ГУ́ГА ((Hugo) Густаў) (1764—1844),

нямецкі юрыст, заснавальнік гістарычнай школы права. Праф. Гётынгенскага ун-та. Аўтар шэрагу навук. прац па праве. Першы абвясціў ідэю самабытнага развіцця права і супастаўляў яго з развіццём мовы і нораваў народа. Задачай права лічыў зацвярджэнне пэўнага і трывалага парадку ў краіне, абараняў непарушнасць усякага станоўчага права. Гал. довадам захавання права лічыў тое, што яно ўжо існуе і што «людзі да яго прывыклі». Сваё вучэнне называў філасофіяй станоўчага права.

т. 5, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́ХТА ((Puchta) Георг Фрыдрых) (31.8.1798, г. Кадальцбург, Германія — 8.1.1846),

нямецкі юрыст, паслядоўнік Ф.К.Савіньі, прадстаўнік гістарычнай школы права. Выкладаў права ва ун-тах Германіі, да канца жыцця быў праф. Берлінскага ун-та, дзярж. саветнікам і членам камісіі па рэформе заканадаўства Прусіі. Працы П. прысвечаны гісторыі рымскага права, а таксама цывільнаму і звычаёваму праву. Дзяржаву і права разглядаў як параджэнне містычнага «народнага духу», асн. задачу юрыстаў бачыў у пагадненні права з «развіццём народа», перасцерагаў супраць «раптоўнага» (рэвалюцыйнага) абнаўлення феад. заканадаўства Германіі.

т. 13, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАЛО́ГІЯ ГІСТАРЫ́ЧНАЯ,

галіна геалогіі, якая вывучае гісторыю Зямлі і агульныя заканамернасці развіцця зямной кары. Асн. задачы геалогіі гістарычнай: вызначэнне і тэарэт. абгрунтаванне храналагічнай паслядоўнасці геал. падзей на Зямлі і развіцця арган. свету. На падставе звестак аб паслядоўнасці залягання, будове і складзе горных парод і мінералаў, арган. рэштках, палеамагнітных уласцівасцях і ўзросце парод даследуе заканамернасці фарміравання ўнутр. будовы і развіцця кантынентальнай і акіянскай зямной кары, тэктанічных рухаў, асобных структур, размяшчэння сушы і мора, эвалюцыі флоры і фауны. Геалогія гістарычная заснавана на стратыграфіі і цесна звязана з палеанталогіяй, геахраналогіяй, палеагеаграфіяй, гіст. тэктонікай, петраграфіяй, выкарыстоўвае вучэнні аб фацыях і прыродных асацыяцыях (парагенезе) горных парод і інш. Дасягненні сучаснай геалогіі гістарычнай — выяўленне асн. заканамернасцей развіцця геал. працэсаў, узнікнення і кансалідацыі зямной кары стараж. кантынентаў (Гандваны, Лаўразіі), з’яўлення і развіцця акіянаў, дрэйфу кантынентаў, утварэння і развіцця рыфтавых сістэм, геасінклінальных паясоў, платформаў і інш. геаструктур, змены палеамагнітных эпох у гісторыі Зямлі, а таксама агульных законаў развіцця зямной кары і арган. свету планеты.

У пач. 19 ст. ўзнікла стратыграфія (У.​Сміт у Вялікабрытаніі, Ж.​Кюўе і А.​Браньяр у Францыі распрацавалі асновы біястратыграфічнага метаду, што спрыяла стварэнню стратыграфічнай школы). У сярэдзіне 19 ст. пашырыліся ідэі актуалізму Ч.​Лаеля замест тэорыі катастроф Кюўе, сталі панаваць уяўленні пра непарыўныя і паслядоўныя пераўтварэнні Зямлі. Як навука геалогія гістарычная сфарміравалася ў 2-й пал. 19 ст. пасля з’яўлення прац Ч.​Дарвіна і пашырэння эвалюцыйнага вучэння ў геалогіі.

На Беларусі найб. поўныя абагульненні геал. мінулага зрабілі А.С.Махнач і Л.М.Вазнячук (1959). Праблемы геалогіі гістарычнай тэр. краіны распрацоўваюцца ў Ін-це геал. навук Нац. АН (Р.Я.Айзберг, Г.І.Гарэцкі, Р.Г.Гарэцкі, Г.У.Зінавенка, В.С.Канішчаў, Э.А.Ляўкоў, М.М.Лявых, Махнач і інш.); Бел. н.-д. геолагаразведачным ін-це (В.​С.​Акімец, В.​К.​Галубцоў, Г.​І.​Кедо, С.​С.​Маныкін, В.А.Пушкін, А.В.Фурсенка і інш.), арганізацыях «Беларусьгеалогія», БДУ, Гомельскім ун-це і інш.

Літ.:

Махнач А.С., Вазнячук Л.М. Геалагічнае мінулае Беларусі: (Падарожжа ў нетры Беларусі). Мн., 1959;

Геология СССР. Т. 3. Белорусская ССР. М., 1971.

Т.​В.​Якубоўская.

т. 5, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КНІС ((Knies) Карл Густаў Адольф) (29.3.1821, г. Марбург, Германія — 3.8.1898),

нямецкі эканаміст, адзін з заснавальнікаў гістарычнай школы палітэканоміі. Праф. камеральных навук Фрайбургскага ун-та (1855—60), эканомікі Гайдэльбергскага ун-та (1865—96). У сваёй асн. працы «Палітычная эканомія з гістарычнага пункту погляду» (1853) крытыкаваў палажэнні класічнай палітэканоміі, адмаўляў існаванне агульных эканам. законаў развіцця, выступаў супраць класічнага паняцця выгады індывідуума як гал. эканам. рэгулятара паводзін індывідуумаў, падкрэсліваў значэнне такіх якасцей, як адчуванне свайго ўдзелу ў грамадстве, справядлівасці і сумленнасці. Прыхільнік металістычнай тэорыі грошай.

т. 8, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

упа́дніцтва, ‑а, н.

Погляды, настроі, характэрныя для ідэалогіі, палітыкі, культуры класаў, што сыходзяць з гістарычнай арэны, для перыядаў упадку ў якой‑н. галіне грамадскага жыцця. Сацыяльнае.. прагназіраванне пераважнай большасці буржуазных філосафаў і сацыёлагаў адрозніваецца рысамі песімізму, упадніцтва, бо капіталістычная сістэма, яе ідэалогія перажываюць глыбокі крызіс. «Весці».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дэмагра́фія

(ад гр. demos = народ + grapho = пішу)

навука, якая вывучае склад, колькасць, заканамернасці ўзнаўлення насельніцтва ў іх грамадска-гістарычнай абумоўленасці.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

сацыялагі́зм

(ад лац. societas = грамадства + -лагізм)

спрошчанае разуменне грамадска-гістарычнай абумоўленасці фактаў і з’яў, якое ігнаруе спецыфіку розных форм грамадскага быцця.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ГІСТАРЫ́ЧНЫЯ ЗМЕ́НЫ ГУ́КАЎ у мовазнаўстве,

гукавыя змены, якія нельга вытлумачыць фанетычнымі пазіцыямі ў слове, характэрнымі для кожнага гука сучаснай мовы. Адбываюцца на працягу пэўнага гіст. часу, пасля чаго іх дзеянне спыняецца. Вынікам гістарычнай змены гукаў з’яўляецца знікненне асобных гукаў, з’яўленне новых гукаў або супадзенне некалькіх гукаў у адным.

Так у гісторыі бел. мовы, як і большасці інш. слав. моў, зніклі кароткія (рэдукаваныя) галосныя «ь» і «ъ»; у выніку першай палаталізацыі заднеязычных «г», «х» з’явіліся невядомыя раней «ч», «ж», «ш»; гукі «е» і «ѣ» зліліся ў адным гуку «е». У сучаснай бел. мове гістарычныя змены гукаў адлюстраваліся ў гіст. чаргаваннях: пасля падзення кароткіх «ь», «ъ» з’явілася чаргаванне галосных «е», «о» з нулём гука (напр., «дзень — дня», «сон — сну»); першая палаталізацыя заднеязычных дала чаргаванне «к» — «ч», «г» — «ж», «х» — «ш» (напр., «рука — ручка», «нага — ножка», «страха — стрэшка»). Супадзенне «е» і «ѣ» у адным гуку прывяло да таго, што ў тых словах, дзе быў гук «е» (у т. л. і ўзнікшы «ь») назіраецца чаргаванне «е» — «о» (напр., «вясна — вёсны»), а там, дзе быў «ь» такое чаргаванне (за рэдкімі выключэннямі) не назіраецца (напр., «хлябы — хлеб»). Абсалютную храналогію гістарычнай змены гукаў устанавіць цяжка, а то і немагчыма, таму карыстаюцца адноснай. Так, напр., відавочна, што працэс пераходу «е» ў «о» завяршыўся раней, чым «е» і «ѣ» супалі ў адным гуку.

Літ.:

Янкоўскі Ф.М. Гістарычная граматыка беларускай мовы. 3 выд. Мн., 1989;

Vexler P. A historial phonology of Byelorussian. Heidelberg, 1977.

А.​І.​Падлужны.

т. 5, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

багі́ня, ‑і, ж.

У антычнай міфалогіі і некаторых рэлігіях — бажаство жаночага полу. Зусім недалёка ад станцыі з такой літаратурна-гістарычнай назвай знаходзяцца руіны храма фінікійскай багіні Таніт. В. Вольскі. // перан. Пра жанчыну ідэальнай прыгажосці і грацыі. Я шмат багінь спакуслівых І ласкавых страчаў, Але табе, паэзія, Ніколі не здраджаў. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дэмагра́фія

(ад гр. demos = народ + -графія)

навука, якая даследуе склад, колькасць, заканамернасці ўзнаўлення насельніцтва ў іх грамадска-гістарычнай абумоўленасці; звязана са статыстыкай 2.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)