Асёлка ’радуга’ (Касп.), осело́к (ДАБМ, 902). Укр. оселка ’тс’. Безумоўна звязана з вясёлка, укр. веселка ’тс’. Аднак вакалізм пачатку ў паўднёвабеларускай і ўкраінскай формах сведчыць аб тым, што простым усячэннем пачатковага в‑ форму гэту вытлумачыць нельга. Магчыма, асёлка ’радуга’ кантамінацыйна звязана з асялок прылада для вастрэння’ (ад якой адлятаюць іскры, як, магчыма, маланкі, ва ўяўленні нашых продкаў, ад радугі). Магчыма, кантамінацыя тут адбывалася з о́сілкі ’(паўкруглая) ручка вядра’. Нельга выключыць і тое, што форма асёлка адлюстроўвае неабходнасць лічыць сучасную сувязь вясёлка — вясёлы пазнейшай, магчыма, народнаэтымалагічнай, а старажытную назву радугі звязваць з словамі тыпу ст.-іран. asman ’неба’. Трэба, нарэшце, указаць на магчымую сувязь асёлкі ’радугі’ з асілкамі (гл.) або праз іскры, звязаныя з уяўленнямі пра каменную прыроду асілкаў (параўн. іх рэбры), або праз вобраз змяі (з якой звязана і радуга і асілкі). Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ІРЫ́ДЫЙ (лац. Iridium),

Ir, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 77, ат. м. 192,22, адносіцца да плацінавых металаў. У прыродзе 2 стабільныя ізатопы ​191Ir (37,3%) і ​193Ir (62,7%). У зямной кары 10​−7% па масе. Адкрыты ў 1804 англ. хімікам С.​Тэнантам, назва (ад грэч. iris вясёлка) абумоўлена разнастайнай афарбоўкай І. злучэнняў.

Серабрыста-белы, цвёрды і крохкі метал, tпл 2447 °C, tкіп каля 4380 °C, шчыльн. 22650 кг/м³ Хімічна вельмі ўстойлівы. Не ўзаемадзейнічае з к-тамі і іх сумесямі, у т. л. з царскай гарэлкай, шчолачамі. Парашкападобны І. у паветры пры т-ры вышэй за 1000 °C утварае чорны дыаксід IrO2, пры награванні ўзаемадзейнічае з фторам, пры т-ры чырв. напалу — з хлорам і серай. Утварае комплексныя злучэнні, у т. л. з арган. лігандамі. Атрымліваюць з анодных шламаў медна-нікелевай вытв-сці. Выкарыстоўваюць для нанясення ахоўных пакрыццяў, вырабу электродаў, тэрмапар, тыгляў для вырошчвання монакрышталёў лазерных матэрыялаў, паўкаштоўных камянёў і інш., як кампанент сплаваў.

т. 7, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРАЎЧА́ТАЎ (Сяргей Сяргеевіч) (3.10.1919, г. Хвалынск Саратаўскай вобл., Расія — 22.7.1981),

рускі паэт. Герой Сац. Працы (1979). Скончыў Маскоўскі ін-т філасофіі, л-ры, гісторыі і Літ. ін-т імя М.​Горкага (абодва 1941). Гал. рэдактар час. «Новый мир» (з 1974). Паэт. зб-кі «Касцёр» (1948), «Салдаты свабоды» (1952), «Патрабавальны падарожнік» (1963) пераважна на ваен. тэматыку. У кн. «Чвэрць стагоддзя», «Пёс, дзяўчо і паэт» (абедзве 1965), «Шыр» (1979) вершы, звернутыя да гісторыі і сучаснасці Айчыны, матывы пераемнасці пакаленняў, філас. роздум пра перажытае. Аўтар паэм «Праліў Екацярыны» (1956), «Васіль Буслаеў» (цалкам апубл. 1973), «Франтавая вясёлка» (1979), апавяданняў, літ.-крытычных кн. «Лірыка Лермантава. Нататкі паэта» (1964), «Паэзія ў руху» (1966), «Незвычайнае літаратуразнаўства» (1970), «Жывая рака» (1974), успамінаў «Мы ўваходзім у жыццё» (1978) і інш. Творчасць Н. адметная грамадзянскасцю, яснасцю і прастатой стылю. На бел. мову асобныя яго вершы пераклаў С.​Гаўрусёў.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1977—78;

Избр. произв. Т. 1.—2. М., 1988.

Літ.:

Грудцова О.М. Сергей Наровчатов. М., 1971.

С.С.Нараўчатаў.

т. 11, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́РА ((Gira) Людас Канстанцінавіч) (27.8.1884, Вільня — 1.7.1946),

літоўскі паэт. Нар. паэт Літвы (1945). Акад. АН Літвы (1946). Скончыў Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю. У 1913—14 рэдактар газ. «Vaivórykštē» («Вясёлка»), у 1921—26 — дырэктар Дзярж. т-ра ў Каўнасе, у 1940—41 — намеснік наркома асветы. У сваіх творах адлюстраваў гіст. мінулае Літвы (зб-кі вершаў «Песні палёў», «Дарогамі радзімы», абодва 1912; трагедыя «Помста», 1910; драм. містэрыя «Кветка папараці», 1928), героіку і драматызм ваенных гадоў (кн. вершаў «Літва Грунвальда», «Гвалт і рашучасць», абедзве 1942; «На далёкіх пуцявінах», 1945). Незакончаная паэма «Вёска каля прыгранічнай ракі» пра дружбу літ. і бел. народаў. У яго творах — рамантычная прыўзнятасць вобразаў, пейзажныя матывы, шматгранны свет інтымных перажыванняў, уплыў фалькл. стылістыкі і меладычнасць верша. Шматлікія яго творы пакладзены на музыку. Выступаў як літ. крытык, як перакладчык твораў Я.​Купалы (аўтар першых крытычных водгукаў на яго творчасць), А.​Пушкіна, Т.​Шаўчэнкі і інш. На бел. мову яго творы перакладалі А.​Астапенка, А.​Вольскі, С.​Дзяргай, М.​Лужанін, К.​Цітоў і інш.

Тв.:

Raštai. Т. 1—5. Vilnius, 1960—63.

Л.Гіра.

т. 5, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКАЕ ТКА́ЦТВА,

народнае мастацкае ўзорыстае ткацтва на Гродзеншчыне. Паводле пісьмовых крыніц вядома з 17 ст. Ткачыхі выраблялі высокамастацкія рэчы — посцілкі, ручнікі, абрусы, дываны, падвойныя дываны і інш., у розных тэхніках: перабору, закладання, шматнітовага ткацтва. Посцілкі і дываны звычайна ткалі ў палосы без танальных адценняў і з адценнямі («вясёлка»), часам у клетачку. У апошні час пашырыліся кампазіцыі з каляровых палос, якія чаргуюцца з раслінным арнаментам, найб. тыповыя — зблянскія посцілкі з насычанай колеравай гамай (зялёны, малінавы, жоўты, чырвоны, фіялетавы). Ручнікам і абрусам уласціва серабрыста-белая гама. На аснове развітога нар. ткацтва ў 18—19 ст. былі засн. Гродзенскія каралеўскія мануфактуры, дзе выраблялі шпалеры (гл. Гродзенскія дываны), паясы (гл. Гродзенскія паясы) і інш. У 1920-я г. на Гродзеншчыне былі створаны прамысл. арцелі, а пасля Айч. вайны нар. майстры працавалі ў сістэме ф-к маст. вырабаў Гродна, Слоніма, дзе вырабляліся як унікальныя рэчы, так і прадметы шырокага ўжытку ў традыц. формах. У наш час ткацтва паступова перастала быць промыслам і стала заняткам асобных майстрых.

Дз.​С.​Трызна.

Гродзенскае ткацтва. Посцілка. Вёска Малая Воля Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобл.

т. 5, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЦІНО́ВІЧ (Аркадзь Нічыпаравіч) (н. 10.3.1920, в. Барбарова Глускага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. пісьменнік. Засл. работнік культ. Беларусі (1980). Скончыў Рэсп. парт. школу пры ЦК КП(б)Б (1950), БДУ (1955). Працаваў у рэдакцыях газет, з 1957 у штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», з 1964 у выд-ве «Беларусь». У 1974—81 гал. рэдактар выд-ва «Мастацкая літаратура». Дэбютаваў у 1938 вершамі. Піша ў жанры лірызаванай аповесці. У цэнтры ўвагі маральна-этычная праблематыка. Выдаў кнігі аповесцей і апавяданняў «Надзея» (1960), «Водгулле» (1963), «Прасека» (1967), «Панарама» (1970), «Няхай ідзе дождж» (1973), «Сцюжа» (1976), зб. вершаў «Чырвоныя ветразі» (1965). Раманы «Не шукай слядоў сваіх» (1979), «Груша на Голым Полі» (1985), «Цень крумкачовага крыла» (1991) пра пакаленне, юнацтва якога прыпала на суровыя выпрабаванні вайны і першыя пасляваен. гады; у іх рэтраспектыўна адлюстраваны значныя пласты нар. жыцця цэлай гіст. эпохі. На бел. мову пераклаў аповесць Х.​Мянд «Вецер у галаве» (1971), аповесці і адпавяданні С.​Баруздзіна (зб. «Месяц і сонца», 1972), К.​Паустоўскага (зб. «Белая вясёлка», 1976) і інш.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1980.

А.Н.Марціновіч.

т. 10, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ту́ча ‘вялікая хмара’ (Ян.; брасл., Сл. ПЗБ), ‘хмара’ (Гарэц., Ласт., Бяльк., Брасл. сл., Федар. 4, Сл. ПЗБ), ‘дажджавая хмара’ (зэльв., маст., паўд.-палес., віц., усх.-маг., усх.-гом., ЛА, 2): вышла да сіняя туча з‑пад цёмнага бору (паст., Песні нар. свят), ‘залева, праліўны дождж’ (ТС), ‘навальнічная хмара з маланкай’: Kab ciebe … lichaja tucza ŭbiła! (ваўк., Федар. 4), ‘граданосная хмара’: ту́ча кажуць, ек град (КСТ), ту́цы ‘хмары’ (гарад., ЛА, 2); ту́чка ‘светлая хмарка ў пагодлівы дзень’ (шарк., талач., касцюк., ЛА, 5), ту́чкі ‘воблачнасць несуцэльнага характару’ (Інстр. 1), ст.-бел. туча ‘хмара’, тученосный ‘які нясе хмары’: ильꙗ тоученосный ѡблакъ (ГСБМ); сюды ж тучы́на, тучынка ‘хмарка’ (Нас.); ту́чышча ‘вялікая хмара’ (Юрч. СНЛ), тучы́сты ‘праліўны’ (ТС), ту́чанне (ту́чыньня) ‘хмаранне’ (Юрч. СНЛ), ту́чыцца ‘хмарнець’ (Нас.), ‘хмарыцца’ (Юрч., Мат. Гом.), ту́чыць ‘тс’ (Юрч. Сін.); перан. ту́ча ‘вялікая колькасць чаго-небудзь (аваднёў, птушак, варон)’ (в.-дзв., дзятл., ЛА, 1; глыб., брасл., Сл. ПЗБ); магчыма, сюды і параўнанне як ту́ча ‘вельмі тоўсты’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. ту́ча ‘густая цёмная хмара’, ‘вялікая колькасць’, ‘грымоты з дажджом’, ‘праліўны дождж з градам’, ‘вецер, бура са снегам’, дыял. ‘вясёлка’, рус. ту́ча ‘хмара’, стараж.-рус. ту́ча ‘дождж’, ‘бура’, ‘хмара’; польск. tęcza ‘вясёлка’, каш. tącz(a) ‘залева’, палаб. tǫ́co ‘хмара’, н.-луж. tyca ‘вясёлка’, в.-луж. tuča ‘хмара з бурай’, tučel, tučałka ‘вясёлка’, славен. tóča ‘град’, серб. ту̏ча, харв. tȕča ‘тс’, ст.-слав. тѫча ‘дождж, залева, снег’. Прасл. *tǫča (< *tǫk‑ja) ‘дажджавая, навальнічная, градавая хмара’, роднаснае літ. tánkus ‘густы, часты’, ‘шчыльны, дзябёлы, тугі’, ст.-інд. tanákti ‘сціскае, збівае разам’, авест. taxma‑ ‘храбры, моцны’, арм. t‘anjr ‘густы’, ірл. técht ‘загуслы’, гоц. þeiƕo ‘гром’ < і.-е. *ten‑k‑ ‘сцягвацца, збірацца, збівацца’ < і.-е. *ten‑ ‘цягнуць, валачы’; першапачаткова *tęča‑ ‘збітая маса’ > ‘сабраная ў хмару’ і іншыя пераносныя значэнні (Фасмер, 4, 129; Брукнер, 570; Скок, 3, 517— 518; Борысь, 630; ЕСУМ, 5, 688). Як варыянт індаеўрапейская аснова падаецца ў выглядзе *temk‑ ‘рабіцца цвёрдым, згушчацца’ (Покарны, 1068; Сной, 769; ESJSt, 16, 973: тут крытыка версіі пра сувязь з *tukъ, гл. тук 1, падрабязней Жураўлёў, Язык и миф, 340). Зводку ранейшай літаратуры гл. у Арол, 4, 122–133.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Вясе́лік 1, палес. вэсэ́лык ’журавель, Grus grus L.’ (Дразд.), укр. веселик ’тс’ — табуістычная «назва жураўля, якую трэба ўжываць тады, калі жураўлі прылятаюць, вясною, каб не журыцца цэлы год» (Грынчанка, 1, 141). Магчыма, гэта проціпастаўленне народнай этымалогіі лексемы вясна, якая звязваецца з лексемай вясёлы, у прыватнасці з яе значэннямі ’здаровы, радасны, ясны, каляровы, сонечны, асветлены, з буйной расліннасцю, які радуе багаццем, буйнасцю і г. д.’ Тое ж адносна наступных слоў: вяселік 2, вяселік 3. Сюды ж высё́лык ’эўфемістычная назва жураўля, заўважанага першы раз у гэтым годзе’ (Клім.).

Вясе́лік 2 ’смаржок, Gyromitra (Helvella) esculenta’ (Янк. I); ’красавіковы грыб смаржок’ (КТС, К. Цвірка). Відавочна, да вясна (гл.) *вясеннік > вяселік. Магчыма, аднак, што назва была матывавана знешняй незвычайнасцю; параўн. весялуха 5 і ўкр. весе́лка воню́ча ’грыб Phallus impudicus’. Аднак славац. veseliarky ’Armillariella mellea, асенні апенак’.

*Вясе́лік 3, вэсэлык ’вясёлка’ (іван., ДАБМ). Утворана ад veselъ і суф. ‑ikъ. Названа, паводле шматкаляровасці, якая весяліць, радуе вока чалавека. Параўн., аднак, вясёлка 1, весялу́ха 2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Павіту́ха 1 ’жанчына, якая дапамагае пры родах’ (ТСБМ, Шат., Сл. Брэс.). Рус. повиту́ха, укр. повиту́ха, польск. дыял. powitucha ’тс’. Усходнеславянскае (польск., мабыць, з беларускай). Ад павіць з суф. ‑ucha. Старажытнасць словаўтварэння (параўн. SP, 1, 75) сведчыць калі не аб праславянскім, то аб дастаткова старым паходжанні слова. Параўн. таксама Фасмер, 3, 294.

Павіту́ха 2 ’пустазелле сямейства павітухавых’ (ТСБМ), ’фасоля, якая ўецца’ (Жд. 2). Рус. повиту́ха ’павітуха, бярозка’. Да павіць < віць з суф. ‑уха (гл. Мяркулава, Очерки, 107 і наст.).

Павіту́ха 3 ’вясёлка’ (Сл. Брэс.). Адзінкавая рэгіянальная назва вясёлкі. Бясспрэчна, утворана ад павіты < павіць з суф. ‑уха (параўн. іншыя назвы вясёлкі: весялуха, мецʼелуха, парадуха і г. д. — гл. Талстой, ОЛА, 974, 29 і наст.), але матывацыю назвы вызначыць цяжка. Магчыма, гэта метафара да павітуха 2, таму што вясёлка «лезе, караскаецца па небу»; не выключана, што семантыка гэтай лексемы асноўвалася і на ўяўленні аб нечым звітым, мнагаслойным. Аддаленай семантычнай паралеллю тут магла б служыць лексема пояс з рознымі вызначэннямі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дрын ’кій’ (Сцяшк.), ’кіёк, дручок’ (Сцяц.), ’палка’ (Сл. паўн.-зах.). У слоўніку Трубачова (Эт. сл., 5, 145) бел. слова адсутнічае. Параўн. рус. дыял. дрын, укр. дыял. дрін ’тс’. Паводле Трубачова, там жа (у Фасмера, Бернекера гэтых слоў няма), магчыма, да і.-е. *drūno‑ (ад і.-е. *dru‑ ’дрэва’); параўн. ст.-інд. druṇa‑ ’лук (зброя)’, перс. durūna ’дуга, вясёлка; лук’; першапачатковае значэнне ’драўляны’ (гл. яшчэ Трубачоў, ВЯ, 1975, № 1, 135). Няпэўна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)