Пярна́т (перна́т) ’пухавік’ (Нас.), ’пярына’ (Бяльк.), pirnát ’вялікая падушка з пер’я на ўвесь ложак’ (Варл.), пярна́ты ’падушкі’ (Шат.), пырна́ты, перна́ты ’пярына’ (Булг.). Запазычана з польск.piernat ’матрац, напоўнены пер’ямі’ (Кюнэ, Poln., 86), што, відаць, уяўляе субстантываваную кароткую форму прыметніка *perьnatъ, параўн. ст.-бел.пернатыи (Скарына), укр.перна́ткий ’пакрыты пер’ямі’, рус.перна́тый ’тс’, чэш.pernatý, ст.-чэш.peřnatý, славен.pernat, балг.перна́т ’падобны да пяра’, ст.-слав.перьнатъ ’пакрыты пер’ямі’. Польскае слова, паводле Банькоўскага (2, 558), выводзіцца з дыял.piernaty, pierznaty < *pierzynaty, ад *perina, гл. пяры́на ’пяро’, што неабавязкова, параўн. балг.пе́рен ’перысты’ (< *perьnъ) з далучэннем суфікса носьбіта прыкметы — перна́тка; у народнай песні: патки пернатки ’пёрыстыя качкі’ (БЕР, 5, 177).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тарака́н ’насякомае чорнай або рыжай афарбоўкі’, ’смярдзючы чорны жук’ (Ласт.), ’падобны на прусака, але чорны’ (Некр. і Байк., Арх. Вяр., Сержп. Прымхі, Сцяшк., Сл. ПЗБ, ТСБМ, Касп.; кобр., Горбач, Зах.-пол. гов.), ’прусак, рыжы таракан’ (валож., Жыв. св.), тарако́н ’прусак’ (ігн., Сл. ПЗБ), тараґан ’тс’ (лях., Янк. Мат.), тарака́н ’тс’ (Нас.), ст.-бел.таракан ’тс’ (1640 г., КГС). З рус.тарака́н ’тс’, у якой вядома з XVI ст., запазычанне з цюркскіх моў, відаць, з тат.тарака́н (taraḳan), звязваюць таксама са ст.-рус.то́рхан, та́рхан (ганаровы тытул), што са ст.-цюрк.таркан (гл. Дабрадомаў, Бел. лекс., 43; Фасмер, 4, 20; ЕСУМ, 5, 518; Чарных, 2, 228; Орлась, RS, 32, 1, 31–37).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
фарфо́равы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да фарфору. Фарфоравая маса. Фарфоравы завод. Фарфоравая прамысловасць.// Зроблены з фарфору. Фрау важна сядзела за сталом і лена папівала каву з маленькага фарфоравага кубачка.Брыль.Побач стаяла попельніца — фарфоравы заяц, які грызе капусны ліст.Карпаў.
2.Падобны па свайму выгляду або па якасцях да фарфору. Як не хацеў дзед, каб яны пераязджалі ў горад. Ён і памёр, каб не пакідаць гор, цяністага могільніка і сіняга, фарфоравага неба над галавой.Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ГРО́ДЗЕНСКІ КЛЯ́ШТАР ФРАНЦЫСКА́НЦАЎ,
помнік архітэктуры барока. Пабудаваны ў 1635 у Гродне на левым беразе Нёмана па фундацыі Сузанны і Яўстахі Курч. Асіметрычная кампазіцыя комплексу вызначана складаным рэльефам мясцовасці. Уключае касцёл, вежу-званіцу, кляштарны корпус, браму з агароджай. Мураваныя касцёл і 2-павярховы кляштарны корпус утвараюць замкнёны ўнутр. двор. Касцёл — 3-нефавая базіліка, цэнтр. неф і апсіда якой вырашаны адзіным аб’ёмам і накрыты агульным 2-схільным чарапічным дахам, больш нізкія бакавыя нефы — аднасхільнымі. Пасля пажару ў 18 ст. касцёл адноўлены, яго дэкар. аздоба значна зменена. Інтэр’ер вызначаецца багаццем арх. пластыкі і маст.-дэкар. аздаблення (разьба па дрэве, лепка, скульптура). Двух’ярусны гал. алтар у стылі барока ўпрыгожаны скульптурай і накладной разьбой. Амбон у стылі ракако дэкарыраваны гарэльефнымі выявамі 4 евангелістаў. З паўн. боку да гал. фасада прылягае 3-ярусная вежа-званіца з самаст. уваходам. Першы ярус, які прымыкае да сцяны бакавога нефа касцёла, захаваў агульную з 1-м ярусам гал. фасада пластыку 17 ст., 2-і і 3-і ярусы, перабудаваныя ў 18 ст., вырашаны ў насычанай рэльефнай пластыцы сталага барока. Званіцу ўвенчвае высокі фігурны шлем. П-падобны няправільны ў плане кляштарны корпус прыбудаваны да касцёла з паўд. боку. У паўд.-зах. вугле корпуса знаходзіцца вялікі ў выглядзе рызаліту аб’ём, дзе былі трапезная і б-ка. У паўн.-зах. частцы захаваліся фрагменты агароджы і барочная брама.
У.А.Чантурыя, С.Г.Багласаў, Г.М.Ярмоленка.
Касцёл Гродзенскага кляштара францысканцаў.Гродзенскі кляштар францысканцаў. Інтэр’ер касцёла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ МАНАСТЫ́Р БАЗЫЛЬЯ́НАК, Гродзенскі жаночы манастыр Раства Багародзіцы,
помнік архітэктуры барока. Засн. ў 1633 як уніяцкі пры Гродзенскай Прачысценскай царкве. Пазней базыльянкі пабудавалі тут драўляны храм Раства Багародзіцы і жылыя памяшканні. У 1720 пачата буд-ва мураванай царквы і жылых памяшканняў (арх. І.Фантана III) на сродкі уніяцкага мітрапаліта Л.Кішкі. У 1756 манастыр асвячоны. У 1843 пераўтвораны ў праваслаўны. Дзейнічаў да 1960; манашкі былі пераведзены ў Жыровічы. У 1978—85 адрэстаўрыраваны; у ім размяшчаўся Беларускі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі. У 1992 аднавіў дзейнасць жаночы праваслаўны манастыр.
Уключае царкву Раства Багародзіцы, манастырскі і гасп. карпусы, капліцу, дом ігуменні. Царква — крыжова-купальны храм з выцягнутай прамавугольнай алтарнай часткай і 2 чацверыковымі вежамі з фігурнымі галоўкамі. Гал. фасад дэкарыраваны пілястрамі, раскрапоўкамі, завяршаецца карнізам і трохвугольным франтонам. Купал на высокім барабане завершаны ліхтаром і цыбулепадобнай галоўкай. У інтэр’еры аб’ёмы перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі на падпружных арках. Будынак манастыра 2-павярховы, Г-падобны ў плане, завершаны 2-схільным дахам. Падоўжаным крылом ён прыбудаваны да царквы і ўтварае перад апсідай невял. дворык. Да ўсх. тарца манастыра ў 19 ст. прыбудавана прамавугольная ў плане капліца з 2-колерным вырашэннем фасадаў. Сцены раўнамерна расчлянёны лапаткамі, падзелены на 2 ярусы шырокім прафіляваным поясам і завершаны стылізаваным антаблементам з трыгліфамі на фрызе і зубчыкамі на карнізе. Інтэр’ер зальны з люстраным скляпеннем. Асн.гаспадарчы корпус (1891) 2-павярховы, прамавугольны ў плане, размешчаны ва ўсх. частцы комплексу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭ́ЙСЕР (галанд. kruiser ад kruisen плаваць морам),
баявы карабель для пошуку і знішчэння падводных лодак, надводных караблёў (суднаў), берагавых аб’ектаў праціўніка, вядзення бою ў складзе злучэнняў, забеспячэння высадкі марскіх дэсантаў, устаноўкі мінных загарод і інш. Быстраходны і добра ўзброены, большы за эскадраны мінаносец, але меншы за авіяносец. Водазмяшчэнне сучасных К. да 28 тыс.т.
Развіўся з ветразевых фрэгатаў і карветаў. Як клас караблёў ваенных упершыню з’явіўся ў 1860-я г. ў Вялікабрытаніі (з 1870-х г. у Расіі і інш. марскіх дзяржавах). У канцы 19 — пач. 20 ст. быў падобны на браняносец. У 2-ю сусв. вайну падзяляліся на лёгкія (водазмяшчэнне да 10—12 тыс.т, калібр гармат да 180 мм) і цяжкія (10—28 тыс.т, да 203 мм). У ВМФ Вялікабрытаніі і ЗША існавалі і лінейныя К., падобныя на лінкоры. Цяпер існуюць К. процілодачныя, авіянясучыя, ракетныя (з 1960-х г., у т. л. ўведзены ў строй у 1998 на рас. Паўночным флоце цяжкі атамны ракетны К. «Пётр Вялікі» з экіпажам 600 чал.) з атамнымі, газатурбіннымі і інш.энергет. ўстаноўкамі. Некат. К. могуць несці карабельныя верталёты і самалёты. Сярод найб. вядомых К. — «Алабама», «Аўрора», «Ачакаў», «Вараг».
Літ.:
Шершов А.П. История военного кораблестроения с древнейших времен и до наших дней. СПб., 1994;
Энциклопедия кораблей. СПб., М., 1997.
У.Я.Калаткоў.
Авіянясучы процілодачны крэйсер «Мінск» (у складзе Ціхаакіянскага флоту ВМФСССР у 2-й пал. 1970 — пач. 1990-х г.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫ́ЛІЦКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСАМБЛЬ,
помнік палацава-паркавай архітэктуры 18—19 ст. Створаны ў в. Жылічы Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. У ансамбль уваходзяць палац, парк, 3 штучныя вадаёмы (рыбная гаспадарка). Палац пабудаваны ў 1830-я г. (арх. К.Падчашынскі) у стылі класіцызму. Спачатку ўзведзены гал. П-падобны 2-павярховы корпус, аздоблены порцікамі карынфскага ордэра: 6-калонным у цэнтры і 4-калоннымі на бакавых фасадах. Цэнтр.ч. вылучана бельведэрам над лесвічнай клеткай. Да паўн.-зах. тарца гал. корпуса пазней прыбудавана доўгае 2-павярховае крыло з палацавай царквой, якое замыкалася 2-павярховым корпусам з праезнай брамай. Фасады насычаны класіцыстычным арх. дэкорам. Інтэр’еры былі аздоблены пазалочанай лепкай, размалёўкай, дэкар. тканінамі і карцінамі (знішчаны ў 2-ю сусв. вайну). У будынку размешчаны саўгас-тэхнікум. Плошча парку 18 га (разам з пладовымі садамі і рыбнай гаспадаркай каля 100 га). У плане — выцягнуты прамавугольнік, абмежаваны алеямі. Тэр. парку з Пн на Пд перасякае р. Дабасна, якая ўтварае 3 маляўнічыя вадаёмы з астраўкамі (засталіся рэшткі масткоў і альтанак). Перад паўн. корпусам палаца ўцалелі фрагменты рэгулярнага парку пач. 18 ст. — круглая пляцоўка і 2 кляновыя алеі. У 1830-я г. створаны пейзажны парк, кампазіцыя якога падпарадкавана палацаваму ансамблю. Перад усх. порцікам размешчаны партэр у выглядзе эліпса. У парку дэкар. формы дрэў (дуб звычайны пірамідальны, клён вастралісты Швэдлера) і экзоты (хвоя веймутава, клён серабрысты і інш.).
У.А.Чантурыя, В.Р.Анціпаў.
Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль Палац. Від з двара.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКІ КАСЦЁЛ І КАЛЕ́ГІУМ ЕЗУІ́ТАЎ,
помнік архітэктуры барока 17 ст. ў г. Пінск Брэсцкай вобл. Размешчаны ў гіст. цэнтры горада. Калегіум разам з мураваным касцёлам св. Станіслава (пабудаваны ў 1636—46, у 1956 разбураны) уваходзіў у ансамбль кляштара езуітаў. Узведзены ў 1651—1738 з цэглы. Яго трохпавярховы Г-падобны ў плане будынак паўд. фасадам арыентаваны да набярэжнай р. Піна. Тут размяшчаліся вучэбныя класы, трапезная, службовыя памяшканні. Фасады члянёны аконнымі праёмамі з ляпнымі абрамленнямі. Паўд.-зах. вугал фланкіруе 6-гранная вежа-контрфорс. Будынак завершаны 2-схільным дахам з заломам. Яго тарцы ўпрыгожаны складанымі франтонамі з дэкар. валютамі. З 1638 у калегіуме знаходзілася філас.-тэалагічная школа; у 1645 адкрыта муз. бурса, у 1694 — аптэка; увесь час дзейнічаў т-р, у 1727—35 — друкарня, меліся б-ка, шпіталь для бедных. У 1773 калегіум закрыты. Касцёл у 1786 перададзены уніятам і стаў кафедральным саборам Пінска-Тураўскай уніяцкай епархіі, у 1800 належаў правасл.Пінскаму Богаяўленскаму манастыру. У 1848 сюды пераведзена з Лядаў духоўнае вучылішча. У 1919 касцёл вернуты езуітам, у 1923 аднавілася навуч. дзейнасць калегіума. З 1925 пры калегіуме працавала духоўная семінарыя, з 1937 — навіцыят (установа для падрыхтоўкі новых членаў ордэна). У 1939 калегіум закрыты. У будынку размяшчаліся адм. ўстанова і карцінная галерэя, з 1995 пасля рэстаўрацыі — Музей Беларускага Палесся.
Літ.:
Адамовіч С. Комплекс Пінскага езуіцкага кляштара // Наша вера. 1999. № 3.
Ю.А.Якімовіч, А.А.Ярашэвіч.
Пінскі касцёл і калегіум езуітаў. Будынак былога калегіума. Здымак 2000.Пінскі касцёл і калегіум езуітаў. Фота пач. 20 ст.