ЛІСТ у біялогіі,

адзін з асноўных органаў вышэйшых раслін, займае бакавое становішча па восі парастка і выконвае функцыі фотасінтэзу, транспірацыі і газаабмену. Складаецца з ліставой пласцінкі і чаранка (калі яго няма, Л. наз. сядзячым). Зверху і знізу пакрыты эпідэрмай з кутыкулай, часам з разнастайнымі валаскамі. Пад эпідэрмай знаходзіцца некалькі слаёў зялёнай тканкі (хларэнхімы), дзе адбываюцца асн. фізіял. працэсы — фотасінтэз і дыханне раслін. Праводзячыя пучкі праходзяць па жылках Л.: па драўніне (ксілеме) ад каранёў паступае вада і раствораныя ў ёй пажыўныя рэчывы, па лубе (флаэме) у інш. органы адцякаюць прадукты фотасінтэзу. Памеры Л. пераважна 3—10 см, але бываюць да 20 м (некат. пальмы). Часам відазмяняюцца ў калючкі, вусікі, лускавінкі або рэдукуюцца. Адрозніваюць простыя (з адной пласцінкай) і складаныя (з некалькімі пласцінкамі, што размешчаны перыста ці пальчата на агульнай восі). Форма Л. — характэрная адзнака віду і адлюстроўвае прыстасаванасць да пэўных экалагічных умоў — вільготнасці, асвятлення і інш. Працяг жыцця — ад некалькіх месяцаў да некалькіх гадоў (напр., у лаўра 3—4, у елкі Шрэнка да 30 гадоў). Лістапад бывае паступовым ці амаль адначасовым.

Да арт. Ліст. 1. Простае лісце: 1 — ігольчасты; 2 — лінейны; 3 — ланцэтны; 4 — эліптычны; 5 — сэрцападобны; 6 — ныркападобны; 7 — коп’епадобны; 8 — стрэлападобны; II. Лісце з раздзеленай пласцінкай: 9 — перысталопасцевы; 10 — трохлопасцевы; 11 — пальчатараздзельны; 12 — пальчатарассечаны; 13 — перыстарассечаны; 14 — лірападобны; 15 — стругападобны. III. Складанае лісце: 16 — няпарнаперыстаскладаны; 17 — трайчасты; 18 — парнаперыстаскладаны; 19 — пальчатаскладаны.

т. 9, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДВО́ДНАЯ ЗДАБЫ́ЧА карысных выкапняў,

распрацоўка радовішчаў цвёрдых карысных выкапняў з дна рэк, азёр, мораў і акіянаў. Ажыццяўляецца многачарпаковымі драгамі, фрэзерна-ўсмоктвальнымі земснарадамі, грэйферамі, драглайнамі, эрліфтамі, якія ўстанаўліваюцца на пантонах ці суднах.

Здабытая горная маса транспартуецца да берага ў трумах суднаў, на баржах, гідратранспартам па плывучым пульпаправодзе. Пры П.з. на часткова або цалкам абводненых пакладах на кар’ерным полі праводзяць траншэі-проразі, якія злучаюць тэхнал. абсталяванне з крыніцай валы, надводную ч. ўскрыцця распрацоўваюць экскаватарам з мех. лапатай, выкапні здабываюць з-пад вады драглайнам і ўкладваюць у штабель, потым транспартуюць на з. Пры П.з. істотна скарачаюцца горнакапітальныя работы, траты на транспартаванне выкапняў, не патрэбныя аднаўляльна-рэкультывацыйныя работы. П.з. вядома з II ст. да н.э., калі фінікійцы здабывалі ў моры сыравіну для фарбы. У 6 ст. да н.э. ў Палінезіі распрацоўвалі каралавыя рыфы для атрымання буд. матэрыялаў. У 3 ст. да н.э. ў праліве Басфор нырцы здабывалі медную руду. У канцы 19 — пач. 20 ст. пачалі здабываць рассыпное золата і інш. на ўзбярэжжы Аўстраліі, Бразіліі, Індыі. У 1920-я г. пачата П.з. волава з марскіх россыпаў у Інданезіі, у пач 1960-х г.жал. руды ў Японіі.

На Беларусі выкарыстоўваецца П.з. пяску, пясчана-жвіровых матэрыялаў і даламітаў земснарадамі і драглайнамі ў рэчышчах і поймах рэк, у забоях моцна абводненых кар’ераў.

Б.​А.​Багатаў.

Тэхнічныя сродкі падводнай здабычы карысных выкапняў.

т. 11, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫСО́КАЕ (да 1939 Высока-Літоўск),

горад у Камянецкім р-не Брэсцкай вобл., на р. Пульва. За 40 км ад г. Камянец, за 3 км ад чыг. ст. Высока-Літоўск на лініі Брэст—Беласток, аўтадарогамі злучаны з Брэстам і Пружанамі. 4,8 тыс. ж. (1996).

Упершыню ўпамінаецца ў 14 ст. пад назвай Высокі Горад. У 1494 горад атрымаў магдэбургскае права і герб: у блакітным полі сярэбраная 2-павярховая вежа-брама. Належаў Ёдкам, вял. князю, Хлявіцкім, Войнам, Сапегам, Патоцкім. У 1605 засн. касцёл св. Тройцы (у 1950-я г. пераабсталяваны на грамадскія патрэбы). Пры Сапегах пабудаваны Высокаўскі замак. У 16—18 ст. цэнтр дывановага і палатнянага ткацтва. З 1671 штогод праводзіліся кірмашы. У 1773—85 каля Высокага пабудаваны кляштар, тады ж працаваў цагельны з. У 1794—97 існаваў водны шлях з Высокага ў Гданьск. З 1795 у складзе Прусіі, з 1807 — у Рас. імперыі, мястэчка Брэсцкага пав. У 1826—28 працавала Высока-Літоўская суконная мануфактура. У 1897 — 3434 ж., дробныя прадпрыемствы, 3 школы. З 1921 у Польшчы, горад у Брэсцкім пав. Палескага ваяв. З 1939 у БССР, у 1940—62 цэнтр Высокаўскага раёна Брэсцкай вобл. З 23.6.1941 да 28.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі 1297 чал. У 1959 — 2,6 тыс. чал. З 1962 у Камянецкім р-не.

Прадпрыемствы харчовай, буд. матэрыялаў прам-сці. Помнікі архітэктуры: Варварынская капліца (1772), царква (1869), сядзіба канца 19 — пач. 20 ст. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

А.​С.​Барысавец, В.​А.​Міронаў.

т. 4, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Патра́ўка ’страва, яда’, ’верашчака’ (ТСБМ, Некр.; ганц., Сл. Брэс.), ’мачанка’ (Янк. 2), ’соус, прыгатаваны з рэшткаў валовага мяса’ (Нас.), ’рэдкая страва з мясам, падкалочаная мукой’, ганц. ’падліўка’ (Сл. ПЗБ). Як і ўкр. потра́вка ’блюда з розных кавалкаў мяса з дадаваннем кавалкаў каўбасы’ — з польск. potrawka ’адваранае мяса пад соусам’. На ўсходзе Беларусі патраўка адрозніваецца значэннямі: хойн. ’зацірка’, рэч. ’бульён’, браг. ’суп з мукой і ягадамі або грыбамі’, хойн. ’халадзец’, хойн. патраўка ’цура’ (Мат. Гом.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тынь1 ‘ ціна, твань’ (Нас., Гарэц.), ‘плесень’: у клеці дужа ты́ньню пахніць (Юрч. Вытв.). Параўн. рус. смал. тынь ‘зялёныя водарасці, якія плаваюць густой масай, ціна’, ‘балоцістае, топкае месца’ (СРНГ), што ўтварае адзін арэал з беларускімі словамі. Верагодна, звязанае з тынець, гл.

Тынь2 зборн. ‘колле, плахі для пабудовы тыну’ (Нас.), сюды ж ты́нне? ‘платы, парканы’: пайшла ў вандроўку па‑пад тынню (Я. Колас). Параўн. польск. дыял. tynia ‘тонкая дошчачка або кіёк для плоту’ (MSGP), укр. попідти́ннюпад плотам, пад плятнём’ (Т. Шаўчэнка) ад ти́ння зборн. да тин ‘тын’, рэдкае рус. тынь ж. р. ‘агароджа, плот’, звычайна ты́нье зборн. ‘калоды паміж слупамі ў сценцы’. Вытворнае ад тын з старым канчаткам на ‑ь са значэннем зборнасці, параўн. ст.-рус. чудь, сербь як назвы плямён (Фасмер, 1, 305).

Тынь3 — выклічнік раптоўнага дзеяння: дабавіў туды капусты і тынъ! — усё перамяшаў (Рамза, Бел. гутарк.). Да тыняцца, гл.

Тынь4 ‘месца на рацэ або возеры, якое зарасло трысцём’ (шкл., Мат. Маг.). Узыходзіць да прасл. *tyti ‘разрастацца, таўсцець’, параўн. серб. тити̏ ‘густа расці’ (Мартынаў, Зб. Крапіве, 214); паводле Мартынава (Лекс. взаим., 146–147), слова таго ж паходжання, што і тын (гл.) < *tynъ, якое з’яўляецца славянскім пранікненнем у германскія мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

МЯСТЭ́ЧКА,

населены пункт, які адрозніваўся ад горада меншай колькасцю насельніцтва, адсутнасцю абарончых збудаванняў, агр. рысамі, ад сяла і вёскі — наяўнасцю гандлю і рамяства як сталых заняткаў часткі жыхароў. На Беларусі актыўна ўзнікалі з 14 ст. каля месцаў традыц. кірмашоў, на бойкіх гандл. скрыжаваннях, у вял. сёлах і вёсках (каралеўскія таргі). У 15—16 ст. на тэр. Беларусі было больш за 200 М., з іх каля 70 у Панямонні, больш за 40 у цэнтр. рэгіёне і Паазер’і, больш за 30 у Падняпроўі і прыкладна столькі ж на Палессі. Пэўны час падаткі ад местачковага гандлю ішлі выключна на карысць казны. Феадалам забаранялася ствараць прыватнаўладальніцкія таргі без дазволу вял. князя ці караля, праводзіць прыватнаўладальніцкія кірмашы бліжэй чым за тры мілі ад каралеўскіх М. У 1588 шляхта дамаглася скасавання абмежаванняў і забароны буд-ва прыватнаўладальніцкіх таргоў у М. Жыхары, якія вырашылі сяліцца ў М., вызваляліся на некалькі гадоў ад натуральных і грашовых падаткаў. Некат. М. будаваліся каля замкаў ці ствараліся разам з імі (Іказнь, 1504; Дзісна, 1566). Многія ўзнікалі каля кляштараў і вял. прыходаў (Жыровічы, 1643). З часу скасавання абмежаванняў у 16 ст. ў М. пачалі пераўтварацца вял. сёлы і вёскі (Моталь, 1554; Дзівін, 1566; Станькава, 1585, і інш.). Найб. хутка раслі М. на буйных шляхах і скрыжаваннях дарог, каля перапраў і прыстаней (Нача, Барань, Старобін, Стары Свержань, Свіслач, Петрыкаў і інш.). У абавязкі местачкоўцаў уваходзілі нагляд за дарогамі, будаўніцтва корчмаў і заезных дамоў. У 16—18 ст. на Беларусі было ўжо каля 400 М. На чале адміністрацыі М. стаяў войт. М. падзяляліся паводле прыналежнасці (дзярж., прыватнаўласніцкай, царк.), ландшафтнай прывязкі (берагавыя, сухадольныя, балотныя). Магнаты і заможныя паны стваралі свае М. побач з замкамі, палацамі, сядзібамі (Шчучын, Паставы, Варняны, Лужкі і інш.). Ва ўзнікненні М. пэўную ролю адыгрывала наяўнасць прамысл. і інш. аб’ектаў.

Планіровачную структуру вызначалі асн. гандл. шляхі (вуліцы-дарогі). Звычайна на іх перасячэнні стваралася гандлёвая плошча, дзе будавалі гандлёвыя рады, крамы, корчмы, аўстэрыі, у М., якія мелі магдэбургскае права, — ратушы, важніцы (напр., Койданава, цяпер г. Дзяржынск, в. Цімкавічы Капыльскага р-на, г. Клецк Мінскай вобл., г.п. Вял. Бераставіца Гродзенскай вобл.). У цэнтр. частцы М., дзе сяліліся рамеснікі і гандляры, жылыя дамы злучаліся з крамамі і майстэрнямі, часам уключалі ў свой аб’ём шынкі. Пад жыллё шырока выкарыстоўвалі мезаніны і мансарды. Асн. дэкар. элементы аздаблення жылых дамоў — высокі ашаляваны франтон, часам складанай формы, і падчэні пры ўваходзе. Перыферыйныя часткі М. займалі сядзібы сельскага тыпу. М., утвораныя магнатамі і заможнымі панамі побач з замкамі, палацамі, сядзібамі (гарады Шчучын Гродзенскай вобл., Паставы, в. Лужкі Шаркаўшчынскага р-на Віцебскай вобл.), мелі 2 кампазіцыйныя ядры: ансамбль забудовы плошчы і ансамбль палацава-замкавага комплексу. У асобных выпадках абодва цэнтры зліваліся (Лужкі, Паставы). У пач. 19 ст. для многіх М. распрацоўваліся т.зв. ўзорныя планы [напр., гарады Быхаў, Клімавічы, Крычаў, Прапойск (цяпер г. Слаўгарад), Чавусы Магілёўскай вобл., Маладзечна, Вілейка Мінскай вобл., Сянно Віцебскай вобл. і інш.], паводле якіх забудова арганізоўвалася квартальным прынцыпам. Найб. развітую планіровачную структуру на У Беларусі мелі М., што раней былі пав. цэнтрамі (гарады Быхаў, Горкі, Чавусы Магілёўскай вобл., Рагачоў Гомельскай вобл.) ці т.зв. пазаштатнымі гарадамі (гарады Бялынічы, Крычаў, Мсціслаў Магілёўскай вобл.). Астатнія М. Падняпроўя захоўвалі традыц. вясковае аблічча, нярэдка з адной вуліцай. Заходнебел. М. вызначаліся больш развітым цэнтрам, які ўтваралі брукаваная плошча з гандл. радамі, царква ці касцёл, карчма, валасная ўправа (гміна). Непадалёку маглі размяшчацца сінагога, часам — мячэць, пажарная служба з дазорнай вежай. Дамы-крамы ставілі па перыметры плошчы і на асн. вуліцах надзвычай шчыльна, дах да даху. Будынкі часцей былі драўляна-каменныя (фахверкавыя, 15—18 ст.), з мураваным 1-м паверхам (сутарэннем) ці поўнасцю мураваныя (в. Гальшаны Ашмянскага р-на, г.п. Дзятлава, Іўе, Любча, г. Навагрудак Гродзенскай вобл.). Шырока выкарыстоўваліся ўзорныя праекты местачковых дамоў (Варняны, Дзятлава, Іўе, Паставы). У структуры М. зах. рэгіёнаў пэўную ролю адыгрывалі мясц. прадпрыемствы: валюшні, крупадзёркі, млыны, бровары, суднабуд. верфі. Гэта найб. характэрна для М. Радзівілаў (г.п. Урэчча Любанскага р-на Мінскай вобл., Целяханы Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.), Сапегаў (г.п. Ружаны Пружанскага р-на Брэсцкай вобл.). На працягу 20 ст. ў М. адбыліся пэўныя арх.-планіровачныя пераўтварэнні. У тых, што сталі раённымі цэнтрамі, рэканструяваны (зах. рэгіёны) ці зноў створаны (усх. рэгіёны) плошчы, дзе важнае месца занялі адм. будынкі, дамы культуры, рэстаран, гасцініца, універсальныя магазіны. У заходнебел. М. пад новыя патрэбы часам прыстасоўваліся і старыя збудаванні: гандл. рады ў Іўі, Навагрудку, Пружанах — пад магазіны, дамы-крамы ў Ваўкавыску, Іўі Гродзенскай вобл., Валожыне, Нясвіжы, Ракаве Мінскай вобл.пад майстэрні, пункты харчавання, невял. гандл. пункты. Развіццё былых М. вядзецца паводле індывід. праектаў. Добраўпарадкоўваюцца плошчы, ствараюцца кветнікі і скверы, ставяцца помнікі. Жылая забудова прадстаўлена секцыйнымі 2—5-павярховымі дамамі. У канцы 19 ст. ў М. жыло каля 150 тыс. чал. У 1920—30-я г. многія М. БССР пераўтвораны ў гарады і гар. пасёлкі, астатнія — у вёскі. У Зах. Беларусі М. існавалі да 1939.

Літ.:

Лакотка А.І. Дойлідства. Мн., 1997 (Беларусы;

Т. 2);

Яго ж. Нацыянальныя рысы беларускай архітэктуры. Мн., 1999.

А.​І.​Лакотка.

Да арт. Мястэчка. Маладзечна. Рынак. Пач. 20 ст.
Да арт. Мястэчка. Гандлёвая плошча ў Клецку (Мінская вобл.). 1930-я г.

т. 11, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́НІНЫ,

расійскія дзярж. і ваен. дзеячы. Мікіта Іванавіч П. (29.9.1718, г. Гданьск, Польшча — 11.4.1783). Служыў у коннай гвардыі. У 1747 пасланнік у Даніі, у 1748—60 — у Швецыі. У 1760—73 выхавальнік вял. кн. Паўла Пятровіча (гл. Павел I). Удзельнічаў у звяржэнні Пятра III і ўзвядзенні на прастол Кацярыны II. Старэйшы чл. (фактычна кіраўнік) Калегіі замежных спраў у 1763—81, саветнік імператрыцы па пытаннях знешняй палітыкі. Распрацоўваў і праводзіў у жыццё план «Паўн. акорда» — саюзу Расіі, Прусіі, Даніі, Швецыі, Вялікабрытаніі і Рэчы Паспалітай супраць Францыі, Аўстрыі і італьян. дзяржаў. Напачатку прыхільнік захавання цэласнасці Рэчы Паспалітай. Склаў праект стварэння дысідэнцкіх канфедэрацый: пратэстанцкай Тарунскай і пратэстанцка-правасл. Слуцкай канфедэрацыі. Пасля акупацыі Аўстрыяй ч. Польшчы (1769) удзельнічаў у падрыхтоўцы першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772), за што атрымаў ва ўласнасць сялян і землі ў Полацкай прав. Знаходзіўся ў тайнай, але пастаяннай апазіцыі да Кацярыны II і яе фаварытаў (Р.Р.Арлова і інш.). У пач. 1770-х г. узначальваў змову (брат Пётр Іванавіч П., драматург Дз.І.Фанвізін, які ў 1773 склаў праект канстытуцыйнага абмежавання манархіі, інспірыраваны П. і інш.) на карысць Паўла Пятровіча. Быў пазбаўлены ўсіх пасад і ў 1781 пад націскам царадворцаў падаў у адстаўку. Пётр Іванавіч П. (1721, с. Вязоўка Калужскай вобл. — 26.4.1789), ген.-аншэф (1762), граф (1767). Брат Мікіты Іванавіча П. На ваен. службе з 1735. Удзельнік рас.-тур. вайны 1735—39. У Сямігадовую вайну 1756—63 ген.-маёр, з 1759 ген.-паручнік; вызначыўся ў бітвах супраць прускіх войск пры Грос-Егерсдорфе (1757), Цорндорфе (1758) і Кунерсдорфе (1759), удзельнічаў ва ўзяцці Берліна (1760). З 1762 рас. ген.-губернатар Усх. Прусіі, камандуючы рас. войскамі ў Памераніі і Гольштэйне. У рас.-тур. вайну 1768—74 камандуючы 2-й арміяй, узяў штурмам крэпасць Бендэры (1770), але пры гэтым меў значныя страты і дапусціў шэраг стратэг. пралікаў, за што звольнены ў адстаўку. Разам з братам Мікітам Іванавічам П. адзін з лідэраў апазіцыі ўраду Кацярыны II. У чэрв. 1774 — жн. 1775 галоўнакамандуючы войскамі пры задушэнні сял. вайны пад кіраўніцтвам Е.І.Пугачова. З 1775 зноў у адстаўцы. Разам з П.​А.​Румянцавым адзін са стваральнікаў лёгкай пяхоты (егераў) у рас. арміі. Мікіта Пятровіч П. (28.4.1770, г. Харкаў, Украіна — 13.3.1837), сын Пятра Іванавіча. З 1791 на ваен. і прыдворнай службе. У 1796 (пасля падзелу Рэчы Паспалітай) гал. камісар рас. боку па ўстанаўленні мяжы паміж Расіяй і Прусіяй. Са снеж. 1796 чл. Калегіі замежных спраў. З ліп. 1797 надзвычайны паўнамоцны міністр Расіі ў Прусіі. З 1799 віцэ-канцлер. Выступаў супраць лініі Паўла I на збліжэнне з Францыяй, першы прапанаваў вял. кн. Аляксандру Паўлавічу (гл. Аляксандр I) план адхілення Паўла I ад улады. У 1800 звольнены і сасланы ў Маскоўскую губ. Пры Аляксандру I чл. Калегіі замежных спраў, фактычны кіраўнік рас. знешняй палітыкі, у 1801 з прычыны рознагалоссяў з царом зноў звольнены. З 1804 да канца жыцця ў афіц. апале з забаронай наведваць сталіцы. Жыў у маёнтку Дугіна Смаленскай губ., дзе займаўся музыкай (напісаў оперы «Гарбуны» і «Модная крама»).

Літ.:

Гаврюшкин А.В. Граф Никита Панин: Из истории рус. дипломатии XVIII в. М., 1989.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 12, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

гарну́ць, гарну, горнеш, горне; незак., каго-што.

1. Выграбаць, выцягваць дробныя прадметы адкуль‑н. Гарнуць вуглі з печы. □ Гарні, гарні бульбу з печы У торбачку — ды на плечы. З нар. песні.

2. Збіраць у адно месца. Прыйшла восень, за работу, Атрымай на працадні, Што зароблена — па праву На вазы сабе гарні. Русак. // перан. Набываць вельмі многа чаго‑н.; з прагнасцю хапаць, заграбаць. Сабяга да сябе гарнуў усё: і што ляжыць дрэнна і што слаба на месцы трымаецца... Шахавец.

3. Прыхіляць, туліць да сябе. Гарнуць да сэрца. // перан. Схіляць, скіроўваць (думку, справу і пад.). — Ведаю, куды ты горнеш, — абапёршыся на локаць, злосна зашаптала старая. — Відаць, той ламачыны, што аднекуль прывалок, не знайшоў у гумне? Гурскі. Толік Скуратовіч гарнуў сваё: — Нам трэба падацца бліжэй да дарогі. Чорны.

4. Разм. Прыцягваць, прывабліваць сабой каго‑н. Навука гарнула Сцёпку і давалася яму лёгка. Колас. // безас. Хіліць, цягнуць да чаго‑н. Яго гарнула да кніжак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

агарну́ць, агарну, агорнеш, агорне; зак., каго-што.

1. Укрыць з усіх бакоў, абкруціць. Іван, нічога не кажучы, агарнуў адзежынай худыя, вострыя плечы [Джуліі]. Быкаў. // Абняць, абхапіць каго‑, што‑н. Аберуч агарнуў [хлопчык], як з маткаю абняўся, І ў споласе сачыў за бамбавозам, І нават у пажары не расстаўся з бярозай. Вітка. // перан. Настаць, заспець (пра ноч, цемру і пад.). Зося гэтак шчыра запрацавалася, што не пабачыла, як яе агарнула ноч. Чарот. Ціхі летні вечар агарнуў зямлю. Якімовіч.

2. перан. Завалодаць, захапіць, падпарадкаваць сабе; адолець, апанаваць. Дома Міця доўга не мог супакоіцца. Думкі пра Сюзану ўладна агарнулі душу. Навуменка. // Ахапіць каго‑н. (пра пачуцці, стан). [Іван і Джулія] не здолелі прайсці таемна, адкрылі сябе, ззаду застаўся сведка, і непакой з новаю сілай агарнуў хлопца — выдасць аўстрыяк ці не? Быкаў. [Язэп:] — «Што ты, Віктар, выдумляеш, хто пра мяне гаворыць?» А ў самога сэрца ў пяткі заскочыла, і млявасць агарнула ўсё цела. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зго́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Станоўчы адказ, дазвол на што‑н. Даць згоду. Кіўнуць у знак згоды. □ Цімка, не пытаючыся згоды, узяў Кіру і Лёдзю пад рукі і павёў на Цэнтральную плошчу. Карпаў. Мясцовая фабрыка.. закрылася, і Джыавані са згоды сям’і разам з групай суайчыннікаў паехаў за акіян. Лынькоў.

2. Узаемная дамоўленасць; дагавор. Прыйсці да згоды. □ Князі тым часам між сабою Праз пасланцоў перагаворы Вядуць, каб справу скончыць згодай. Бітэль.

3. Супадзенне думак; аднадушша. Выказаць згоду з рашэннямі з’езда.

4. Мірныя, сяброўскія адносіны. Жыць у згодзе. □ Няхай жа будзе Між намі згода, Дружба, людзі, Ад году ў год, Ад веку ў век! Бялевіч. Згода будуе, нязгода руйнуе. Прыказка.

5. безас. у знач. вык. Дамовіліся, пярэчанняў няма. Значыць — згода, значыць, не пярэчыш, значыць, дачакаюся сустрэчы. А. Вольскі. — Ну, што, згода? Едзем?.. Будзем разам працаваць на заводзе. Зарэцкі.

•••

У згодзе з чым (кніжн.) — у адпаведнасці з чым‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)