Като́лік. Параўн. рус. като́лик, укр. като́лик. У помніках ст.-бел. мовы католикъ ’католік’ адзначаецца з канца XVI ст. Паводле Булыкі, Запазыч., 143, яно папала ў ст.-бел. мову непасрэдна з польск. (параўн. польск. katolik ’тс’); польск. слова запазычана (таксама ў XVI ст.) з царкоўнага лац. catholicus ’католік’ (а гэта апошняе з грэч. καθολικός ’агульны’. З лац. мовы непасрэдна запазычаны і ням. Katholik, франц. catholique ’тс’. Гл. Слаўскі, 2, 102–103. Паводле Слаўскага, там жа, з польск. мовы непасрэдна ўзяты (акрамя бел.) таксама рус. като́лик, укр. като́лик. Гл. яшчэ Фасмер, 2, 210; падрабязна Шанскі, 2, К, 96–96.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)