БІЯСТА́НЦЫЯ,
навукова-доследная і пед. ўстанова для вывучэння і эксперым. даследавання біял. аб’ектаў у прыродных умовах, а таксама для правядзення практычных заняткаў студэнтаў. Адрозніваюць біястанцыі па месцазнаходжанні і асаблівасцях флоры і фауны: высакагорныя, лясныя, марскія, азёрныя і інш.
Даследаванні на біястанцыях накіраваны на вывучэнне змянення біял. аб’ектаў і біяцэнозаў пад уздзеяннем гасп. дзейнасці чалавека з мэтай распрацоўкі захадаў па рацыянальным іх выкарыстанні. На Беларусі ў 1946 засн. Нарачанская біястанцыя Белдзяржуніверсітэта, якая адыгрывае значную ролю ў станаўленні і развіцці гідрабіялогіі: вядуцца работы па вывучэнні працэсаў біял. самаачышчэння, эўтрафіравання вадаёмаў і трансфармацыі рэчываў і энергіі ў водных экасістэмах.
А.П.Астапеня.
т. 3, с. 177
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)