БІЯФА́БРЫКА,

прадпрыемства па выпуску біяпрэпаратаў. Першыя біяфабрыкі створаны на базе вет. бактэрыял. лабараторый і станцый з мэтай вырабу вакцын і сываратак. Сучасныя біяфабрыкі выпускаюць біяпрэпараты для дыягностыкі, прафілактыкі хвароб і лячэння, біял. аховы раслін (напр., развядзенне энтамафагаў), бялкова-вітамінныя канцэнтраты, прэпараты—рэгулятары колькасці і дынамікі развіцця пэўных відаў арганізмаў і інш. На Беларусі існуюць з-ды: Мінскі мед. і эндакрынных прэпаратаў, Мазырскі кармавых дражджэй, Наваполацкі бялкова-вітамінных канцэнтратаў, Пінскі кармавых вітамінаў, Нясвіжскі біяхім., Рэчыцкі доследна-прамысл. гідролізны і інш. Да біяфабрык належаць таксама прадпрыемствы па перапрацоўцы смецця (з-д у Мінску), на якіх атрымліваюць арган. ўгнаенні (кампосты) і біяпаліва.

т. 3, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)