перыферыйная прылада ЭВМ для ўводу графічнай інфармацыі з неферамагнітных носьбітаў (карты і планы мясцовасці, чарцяжы, графікі і інш.). Дазваляе ўводзіць факсімільную і рукапісную інфармацыю, рашаць задачы ідэнтыфікацыі аб’ектаў, працаваць з меню камандаў, кіраваць маркёрам на экране дысплея і інш. Выкарыстоўваецца таксама ў сістэмах уводу інфармацыі ў банкаўскай і дзелавой галінах, крыміналістыцы і інш. замест буйнафарматных сканераў з мех. прыводам каардынатнай прывязкі.
Д. мае планшэт, на якім размяшчаецца зыходны матэрыял, і элемент здымання інфармацыі (паказальнік каардынат); каардынатная сістэма Д. мадэлюецца рознымі фіз. палямі (м.-магн., акустычным, рэзістыўным і інш.). Паказальнікі каардынат бываюць стрыжнёвай канструкцыі з пішучымі наканечнікамі (або без іх) ці сплошчанай формы з аптычна празрыстымі візірнымі перакрыжаваннямі (часам з дадатковымі прыстасаваннямі павелічэння і падсвечвання відарысаў). Стрыжнёвыя паказальнікі могуць быць адчувальнымі да сілы націскання (да 256 градацый, якім могуць адпавядаць таўшчыня ліній, колер і яго адценні ў палітры і інш.); маюць 1—2 (курсоры — да 16) кнопкі кіравання рэжымам уводу інфармацыі. Раздзяляльная здольнасць Д. да 0,0125 мм, дакладнасць да 0,1 мм, скорасць уводу інфармацыі не менш як 100 пунктаў за секунду. На Беларусі Д. распрацаваны і ўкаранёны ў вытв-сць у Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац.АН.
Літ.:
Алексеев Г.И. Электромагнитные планшетные устройства ввода. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСТЫЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. distillatio сцяканне кроплямі),
перагонка, раздзяленне вадкіх сумесей на фракцыі рознага саставу. Засн. на адрозненні саставу вадкасці і пары, што ўтвараецца з яе. Ажыццяўляюць частковым выпарэннем вадкасці з наступнай кандэнсацыяй пары.
Пры Д. атрымліваюць кандэнсат (дыстылят) — вадкасць, якая мае большую колькасць, адносна зыходнай сумесі, нізкакіпячых (больш лятучых) кампанентаў, і неадагнаную вадкасць (кубавая астача), у якой больш высокакіпячых рэчываў. Д. наз. фракцыйнай (дробнай), калі з зыходнай сумесі адганяюць некалькі фракцый. У залежнасці ад умоў працэсу (ціск, т-ра) адрозніваюць Д. простую і малекулярную, якую ажыццяўляюць пры т-рах, ніжэйшых за т-ры кіпення вадкасці, і нізкім ціску (менш за 0,13 Па). Простую Д. робяць пры паступовым ці аднаразовым выпарэнні. Пры паступовым выпарэнні пара, што ўтвараецца над вадкасцю, бесперапынна адводзіцца з апарата, пры аднаразовым — увесь час награвання да вызначанай т-ры застаецца ў сістэме ў кантакце з вадкасцю (пара-вадкасную сумесь раздзяляюць у сепаратары). Прысутнасць пары зніжае парцыяльны ціск высокакіпячых фракцый у сістэме і дазваляе весці перагонку пры больш нізкай т-ры (параўнальна з т-рай Д. пры паступовым выпарэнні). Пры неабходнасці зніжэння т-ры працэсу робяць Д. з вадзяной парай ці інертным газам. Выкарыстоўваюць у хім., нафтаперапрацоўчай, фармацэўтычнай прам-сці, у лабараторнай практыцы. Гл. таксама Рэктыфікацыя, Перагонка нафты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРНО́ ЦЫКЛ,
абарачальны кругавы працэс, у якім цеплавая энергія ператвараецца ў работу (або наадварот); ідэальны рабочы цыкл цеплавога рухавіка. Складаецца з паслядоўна чаргавальных двух ізатэрмічных і двух адыябатных працэсаў. Уведзены Н.Карно (1824) у сувязі з вызначэннем ккдз цеплавых машын.
Ператварэнне цеплавой энергіі ў работу суправаджаецца пераносам рабочым рэчывам рухавіка (пара, газ і да т.п.) пэўнай колькасці цеплыні ад больш нагрэтага цела (награвальніка) з т-рай T1, да менш нагрэтага (халадзільніка) з т-рай T2. Ккдз цыкла η не залежыць ад прыроды рабочага рэчыва і канструкцыі рухавіка і вызначаецца толькі т-рамі T1 і T2: η = (T1—T2)/T1 (тэарэма Карно). Ккдз кожнай цеплавой машыны не можа быць большым за ккдз К.ц. (пры тых жа T1 і T2). К.ц. абарачальны, і яго можна праводзіць у адваротнай паслядоўнасці (ідэальная халадзільная машына). К.ц. адыграў важную ролю ў развіцці тэрмадынамікі і цеплатэхнікі. Пры яго дапамозе даказана эквівалентнасць розных фармулёвак другога закону тэрмадынамікі, вызначана абс. тэрмадынамічная шкала т-р, выведзены многія тэрмадынамічныя суадносіны (напр., Клапейрона—Клаўзіуса ўраўненне).
А.І.Болсун.
Карно цыкл на дыяграме p — V (ціск — аб’ём); AB і CD — ізатэрмы, BC і AO — адыябаты, δQл і δQ — падводзімая і адводзімая колькасць цеплаты, плошча ABCD роўная карыснай рабоце цыкла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВАРТЭ́Т (італьян. quartetto ад лац. quartus чацвёрты),
1) ансамбль з 4 выканаўцаў (інструменталістаў ці вакалістаў). Можа быць аднароднага складу (струнны смыковы, драўляных духавых інструментаў, вак. мужчынскі або жаночы) і мяшанага (т. зв. фартэпіянны К. — фп., скрыпка, альт, віяланчэль). З інстр. К. найб. пашыраны струнны смыковы (2 скрыпкі, альт, віяланчэль). Як самаст. тып выканальніцкага калектыву сфарміраваўся ў 2-й пал. 18 ст. На Беларусі вядомы Гарадзецкі прыгонны квартэт У.Г.Кастрыёта-Скандэрбека, Дзяржаўны смыковы квартэт БССР, Квартэт Саюза кампазітараў БССР, вакальныя Беларускі вакальны квартэт, «Купалінка» і інш. 2) Муз. твор для ансамбля з 4 інструментаў або пеўчых галасоў. Струнны смыковы К. з канца 18 ст. — адзін з асн. жанраў камернай музыкі. Яго вызначаюць індывідуалізацыя партый, поліфанічная фактура, санатная цыклічная форма. Класічныя ўзоры К. стварылі І.Гайдн, В.А.Моцарт, Л.Бетховен, Ф.Шуберт, П.Чайкоўскі, А.Барадзін, Б.Бартак, П.Хіндэміт, Дз.Шастаковіч і інш. У бел. музыцы да К. звярталіся М.Аладаў, У.Алоўнікаў, В.Войцік, Г.Гарэлава, С.Картэс, П.Падкавыраў, А.Туранкоў, К.Цесакоў, М.Чуркін, Л.Шлег, В.Яфімаў. Менш пашыраны ў сусв. музыцы фп. К. Вакальныя К. часта ўваходзяць у оперы, кантаты, араторыі. Шэраг нар. песень апрацавалі для вак. К. бел. кампазітары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАССЯЛЕ́ННЕ НАСЕ́ЛЬНІЦТВА,
працэс размеркавання і пераразмеркавання насельніцтва па тэрыторыі і яго вынік — сетка паселішчаў. Уключае размяшчэнне насельніцтва, функцыянальныя тэр. ўзаемасувязі населеных месцаў і міграцыю насельніцтва. Гал. фактары працэсу Р.н.: прыродны (рэльеф, глебы, клімат, блізкасць да водных рэсурсаў, наяўнасць карысных выкапняў), дэмаграфічны (натуральны прырост насельніцтва, міграцыйныя працэсы), сац.эканам. (узровень развіцця і размеркавання вытв. сіл, рэгіянальныя адрозненні паводле ўзроўню даходаў, развітасць інфраструктуры). З развіццём вытв. сіл гал. ролю ў Р.н. адыгрывае сац.-эканам. фактар. Асн. формай Р.н. з’яўляюцца пастаянныя населеныя пункты (гарадскія і сельскія), якія ўтвараюць у адных раёнах густую, у іншых — рэдкую сетку. Пры цесным збліжэнні паселішчаў і інтэнсіўным развіцці маятнікавай міграцыі ўзнікаюць агламерацыі паселішчаў (гл.Гарадская агламерацыя). Суседнія групы агламерацый у прамысл. густа заселеных раёнах, з развітай сеткай камунікацый, могуць утвараць яшчэ больш складаную форму — мегалопаліс. На Беларусі (2000) 212 гарадскіх паселішчаў (каля 7 млн.чал.) і 23 459 сельскіх паселішчаў (каля 3 млн.чал.). Сярэдняя адлегласць паміж гарадамі менш за 50 км, паміж сельскімі паселішчамі — каля 3 км. У сярэднім на кожную 1000 км² прыпадае 1 гарадское і 113 сельскіх паселішчаў, што спрыяе развіццю эканам., працоўных, культурна-быт. і інш. міжпаселішчавых сувязей. Пра рассяленне бел. этнасу гл. ў арт.Беларусы, Этнічная тэрыторыя.
Літ.:
Манак Б.А. Насельніцтва Беларусі: Рэгіян. асаблівасці развіцця і рассялення. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЮ́З ЖУРНАЛІ́СТАЎ БЕЛАРУ́СІ.
Беларускі саюз журналістаў, добраахвотная грамадская арганізацыя прафес. работнікаў перыяд. друку, тэлебачання, радыёвяшчання, інфарм. агенцтваў, выдавецтваў. Створаны ў 1959 як С.ж.Б. З 1995 наз.Бел. саюз журналістаў. Гал. задачы саюза — павышэнне прафес. майстэрства журналістаў, іх кругагляду і абагульненне лепшага вопыту. Арганізоўвае творчыя семінары, стажыроўку маладых журналістаў, прэс-канферэнцыі, творчыя конкурсы, выстаўкі. Членамі саюза могуць быць журналісты, фотакарэспандэнты, мастакі, рэдактары, якія працуюць у друку, на радыё і тэлебачанні, у інфарм. агенцтвах не менш як 3 гады і валодаюць высокім прафес. майстэрствам. Вышэйшы орган — рэсп. з’езд. Паміж з’ездамі дзейнасцю саюза кіруе сакратарыят і рада. З’езды адбыліся ў 1959, 1962, 1966, 1971, 1977, 1982, 1987, 1990, 1995, 2000. Дзейнасць С.ж.Б. распаўсюджваецца на тэр. Рэспублікі Беларусь. У абласцях створаны абласныя журналісцкія арг-цыі, у рэдакцыях — пярвічныя. Уваходзіць у склад Міжнар. канфедэрацыі журналісцкіх саюзаў. Яго прадстаўнікі ўдзельнічаюць у міжнар. сустрэчах і сімпозіумах журналістаў, арганізоўваюць аналагічныя мерапрыемствы на Беларусі, спрыяюць умацаванню супрацоўніцтва і абмену вопытам паміж сродкамі масавай інфармацыі розных краін свету. Выдае газ. «Вдохновение». Старшыні С.ж.Б.: Ф.Я.Кляцкоў (1959—71), У.В.Мацвееў (1971—73), А.А.Тоўсцік (1973—87), І.П.Макаловіч (1987—90), Л.С.Екель (з 1990). На 1.9.2001 аб’ядноўвае 2500 чл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЙСМІ́ЧНАЯ РАЗВЕ́ДКА,
сукупнасць геафізічных метадаў разведкі, заснаваных на ўзбуджэнні і рэгістрацыі сейсмічных хваль з мэтай вывучэння будовы, рэчыўнага саставу і напружанага стану зямных нетраў. Найб. пашыраны метад адбітых хваль, які дазваляе карціраваць межы з дакладнасцю да 1—2% на глыб. да 7—10 км. З дапамогай метаду пераломленых хваль вывучаюць слаі з падвышанай скорасцю сейсмічных хваль. Карэляцыйны метад пераломленых хваль і глыбіннае сейсмічнае зандзіраванне ўжываюць пры рэгіянальных даследаваннях кантынентаў і акіянаў. Мадыфікацыю метаду адбітых хваль (падсумаванне карысных сігналаў, адбітых ад агульнага глыбіннага пункта) выкарыстоўваюць для пошукаў і разведкі карысных выкапняў. Адрозніваюць метады С.р. нізка- (менш за 10 Гц), сярэдне- (10—100 Гц) і высокачастотныя (больш за 100 Гц). Нізкачастотныя выкарыстоўваюць для даследаванняў на вял. глыбінях і адлегласцях, высокачастотныя — пры вывучэнні скальных рудных парод (рудная С.р.). Сейсмаакустычныя метады ўмоўна вылучаны ў асобную вобласць паводле дыяпазону частот (600—6 тыс.Гц); выкарыстоўваюць на невял. глыбінях у свідравінах (акустычны каратаж), шахтах і горных вырабатках, на марскім шэльфе і інш. С.р. ўжываюць пры разведачным свідраванні нафта- і газаносных структур, выяўленні структурных рудных палёў, буйных разломаў, пегматытавых цел і кварцавых жыл (п’езаэл. метад), высвятленні палажэння водаўпораў, узроўню грунтавых вод і інш. С.р. аб’ядноўваюць таксама з гравіметрычнымі, магн. і эл. метадамі геафізічнай разведкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕПАРАТЫ́ЗМ (франц. séparatisme ад лац. separatus аддзелены),
тэорыя, палітыка і практыка адасаблення, аддзялення часткі тэр. дзяржавы з мэтай стварэння новай самаст. дзяржавы або атрымання статуса вельмі шырокай аўтаноміі. Адрозніваюць разнастайныя формы С.: буйных і малых народаў, этнічны, племянны і інш. С. ўласціва небяспечная логіка самаразвіцця, згодна з якой сепаратысцкія імкненні пастаянна ўзнаўляюцца на больш нізкіх узроўнях. З’яўляецца вынікам гіст., сац., паліт., канфесіянальных і інш. праблем, а таксама ваяўнічага нацыяналізму. Тыповай падставай узнікнення сепаратысцкіх тэндэнцый у дзярж. жыцці служыць нераўнамернасць сац.-эканам. развіцця рэгіёнаў і тэрыторый унутры дзяржавы, размеркавання паміж імі прыродных багаццяў або парушэнне правоў чалавека (нац., расавых). Напр., у Італіі існуюць сепаратысцкія тэндэнцыі, прыхільнікі якіх патрабуюць аддзялення высокаразвітай Поўначы краіны ад яе менш развітога Поўдня; у Іспаніі сепаратысцкі рух падтрымлівае частка баскаў. Складаныя і вострыя праблемы на глебе С. ўзнікаюць у Індыі, Пакістане, Турцыі, Іраку, Расіі, Грузіі, Малдове і інш. (разрыў эканам. і паліт. сувязей з цэнтрам, спробы драблення адзінай дзяржавы і самаізаляцыя адасобленых яе частак). У адрозненне ад права нацый на самавызначэнне, дзе бярэцца пад увагу воля большасці нацыі, С. не карыстаецца міжнар.-прававой абаронай. Сродкамі рэалізацыі мэт С. часта служаць узбр. барацьба і тэрарызм, што абумоўлівае неабходнасць прававога абмежавання і нейтралізацыі незаконных дзеянняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНГАНІ́Я (ад грэч. syn разам + gonia вугал),
крышталеграфічная сістэма, сукупнасць крышталёў, элементарныя ячэйкі якіх характарызуюцца аднолькавымі сіметрыяй крышталёў і крышталеграфічнай сістэмай восей каардынат. Паводле суадносін паміж даўжынямі рэбраў (a, b, c) і вугламі (α, β, γ), ячэйкі адрозніваюць 7 С. (32 віды сіметрыі): кубічная (a=b=c, α=β=γ=90°), мае 5 відаў (груп, класаў) сіметрыі; тэтраганальная (а=b≠с, α=β=γ=90°), 7 відаў; гексаганальная (a=b≠c, α=β=90°, γ=120°), 7 відаў; трыганальная (a=b=c, α=β=γ≠90°), 5 відаў; рамбічная (a≠b≠c, α=β=γ=90°), 3 віды; манаклінная (a≠b≠c, α=γ=90°, β≠90°), 3 віды; трыклінная (a≠b≠c, α≠β≠γ≠90°), 2 віды сіметрыі. Часам вылучаюць 2 падсінганіі гексаганальнай С. — трыганальную і гексаганальную. С. групуюцца ў 3 катэгорыі: вышэйшая (кубічная), сярэдняя (тэтраганальная, гексаганальная, трыганальная) і ніжэйшая (рамбічная, манаклінная, трыклінная). Крышталі ніжэйшай катэгорыі найменш сіметрычныя, характарызуюцца некалькімі адзінкавымі напрамкамі (не менш за 3). сярэдняй — адным адзінкавым напрамкам, вышэйшай — найб. сіметрычныя, не маюць адзінкавых напрамкаў. З дапамогай С. вызначаюць мінералы і інш.крышт. рэчывы. Каля 38% мінералаў крышталізуюцца ў трыкліннай і манакліннай, 23% — у рамбічнай, 10% — у трыганальнай, 7,5% — у гексаганальнай, 9,5% — у тэтраганальнай, 12% — у кубічнай сінганіях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ваўчо́к ’дзіцячая цацка’ (БРС). Рус.волчо́к ’тс’ (з XVI–XVII стст.?). Ад волк, воўк (цацка выдае гукі, нібы выццё); параўн. і чэш. назву гэтай цацкі vlk (Шанскі, 1, В, 153; гл. таксама Фасмер, 1, 346–347, які прыводзіць як паралель лат.vilks ’воўк’ у назвах розных інструментаў і ўказвае, што і ў ням. мове розныя інструменты носяць назву ’воўк’). Менш пераконвае Гараеў, 54 (гл. і Праабражэнскі, 1, 94): сувязь з дзеясловам волочиться. У бел. мове ваўчок, відавочна, запазычанне з рус.