звяза́цца, звяжуся, звяжашся, звяжацца; зак.
1. Змацавацца, злучыцца адзін з адным (вяроўкай, канатам і пад.). Паднімаючыся на вяршыню, альпіністы звязаліся вяроўкай.
2. Устанавіць зносіны з кім‑, чым‑н. пры дапамозе пэўных сродкаў сувязі. Звязацца па тэлефоне з таварышам.
3. Устанавіць непасрэдныя адносіны, цесныя кантакты з кім‑, чым‑н. І цесна ў працы звязаліся горад з вёскай. Чорны. Немцы разлічвалі на тое, каб не даць атрадам аднаго раёна звязацца з атрадамі другога раёна. Казлоў.
4. Зблізіцца, завесці агульныя справы (звычайна нядобрыя). [Завішнюку] стала горка на душы, адчуў, што хочацца хутчэй выйсці з хаты, каб і не глядзець на гэтага п’янчугу Акцызніка, з якім звязаўся. Пташнікаў. // Разм. Уступіць у любоўную сувязь. «Звязалася з баламутам гэтым, трэба ж, гарадскога хлеба захацела. У вёсцы, можа, за настаўніка выйшла б...». М. Стральцоў. // Узяцца за якую‑н. справу (звычайна непасільную, непрыемную і пад.). — Звязацца з механікай.. Хіба ж гэта жаночая справа? Ус.
5. Злажыць, упакаваць свае рэчы ў звязкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)