Ра́жка, ра́шка, ря́шка ’цэбар’; ’драўляная нізкая пасудзіна, у якой замешваюць есці свінням’ (докш., в.-дзв., трак., вільн., рас., Сл. ПЗБ; Сл. Брэс.), ’кубелец для сала’, ’вялікая міска, цэбар, у якім даюць есці свінням’ (Сцяшк. Сл., Бяльк.), ’банны посуд’ (Касп.), ’мерка для зерня, бульбы ў 1,5 пуда’ (ТС), ’начынне для памыяў’ (Бес.), ’цэбрык з адным вухам, перан. морда’ (ПСл), ’цэбар’, ’галава’ (Сцяшк. Сл., Ян., Мат. Гом.), ст.-бел. ряжка (1690 г.), ражка (1550 г.), сюды таксама ра́жа ’кубел’ (Мат. Гом.), рус. дыял. ря́жка, ря́шка ’памыйны посуд, таз’, ’банная шайка, вядзерца, чарпак’, ра́жка ’рагатка’, ’невялікая скаба, якая злучае клёпкі бочкі пры надзяванні абручоў’, ’падстаўка ў выглядзе рагаткі, стойкі’, ’карыта для кармлення свіней’, укр. ряжа, ряжка ’чан’. Сцяцко (Сцяц. Нар., 93–94) лічыць памяншальна-ласкальным утварэннем ад ра́га ’ражка’, зафіксаванага беларускімі слоўнікамі 20‑х гадоў XX ст., якое, у сваю чаргу, з’яўляецца лексіка-семантычным утварэннем ад ра́га ’струменьчык вады’: раг‑ьк‑а > ражка. Няпэўна, хутчэй наадварот. Некаторыя тлумачаць слова як утварэнне ад рад1 (гл.), параўн. абруд узводзячы яго да *ob‑rǫdъ (Праабражэнскі, 2, 241; Трубачоў, Слав. языкозн., V, 176; ЭССЯ, 29, 118). Фасмер (3, 537) лічыў такую этымалагізацыю недастаткова аргументаванай. Магчыма, мае сувязь з рэ́дкі, параўн. рус. ре́жа, ря́жа ’рыбалоўная сетка з рэдкім пляценнем’ (< *rědi̯a, гл. Фасмер, 3, 460), параўн. таксама ра́жанка (гл.). Значэнне ’шырокі твар, морда; вялікая галава’ хутчэй за ўсё, позняе запазычанне з рускай, параўн. ра́жесть ’прыгажосць’, ’паўната’, ’тлустасць’, ра́жий ’вялікі, буйны (пра рэчы, прадметы)’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гі́чка ’ніжняя шырокая частка збанка’ (Шатал.). Па сваіх семантычных сувязях гэта лексема вельмі нагадвае слова гі́рка ’тс’ (гл.). Гі́чка, як і ўкр. ги́чка, звязана з гіч ’сцяблы, лісце і да т. п.’ (гл.). Ва ўкр. мове ги́чка азначае ’качан кукурузы без зерня; верхняя частка завязанага мяшка вышэй перавязі; валасы’ (гэта апошняе значэнне ўжываецца ў іранічным сэнсе). Для нас важнае тое, што як у слова гі́рка (гл.), так і ў слова гі́чка (укр. ги́чка) у семантычным полі сустракаецца значэнне ’валасы, стрыжка’, якое можа суадносіцца (метафарызацыя!) з ’часткай збанка’. Для слова гічка мы, праўда, чакалі б хутчэй значэння ’верхняя частка збанка’. Але параўн. яшчэ бел. дыял. гі́чка ’істужка, тасьма; верх завязанага напоўненага мяшка (вышэй завязкі)’ (Сл. паўн.-зах.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дрэнь ’дрэнь, дрэнны’ (БРС, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Сл. паўн.-зах.). У дыял. і дрень (Бяльк.). Слова не вельмі яснага паходжання. Здаецца, можна лічыць, што яно роднаснае рус. дрянь ’тс’ (па адной версіі *дрань ад драть; па іншай з *дрябнь да дряблый; гл. Фасмер, 1, 546; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 198). Вакалізм у бел. слове не зыходны, а трансфармаваўся па тыпу барса́ць: бэ́рсаць, ва(д)зга́ць: вэ́дзгаць, даўжа́р: дэ́ўжар. Хутчэй, аднак, зыходным з’яўляецца тып рус. дрянно́й, бел. *дранны́, адкуль пасля перанясення націску на першы склад «аднавіўся» вакалізм «э»: *дранны́дрэ́нны; адсюль ужо дрэнь. Параўн. польск. drań (Слаўскі, 1, 161). Бел. словы могуць паходзіць і прама ад *dranь, *dranьnъ (*dьranъ, *dьranьnъ) без палаталізацыі (*r > ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пе́каць1 ’біць чым-небудзь, што выдае глухі гук, напр., пранікам’ (Нас.), ’біць пранікам бялізну’ (рас., Шатал.), пе́канне ’ладаванне, укладванне’: мяшкоў на калёсы пеканне (Нас.). Рус. пск., цвяр. пек! ’плясь! шлёп!’, пе́кать ’біць; мітусіцца’, славен. pekáti ’біць аб дошку для прання бялізны; злёгку таўчы; біцца, важдацца, валтузіцца; сварыцца’. Гукапераймальнае; з іншым вакалізмам гл. пя́каць ’тс’; параўн. літ. pýkšt ’лясь’, лат. paukš ’тс’, эст. (teineteist) peks‑ma ’біцца’.

Пе́каць2: ткаць гора ’гараваць’ (Гарэц.), пе́къць, пе́къцца ’цяжка працаваць, душыцца працай’ (міёр., Нар. лекс.), пе́кацца ’гатавацца, мець вялікія і цяжкія турботы’ (ТС). Да папярэдняга, параўн. паралельныя ўтварэнні пад пя́каць ’біць’ і ’цяжка працаваць’ (гл.). Параўн. таксама пекелява́ць, пеклава́цца (гл.), хутчэй за ўсё, пад уплывам пе́кла.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Напу́ганы ’празмерна адзеты’, напугацца ’празмерна надзець на сябе, начапляць лішняга’, ’надзьмуцца, натапырыцца’, ’абкружыцца імглістым кругам (пра месяц)’ (ТС). Можа разглядацца разам з напугацца ’нажлукціцца, напіцца’ (Нас., Янк., Сцяц.; стаўбц., Нар. сл.; жлоб., Нар. словатв.; Сцяшк.), ’напіцца чаго-небудзь настолькі, каб нельга было самому ўстаць з месца’ (Шпіл.), ’нажэрціся’ (Янк. 1, Клім., Мат. Гом.), што да пу́гаць ’сёрбаць, хлябтаць’ (гл.), гукапераймальнага паходжання; значэнне ’празмерна надзець на сябе’ праз стадыю ’стаць тоўстым (ад піцця, яды)’. Аднак не выключана, што гэта значэнне развілося на іншай базе, параўн. напу́галаса, бы пугич (ТС), што звязваецца з вобразам птушкі, якая натапырвае пер’е, надзімаецца пры пагрозе; тады хутчэй Да *Pǫ§y ’патаўшчэнне’, параўн. рус. пуговина ’узвышэнне, горб’, пуговица ’гузік’, літ. pugulis ’уздутае ўзвышэнне’ і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Немаўля ’малое дзіця’ (ТСБМ), іншыя формы, адзначаныя ў мастацкай літаратуры: немаўляшка (Багдановіч), немаўлёнак ’дзіця, якое знаходзіцца яшчэ ў лоне мацеры, не радзілася на свет’ (Лужанін), немаўлятка і пад., гл. Рапановіч, Лекс. і грам., 26–27. Адсутнасць слова ў народных гаворках сведчыць пра запазычанне, параўн. польск. niemowlę, укр. немовля́ ’дзіця, што яшчэ не гаворыць’ (Грынч.), якія маглі быць непасрэднымі крыніцамі запазычання (асабліва апошняе). Ст.-бел. немовя ’грудное дзіця’ (пачатак XVII ст.), паводле Булыкі (Лекс. запазыч.), са ст.-польск. niemowlę, хутчэй niemowię, што ў сваю чаргу запазычана з чэшскай, параўн. заўвагу Урбанчыка адносна польск. niemowiątko, якое упершыню з’явілася ў перакладзе Бібліі (ZPSS, 8, 460). Гл. таксама Фасмер, ZfSlPh, 12, 120; Вінцэнц, Slavica Herosolimitana, 7, 245–252; Брукнер, 360.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вуль-вуль-вуль ’падзыўныя словы для галубоў’ (Касп., Шат., З нар. сл.); ’падзыўныя словы для галубоў і качак’ (Сцяц., КСТ); ’падзыўныя словы для качанят або куранят’ (Янк. II); ’падзыўныя словы для качак і гусей’ (віл., воран., пін., Шатал.); ’падзыўныя словы для авечак’ (в.-дзвін., Шатал.; мядз., Нар. сл.), укр. вуль‑вуль‑вуль ’падзыўныя словы для галубоў’, польск. wul‑wul‑wul ’падзыўныя словы для гусей’. Хутчэй за ўсё ад гуль‑гуль‑гуль ’падзыўныя словы для галубоў’ з заменай пачатковага г, атаясамленага з г пратэтычным, на в; перанос падзыўных слоў на іншых птушак, відаць, праз стадыю іх ужывання ў дачыненні да малых істот (куранят, качанят) у якасці ласкавага звароту (параўн. народнае го́луб у ласкавым звароце да людзей).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вурга́н ’бугор’ (Грыг., Гарэц.); ’пухір’ (Яруш.); ’цвёрды грузачок, пухір на скуры’ (мсцісл. З нар. сл.), варга́н ’вярзіла, боўдзіла’ (віл., Грынблат, вусн. паведамл.), рус. бранск. вурга́н ’сіняк’, маск. ворга́н ’вір, яма ў рацэ’. Хутчэй за ўсё аддзеяслоўнае ўтварэнне ад вурга́ніць ’кідаць, перакульваць’ (гл.), якое, відаць, нельга разглядаць асобна ад варга́ніць ’тс’ (гл.); балгарская паралель въ́рга ’гуз на целе’, якую Бернар (Балк. ез., 3, 1961, 83) выводзіць з върга́лям ’куляць, пераварочваць’ (< і.-е. *wer‑gh‑ ’круціць’; параўн. лат. sa‑vergt ’моршчыцца, сціскацца’ (БЕР, 1, 210)) і въ́ргам ’куляць, перакідаць’, а таксама серб.-харв. варгањ ’грыб баравік’ (Мяркулава, Очерки, 164), магчыма, даюць падставы для рэканструкцыі прасл. vъrganъ ’нарост, грыб’; адносна фанетыкі і семантыкі параўн. таксама вурдыль, вургуль (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ву́сялка ’шнур для дзіцячай калыскі’ (брэсц., Нар. лекс.), ву́селкы ’почапкі’ (брэсц., З нар. сл.), гу́сялка ’адна з вяровачак, на якую падвешваецца калыска; вяроўка, якая прывязваецца абодвума канцамі да калыскі, служыць для калыхання нагою’ (драг., З нар. сл.), усялка ’тс’ (кобр., Нар. лекс.). Няясна; калі прыняць у якасці зыходнай форму з пачатковым в, то хутчэй за ўсё да во́сілка ’почапка, дужка (напр., у вядры)’, аднак пры гэтым узнікаюць пэўныя фармальныя цяжкасці ў адносінах вакалізму (пры тлумачэнні пераходу і або е ў я); пры зыходнай форме з г, магчыма, ад гу́сяць — «спешчанай» дзеяслоўнай формы да гу́шкаць ’калыхаць’; ’падкідаць’, тады формы з в у выніку змены ўспрынятага ў якасці пратэзы пачатковага г, параўн. вузы́р ’ніжняя частка снапа’ < гузы́р ’тс’ і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бо́нда1 ’бочка’ (Касп., Нас., Гарэц., Др.-Падб.). Наўрад ці ёсць нейкая сувязь з бо́нда2 (гл.). Хутчэй таго ж паходжання, што і бо́ндар, бо́дня (гл.), бо́нда, мабыць, з бо́дня. Гл. Краўчук, БЛ, 1975 (7), 65.

Бо́нда2 ’бохан хлеба; круг каўбасы; булка, печаны хлеб; скаціна; скавароднік, перапечак; пасаг; закваска ў дзяжы і г. д.’ (шмат значэнняў, гл. Нас., Чач., Бяльк., Гарэц., Др.-Падб., Інстр. II, Сцяшк., Сцяшк. МГ, Сцяц., Некр.). Падрабязна гл. Крывіч, 1923, 3, 51–52. Укр. бо́нда, польск. bonda. Запазычанне з літ. bandà (таксама шмат значэнняў). Гл. Урбуціс, Baltistica, V (1), 1969, 50–51. Падрабязна Непакупны, Мовознавство, 1969, (3); Сцяц., Нар., 22. У ст.-бел. мове бонда засведчана з XV ст. (Булыка, Запазыч.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)