сукупнасць дзеянняў на аснове пэўнай інфармацыі, накіраваных на падтрыманне (ці паляпшэнне) функцыянавання аб’екта ў адпаведнасці з зададзенай праграмай (алгарытмам) або з мэтай функцыянавання; адзін з універсальных прынцыпаў кібернетыкі. К. — аснова функцыянавання многіх тэхн. сістэм, жывых арганізмаў і сац. структур (эканам., адм., ваенных). Асн. праблемы К.: фарміраванне крытэрыяў аптымізацыі, эфектыўныя спосабы апісання станаў і працэсаў, вызначэнне абмежаванняў і іх уплыў на ўласцівасці і характарыстыкі аб’ектаў К., самаарганізацыя, саманавучанне, адаптацыя да ўмоў навакольнага асяроддзя і інш.
Агульныя задачы К.: выбар структур, планаванне работы на розных інтэрвалах часу, аналіз функцыянавання і на яго аснове карэкціроўка планаў, а таксама рэалізацыя планаў і стратэгіі з улікам апрацоўкі інфармацыі аб ходзе іх выканання і выпраўлення парушэнняў, што ўзнікаюць у выніку адхіленняў. Аптымальнае К. забяспечвае экстрэмальнае значэнне прынятага крытэрыю эфектыўнасці. Найб. даследаваны аб’екты К. тэхн. прыроды, якія вывучае аўтаматычнага кіравання тэорыя. Адзначаюць К. з адаптацыяй у сістэме з няпоўнай апрыёрнай інфармацыяй аб кіравальным працэсе (К. змяняецца на аснове атрыманай інфармацыі аб працэсе). Развіваецца таксама тэорыя адаптыўных сістэм К., для якіх за мадэлі нявызначанасці прыняты стахастычныя мадэлі і выкарыстоўваецца статыстыка выпадковых велічынь і працэсаў. Праблемы тэорыі і даследаванняў аўтам. і аўтаматызаваных сістэм К. асвятляюцца ў час.Рас.АН «Автоматика и телемеханика», «Теория и системы управления» (да 1995 «Техническая кибернетика»), а таксама «Весці Нац.АНБеларусі».
У Беларусі даследаванні па пытаннях К. і распрацоўка сістэм К. праводзяцца ў ін-тах тэхн. кібернетыкі і прыкладной фізікі Нац.АН, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Ваен. акадэміі, НВА «Цэнтрсістэм». Гл. таксама Гібкая аўтаматызаваная вытворчасць.
Літ.:
Справочник по теории автоматического управления. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРЭ́ЕНКА (Кастусь) (Канстанцін Ціханавіч; 12.12.1918, в. Гайшын Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. — 15.9.1988),
бел. пісьменнік. Засл. дз. культ.Беларусі (1970). Скончыў Гомельскі пед.ін-т (1940). Працаваў у час. «Беларусь» (1945—62), з 1962 гал. рэдактар час. «Бярозка», у 1972—86 — час. «Полымя». Друкаваўся з 1939. Паэзія К. непарыўна звязана з лёсам свайго пакалення, якое прайшло праз выпрабаванні вайной (зб. «Ранак ідзе», 1945). Тонкая настраёвасць і лірызм у ёй спалучаюцца з узнёслым пачуццём любові да роднай зямлі, са свежасцю і багаццем адценняў перажыванняў: зб-кі «Пасля навальніцы» (1947), «Мая рэспубліка» (1949), «Маякі», «Родны свет» (абодва 1952), «Любоў і дружба» (1955), «Светлая хваля» (1959). Творы больш позняга часу вызначаюцца схільнасцю да абагульненняў, філас. разважанняў над праблемамі часу: кн. «Смага» (1962, Літ. прэмія імя Я.Купалы 1964), «Цёплая радуга» (1966), «Кніга ста песень» (1971, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1972), «Слухайце ластавак» (1974), «Сіні вырай» (1976), «Вёсны веснаваць» (1979), «Дэкрэтам сэрца» (1983), «Калыска вятроў», «Надзея» (абедзве 1985), ліра-эпічная паэма «Трыпутнік» (1976). Аўтар кніг аповесцей і апавяданняў «Ручаіны шукаюць ракі» (1967), «Вандроўнае шчасце. Рыбацкая паэма» (1988), публіцыстыкі «Амерыка здалёку і зблізку» (1971), успамінаў і эсэ «Заўсёды з Радзімай» (1980). Пісаў для дзяцей: паэма «Алёнчына школа» (1951), зб-кі вершаў і паэм «Зялёнае рэха» (1953), «Прысяга» (1969), «Размова з капітанам» (1987), апавяданняў «Алесева кніжка» (1972). На вершы К. напісалі песні М.Аладаў, У.Алоўнікаў, У.Буднік, Ю.Семяняка, С.Палонскі і інш. Перакладаў творы рус., укр., малд., лат. і інш. пісьменнікаў.
Тв.:
Зб. твораў. Т. 1—3. Мн., 1986—88.
Літ.:
Гніламёдаў У. Упоравень з векам. Мн., 1976. С. 196—213;
Гурская А. Адказнасць перад часам: Нарыс творчасці К.Кірэенкі. Мн., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ЎЧЫК (Гальяш) (сапр.Ляўковіч Ілья Міхайлавіч; 20.7.1880, г. Слонім Гродзенскай вобл. — вер. 1944),
бел. пісьменнік. Скончыў Слонімскае пав. вучылішча. З 1896 служыў у Слоніме ў канцылярыі міравога суддзі, пісарам у каморніка. У 1904—14 чарцёжнік у магістраце Варшавы. З 1907 супрацоўнічаў з газ. «Наша ніва». Спрыяў дзейнасці Бел. студэнцкага зямляцтва ў Варшаве, у 1912—14 чл. Варшаўскага бел. гуртка. З сярэдзіны 1920-х г. супрацоўнічаў з Амер. місіяй метадыстаў, пераклаў на бел. мову спеўнікі («Божая ліра», 1933). Пісаў для дзіцячага час. «Заранка» (1927—31). У Варшаве і Слоніме меў багатую б-ку. Калекцыяніраваў публікацыі пра Беларусь, кераміку. Маляваў, іграў, спяваў, збіраў фальклор. Сабраў унікальныя дакументы пра Слонім і Слонімшчыну. З 1908 друкаваў вершы ў «Нашай ніве». У 1912 выдаў у Вільні зб. паэзіі «Чыжык беларускі». Яго рамант. вобразы-сімвалы — алегарычнае ўвасабленне ўціску, крыўды і зла. Асуджэнне адшчапенцаў, прыгнятальнікаў і прыстасаванцаў выказаў у вершы «Хто адрокся сваіх». Асуджаў рэжым польск. улад у Зах.Беларусі. Выступаў за свабоду роднага слова («Душыцелям слова», нап. 1927). Цяжар нар. трагедыі паказаў у «Калыханачцы» («Песні аб астрожнай долі», 1926). У 1932 напісаў філас.-медытацыйныя паэмы ў прозе «Хараство» і «Чалавек». У публіцыстыцы выступаў за права беларусаў на сваю культуру. Перакладаў на бел. мову творы А.Міцкевіча, М.Канапніцкай, Ю.Славацкага, М.Някрасава і інш. Яго зб. «Беларускі жаваранак» не выйшаў з друку (копія ў Аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў б-кі імя Я.Коласа Нац.АНБеларусі).
Тв.:
Доля і хлеб: Выбр.тв.Мн., 1980.
Літ.:
Калеснік У. Лёсам пазнанае. Мн., 1982;
Пятроўскі Я. Мэмуары. Кн. 1. Слуцак;
Гейнсвіль, 1988;
Лойка А. Гісторыя беларускай літаратуры: Дакастр. перыяд. Ч. 2. 2 выд.Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́БАН (Мікола) (Мікалай Паўлавіч; 27.10.1911, в. Чаплічы Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 28.12.1984),
бел. пісьменнік, мовазнавец. Засл. работнік культуры Беларусі (1974). Канд.філал.н. (1953). Скончыў БДУ (1945). У 1944—67 і 1968—75 працаваў у Ін-це мовазнаўства АНБеларусі, у 1967—68 у Гал. рэдакцыі Бел. энцыклапедыі. Друкаваўся з 1930. Першая кніга — аповесць «Іркуцянка» (1953). У трылогіі «На парозе будучыні» (1961—63), «Гарадок Устронь» (1967—68), «Шэметы» (1981) праз выразныя і каларытныя чалавечыя характары адлюстраваў пераломныя перыяды ў гісторыі краіны з пач. 20 ст. (рэвалюцыя, грамадз. вайна, калектывізацыя, барацьба супраць фашызму ў Вял.Айч. вайну). У творы паказана вясковае жыццё ў яго разнастайных, асабліва сац.-быт. праявах, перададзены складаныя і супярэчлівыя тэндэнцыі часу, створана разгалінаванае, напоўненае ўнутр. драматызмам сюжэтнае дзеянне, трапна выкарыстаны жывая нар. мова, экспрэсіўна-выяўленчыя магчымасці дыялектнага слова, стрыманы, лаканічна-дзелавы стыль. Аўтар апавяданняў, мовазнаўчых даследаванняў, эсэ і крытычных артыкулаў па праблемах пісьменніцкага майстэрства, псіхалогіі творчасці (зб. «Пяць раніц тыдня», 1984; Літ. прэмія імя І.Мележа 1985). Адзін з укладальнікаў «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» (1959), «Арфаграфічнага слоўніка» (з М.Р.Суднікам, 1948, 5-е выд. 1982), «Руска-беларускага слоўніка» (1953), «Беларуска-рускага слоўніка» (1962). Кіраваў працай па стварэнні «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» (т. 1—5, 1977—84; рэдактар т. 1). На бел. мову пераклаў (з Э.Агняцвет) «У людзях» М.Горкага і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́САВАЕ ДЗЕ́ЙСТВА,
тэатралізаванае відовішча з удзелам вял. колькасці выканаўцаў і гледачоў, звязанае са святкаваннем памятных гіст. падзей і юбілейных дат. Звычайна наладжваецца на плошчах, вуліцах, у парках, на стадыёнах. Элементы М.дз. мелі тэатралізаваныя гульні і абрады першабытных народаў. Існавалі ў Стараж. Грэцыі (культавыя святы, Алімп. гульні і інш.), у Англіі 17 ст. (нар. гульня пра Робіна Гуда), Германіі (масленічныя гульні і кірмашовыя святы), у Расіі (звязаныя з сельскімі святамі і нар. творчасцю, у т. л.русаллі). У 15—16 ст. М.дз. былі часткаю царк. набажэнства. У 18 ст. Пётр I увёў маскарады. Новыя формы М.дз. ўзніклі ў час франц. рэвалюцыі канца 18 ст., Парыжскай камуны 1871. У Расіі найб. пашыраны ў 1918—27, у т. л. «Да сусветнай камуны» і «Узяцце Зімняга палаца» (1920, Петраград), а таксама ў Маскве, Іркуцку, Кіеве і інш. Сярод рэжысёраў К.Марджанішвілі, М.Ахлопкаў і інш.
На Беларусінайб. вядома М.дз. «Праца і капітал», адбылося 8.5.1921 у Мінску ў гар. парку (аўтары сцэнарыя і пастаноўшчыкі Л.Літвінаў, Е.Міровіч і Бейтлер). У ім удзельнічала каля 1 тыс. чалавек — вайск. злучэнні Мінскага гарнізона, аб’яднаны хор пад кіраўніцтвам У.Тэраўскага, драм. артысты і балетная трупа Бел.дзярж.т-ра, самадз.драм. гурткі мінскіх клубаў, аб’яднаны духавы аркестр, каля 10 тыс. гледачоў. З 1950-х г. пашыраны тэматычныя М.дз. на стадыёнах, звязаныя з гіст. падзеямі рэспублікі і бел. гарадоў. Уключалі аб’яднаныя адной тэмай фізкульт. і танц. паказы, выступленні хар. калектываў, зводных духавых аркестраў, тэатралізаваныя шэсці, феерверкі. З 1990-х г. у буйных гарадах Беларусі праводзяцца святы горада з М.дз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭМАТЫ́ЧНАЯ ФІ́ЗІКА,
тэорыя матэм. мадэлей фіз. з’яў. Займае асаблівае становішча ў матэматыцы і фізіцы і знаходзіцца на іх стыку. Уключае матэм. метады, якія выкарыстоўваюцца для пабудовы матэм. мадэлей, што апісваюць вял. класы фіз. з’яў.
Метады М.ф. распрацоўваў І.Ньютан пры стварэнні асноў класічнай механікі, тэорыі прыцягнення, тэорыі святла. Далейшае іх развіццё звязана з працамі Ж.Л.Лагранжа, Л.Эйлера, П.С.Лапласа, Ж.Б.Ж.Фур’е, К.Ф.Гаўса, Г.Ф.Б.Рымана, М.В.Астраградскага, А.М.Ляпунова, У.А.Сцяклова і інш.Асн. задача М.ф. — вызначэнне пэўнай фіз. велічыні (ці сукупнасці велічынь) па вядомых умовах, у якіх знаходзіцца дадзены фіз. аб’ект. Для гэтага на падставе заканамернасцей, якім падпарадкоўваецца аб’ект, складаецца, напр., дыферэнцыяльнае ўраўненне (гл.Ураўненні матэматычнай фізікі), у якім шуканая велічыня залежыць ад часу і прасторавых каардынат. Ураўненне і зададзеныя дадатковыя ўмовы, якія вызначаюць карціну фіз. працэсу ў пэўны момант часу (пачатковыя ўмовы) і рэжым на мяжы асяроддзя, дзе працякае зададзены працэс (гранічныя ўмовы), ствараюць матэм. мадэль фіз. з’явы. Задачы М.ф. рашаюцца на аснове метадаў матэм. аналізу, тэорыі функцый камплекснага пераменнага, спец. функцый, інтэгральных пераўтварэнняў, лікавых метадаў і інш.
На Беларусі даследаванні па праблемах М.ф. пачаты ў канцы 1950-х г. у АНБеларусі і праводзяцца ў Ін-це матэматыкі, Акад.навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену» Нац.АН, БДУ і інш. Распрацаваны метады рашэння задач цеплаправоднасці ў слаістых асяроддзях, матэм. тэорыя дыфракцыі эл.-магн. хваль на складаных перашкодах, лазернай фізікі, нелінейнай оптыкі, газа- і гідрадынамікі, даследавана вырашальнасць задач хвалевай тэорыі мех. ўдару.
Иванов Е.А. Дифракция электромагнитных волн на двух телах. Мн., 1968;
Гайдук С.И. Математическое рассмотрение некоторых задач, связанных с теорией продольного удара по конечным стержням // Дифференц. уравнения. 1977. Т. 13, № 11.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАШЫ́ННАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
стадыя станаўлення матэрыяльнай асновы індустр. вытв-сці, на якой адбылася замена мануфактуры фабрыкай; характарызуецца выкарыстаннем машын. Узнікла ў 2-й пал. 18 ст. ў выніку прамысл. перавароту.
У прам-сці Беларусі першыя машыны (паравыя рухавікі) з’явіліся на суконных прадпрыемствах у мястэчках Хомск Кобрынскага і Косава Слонімскага паветаў. У 1840-я г. яны выкарыстоўваліся ўжо ў суконнай, вінакурнай, мукамольнай і цукр. вытв-сцях. З канца 1850-х г. на Беларусі пачаўся тэхн. пераварот, які ў адрозненне ад Зах. Еўропы і рас. губерняў ажыццяўляўся не ў лёгкай, а ў жалезаапрацоўчай і вінакурнай прам-сці. Напр., у металургіі крычны спосаб атрымання жалеза заменены пудлінгавым (у домнах). Пудлінгавыя печы ўзведзены на Старынкаўскім чыгуналіцейным і Барысаўшчынскім металургічным з-дах (на іх вырабляліся паравыя машыны), на Налібоцкім металургічным камбінаце. Прамысл. рэвалюцыя адбывалася і ў інш. галінах (харч., дрэваапр., хімічнай). Завяршылася яна ў канцы 1890-х г.; аб’ём фабрычнай прадукцыі да гэтага часу павялічыўся ў 37 разоў.
З моманту ўзнікнення М.в. прайшла шэраг этапаў развіцця. Напр., у 2-й пал. 19 ст. ў прам-сці пачаўся пераход ад пары да электрычнасці, што прывяло да павышэння ўзроўню механізацыі, карэнных змен М.в. ў традыц. галінах (апрацоўчая прам-сць) і яе развіцця ў галінах з бесперапыннымі тэхнал. працэсамі (металургія, хімія). Новая ступень у развіцці М.в. звязана з навукова-тэхнічнай рэвалюцыяй, якая ў сваю чаргу была падрыхтавана якаснымі зменамі ў самой М.в. (выкарыстанне новых прылад працы, машын-аўтаматаў, пераход да 4-звеннай сістэмы машын). Гал. кірункам навук.-тэхн. прагрэсу і павышэння прадукцыйнасці працы сучаснай М.в. з’яўляецца выкарыстанне аўтаматычных ліній і вытв-сцей, ЭВМ, камп’ютэраў, станкоў з лікавым праграмным кіраваннем, аўтаматызаваных сістэм кіравання. Гл. таксама Аўтаматызацыя, Аўтаматызацыя вытворчасці, Матэрыяльна-тэхнічная база.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕНШАВІКІ́,
прадстаўнікі паліт. плыні (фракцыі) у Рас.с.-д. рабочай партыі (РСДРП), з 1912 самаст.паліт. партыя (таксама наз.РСДРП). Паняцце «М.» ўзнікла на II з’ездзе РСДРП (1903), калі частка дэлегатаў засталася ў меншасці па пытаннях аб выбарах у кіруючыя органы партыі. Гал. лідэры-ідэолагі: Л.Мартаў, П.Б.Аксельрод, А.С.Мартынаў (ураджэнец г. Пінск), Г.В.Пляханаў. Выступалі супраць строгага цэнтралізму ў рабоце партыі і надзялення ЦКвял. паўнамоцтвамі. Лічылі, што ў рэвалюцыю 1905—07 пралетарыят павінен дзейнічаць у саюзе з ліберальнай буржуазіяй супраць самадзяржаўя; адмаўлялі рэв. патэнцыял сялянства; аддавалі перавагу мірным метадам дзейнасці. У 1-ю сусв. вайну б.ч. М. стала на пазіцыі сацыял-патрыятызму. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 яны падтрымлівалі Часовы ўрад, у маі 1917 увайшлі ў яго і разам з ім падзялілі адказнасць за прамаруджванне з вырашэннем пытанняў аб міры, нац., агр., што прывяло да абвастрэння паліт. сітуацыі. У Беларусі і ў некаторых інш. месцах М. ў гэты перыяд разам з бальшавікамі ўваходзілі ў агульныя парт. арг-цыі (аб’яднанкі). Да восені 1917 яны разам з эсэрамі мелі большасць у Саветах. М. не прынялі Кастрычніцкую рэвалюцыю 1917, бо лічылі, што Расія не выспела для сацыялізму. У грамадз. вайну ўдзельнічалі ў антыбальшавіцкіх урадах і ўзбр. выступленнях (у Беларусі сумесна з Бундам), аднак былі супраць інтэрвенцыі краін Антанты. 14.7.1918 ВЦВК выключыў М. са свайго складу і з мясц. Саветаў. У 1924 меншавізм як арганізаваная сіла спыніў існаванне на тэр.СССР. У сак. 1931 на сфальсіфікаваным суд. працэсе 14 чл.т.зв. меншавіцкага «Саюзнага Бюро РСДРП» былі абвінавачаны ў шпіянажы і шкодніцтве і асуджаны на розныя тэрміны пазбаўлення волі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКУ́ЛІЧ (Барыс Міхайлавіч) (19.8.1912, г. Бабруйск Магілёўскай вобл. — 17.6.1954),
бел. пісьменнік. Вучыўся на літ. курсах у Маскве (1934—35). З 1929 працаваў у бабруйскай газ. «Камуніст», у 1930—36 — у Дзярж. выд-ве БССР і газ. «Літаратура і мастацтва». 26.11.1936 рэпрэсіраваны. Пакаранне адбываў у Новасібірскай вобл. і Краснаярскім краі. З 1947 на Беларусі. Паўторна арыштаваны ў 1949 і высланы ў Краснаярскі край. Друкаваўся з 1927. Выдаў зб-кі апавяданняў «Удар» і «Чорная вірня» (1931), «Яхант» (1935), аповесці «Наша сонца» і «Ускраіна» (1932), «Дужасць» (1934), «Дружба» (1936). Вострасюжэтная, прасякнутая рамантыкай, пафасам тагачаснага будаўніцтва проза М. адлюстравала многае з таго, чым жыла краіна. Аўтар п’есы «Rot Front» (1933). У творах, напісаных у 1945—48, выявілася імкненне заглыбіцца ў мінулае бел. народа, асэнсаваць пройдзены ім шлях (1-я частка гіст. рамана «Адвечнае», у якім узнаўляюцца падзеі 1812 на Беларусі, апубл. 1972; аповесць «Жыццяпіс Вінцэся Шастака» і апавяданне «Зорка»), У 1946—48 напісаў дакумент. «Аповесць для сябе» ў жанры дзённіка (выд. 1987—88). Адзін з першых звярнуўся да паказу гераічнай дзейнасці падпольшчыкаў у час Вял.Айч. вайны (аповесць «Цяжкая гадзіна», апубл. 1959), пасляваен. адраджэння вёскі (аповесць «Зялёны луг», апубл. 1960). У аповесці «Развітанне» (апубл. 1959) расказаў пра апошнюю сустрэчу М.Багдановіча з Беларуссю. На бел. мову пераклаў раман А.Вясёлага «Краіна родная» (з Р.Бахтам), аповесць У.Лідзіна «Магіла невядомага салдата».
Тв.:
Выбранае. Мн., 1959;
Аповесць. Мн., 1985;
Палеская аповесць. Мн., 1991.
Літ.:
Бугаёў Дз. Шматграннасць. Мн., 1970;
Грамадчанка Т. Барыс Мікуліч // Беларускія пісьменнікі і літаратурны працэс 20—30-х гг.Мн., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЛЯ́ВІН (Уладзімір Георгіевіч) (н. 12.1.1941, г. Екацярынбург, Расія),
бел. артыст эстрады, кампазітар. Нар.арт.Беларусі (1979). Засл. дз. культ. Польшчы (1980). Нар.арг.СССР (1990). Вучыўся ў Свярдлоўскім муз. вучылішчы (1956—58). З 1962 артыст Бел. філармоніі, з 1969 маст. кіраўнік Дзярж.бел.эстр. ансамбля «Песняры». У творчай дзейнасці своеасаблівае выканальніцкае майстэрства спалучаецца з глыбокім веданнем нар. песеннай творчасці, захаваннем і ўзбагачэннем яе лепшых традыцый. Аўтар шматлікіх апрацовак бел.нар. песень, якія вызначаюць стыль і творчую накіраванасць ансамбля, арганічна спалучаюць стылістыку бел.нар. песеннасці і сучаснай эстр. музыкі («Касіў Ясь канюшыну», «Па ваду ішла», «А ў месяцы верасні», «Рэчанька», «Купалінка», «Перапёлачка», «А ў полі вярба», «Каліна» і інш.). Сярод твораў: опера-прытча «Песня пра долю» (1972), вак. цыкл «Я не паэта...» (1981) і песенна-інстр. кампазіцыя «Песня — бясцэнны дар» (1982) на словы Я.Купалы, муз. спектакль «На ўвесь голас» на словы У.Маякоўскага (1988), песенна-інстр. кампазіцыі «Ванька-Устанька» на словы Я.Еўтушэнкі (1975), «Праз усю вайну» на словы бел. і рас. паэтаў (1985), «Вянок Багдановічу» на вершы М.Багдановіча (1991), вак. кампазіцыя «Крык птушкі» на словы Ю.Рыбчынскага, песні, у т. л. «Александрына», «Завушніцы», «Чырвона ружа», «Ой, калядачкі»; «Балада пра чатырох заложнікаў»; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1976. Лаўрэат Усесаюзных конкурсаў артыстаў эстрады (1970), выканаўцаў сав. песні (1973, 1-я прэмія), міжнар. фестывалю песні «Залаты леў» (1973, Лейпцыг), 2-га фестывалю паліт. песні ў Хельсінкі (1978). Гал. прыз фірмы «Мелодыя» «Залаты дыск» (1982).
Літ.:
Бржазоўскі А. Лідэр «Песняроў» у сямейным ансамблі // Работніца і сялянка. 1991. № 6;
Завадская Н. Вокально-инструментальный ансамбль «Песняры» // Певцы советской эстрады. М., 1992. Вып. 3.