КНІС ((Knies) Карл Густаў Адольф) (29.3.1821, г. Марбург, Германія — 3.8.1898),
нямецкі эканаміст, адзін з заснавальнікаў гістарычнай школы палітэканоміі. Праф. камеральных навук Фрайбургскага ун-та (1855—60), эканомікі Гайдэльбергскага ун-та (1865—96). У сваёй асн. працы «Палітычная эканомія з гістарычнага пункту погляду» (1853) крытыкаваў палажэнні класічнай палітэканоміі, адмаўляў існаванне агульных эканам. законаў развіцця, выступаў супраць класічнага паняцця выгады індывідуума як гал. эканам. рэгулятара паводзін індывідуумаў, падкрэсліваў значэнне такіх якасцей, як адчуванне свайго ўдзелу ў грамадстве, справядлівасці і сумленнасці. Прыхільнік металістычнай тэорыі грошай.
т. 8, с. 363
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)