ГІДРАТЭХНІ́ЧНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ,

інжынерныя збудаванні для выкарыстання водных рэсурсаў або барацьбы са шкодным уздзеяннем воднай стыхіі. Бываюць агульныя (выкарыстоўваюцца ў розных галінах воднай гаспадаркі) і спецыяльныя (у адной галіне). Агульныя гідратэхнічныя збудаванні: водападпорныя (плаціны, дамбы); водапрапускныя (водазаборныя збудаванні, вадаскіды, у т. л. вадазлівы і вадаспускі, вадаводы, у т. л. трубаправоды, гідратэхнічныя тунэлі, каналы, латакі) і рэгуляцыйныя збудаванні (гаці, паўгаці, агараджальныя валы, донныя парогі, берагаўмацавальныя збудаванні і інш.). Спецыяльныя гідратэхнічныя збудаванні: збудаванні для выкарыстання энергіі вады (будынкі гідраэлектрычных станцый, напорныя басейны, ураўняльныя рэзервуары і інш.); збудаванні воднага транспарту (суднаходныя шлюзы, суднападымальнікі, докі, прычалы, пірсы, лесаспускі і інш.); рыбагаспадарчыя (рыбапрапускныя збудаванні, рыбападымальнікі, рыбаводныя сажалкі і інш.); гідрамеліярацыйныя збудаванні; збудаванні для водазабеспячэння і каналізацыі (помпавыя станцыі, воданапорныя вежы, каптажы, ачышчальныя збудаванні, у т. л. аэратэнкі і інш.).

Гідратэхнічныя збудаванні падзяляюцца таксама на рачныя, азёрныя, марскія і сеткавыя (размешчаныя на каналах асушальных, арашальных і абвадняльных сістэм); наземныя і падземныя. Пры неабходнасці іх аб’ядноўваюць у гідравузлы. У залежнасці ад асн. матэрыялу, з якога ўзводзяцца гідратэхнічныя збудаванні, адрозніваюць земляныя, каменныя, каменна-земляныя, бетонныя, жалезабетонныя, драўляныя, металічныя, з прагумаваных тканін і з сінт. матэрыялаў; у залежнасці ад спосабу ўзвядзення — насыпныя, намыўныя, выбухова-накідныя (робяцца накіраваным выбухам), маналітныя, зборныя і камбінаваныя. Пастаянныя гідратэхнічныя збудаванні (выкарыстоўваюцца на працягу ўсяго перыяду эксплуатацыі) падзяляюцца на 4 класы капітальнасці, часовыя (выкарыстоўваюцца толькі ў перыяд буд-ва і рамонтаў, напр. перамычкі, адвадныя каналы і тунэлі, свідравіны для паніжэння ўзроўню грунтавых вод) адносяцца да 5-га класа. Буд-ва і выкарыстанне гідратэхнічных збудаванняў складаецца з 4 этапаў: вышуканні (вывучэнне рэльефу мясцовасці ў раёне буд-ва, гідралагічных характарыстык вадацёку, геал. будовы, клімату і інш.); праектавання (вызначэнне на аснове даных вышуканняў і водагасп. задачы асн. памераў і матэрыялаў збудаванняў, іх разлікі, выбар метадаў буд-ва); арганізацыя і правядзенне буд. работ у адпаведнасці з праектам збудаванняў; эксплуатацыя гідратэхнічных збудаванняў (кіраванне іх работай, нагляд за станам, бягучыя і капітальныя рамонты). Пры праектаванні выконваюць гідраўлічныя, гідратэхн. (фільтрацыйныя) і статычныя разлікі. Для адказных гідратэхнічных збудаванняў пры праектаванні робяць таксама лабараторныя даследаванні на мадэлях.

На Беларусі даследаванні і распрацоўку метадаў разліку гідратэхнічных збудаванняў вядуць Цэнтр. НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў, Бел. НДІ меліярацыі і лугаводства, БПА і інш. Гл. таксама Гідратэхніка, Гідратэхнічнае будаўніцтва.

Літ.:

Чугаев Р.Р. Гидротехнические сооружения. Ч. 1—2. 2 изд. М., 1985;

Гидротехнические сооружения: Справ. проектировщика. М, 1983;

Гидротехнические сооружения. М., 1985.

Г.​Г.​Круглоў.

Гідратэхнічныя збудаванні: а — паверхневы плоскі гідратэхнічны затвор (1 — бык, 2 — цяга, 3 — затвор); б — сярэдненапорны вежавы вадаскід (1 — затвор, 2 — вежа, 3 — земляная плаціна, 4 — трубы).
Гідратэхнічныя збудаванні: 1 — плаціна гідраэлектрастанцыі; 2 — стацыянарная помпавая станцыя на арашальнай сістэме; 3 — басейны садковай рыбнай гаспадаркі.

т. 5, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭ́ПАСЦЬ,

умацаваны пункт з пастаянным гарнізонам, узбраеннем і прыпасамі, прызначаны для кругавой доўгатэрміновай абароны ва ўмовах аблогі. Асн. абарончыя элементы К.: земляныя валы, равы, драўляныя ці мураваныя сцены і вежы з байніцамі, брамы, барбаканы, бастыёны, равеліны і інш. Падзяляліся на сухапутныя і марскія (прыморскія).

Правобразамі К. былі ўмацаваныя паселішчы першабытнай эпохі. У рабаўладальніцкіх дзяржавах многія гарады былі адначасова і К. (Карфаген, Рым, Канстанцінопаль). Для прыкрыцця граніц К. будавалі ў Стараж. Егіпце, Рыме, Асірыі, Вавілоне, Персіі і інш.

У сярэдневякоўі ў Зах. Еўропе выгляд К. набылі ўмацаваныя замкі феадалаў, гарады і манастыры. На Русі буд-ва К. пачалося ў 10—11 ст. з мэтай абароны насельніцтва гарадоў і навакольных раёнаў.

На Беларусі тэрмін «К.» у сучасным яго разуменні вядомы з 18 ст. Раней К. называлі водныя перашкоды, балоты, высокія схілы, якія ахоўвалі паселішчы. У 11—13 ст. функцыі К. адыгрывалі некат. парубежныя гарады (Мінск, Гродна, Камянец, Кукенойс, Герцыке). Асновай іх абароны былі дзядзінцы. Другую лінію абароны складалі ўмацаванні вакольнага горада. Вузлавымі пунктамі абароны гарадоў з’яўляліся замкі, умацаваныя манастыры і кляштары. У 15—17 ст. некат. бел. гарады (Магілёў, Мсціслаў, Віцебск, Полацк) адыгрывалі ролю парубежных К. Іх абарончыя ўмацаванні звычайна складаліся з некалькіх паясоў магутных фартыфікацыйных збудаванняў вакол горада. У функцыян. адносінах значна бліжэй да К. былі ўмацаваныя гарадкі-астрогі Туроўля, Сітна, Суша, Сокал, Казьян і інш., пабудаваныя ў 16 ст. на Полаччыне. Пад уплывам італьян. і галандскай фартыфікацыі з 2-й пал. 16 ст. на Беларусі пашырылася буд-ва бастыённай сістэмы ўмацаванняў. Сярод К. новага тыпу вылучаліся Магілёў, Быхаў, Ляхавічы, Нясвіж, асабліва Слуцк, які да канца 18 ст. называлі «бастыёнам Вялікага княства Літоўскага». На Беларусі крапаснымі збудаваннямі былі таксама многія цэрквы, у т. л. Мураванкаўская царква-крэпасць, Супрасльская царква-крэпасць, Сынковіцкая царква-крэпасць, жылыя дамы — Гайцюнішскі дом-крэпасць, Гродзенскі новы замак. Традыц. драўляна-земляныя збудаванні паступова трацілі сваё стратэг. значэнне. Павелічэнне далёкасці і магутнасці агню артылерыі прывяло да ўзнікнення ў 19 ст. фортавай К., якая складалася з т. зв. ядра (звычайна старой К.) і вынесеных уперад на 2—3 км асобных фортаў на адлегласці 1,5—2 км адзін ад аднаго. Такія ўмацаванні мелі Бабруйская крэпасць і Брэсцкая крэпасць. У 1914 на тэр. Еўропы было больш за 150 разнастайных К. У перыяд паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі, з развіццём узбраення і ваен. тэхнікі, усе краіны адмовіліся ад фортавых К. і пачалі ствараць умацаваныя раёны і палосы. Гл. таксама Абарончыя збудаванні.

Літ.:

Rogalski M., Zaborowski M. Fortyfikacja wczoraj i dziś. Warszawa, 1975;

гл. таксама пры арт. Абарончыя збудаванні.

М.​А.​Ткачоў.

Схема Брэсцкай крэпасці. 1941.
Крэпасць Туроўля. 1566—67.

т. 8, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАФІ́ЗІКА (ад грэч. «Meta ta phisica» пасля фізікі),

1) частка, галіна філасофіі, прысвечаная гал. абстрактным праблемам чалавечага быцця і пазнання. Тэрмін «М.» паходзіць ад назвы зборніка філас. прац Арыстоцеля, якія складалі «першую філасофію», г.зн. лічыліся ўласна філас. працамі і паводле свайго прадмета адрозніваліся ад «фізікі» як навукі аб свеце канкрэтных рэчаў і з’яў. У працэсе эвалюцыі М. паступова траціла сувязь з рэчаіснасцю і накіроўвала намаганні на абстрактны пошук нейкай агульнай першаснай асновы ўсяго існага незалежна ад акрэсленых форм яго існавання ў прасторы і часе. Панаванне метафіз. поглядаў характэрна для сярэдневяковай філас. думкі, калі М. прэтэндавала на месца асобай «навукі» аб звышпачуццёвай сутнасці свету і абгрунтоўвала думку пра яго боскае паходжанне. Адыход ад элементаў аб’ектыўных ведаў аб чалавеку і яго прыродным і сац. асяроддзі, а таксама канструяванне штучных уяўленняў аб свеце прывялі да ператварэння М; ў схаластыку. Зацікаўленасць грамадства ў навук. філас. асэнсаванні рэчаіснасці і дасягненнях прыродазнаўчых навук суправаджалася вызваленнем філасофіі ад метафіз. падыходаў. Аб’ект метафіз. разважанняў быў абмежаваны выключна з’явамі, якія былі недаступныя чалавечаму вопыту і атаясамліваліся з звышпрыродным пачаткам. Элементы М. ёсць у некат. кірунках сучаснай філасофіі, у сцвярджэннях пра існаванне «вышэйшай», г.зн. звышпачуццёвай рэчаіснасці, пра немэтазгоднасць і немагчымасць навук. пазнання сутнасці прыродных і грамадскіх працэсаў.

2) Метад мыслення, які супрацьстаіць дыялектыцы. У гэтым сэнсе паняцце М. ўпершыню выступае ў філасофіі Г.​Гегеля, дзе метафіз. падыход да рэчаў і з’яў у адрозненне ад дыялектычнага лічыцца абмежаваным і не дазваляе раскрыць іх супярэчнасці, а таксама паказаць працэс развіцця паняццяў, таму што абапіраецца на канчатковыя адназначныя высновы. Паводле Гегеля. М. з’яўляецца недастатковай, але ў той жа час неабходнай умовай працэсу пазнання. Выкарыстанне ў навуцы метафіз. метаду з гіст. пункту гледжання было апраўданым у 17—18 ст., калі навука займалася збіраннем фактаў і расшчапляла прыроду на асобныя часткі. У 2-й пал. 19—20 ст. назіраецца негатыўнае стаўленне вучоных да М., што тлумачыцца пераходам навукі да абагульнення набытых навук. звестак, пранікненнем у глыбіню аб’ектаў пазнання і даследаваннем заканамерных сувязей паміж імі. Метафіз. метад абсалютызуе знешняе ўзаемадзеянне паміж аб’ектамі і ў той жа час недаацэньвае ўнутр, вытокі развіцця, у першую чаргу супярэчлівасць саміх аб’ектаў. На працягу 20 ст. М. як метад пазнання выступае ў некаторых кірунках сучаснай філасофіі (фенаменалогія, экзістэнцыялізм, рэалізм), а таксама ў тэалогіі.

Літ.:

Аристотель. Метафизика // Соч. М., 1976. Т. 1;

Ленін У.І. Філасофскія сшыткі // Тв. Т. 38 (Полн. собр. соч. Т. 29);

Вартофский М. Эвристическая роль метафизики в науке: Пер. с англ. // Структура и развитие науки М., 1978;

Исторические типы философии. М., 1991;

Мир философии. Ч. 1—2. М., 1991;

Boeder H. Topologie der Metaphysik. Freiburg-München, 1980.

В.​І.​Боўш.

т. 10, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Валбу́ка, валбучча ’нарасць на целе, дрэве’ (КТС, КЭС), вальбука ’тс’ (Янк. II). Экспрэсіўнае ўтварэнне, магчыма, кантамінацыя валдыр і букаць ’біць’. Параўн. рус. балбука ’тс’ (Даль, 1, 161), а таксама волвеня, волвенка, волвянка ’грыб’ і ’ўдар, аплявуха’, вал ’нарыў’ (СРНГ, 4, 20).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вахка ’расліна капытнік балотны, Calla palustris L.’ (Кіс., Інстр. II). Запазычанне з рус. вахка (таксама і ў форме вахта) ’Menyanthes’ і ’Calla palustris’, а гэта з угра-фін. моў (параўн. фін. vehka). Падрабязна аб рус. слове гл. Мяркулава, Очерки, 37–38.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Веставы́ ’ардынарац, пасыльны’ (БРС, КТС); ’кур’ер, лістаносец, паштар’ (Бяльк.), укр. вістови́й, вістови́к, рус. вестово́й ’тс’, чэш. věstovýрус. мовы; Траўнічак, 1643). З’яўляецца вынікам ад’ектывацыі на ўсходнеславянскай глебе; параўн. таксама ст.-рус. вѣстовой ’вястун, пасланец, апавяшчальнік, сігнальны’ (з XVII ст.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ве́тры і вятры́ ’нячысцікі’; ’віхры’, рус. маск. ве́тер ’нячыстая сіла’, польск. wiatr, wiater ’персаніфікацыя ветру ў народных паданнях’. Мн. л. да вецер (гл.) з захаваннем старажытнай семантыкі — абагульненая назва нячысцікаў, матываваная разбуральнай сілай ветру, а таксама яго здольнасцю «прыносіць» розныя хваробы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Во́нках ’на дварэ, звонку’ (КТС, Нас., Касп., Бяльк., Др.-Падб., Гарэц., Шн., 2), ст.-бел. вонкахъ, н.-луж. wenkach ’на вуліцы, звонку’. З вонка, вонкі ў форме месн. скл. мн. л. (Карскі 2–3, 77; таксама Трубачоў, Слав. языкозн., 5, 189).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вонь часц. ’вунь’ (Шат., Янк. III, Жд., 1; З нар. сл.), вон‑дзя ’тс’ (Касп.), воньдзека (Янк. I). Рус. вон, дыял. вонь, укр. он ’вунь, там’. Звязана з ён, яна, яно (Праабражэнскі, 1, 95; Фасмер, 1, 348). Гл. таксама вунь.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вы́капаны ’вельмі падобны’ (Юрч., Клім., Шатал.). Запазычана з польск. wykapany ’тс’, якое да капаць (гл.). Параўн. выліты, а таксама фразеалагізмы капачкі, брызачкі, кропелькі падабраць ’быць вельмі падобным’ (Янк. БФ, 180). Месца націску змянілася, відаць, пад уплывам іншых утварэнняў з прыст. вы‑.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)