаў, Опыт, 1, 237–238); да гэтага слова ўзыходзіць балг. антерия, мак. антерија, серб.-харв. антерија і інш. (БЕР, І, 12), адкуль бел. экзатызм антэрыя, укр. антерев. Але вывесці з цюркскага слова андарак нельга па фанетычных і семантычных матывах. Найбольш пашырана версія Даля аб нямецкай крыніцы слова: Unterrock. Яе трымаюць Фасмер, 1, 78; Брукнер, 192; Саднік-Айцэтмюлер, 1, 22; Буга, 2, 222; Міклашыч, З; Рудніцкі 1, 24. Існуе таксама шмат варыянтаў тлумачэння канкрэтнага шляху нямецкага слова ў беларускую мову. Краўчук (Бел.-пол. ізал. 66) лічыць, што крыніцай была ніжненямецкая форма (напр., саксон. onderrock), што трапіла ў беларускую праз польск. ці балт. пасрэдніцтва. Пра рэалію гл. яшчэ Малчанава, Мат. культ., 136.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Раме́за, роме́за ’луска верхняга слоя кары сасны’ (петрык., Шатал.). Параўн. ръмузі́ніна ’вузкая палоска матэрыі’ (міёр., Нар. словатв.) і, гледзячы па ўсім, роднаснае, але семантычна больш далёкае рамізкі ’прыстасаванне з нітак або шнурочкаў, цераз якія перацягваюць ніткі асновы’ (Інстр. 2). Блізкая семантыка і наяўнасць рускай дыялектнай (вяц., арханг., уладз.) формы ремезе́нь ’скураны пояс, рамень’ даюць падставы лічыць корань гэтага рэдкага слова роднасным кораню, які вылучаецца ў раме́нь (гл.), г. зн. *rem‑. Фасмер (3, 469) і Чарных (2, 110), паводле Даля (2‑е і 3‑е выд.), звяртаюць увагу і на іншасуфіксальныя формы — рус. дыял. ремо́к, ремьё, ремо́ха, рему́ха, рему́га ’акравак; лахмоцце; рыззё’, да якіх можна дадаць яшчэ шэраг з аналагічнымі ці блізкімі значэннямі: ремо́ния, ремо́ница, рему́зия, рему́зы, рё́муз, рё́мух, ремги́ і г. д., а таксама укр. ра́мʼя ’лахманы; рыззё’. Паводле Куркінай (Этимология–1997–1999, 85), “назва вузкай палоскі скуры, тканіны, зямлі і да т. п. матывавана дзеяслоўнай семантыкай ’ірваць, здзерці’”. Між тым, падобна на тое, што арыгінальнае значэнне лексемы, зусім не абавязкова звязанага з семантычным абагульненнем ’ірваць, здзіраць’, з’яўляецца не менш старажытным, а гэта, у сваю чаргу, дазваляе прапанаваць тэрытарыяльна абмежаваны познепраславянскі дублет *remenь/*remene (< *remy), менавіта *remezъ/*remeza, і таксама з цыркумфлекснай інтанацыяй.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каламы́тка ’панос’ (Мат. Маг.). Рус. каламытка ’тс’. Статус бел. лексемы няясны. Фіксацыя, аднак, і рус. слова прадстаўлена на абмежаванай тэрыторыі і гэта не дазваляе думаць пра банальнае запазычанне або пра інфільтрацыю. Наяўнасць жа сепаратных сувязей нельга аспрэчваць, хоць і няясна, на якой тэрыторыі знаходзіўся цэнтр інавацыі. Слова, як здаецца, было ўтворана на базе больш шырока вядомага мыт ’панос’ (гл.). Паколькі гэта слова вядома і ў рус. і ва ўсх.-бел. гаворках, яно не вырашае пытання аб напрамку інавацыі. Адносна першай часткі лексемы каламытка можна выказаць наступныя меркаванні. Нельга выключыць магчымасці ўтварэння слова з пачатковым эспрэсіўным фармантам кала‑ (кола‑) няяснага паходжання (відаць, выдзяляецца як самастойная частка з складаных слоў). Існаванне такога фарманта пацвярджаецца шэрагам прыкладаў: рус. бран. коломат ’крык, шум і інш.’, укр. бук. калабусьок ’бусел’ і інш., на жаль, не вельмі ясных этымалагічна. З другога боку, нельга выключыць сувязі першай часткі слова са слав. kalъ, пэраў», бел. дыял. каліцца ’спаражняцца’. Трэба ўлічыць таксама, што другая частка разглядаемага слова суадносіцца з дзеясловам тыпу рус. мытить. Адносна значэння параўн. у Даля, 2, 956: «Хворать мытом, поносом». У такім выпадку каламытка ў большай меры нагадвае ўтварэнні тыпу бел. каламут, рус. колоброд і да т. п., аднак генезіс першай часткі слова няясны. Гл. яшчэ адносна этымалогіі другой часткі мыт, мытуха.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ато́са (БРС), ато́с (Шат.), отʼо́са (Маслен.), ато́снік ’канец атосы’ (Маслен., Бяльк.), ато́ска, атосіна (Нас., Бяльк.), заотʼосник, наотʼосник, приотʼосник (Маслен.). Рус. дыял. паўд.-зах. отоса, отос, атос, атосы, атоса, укр. отеса, отісонька, польск. ociosy, otos(a), odos. Ст.-бел. отосе (1643). Паходжанне спрэчнае. Паводле Даля — з спалучэння от оси; Сцяц. (Слозаўтв., 177) лічыць прэфіксальным, у карысць чаго падосак ’дэталь воза’ (Касп.), польск. форма odos і шэраг іншых польскіх прэфіксальных назваў дэталей воза: nadośka, naośnik, zaośnik, podośnik. Супраць формы тыпу ацёса і пад. Таму нельга выключыць, што гэта народная этымалогія. Насовіч (Сб., 377), Атрэмбскі (SOc., 19, 457), Фрэнкель (756), Лаўчутэ (Kalbotyra, XXII (2), 83) і інш. (агляд — Урбуціс, Baltistica, V (1), 1969, 84) лічаць запазычаннямі з літ. atãsaja, atãseja, лат. atsèja. Яблонскіс (296) уключыў слова атоса ў спіс «прапушчаных і няясных слоў». Супрун (Лекс. балтызмы, 43), Урбуціс (Baltistica, V (2), 1969, 161) далучаюць атоса да праблематычных балтызмаў. У сувязі са спробамі этымалагізацыі слова на славянскім грунце трэба ўлічыць яшчэ натоснік (Мядзв.) ’тое ж, што атоснік’ — ’канец атосы’; стос(а) частка воза’, укр. бойк. затоса ’атоса’ (Кміт па вусн. павед. Краўчука), што можа звязаць слова з коранем *tos‑, *tъs‑, а таксама словы тыпу рус. потесь ’гатунак вясла’, ст.-рус. потесъ ’зарубка’, што можа звязаць з коранем *tes‑ (цясаць).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)