ШЦІ́БЕР (Stieber) Здзіслаў (7.6.1903, Шчакова, каля г. Явар Дольнашлёнскага ваяв., Польшча — 12.10.1980),

польскі мовазнавец. Чл. Польскай акадэміі ведаў (з 1945), Польскай АН (з 1954; з 1961 кіраўнік аддзела). У 1937—45 праф. Львоўскага (з перапынкам), з 1945 — Лодзінскага, з 1952 — Варшаўскага ун-таў. Даследаваў праблемы польскага і агульнага мовазнаўства, фаналогію і дыялекталогію. Аўтар прац «Гістарычная і сучасная фаналогія польскай мовы» (1966), «Нарыс гістарычнай граматыкі славянскіх моў» (ч. 1—3, 1969—73), «Моўны свет славян» (1974). Пад яго рэдакцыяй выйшаў «Атлас кашубскай мовы і сумежных з ёю дыялектаў» (т. 1—12, 1964—75).

т. 17, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)