ГРО́ДЗЕНСКІЯ ПАЎСТА́НЦКІЯ АТРА́ДЫ,

узброеныя фарміраванні ў паветах Гродзенскай губ. ў ходзе паўстання 1863—64. Першым іх буйным выступленнем быў напад у ноч на 11.1.1863 паўстанцкіх атрадаў (усяго больш за 1000 чал.) пад агульным камандаваннем У.​Ціхорскага (Замэчка) на гарнізон г. Сураж. Паўстанцы разграмілі ротны цэйхгаўз, папсавалі чыг. і тэлегр. сувязь. Да 20.1.1863 атрады Ціхорскага, Р.​Рагінскага, С.​Сангіна, Б.​Рыльскага, В.​Левандоўскага (усяго каля 5000 чал.) сканцэнтраваліся ў мяст. Сямяцічы Бельскага пав. (цяпер тэр. Польшчы), аднак 26 студз. былі выбіты адтуль. У крас. 1863 у Сакольскім пав. (цяпер Польшча) сфарміраваны атрад В.Урублеўскага, які аб’яднаўся з беластоцкім (узначальвалі афіцэры А.​Баранцэвіч, Ю.​Эйтмановіч і інш.), а таксама з атрадам з Бельскага пав. на чале з Э.​Кярсноўскім. Адначасова ў Гродзенскім пав. створаны атрад А.​Лянкевіча (Ляндара, 200 чал.), які пасля бою 22 крас. каля мяст. Азёры пайшоў у Ваўкавыскі пав., дзе злучыўся з мясц. атрадам Г.​Стравінскага (Млотка). У ходзе бою 2—3 мая паблізу в.Міхалін Кобрынскага пав. пад націскам паўстанцаў (500—800 чал.) урадавыя войскі (2 роты салдат і каля 100 казакоў) адступілі. У Пружанскім пав. ў крас. быў сфарміраваны атрад Ф.​Влодэка, у Слонімскім пав. дзейнічаў атрад Ф.​Юндзіла (каля 250 чал.). У Кобрынскім пав. 25 крас. — 1 мая створаны атрад Р.Траўгута (Кракаўскага), да якога ў маі далучыўся брэсцкі атрад на чале з Я.Ваньковічам (Лялівам). У Брэсцкім пав. сфарміраваны атрад Стасюкевіча (каля 300 чал.). На тэр. Гродзенскай і Аўгустоўскай губ. дзейнічаў таксама атрад Тышкі (каля 100 чал.), у Гродзенскай пушчы з лют. 1863 — атрад Л.Нарбута (пасля яго гібелі атрад ўзначальваў К.Парадоўскі, у ім змагаліся М.Э.Андрыёлі і Ф.Багушэвіч). На тэр. губерні дзейнічалі і больш дробныя атрады. Самая вял. бітва адбылася ў маі 1863 каля в.Мілавіды (гл. Мілавідская бітва 1863). Асаблівасцю Гродзенскіх паўстанцкіх атрадаў было адносна шырокае прадстаўніцтва ў іх сялян. Атрады захоплівалі павятовыя канцылярыі, знішчалі дакументы, вярталі сялянам сабраныя падаткі, а казённыя грошы пад распіску бралі на патрэбы атрада. У канцы лета — пач. восені 1863 паводле рашэння Выканаўчага аддзела Літвы ўзбр. барацьба на тэр. Беларусі і Літвы, у т. л. ў Гродзенскай губ., спынена. Рэшткі Гродзенскіх паўстанцкіх атрадаў адышлі ў Падляшша, дзе пэўны час працягвалі барацьбу.

т. 5, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕ́ННАВУ́ГАЛЬНАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД), карбон,

геалагічная сістэма палеазойскай эратэмы (групы эры). Адпавядае 5-му перыяду палеазойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Падсцілаецца адкладамі дэвонскай сістэмы (перыяду), перакрываецца адкладамі пермскай сістэмы (перыяду). Пачалася каля 350 млн. гадоў назад і доўжылася больш за 65 млн. гадоў. Падзяляецца на ніжні, сярэдні і верхні аддзелы; у ніжнім вылучаюць турнейскі, візейскі і серпухаўскі ярусы, у сярэднім — башкірскі і маскоўскі, у верхнім — касімаўскі і гжэльскі. У рэгіянальнай стратыграфічнай схеме кам.-вуг. адкладаў Беларусі на падставе вывучэння выкапнёвых фарамініфераў, брахіяпод, астракод і рэшткаў раслін (спораў) вылучаны (1981) больш дробныя стратыграфічныя адзінкі — світы і слаі.

Арганічны свет у кам.-вуг. перыяд, як і ў дэвонскі, заставаўся багатым і разнастайным. У морах пераважалі фарамініферы, ганіятыты, брахіяподы, каралы, крынаідэі, астракоды, імшанкі, канадонтаносьбіты і інш., у прэсных вадаёмах — рыбы, малюскі, філаподы. На сушы з наземных пазваночных жылі стэгацэфалы, актыўна рассяляліся насякомыя і павукападобныя, з’явіліся прымітыўныя паўзуны. На сушы пераважалі споравыя, асабліва дзеразовыя, членістасцябловыя, папарацевыя расліны. Гіганцкія наземныя дрэвы (лепідадэндраны, каламіты, сігілярыі і інш.) у прыбярэжных азёрах і балотах ва ўмовах вільготнага цёплага клімату ўтваралі буйныя радовішчы каменнага вугалю, зялёныя водарасці прэсных вадаёмаў — паклады сапрапелевых вуглёў і гаручых сланцаў. З адкладамі К.с.(п.) на Зямлі звязаны радовішчы нафты і газу, жалеза, баксітаў, поліметалаў і інш. Адклады К.с.(п.) вядомы на ўсіх кантынентах.

На тэр. Беларусі кам.-вуг. адклады пашыраны на ПдУ (Прыпяцкі прагін) і на крайнім ПдЗ (Валынская манакліналь). Іх фарміраванне адбывалася пераважна ў марскіх умовах. Змена марскіх і кантынентальных умоў звязана з тэктанічнымі рухамі ў эпоху герцынскай складкавасці. Найб. поўны разрэз адкладаў К.с.(п.) ускрыты свідравінамі ў Прыпяцкім прагіне, дзе іх магутнасць вагаецца ад некалькіх метраў (на саляных купалах) да 1000 м і больш (у міжкупальных паглыбленнях). Прадстаўлены ў асноўным пясчана-гліністымі і глініста-карбанатнымі пародамі турнейскага, візейскага, серпухаўскага, башкірскага і маскоўскага ярусаў ніжняга і сярэдняга аддзелаў. Адклады верхняга аддзела (пераважна гліны, аднесеныя да ніжняй ч. касімаўскага яруса) маюць лакальнае пашырэнне і нязначную магутнасць. На крайнім ПдЗ адклады К.с.(п.) прадстаўлены глініста-карбанатнымі пародамі (магутнасцю да 90 м) верхняй ч. візейскага яруса. З тоўшчамі карбону звязаны паклады баксітавадаўсанітавых руд, каменных і бурых вуглёў, анамаліі рэдкіх элементаў.

Літ.:

Материалы по стратиграфии Белоруссии. Мн., 1981;

Решение Межведомственного регионального стратиграфического совещания по среднему и верхнему палеозою Русской платформы: Каменноугольная система. Л., 1990.

С.​А.​Кручак.

т. 7, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ФАР, скрыня,

драўляная ёмістасць для захоўвання тканін, адзення, бялізны і каштоўнасцей; від мэблі. У К. збіралі пасаг маладой, а ў час вяселля перавозілі яго ў дом маладога. У сярэдневякоўі вядомы і як сховішча каштоўнай цэхавай маёмасці. Меў выгляд масіўнай нізкай драўлянай ці метал. скрыні з плоскім ці пукатым векам, часта па-мастацку акаванай, з унутр. замком складанай канструкцыі. У магнацкіх і мяшчанскіх інтэр’ерах — вял., драўляныя, з акоўкай па кантах, фарбаваныя ў чорны ці зялёны колер. У бел. сял. інтэр’еры пашыраны з 19 ст., замяніў кублы. Выраб К. часта набываў характар промыслу. Іх рабілі з хваёвых ці яловых дошак, на фігурных падстаўках-ножках, часта на драўляных ці каваных колцах, па баках мацавалі ручкі, на пярэдняй сценцы — унутр. замок ці зашчапку для вісячага. Часта К. аздаблялі маст. акоўкай у выглядзе жал. ці бляшаных палос з фігурнымі краямі. Акоўку мацавалі на кантах, пярэдняй сценцы і веку (давыд-гарадоцкія куфры). Пад уплывам зах.-еўрап. барочных форм К. набылі пукатае века, часам звужаную ўнізе форму. Простая аднатонная афарбоўка саступіла месца дэкар. размалёўцы, пераважна фляндроўцы, якая імітавала каштоўныя пароды драўніны. З пач. 20 ст. ў многіх рэгіёнах пашыраны К. з маст. размалёўкай расл. характару. На Зах. Палессі перавагу аддавалі сакавітым малюнкам у выглядзе букетаў і гірляндаў кветак, якія кампанаваліся ў квадратах і прамавугольніках, утвораных палосамі акоўкі ці фляндроўкі. Малюнкі наносілі ад рукі, часам з дапамогай трафарэтаў. Багаццем кампазіцыі, гармоніяй і сакавітасцю каларыстыкі вызначаюцца агоўскія куфры. На Гродзеншчыне і З Віцебшчыны пераважала «цацкаванне» — нанясенне ўзору на афарбаваную паверхню К. з дапамогай штампікаў з бульбы ці рэпы. Дробныя геам. і расл. матывы (зоркі, разеткі, лісточкі, крыжыкі) белага, жоўтага, чырвонага колераў наносілі ў выглядзе палос уздоўж акоўкі ці кругоў між ёю на сінім або вішнёвым фоне. На У Беларусі на вішнёвым фоне малявалі прамую ці косую сетку з чорных палос, часам аздаблялі прадрапваннем у выглядзе геам. і расл. арнаменту (Чачэрскія куфры). У сучасным вясковым побыце К. страціў былую ролю. З 1950-х г. вытв-сць К. амаль спынілася. Паводле матываў дэкору традыц. К. размалёўваюць маленькія сувенірныя куфэркі (Брэсцкая ф-ка сувеніраў, Жлобінская ф-ка інкрустацыі і інш.).

Я.​М.​Сахута, А.​Ю.​Лозка.

Куфар з вёскі Агова Іванаўскага раёна Брэсцкай вобл. 1940-я г.
Куфар з Лідскага раёна Гродзенскай вобл. Канец 19 ст.

т. 9, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАМЕ́ШЧЫКІ,

дваране-землеўладальнікі ў Расіі ў канцы 15 — пач. 20 ст. Першапачаткова П. наз. дваран, якім вял. князь (з 1547 цар) даваў, пры ўмове службы яму, зямлю з сялянамі — памесце (гл. Памесная сістэма). Указ «аб адзінаспадчыннасці» (1714) зліў памесці з вотчынамі ў адзіны від дваранскай уласнасці — «нерухомыя маёмасці», або маёнткі. Тэрміны «памесце» і «П.» працягвалі ўжывацца як сінонімы слоў «маёнтак» і «дваране-землеўласнікі». Маніфест аб вольнасці дваранства 1762 дазволіў дваранам пакідаць службу і займацца гаспадаркай у маёнтках. Да адмены прыгоннага права (1861) паказчыкам багацця П. была колькасць «душ» прыгонных сялян, якімі яны валодалі. У 1860 103,2 тыс. рас. П. валодалі 10,7 млн. душ сялян. 43,7% прыгонных належалі 3,8% П. (1000 і болей душ у кожнага), дробнапамесныя П. (100 і менш душ) валодалі толькі 3,2% сялян, хоць самі складалі 41,6% усіх П. З адменай прыгоннага права паказчыкам дабрабыту П. стала валоданне зямлёй. Б.ч. іх поўнасцю або часткова здавала зямлю ў арэнду сялянам, іншыя здолелі наладзіць капіталіст. гаспадарку, якую вялі сіламі наёмных работнікаў. З прычыны разарэння многіх П. і набыцця зямлі прадстаўнікамі інш. саслоўяў працэнт дваранскіх зямель за 1861—1907 паменшыўся з 95% да 44%. У 1905 налічвалася каля 30 тыс. сем’яў П., большасць з якіх былі дробнапамеснымі. Да 1917 9—10% П. валодалі 70—73% усіх дваранскіх зямель. Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 ліквідавала П. як клас, іх землі нацыяналізаваны дэкрэтам аб зямлі (9.11.1917). У л-ры П. часам называюць буйных землеўласнікаў Рас. імперыі незалежна ад іх саслоўнай прыналежнасці, а таксама буйных землеўласнікаў феад. і паўфеад. тыпу ў інш. краінах.

На Беларусі паводле 10-й рэвізіі (1859) былі 9072 П., яны мелі 1 146 712 прыгонных сялян мужчынскага полу. З іх дробныя П. (да 100 душ на ўладальніка) складалі 73,3% і валодалі 16,5% прыгонных; буйныя П. (больш за 500 душ) складалі 4,2%, але мелі 44,4% прыгонных. У бел.-літ. губернях у канцы 1850-х г. паншчыну выконвалі 92,3% прыгонных. З сярэдзіны 19 ст. П. ўсё часцей закладалі ў крэдыт сялян сваіх маёнткаў, у 1856 на Беларусі было закладзена 56,5% сялян. Пасля адмены прыгону працэс памяншэння дваранскай зямлі ў бел. губернях адбываўся больш павольна, чым у астатніх губернях Расіі, бо з-за антырас. настроенасці шляхты царскі закон 1865 забараніў палякам набываць зямлю ў Зах. краі.

т. 12, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дро́бны

1. ме́лкий;

~ная ры́ба — ме́лкая ры́ба;

д. дождж — ме́лкий дождь;

дро́бныя кро́кі — ме́лкие шаги́;

2. (экономически слабый) ме́лкий;

д. ўла́снік — ме́лкий со́бственник;

~ная гаспада́рка — ме́лкое хозя́йство;

3. мелочно́й;

д. тава́р — мелочно́й това́р;

4. (о деньгах) ме́лкий;

~ныя гро́шы — ме́лкие де́ньги; ме́лочь;

5. (ничтожный, пошлый) ме́лкий;

д. чалаве́к — ме́лкий челове́чишка;

6. только мн. (о детях) ма́ленькие; ма́лые;

~ныя дзе́ці — ма́ленькие (ма́лые) де́ти;

7. (незначительный) пустяко́вый, пустя́чный; ме́лочный;

~ныя кры́ўды — пустяко́вые (пустя́чные) оби́ды;

~ныя прыдзі́ркі — ме́лочные приди́рки;

8. (о почерке, тексте) убо́ристый;

9. (о лице) с ме́лкими черта́ми;

10. (частый) дро́бный;

~ная буржуазі́я — ме́лкая буржуази́я;

рассыпа́цца ~ным ма́кам — рассыпа́ться ме́лким бе́сом

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Бабура, бабурка ’макрыца, сараканожка’ (Нас., Інстр. II, Інстр. лекс.). Да ба́ба1? Тады маем справу з табуістычнай назвай. Непрыемныя жывёлы, насякомыя часта носяць назвы, утвораныя ад ба́ба (магчыма, у значэнні ’чарадзейка’). Параўн. укр. бабин пес, бабин вовк ’касматая гусеніца’. Але не выключаецца, што бабу́ра — вытворнае ад вядомай слав. асновы bab‑ (bǫb‑, bob‑; аб гэтым Попавіч, ЈФ, 19, 159–171; параўн. таксама Мяркулава, Очерки, 36–37), якая служыць для абазначэння круглых прадметаў. Дакладная адпаведнасць бел. слову — серб.-харв. ба̀бура ’макрыца’, але, напэўна, гэта незалежныя ўтварэнні. Параўн. таксама рус. назвы насякомых: бабу́ра ’матыль’, бабу́рка ’матыль, страказа; дробныя насякомыя’ (другую этымалагічную версію, здаецца, падтрымлівае існаванне рус. бабу́рка ’бутон кветкі; пупышка’ і г. д.).

Бабура, бабурка ’матыль’ (Інстр. лекс.). Параўн. і ба́бка ’матыль; страказа’. У рус. мове: бабу́ра ’матыль’, бабу́рка ’страказа; матыль’. Паходжанне няяснае. Або да ба́ба ’жанчына, бабуля’ (суф. ‑ура, гл. ба́бка, ба́бачка ’матыль’, там аб матывацыі) або да слав. асновы *bab‑ (гл. бабу́р ’малады акунь’). Паколькі справа ідзе аб аснове, якая звычайна выказвае паняцце круглага, галавастага, можна меркаваць, што першапачаткова бабу́ра азначала страказу (вялікая галава, тонкае тулава), а потым была перанесена на іншых лятаючых насякомых (матыля).

Бабура, бабурка ’расліна’ (Інстр. лекс.) (якая?). Параўн. рус. бабу́р, бабу́ра ’від грыба’, бабу́рка ’бутон кветкі; пупышка’ (да назвы і словаўтварэння гл. Мяркулава, Очерки, 180). Бясспрэчна, да вядомай асновы баб-, але семантычная матывацыя няясная; аб гэтым гл. Мяркулава, там жа.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пе́рхаць1, пя́рхаць, по́рхацьдробныя лусачкі рагавых клетак скуры галавы’ (ТСБМ; Сл. ПЗБ; ЛА, 3), ’шалушэнне (скуры)’ (мін., віц., маг., гом., ЛА, 3); перхаць, пе́рхыць, перьхаць, пэрхоць, порхаць ’перхаць у жывёл’ (ЛА, 1), перхута́, пархота́ (навагр., пін., там жа). Рус. перхоть, перх, перша, польск. pjerch, parch(y), каш. pjëřx, н.-луж. sṕerchliny, в.-луж. pjerchizny, славен. perhọ̑t, prhȗt, pŕha, prhȃj, prhljȃj, prhȃlj, серб.-харв. пр̏хут, макед. пршај, балг. пъ́рхот. Прасл. *pьrxotь і *pьrxutь, роднаснае лат. pā̀rsla ’сняжынка’, ’касмыль воўны’, ст.-ісл. fors ’вадапад’, ст.-інд. pŕ̥ṣant‑ ’стракаты, апырсканы’ (Шмід, Voc. 2, 28–29, 501; Траўтман, 206; Мюленбах-Эндзелін, 3, 176; Младэнаў, 539; Фасмер, 3, 248). Параўноўваюць яшчэ лат. porrīgo ’парша, струп’ (Эрліх, Zur indogerm. Spr., 77; Вальдэ-Гофман, 2, 342), што Сной (гл. Бязлай, 3, 120) дапускае магчымым. Мяркулава (Этимология–1970, 152–153) на падставе дыялектных рус. пск. пе́рхнуць, пе́рхать, першить ’лушчыцца’, першастый ’няроўны, шурпаты’ рэканструюе на прасл. узроўні *pьrxnąti, *pьršiti, *pьrxъ, *pьrša, *pьrxotь, *pьrxątь.

Пе́рхаць2 ’сутаргава, залішне часта пакашліваць ад раздражнення ў горле’ (ТСБМ, Яруш., Шат., Растарг., Сцяшк. Сл., маладз., Янк. Мат.; навагр., Жыв. сл.), ’кашляць лёгкім сухім кашлем’ (Варл.), перхэ́каць ’тс’ (Растарг.), прэ́хатэ ’тс’ (драг., Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.), сюды ж перхата́ ’кашаль’ (Інстр. 2), пе́рхъла, пірхе́къла ’хто часта кашляе’ (міёр., З нар. сл.). Укр. пи́рхати ’пырхаць, пыхкаць’, рус. паўд. перха́ть ’пакашліваць’, перхану́ть ’кашлянуць, папярхнуцца’, польск. prychać ’фыркаць, пырхаць’, славен. pȓhati, балг. пръ́хам, пръхтя ’тс’. Гукапераймальнае.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пы́рскаць ’крапіць’ (Нас., Шымк. Собр., ТСБМ, Шат., Бяльк.; брасл., Сл. ПЗБ; ашм., Стан.; Растарг.), ’гаварыць з запалам’ (Жд. 2), ’пырхаць, ціха смяяцца’ (Жд. 3), пы́рскацца ’задавацца’ (смарг., Сл. ПЗБ), пы́рскнуць ’пакрапіць’ (Шат.), ’кінуцца’ (шальч., Сл. ПЗБ), выклічнік пырсь (Нас.; мсцісл., Нар. лекс.), пы́рскідробныя кроплі вады’ (ТСБМ, Варл., Шат., Бяльк., Стан.), пырсклівы ’гультаяваты’ (смарг., Сл. ПЗБ), пыршча́ць ’імжэць (пра дождж)’ (Шат.), укр. пи́рскати ’пырскаць, пырхаць’, рус. пы́рскать ’тс’, польск. parskać ’тс’, чэш. prskati ’тс’, славац. prskať ’тс’, в.-луж. porskać ’тс’, н.-луж. parskaś ’тс’, славен. pŕskati ’пырскаць (слінай), пырхаць’, серб.-харв. пр́скати ’тс’, балг. пръ́скам ’тс’, макед. прска ’пырскаць, крапіць; узрывацца’. Прасл. *pъrskati ’пырскаць, пырхаць’ чаргуецца з *porskati (гл. порскаць), параўн. літ. pur̃kšti ’пурхаць, фыркаць, імжэць’, лат. pùrskât ’тс’; узыходзіць да асновы і.-е. *per‑s‑ ’імжэць, пырскаць’ (Бязлай, 3, 129; Фасмер, 3, 334; 420); Банькоўскі (2, 504) мяркуе пра зыходнае прасл. *pṛ‑sk‑, што тлумачыць варыянтнасць ст.-польск. pyrskać, другасных pryskać, parskać. Смаль–Стоцкі (Приміт., 169) гукаперайманне для “хуткага акраплення” укр. прись‑прись трактуе як выгук пастухоў (няўпэўнена звязвае з пріч ’прэч’), што дазваляе пагадзіцца з Трубачовым аб магчымай “ранняй семантыцы” ’апладняць’ для дзеясловаў з асновамі *pъrk‑, *pъrl‑, *pъrsk‑ (Зб. памяці Талстога, 312), параўн. рус. при́скать ’тс’, серб.-харв. пр̏скати ’тс’, славен. pŕskati ’спарвацца (пра коз)’, чэш. мар. prskati se ’тс’. Бязлай (3, 129) лічыць *pъrskati ’тс’ інтэнсівам да прасл. *pъrkati ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Спі́ца ‘адзін з драўляных або металічных стрыжняў, які злучае калодку кола з вобадам’ (ТСБМ, Бяльк., Маш., Маслен., Дэмб. 2, Пятк. 2, Сл. ПЗБ, ТС), ‘стрыжань’ (ТСБМ), ‘шыла для пляцення лапцей’ (ТСБМ, Бяльк., ЛА, 4, Сл. ПЗБ), ‘стрэмка’, ‘драўляны цвік, якім змацоўваюць бярвенні’, ‘калок, які забіваюць у хвою пад борць; спічак, на якім трымаецца ў вуллі вашчына і пад.’ (ТС). Укр. спи́ця, шпи́ця, рус. спи́ца, ст.-рус. стъпица ‘ткацкі чаўнок; кол’, стьпи́ца, польск. szpica, śpica, в.-луж. stpica, stwica, чэш. špice, н.-луж. špica, ст.-чэш. stpica, славац. spica, серб.-харв. спи̏ца, славен. špíca ‘спічак, стрыжань’. Прасл. дыял. *stъpica ‘тонкі кавалак дрэва’, ‘спіца ў коле’ роднаснае лат. stups, stupe ‘памяло’, stupas ‘пух; дробныя галінкі’, ст.-інд. stupes ‘чуб’, грэч. στοπός ‘палка, ручка, сцябло’; праславянскі дыялектызм набліжаюць да літ. stìpinas ‘спіца’, мн. л. stipinaĩ ‘падпоркі ў саней’, stiprùs ‘моцны, здаровы’, лат. stiprs ‘тс’, с.-в.-ням. stīf ‘жорсткі; прамы’. Гл. Траўтман, 287; Махэк₂, 621; Мюленбах-Эндзелін, 3, 1108; Фасмер, 3, 735; Шустар-Шэўц, 1362. Параўнанне ці вывядзенне з ням. Spitze ‘вастрыё’ (Міклашыч, 317; Карскі, Белорусы, 157) або з ням. spitz ‘востраканцовы’ (Праабражэнскі, 2, 365) Фасмер (тамсама) лічыць беспадстаўным; гл. таксама Скок, 3, 310; Бязлай, 4, 98–99. Сяткоўскі (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 330) дапускае змяшэнне *stъpica ‘спіца ў калясе’, ‘калок’ з запазычаннем з нямецкай. Сюды ж спі́цка ‘касцяное шыла для падплятання лапцей’ (Касп., ЛА, 4), спіца́к ‘тс’ (ЛА, 4), ‘малаток для драблення камянёў’ (Скарбы).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

падзялі́цца, ‑дзялюся, ‑дзелішся, ‑дзеліцца; зак.

1. Распасціся, раздзяліцца (на часткі, групы і інш.). Кіеўская Русь падзялілася на дробныя княствы. □ Калона падзялілася на дзве палавіны і рушыла ў фальварак, туляючыся паміж тоўстых камлёў прысад. Колас. Дзеці падзяліліся на два лагеры. Бядуля.

2. Размеркавацца пэўным чынам. Нашы функцыі падзяліліся.

3. Зрабіць падзел маёмасці, гаспадаркі. Браты падзяліліся. □ Ужо сам бацька пачаў пагаварваць аб тым, каб падзяліцца. Маўр.

4. Аддаць каму‑н. частку таго, што маеш. Падзяліцца грашамі. Падзяліцца запасам з таварышам. □ Ігнась дастаў з свайго мяшка сухары і таксама падзяліўся з хлопцамі. Чарнышэвіч. Калі ў твой дом пастукае бяда, Апошняю скарынкай падзялюся. Грахоўскі.

5. перан. Не супасці (пра думкі, погляды і пад.). — А скажыце, — парушыў.. [Нявідны] маўчанне, — Нічыпар Барэйка дома ці не? — Галасы хлопцаў падзяліліся. Адны казалі дома, другія — не. Колас.

6. перан. Паведаміць аб сваёй рабоце, планах, перадаць свой вопыт. Паходня падзяліўся з Янукевічам сваімі папярэднімі планамі. Хадкевіч. // Расказаць аб сваіх пачуццях, уражаннях і пад. Звычайна чалавеку лягчэй робіцца, калі ён падзеліцца сваім горам-бядой з другім чалавекам. Няхай. А што мне шчасця зычыць? Я шчаслівы. І гэтым шчасцем шчодра падзяліцца Гатоў з людзьмі, што скардзяцца на лёс... Панчанка.

7. У матэматыцы — не даць астачы пры дзяленні. Семдзесят падзеліцца на пяць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)