пі́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які патрабуе неадкладнага выканання, неабходны, тэрміновы. Толькі сыдзе снег — і да позняй восені не было часу займацца падрыхтоўкай: хапала іншай, больш пільнай работы! С. Александровіч. Сёння дзед Аляксей прыйшоў па вельмі пільнай патрэбе да начальніка міліцыі. Паслядовіч. Радыё — бясспрэчна, цудоўная рэч, але ж які неасцярожны гэты Віцька Радзюк, калі карыстаецца ім без пільнай патрэбы — няхай чуе ўвесь свет. Хадкевіч.

2. Старанны, руплівы, дбайны. — Але ж вы кажаце, што ён паслухмяны. А калі чалавек паслухмяны, то і пільны. Пальчэўскі. Самым першым друкаваным тварам «Музыка» паэт [М. Багдановіч] выявіў ужо сваю пільную цікавасць да тэмы мастака і мастацтва. Лойка.

3. Уважлівы, неаслабны. Жыццё і творчасць народнага паэта Беларусі Янкі Купалы прыцягваюць пільную ўвагу даследчыкаў яшчэ з тых часоў, калі выйшла ў свет першая яго кніжка. Навуменка. Старшыня рыхтуецца да гутаркі аб пільным нясенні каравульнай службы. Жычка. Кожная лустачка хлеба была на пільным ўліку. Новікаў. // Зоркі, чуйны, праніклівы. Анісім спалохаўся пільнага Алімпінага позірку. Сабаленка. Затое ў Генадзя вока пільнае. Зрок у яго проста выдатны. Васілёнак.

•••

Мець пільнае вока гл. мець.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прабі́цца, ‑б’юся, ‑б’ешся, ‑б’ецца; зак.

1. Прабрацца праз што‑н. з цяжкасцю, пераадольваючы перашкоды. Люба чула, што гаварылі конныя чырвонаармейцы, і старалася прабіцца да іх праз натоўп. Чорны. Прамень сонца прабіўся ў каюту праз вузкую шчыліну, весела затрапятаў на асколку шкла, што ляжаў на падлозе. Гамолка.

2. Выступіць на паверхню. Калі пушок прабіўся над губою І ў сны прыйшло дзявочае імя, Я ні аб чым не раіўся з табою, матуля адзінокая мая. Грахоўскі. // перан. Праявіцца, выявіцца (пра пачуцці, перажыванні і пад.). Мне стала горача — праз крыўду прабілася дурная рэўнасць. Савіцкі.

3. Захаваць здольнасць біцца на працягу якога‑н. часу (пра сэрца, артэрыі і пад.). Сэрца прабілася дзесяць мінут.

4. Разм. Біцца некаторы час.

5. Разм. Пражыць да якога‑н. часу, пераадольваючы цяжкасці, пракідацца. Суцяшаюць маму хлопцы: — Мы вясной усё здабудзем! — Як прыгрэе добра сонца, пойдзем зноў тады мы ў людзі. Нам абы зіму прабіцца! Дубоўка. — А як ты адна, калі бацька жыў, была? Ты ж упраўлялася з усім? Так і без мяне праб’ешся. Мележ.

•••

Не прабіцца — аб вялікай цеснаце.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прагле́дзець, ‑гледжу, ‑гледзіш, ‑гледзіць і праглядзе́ць, ‑гляджу, ‑глядзіш, ‑глядзіць; зак.

1. што. Бегла прачытаць што‑н., азнаёміцца з чым‑н. Але наўперад гэтыя брашуркі і лісткі трэба было прагледзець, адабраць, бо шмат якія з іх ужо аджылі свой век і страцілі надзённую актуальнасць. Колас. Камандзір палка прагледзеў дакументы і з цікавасцю пачаў слухаць тлумачэнне. Машара. [Дзед:] — Цяпер пойдуць дні рэпетыцый. Трэба праглядзець увесь рэпертуар гэтага года. Караткевіч. // Агледзець што‑н. з мэтай праверкі. Інакш кажучы, стала ясна: трэба нанава прагледзець звяно за звяном і пачаць з гарачых цэхаў. Карпаў. [Настаўнік] праглядзеў сшыткі вучняў трэцяга класа. Кавалёў.

2. каго-што. Не заўважыць, празяваць, прапусціць. Ваню Чакая Уля прагледзела. Спадзявалася ўбачыць уперадзе, а ён вынырнуў ззаду. Паўлаў. [Верка:] — Гэта ж бачу, пайшоў [Кастусь] на канюшню, глядзела, глядзела і ледзь не праглядзела. Гаўрылкін. // перан. Удзяліць недастаткова ўвагі каму‑, чаму‑н.; не даглядзець. [Шыковіч:] — І я не сказаў бы, што сын мой Уладыслаў — гультай і [лежабок]. Безумоўна, занятыя працай, нешта мы прагледзелі. Шамякін.

3. што і без дап. Правесці некаторы час у разглядванні чаго‑н., у назіранні за чым‑н.

•••

Вочы прагледзець — углядаючыся, доўга чакаць каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праплы́сці і праплы́ць, ‑плыву, ‑плывеш, ‑плыве; ‑плывём, ‑плывяце; пр. праплыў, ‑плыла, ‑плыло; заг. праплыві; зак.

1. Перамясціцца ўперад плывучы. Праплысці да сярэдзіны ракі. □ Усё разлічана ў .. [плыўцу], каб праплысці як мага далей. Паслядовіч. // што. Плывучы, пераадолець якую‑н. адлегласць. Праплысці пяцьсот метраў. □ Невядома, ці здолелі б хлопцы праплысці такую адлегласць у адзежы, у сцюдзёнай вадзе, каб гэта была рака ці возера. Маўр.

2. што і без дап. Плывучы, мінуць што‑н. Праплысці буёк.

3. Плаўна, павольна праляцець. Над узбярэжжам паволі праплыў у паветры дзяжурны дырыжабль. Лынькоў. // Разм. Плаўна прайсці, праехаць. Камбайн, як карабель, праплыў па ўзгорку, павярнуўся і пайшоў назад. Шамякін.

4. перан. Прайсці, пранесціся ў свядомасці, ідучы адно за другім (пра думкі, успаміны і пад.). І перад лордам усталі далёкія гады, адна за другой праплылі ў памяці незабыўныя падзеі. Лынькоў. «Учора недалёка адсюль партызаны вялі бой», — праплыла думка. Новікаў.

5. перан. Мінуць, прайсці (пра час). І так дні за днямі жыццё праплыло. Танк.

6. перан. Пранесціся, распаўсюдзіцца. Крылом баявым партызанская слава Над краем радзімым маім праплыла. Астрэйка.

7. Плысці некаторы час. Праплысці паўгадзіны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прывяза́ць, ‑вяжу, ‑вяжаш, ‑вежа; зак.

1. што. Звязаўшы, завязаўшы вузлом, прымацаваць да чаго‑н. [Мая] справілася з плынню і да лодкі дабралася хутка, прывязала вяроўку і ўзнятаю рукою дала знаць, што ўсё гатова. Дуброўскі. Сымон прывязаў лейцы да лёсткі, саскочыў з воза і пайшоў .. поруч. Чарнышэвіч. // Прымацаваць да чаго‑н. пры дапамозе вяроўкі, рэменя і пад. [Параход] прывязалі канатамі, паклалі дошкі на бераг, пачалі высаджваць палонных. Лынькоў. За канаўкаю чалавек прывязаў каня да мізэрнай астачы плота і сам крута павярнуў за вугал. Чорны.

2. перан.; каго. Цесна звязаць з кім‑, чым‑н., паставіць у залежнасць ад каго‑, чаго‑н. Без млына Нічыпар не мог пражыць. Пятнаццаць гадоў моцна прывязалі яго да старой, пахілай будыніны. Асіпенка. Некалькі разоў за той дзень .. [Антон] ўкрадкам варочаўся да дарогі і кожны раз адыходзіў назад. Але вялікая сіла прывязала яго да гэтага месца. Чорны.

3. перан., каго. Выклікаць прывязанасць да каго‑н. — І наогул — ён асілак-чалавек. Увойдзе, абзавецца і адразу прывяжа да сябе. Лужанін.

4. што. Спец. Звязаць з якім‑н. арыенцірам, суаднесці з чым‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыпячы́, ‑пяку, ‑пячэш, ‑пячэ; ‑пячом, ‑печаце, ‑пякуць; пр. прыпек, ‑пякла, ‑пякло; заг. прыпячы; зак.

1. каго-што. Разм. Пратрымаўшы доўгі час на агні, на жары, падпаліць. Прыпячы пірагі. // Трохі, злёгку спячы; апячы. Прыпячы руку правам. □ А запалка дагарэла і — чуць не прыпякла пальцаў — стухла. Баранавых.

2. каго-што і без дап. Моцна прыгрэць (пра сонца). На другі дзень, калі шчодра прыпякло гарачае веснавое сонейка, расада раптам пачала вянуць... Якімовіч. // безас. Пра адчуванне моцнай гарачыні. Наступаў Кірыла так напорыста і рашуча, што ледзь не ўлез у агонь — наблізіўся да кастра так блізка, што яму прыпякло калена. Шамякін. У Каляды тлела гімнасцёрка, але ён не заўважаў гэтага, вёў агонь, аж пакуль добра не прыпякло. Гурскі. // перан.; безас. Прыйсціся цяжка, крута. Чаго ж.. [Томчак] даў цягу адтуль у Польшчу? Відаць, прыпякло. Бажко. — На тваім месцы і я каго-небудзь супакойваў бы. А калі самому прыпякло... Асіпенка.

3. што. Прыкласці што‑н., змазаць чым‑н. едкім, пякучым (для лячэння, дэзінфенкцыі); прыпаліць. Прыпячы парэз ёдам.

4. што і чаго. Разм. Спячы дадаткова, у дадатак да ўжо спечанага. Прыпячы хлеба.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раста́ць, ‑тану, ‑танеш, ‑тане; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Перайсці ў вадкі стан пад дзеяннем цяпла. Першы снег растаў, расквасіўшы і без таго дрэнныя дарогі. Краўчанка. // Разм. Растварыцца ў вадкасці. // Разм. Перастаць быць падмёрзлым, адтаяць. Мароз адваліўся з ночы. Расталі шыбіны.. Грахоўскі. Так, Шыбасаў, мабыць, правільна кажа: трэба цяпер вывозіць [сосны], пакуль не расталі дарогі. Савіцкі.

2. перан. Паступова знікнуць, стаць нябачным, нячутным, непрыкметным. — Хто гэта? — спытаў я, калі чалавек растаў у цемры. Сачанка. Потым аднекуль здалёку палілася ціхая дзявочая песня, растала ў пахуча-тугім паветры. Нікановіч. // Знікнуць, прайсці, кончыцца. Мара была пустая, яна растала ў адзін момант. Чорны. І, нарэшце, у Якава Гузіка растала ўсякая вера, знікла ахвота, апаў настрой. Гартны. // Разысціся, рассеяцца. Туман растаў, угары завіднелася шэрае, з сінімі прагалінамі, неба. Мележ.

3. перан. Прыйсці ў замілаванне; памякчэць, расчуліцца. Растаць ад пахвалы. □ [Сымон Пятровіч:] — Вам стаж патрэбен і моднае імя «будаўнік Нафтаграда». Гучыць! Пачуе камісія і растане. Грахоўскі. Напісаць тое, што адчувала ў сваім сэрцы, .. [Кацярына] не адважвалася. А што падумае Аляксей? Пасмяецца: вось, скажа, правінцыялка, убачыла і — растала. Ус.

•••

Як у вадзе растаць — знікнуць бясследна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

саро́мецца, ‑еюся, ‑еешся, ‑еецца; незак.

1. Адчуваць сорам, няёмкасць за свае паводзіны, учынкі і пад. [Максім] лавіў сябе на тым, што зайздросціць Мікодыму, і саромеўся гэтага. Машара. Пра гісторыю з лыжамі Воўка саромеўся расказваць у класе. Кавалёў. Пасля.. [Саша] прызналася, што саромелася свайго беднага ўбрання: яна была з беднай сям’і, расла без маці. Шамякін.

2. Адчуваць няёмкасць, бянтэжыцца, канфузіцца. Анежка ж, апынуўшыся ўпершыню на такой адзіноце з.. [Алесем], саромелася і таксама маўчала. Броўка. З імі быў Пеця Зварыкін — ціхі, непрыкметны юнак з доўгімі рукамі, якіх ён вельмі саромеўся і таму заўсёды трымаў за спіной. Васілёнак. // з інф. Не адважвацца рабіць што‑н. з-за няёмкасці, сарамлівасці. [Санька] падцягваць саромеецца, бо вельмі ж у яго тонкі голас супраць баса дзядзькі Якуба. Якімовіч. Валя саромеецца хадзіць на гэтыя вечарынкі і сядзіць вось так доўгімі вечарамі. Шамякін.

3. (звычайна з адмоўем). Не цырымоніцца з кім‑н.; дзейнічаць бессаромна, бесцырымонна. — Жылаваты чалавек ты, браце! — падумаў Лабановіч: — Нават за напісанне ліста не саромеешся браць сала. Колас. Не саромеўся [Андрэй] нахлусіць сябру пяць карабоў з коптурам, каб толькі выставіць сябе перад ім ад важным і смелым. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скразны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які праходзіць наскрозь. Скразная прабоіна. □ Марыя ўвайшла ў калідор, той самы вузкі, скразны, па якім можна прайсці з вуліцы ў агарод. Кулакоўскі.

2. Такі, пры якім перамяшчэнне ажыццяўляецца ад пачатковага да канцавога пункта без перасадак, перагрузак. Скразны поезд. Скразны кантынентальны пералёт. // Прыгодны на ўвесь маршрут (пра білет). Скразны білет. // перан. Які захоўваецца па працягу чаго‑н., наскрозь пранізвае што‑н. Лабановіч пастаўлен у цэнтр усіх падзей і з’яўляецца адзіным скразным героем твора. Казека. [П. Пестрак] не асабліва пільнаваўся ні адзінства часу, ні адзінства месца дзеяння, не стараўся захаваць скразныя сюжэтныя лініі. М. Стральцоў.

3. Які распаўсюджваецца на ўсе моманты вытворчай дзейнасці; распаўсюджваецца па ўвесь прадмет. Скразны графік работы. Метад скразнога шліфавання. Скразная загартоўка дэталей. // Які ахоплівае ўсё, запаўняе сабой усё. Гул скразны. Скрыгочуць нема сцены. Пысін. Снег валіў, але не густа, Мы яго змялі набок, І на возеры, як люстра, Заблішчаў скразны лядок. Калачынскі.

4. Увесь у прасветах і адтулінах, праз якія праходзіць святло; ажурны, рэдкі. Скразны цюль.

•••

Скразная брыгада — брыгада, якая складаецца з работнікаў розных спецыяльнасцей, што сваёй дзейнасцю ахопліваюць усе моманты вытворчага працэсу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

става́ць, стае; безас. незак. чаго.

1. Хапаць чаго‑н. для каго‑, чаго‑н. [Пан жываглот] Сам не сеяў, не араў, Ледзь нагой пераступаў, А ўсяго яму ставала — Хлеба, солі, круп і сала. А. Александровіч. Без елкі на Новы год несвяточна, вядома, і добра, што ў Беларусі елак на ўсіх стае. Лось. У новую экспедыцыю .. выбрацца не ўдалося, — не ставала сродкаў. Самуйлёнак. Кніг не ставала, беларускія трапляліся мала калі, знаёміцца з імі можна было хіба што назіркам. Лужанін.

2. Мець магчымасці, сілы, здольнасці рабіць што‑н. Асвоіў Сяргей Кірылавіч спецыяльнасць мадэльшчыка. Рукі ж дужыя, працавітыя. І чарцяжы чытаць сваёй галавы ставала. Мыслівец. Нясу табе і радасці і болі, — Тут смеласці і шчырасці стае. Матуля, не цураўся я ніколі Ні мовы, ні гісторыі твае. Тармола. Любе хацелася нешта сказаць, усёй істотай імкнулася яна перарваць маўчанку, але быццам не ставала рашучасці. Мурашка. — А, — махнуў рукою малады цясляр, — няхай вучыцца той, у каго свайго розуму не стае. Якімовіч.

•••

Клёпкі ў галаве не стае — тое, што і клёпкі ў галаве не хапае (гл. хапаць).

Як (колькі) моцы стае — з усяе сілы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)