ігра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. што на чым і без дап. Выконваць што‑н. на якім‑н. музычным інструменце. Іграць польку на баяне. Іграць на жалейцы. □ Машыніст іграў. Барыню змяніла лявоніха, потым пайшлі вальсы. Хомчанка. / Пра радыё, аркестр, патэфон і пад. Радыё іграе. Аркестр іграе паходны марш. // перан.; на чым. Выкарыстоўваць чые‑н. пачуцці, схільнасці і пад. для дасягнення пэўных мэт. Іграць на высакародных пачуццях.

2. Удзельнічаць у спектаклі, выступаць на сцэне, у кіно. Іграць без грыму. Іграць у п’есе. □ Яна з поспехам іграла на універсітэцкай сцэне. Васілевіч. // каго-што. Выконваць якую‑н. ролю на сцэне. Аксане даставаліся галоўныя ролі ў п’есах, а я іграў вартавых, салдат і г. д. Пянкрат. — А іграць нас трэба такімі, якімі былі мы — простымі людзьмі, адарванымі вайною ад будзённых спраў. Шчарбатаў. // што. Выконваць, ставіць на сцэне, у тэатры. Іграць п’есу «Лявоніха на арбіце». // перан. Выдаваць сябе за каго‑н.; маскіраваць свае паводзіны, замыслы. — [Маша] цікавая. Спачатку мне здалося, што яна іграе... А ў жыцці нельга іграць! Шамякін. // перан.; на што. Садзейнічаць чаму‑н., спрыяць чаму‑н. Усе штрыхі, усе мастацкія дэталі павінны іграць на галоўную думку спектакля. Сабалеўскі.

3. Тое, што і гуляць (у 2 знач.). Іграць у карты.

4. на чым, у чым. Блішчаць, адбіваючыся ў чым‑н., ад чаго‑н. (пра святло, сонечныя прамяні і пад.). Іграе ранішняй сонца на жывой вадзе. Лынькоў. // Пералівацца рознымі колерамі. Па дарозе вада рассыпалася ў пыл, іграла на сонцы ўсімі колерамі. Маўр. Зялёныя шаты Пад сонцам іграюць стракатасцю фарб. Звонак. // Класціся, перамяшчацца, падаць няроўнымі рухомымі блікамі, плямамі. Сонечная марозная раніца іграла зайчыкамі на сценах пакоя. Гартны. // Знаходзіцца ў руху, то ўзнікаючы, то знікаючы. На вуснах .. [урача] іграла вясёлая ўсмешка. Шамякін.

5. Быць у бадзёрым, узбуджаным стане (пра пачуцці, уяўленні і пад.). Звініць, звініць у лузе скошаным Дзявочы спеў і — замірае. А смутак чмелем растрывожаным Яшчэ ў грудзях маіх іграе. Гаўрусёў.

•••

Іграць на біржы — займацца біржавымі спекуляцыямі.

Іграць на нервах — гнявіць, нерваваць каго‑н. чым‑н.

Іграць першую скрыпку — а) іграць у аркестры партыю першай скрыпкі; б) перан. быць галоўнай уплывовай асобай у якой‑н. справе.

Іграць ролю — мець значэнне, рабіць уплыў.

Іграць у адну дудку — быць заадно з кім‑н.

Кішкі марш іграюць гл. кішка.

Кроў іграе гл. кроў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паплы́сці і паплы́ць, ‑плыву, ‑плывеш, ‑плыве; ‑плывём, ‑плывяце; пр. паплыў, ‑плыла, ‑плыло; зак.

1. Пачаць перамяшчацца па паверхні вады або ў вадзе ў пэўным напрамку. Ліда раней за ўсіх зайшла на глыбокае месца, акунулася і паплыла. Шамякін.

2. перан. Пачаць павольна, плаўна перамяшчацца, рухацца. Воблака шызага дыму паплыло па алешніку. Лынькоў. Птушкі выгнулі шыі і, ляніва махаючы крыламі, паплылі да цёмнай паласы высокага лесу. Федасеенка. / Пра месяц, сонца. З марской глыбіні вынырнула і паплыло ўгору сонца. Рамановіч. / Пра гукі, пахі. Сумная мелодыя паплыла над соннай вёскай. С. Александровіч. Неўзабаве ў талерках заблішчала бурштынавымі плямамі звараная з баранінай капуста, з печы паплыў прыемны пах смажанага. Хадкевіч. // Пачаць распаўсюджвацца, перадавацца (пра чуткі). Чуткі пра бандытаў паплылі па ўсіх ваколічных вёсках. Чарнышэвіч. // Пачаць прабягаць перад вачыма таго, хто едзе на чым‑н. Міма акна [вагона] паплылі закопчаныя будынкі таварнай станцыі, склады, пакгаузы. Навуменка. Зноў пад крылом самалёта паплылі руіны. Карпаў. // Аб чым‑н., што здаецца рухомым чалавеку ў паўпрытомным стане. Мне зрабілася млосна, крывавая пляма паплыла перад вачамі. Шамякін. // Праходзіць, узнікаць у памяці (пра думкі, вобразы і пад.). І вось ужо аднекуль, з глыбіні, з самага дна памяці паплыло, паплыло мінулае, перажытае. Сачанка. Паплылі, чапляючыся адзін за адзін, успаміны. Скрыган. Самі сабой лёгка паплылі думкі, чыстыя і ясныя. Мележ. // Пайсці няспынным патокам (аб паперах, пісьмах і пад.).

3. перан. Пачаць праходзіць, мінаць. Пацякла, паплылі за гадамі гады... Купала. І паплылі дні, быццам журавы Над свежымі пакосамі травы. Танк. Жыццё маладых Дубінскіх спачатку паплыло роўна, спакойна, ціха. Ядвігін Ш.

4. Пайсці плаўнай паходкай. Гаспадары сустрэлі Таццяну ветліва. Цяжарная Вера хутка кінула шыццё і паплыла насустрач сяброўцы. Шамякін. // Лёгка і плаўна пачаць танцаваць. На выклік Лазавога Люба.. адарвалася з месца і чайкай паплыла па хаце. Васілевіч.

5. Пачаць растоплівацца, расплывацца. Тры дні не па-сакавіцку, а па-майску пякло сонца — і адразу паплыў снег, разліліся ручаі, зрабілася стракатым поле. Шамякін.

6. Разм. Пацячы, паліцца. Па жолабе ў коўш спакойна паплыў агністы паток [чыгуну]. Карпаў. / Пра сыпучыя рэчывы. Жыта паплыло з каша ў латочак вадзяным плавам. Баранавых.

7. перан. Разм. Пачаць знікаць, пераходзячы з адных рук у другія. Зброя са склада паліцэйскага ўчастка паплыла праз сувязных у лес. Новікаў.

паплы́ць,

гл. паплысці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Калі́на ’расліна Viburnum opulus’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Касп., Маш., Радч., Сержп. Грам., Сцяшк., Яруш.). Паводле слоўніка Кісялеўскага каліна адзначаецца ў Беларусі паўсюдна. З новых крыніц фіксуюць Сл. паўн.-зах., ТС (тут яшчэ каліны ’ягады каліны’). Ёсць таксама шэраг вытворных, з якіх звяртае на сябе ўвагу калініца, адзначанае ў Бялькевіча, Насовіча і Радчанкі, якое апрача бел. сустракаецца ў смал. гаворках — калиница ’куст каліны’ (фальк.), ’ягада каліны’. Магчыма, гэта беларуская інавацыя (ва ўсх. гаворках), параўн., аднак, серб.-харв. калиница. У бел. гаворках зафіксаваны таксама калінавы мост (Бяльк., Доўн.-Зап.), параўн. Махэк₂, 236. Паралелі да бел. каліна: укр. калина, рус. калина (літар. і дыял.), польск. kalina, кашуб. kalëna, в.-луж. kalena, н.-луж. kalina, чэш. kalina, славац. kalina, славен. kalína, серб.-харв. ка̀лина, макед. калина (тут у значэнні ’дрэва гранат’), балг. калина. Звычайна ў слав. мовах значэнне ’расліна Viburnum opulus’, аднак сустракаюцца і розныя іншыя, відавочна, другасныя па паходжанню. Адносна этымона прасл. kalina існуюць розныя думкі. Адна з традыцыйных версій, паводле якой слав. лексіку суадносілі са ст.-в.-ням. holuntar, ням. Holunder ’расліна бузіна, Sambucus’, аспрэчваецца Фасмерам, 2, 168, і шэрагам іншых этымолагаў. Паводле Бернекера, 1, 473, слова суадносіцца з прасл. kalъ з першапачатковай матывацыяй ’куст з чорнымі ягадамі’. Відавочна, што гэта этымалогія абавязана «каляровай» версіі паходжання слав. kalъ. Фасмеру, 2, 168 яна ўяўляецца дастаткова правільнай. Бернекер (там жа) меркаваў аб імавернасці паходжання слова ад kaliti (у сувязі з ярка-чырвонымі ягадамі каліны). Брукнер (214) звяртае ўвагу, што kaliti этымалагічна не суадносіцца з назвай колеру (’каліць’ — ’рабіць цвёрдым, гартаваць’, а не ’распальваць’). У апошні час Трубачоў (Эт. сл., 9, 121) аддаў перавагу этымалогіі, паводле якой kalina суадносіцца з kalъ па прычыне вільгацелюбівасці расліны (так Якабсон, Word, 8, 4, 1952, 388; Махэк, Slavia, 23, 1954, 65; Махэк₂, 236, з літ-рай і семантычнымі паралелямі яшчэ ў Naše Reč, 11, 1927, 121–125). Слаўскі (2, 30) прыняў гэту этымалогію, прыводзячы паўд.-слав. kalina ’балота’. Трубачоў (там жа) падкрэслівае, што спачатку kalina азначала ’сырое месца’, а ўжо потым — вільгацелюбівую ’расліну. Сапраўды, семантычную паралель да гэтага можна ўбачыць ў слав. bagъno ’балота’ і ’расліна Ledum’. Параўн., аднак, Талстой, Геогр., 158 і інш., аб цяжкасці рашэння пытання, што было першым — назва балота ці назва расліны. У канкрэтным выпадку празрыстасць утварэння (калі прымаць этымалогію Махэка) не пакідае сумненняў першаснасці назвы балота. Разам з тым нельга не адзначыць, што яркія ягады расліны з’яўляюцца істотнай прыкметай (параўн. каліна як сімвал дзявоцтва, гл. падрабязней калінкі), апрача таго, існуюць розныя погляды на этымалогію слав. kaliti. Параўн. яшчэ ў Тураўскім слоўніку, 2, 179: «Стоіць певень над рэкою с чырвоною бородою» (загадка пра каліну). У сувязі з гэтым звяртае на сябе ўвагу серб.-харв. ка̏лики, ка̏љика ’рабіна, Sorbus aucuparia’ і дыял. калика ’невялікае дрэўца з плодам, падобным да рабіны, аднак неядомым’. Трубачоў (Эт. сл., 9, 120) адносіць гэта слова да kalina, kaliti (< kalъ), каlъ, аднак якая тут матывацыя? Параўн. яшчэ рус. валаг., арханг. кали́на́ ’моцны нагрэў, жар і да т. п.’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

МАДАГАСКА́Р (малагасійскае Madagasikara, фр. Madagascar), Рэспубліка Мадагаскар (малагасійскае Repoblikani Madagasikara, франц. République de Madagascar),

дзяржава на в-ве Мадагаскар і суседніх дробных а-вах у Індыйскім ак. на У ад Афрыкі Пл. 595,8 тыс. км², у т. л. в-ва Мадагаскар 590 тыс. км² (чацвёрты па велічыні ў свеце). Нас. 14463 тыс. чал. (1998). Дзярж. мовы — малагасійская і французская. Сталіца — г. Антананарыву. Падзяляецца на 6 фарытані (правінцый). Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (26 чэрв.).

Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя, прынятая на рэферэндуме ў 1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва на ўсеагульных выбарах тэрмінам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць парламенту, які складаецца з 2 палат: Нац. сходу (выбіраецца насельніцтвам на 4 гады) і Сената (частку сенатараў назначае прэзідэнт, частку выбіраюць выбаршчыкі ад тэр. аб’яднанняў). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам, выбраным Нац. сходам.

Прырода. Цэнтр. і ўсх. часткі вострава займае Высокае або Цэнтральнае, плато выш. 1000—1800 м, складзенае з крышт. і метамарфічных парод. Найвыш. пункт — г. Марумукутру (2876 м) у вулканічным масіве Царатанана на Пн. Уздоўж усх. ўзбярэжжа — прыморская нізіна. На З ад плато — узгорыстыя раўніны, якія прыступкамі паніжаюцца да зах. ўзбярэжжа. Ёсць патухлыя вулканы, бываюць землетрасенні. Карысныя выкапні: храміты, графіт, слюда, кварц, цыркон, берыл, руды нікелю і кобальту, каменны вугаль, баксіты, паўкаштоўныя камяні і інш. Клімат трапічны, на ПнЗ экватарыяльных мусонаў. На нізінах сярэднямесячныя т-ры ад 13—20 °C (у ліп.) да 27—33 °C (у студз.). На Высокім плато клімат умераны, з мяккім летам. Ападкаў ад 3000 мм за год на ўсх. схілах гор да 1000—500 мм на З і Пд. Найб. ападкаў летам. Рачная сетка густая. Расліннасць і жывёльны свет уключаюць шмат эндэмічных відаў. На ўсх. узбярэжжы трапічныя лясы, у цэнтр. раёнах і на З — ксерафітавыя лясы і саванны, на ПдЗ — паўпустыні. Пад лесам і хмызнякамі 40% тэрыторыі. З жывёл характэрны лемуры (35 відаў), насякомаедныя, дробныя драпежнікі, паўзуны і інш. Нац. паркі Ісалу, Мантань-д’Амбр, 32 запаведнікі. Аб’яднаны прыродны запаведнік Цынжы-дзю-Бемараха і раён Ананалава ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Насельніцтва. 99% складаюць малагасійцы — народ малайска-палінезійскай моўнай групы. Падзяляюцца на некалькі этн. груп, якія адрозніваюцца гіст. мінулым і спосабам вядзення гаспадаркі. Жывуць таксама невял. групы французаў, выхадцаў з Індыі і Пакістана, кітайцы, арабы і інш. Сярод вернікаў пераважаюць прыхільнікі мясц. традыцыйных культаў (47%), католікі (26%), пратэстанты (23%); ёсць мусульмане і інш. Сярэднегадавы прырост 28,2% (1997). Сярэдняя шчыльн. 24,3 чал. на 1 км², найб. — на Высокім плато (да 300 чал. на 1 км²), найменшая — на Пд (каля 5 чал. на 1 км²). У гарадах жыве 26% насельніцтва. Найб. г. Антананарыву — 1053 тыс. чал. (1997). Больш за 100 тыс. ж. у гарадах Туамасіна, Фіянаранцуа, Махадзанга. У сельскай гаспадарцы занята 86% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці і абслуговых галінах — па 7%.

Гісторыя Этнагенез насельніцтва М. да канца не высветлены. Паводле адной версіі, М. спачатку быў заселены афрыканцамі — банту, а з 2—4 ст. тут сталі сяліцца выхадцы з Інданезіі; паводле іншай, афрыканцы з’явіліся значна пазней, у выніку склалася змешанае ў расавых адносінах насельніцтва. Ранняя гісторыя М. малавядома. З 7 ст. М. наведвалі арабы і суахілі. У 14 ст. ў цэнтр. ч. вострава склалася дзярж. ўтварэнне народа мерына — Імерына. У 16—17 ст. заснаваны дзяржавы народаў сакалава (на зах. узбярэжжы), бецымасарака (на ўсх. узбярэжжы), бецыляў (у цэнтр. горнай ч.). Першымі еўрапейцамі, якія наведалі М., былі партуг. мараплаўцы Б.​Дыяш (1500) і Ф.​Суарыш (1506). У сярэдзіне 17 ст. на М. праніклі французы, з якімі сапернічалі англічане і галандцы. У канцы 18 ст. адзін з правадыроў мерына — Андрыя-нампуйнімерына [1787—1810] аб’яднаў б. частку М. ў адзіную дзяржаву. Яго сын Радама I [1810—28] абвясціў сябе каралём М. У 2-й пал. 19 ст. пад кіраўніцтвам прэм’ер-міністра Райнілаярывуні дзяржава рэарганізавана на еўрап. ўзор, створана рэгулярнае войска, адчынены школы з навучаннем на малагасійскай мове. У выніку франка-малагасійскіх войнаў (1883—85 і 1894—95) Францыя ліквідавала каралеўства М. і абвясціла яго ў 1896 франц. калоніяй. У 1946 засн. Дэмакр. рух малагасійскага адраджэння (ДРМА), які выступаў за самакіраванне. Антыкаланіяльнае паўстанне 1947—48 жорстка задушана, а ДРМА забаронены. З 1956 дзейнічала Сацыял-дэмакр. партыя (СДП) на чале з Ф.​Цырананам.

У кастр. 1958 абвешчана аўт. Малагасійская рэспубліка (МР) у складзе франц. Супольнасці на чале з Цырананам. 26.6.1960 абвешчана яе незалежнасць. Урад Цырананы праводзіў палітыку супрацоўніцтва з Францыяй і ЗША і прыцягнення замежнага капіталу. Эканам. цяжкасці вясной 1972 выліліся ў масавыя бунты, што прымусіла ўрад перадаць уладу ген. Г.​Рамананцуа. Пасля некалькіх няўдалых спроб дзярж. пераваротаў у чэрв. 1975 улада перайшла да Вярх. рэв. савета (ВРС) на чале з Д.Рацыракам (са снеж. 1975 прэзідэнт). На рэферэндуме ў снеж. 1975 ухвалена хартыя Малагасійскай сацыяліст. рэвалюцыі і прынята канстытуцыя Дэмакр. рэспублікі М. Адзінай паліт. арг-цыяй застаўся створаны ў 1976 Нац. фронт абароны сацыяліст. рэвалюцыі. Быў нацыяналізаваны шэраг прыватных кампаній. У канцы 1980-х г. краіну ахапілі масавыя выступленні за дэмакратызацыю. У сак. 1990 дазволена шматпартыйнасць. На рэферэндуме ў жн. 1992 прынята новая канстытуцыя, краіна перайменавана ў Рэспубліку М. На выбарах у сак. 1993 лідэр апазіцыі А.​Зафі выбраны прэзідэнтам М. У выніку канфлікту паміж заканад. і выканаўчай уладамі ў чэрв. 1996 парламент аб’явіў імпічмент Зафі. На выбарах у лют. 1997 прэзідэнтам М. зноў выбраны Рацырака. М. — чл. ААН (з 1960), Арг-цыі афр. адзінства (з 1963). Дзейнічаюць паліт. рухі і партыі: Стоўп і апора для выратавання М., Эканам. лібералізм і дэмакр. дзеянне для нац. адраджэння, Партыя кангрэса незалежнасці М. — адноўленая.

Гаспадарка. М. — эканамічна адсталая агр. краіна. Штогадовы даход на 1 чал. каля 700 дол. ЗША. Сельская гаспадарка дае 33% валавога нац. прадукту, прамысловасць — 15%, абслуговыя галіны — 52%. Для с.-г. выкарыстання прыдатныя каля 10 млн. га. Апрацоўваецца каля 3 млн. га. Пад пашу выкарыстоўваюцца прасторы саваннаў, рэдкастойных лясоў і хмызнякоў агульнай пл. больш за 34 млн. га. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі, ёсць плантацыі замежных і мясц. кампаній. Гал. экспартныя культуры (1994, тыс. т): кава — 80, гваздзіка — 7, ваніль — 2,8 (1-е месца ў свеце), сізаль — 20, перац.

На свае патрэбы вырошчваюць (1994, млн. т): рыс — 2,3, маніёк — 2,3, батат. — 0,5, кукурузу — 0,2, цукр. трыснёг — 2, бульбу, фасолю, арахіс, бавоўнік, тытунь. Рыс вырошчваюць на арашальных землях на Высокім плато і ў суседніх раёнах, клубневыя культуры — пераважна на У. Развіты агародніцтва і садоўніцтва. На Высокім плато значныя плошчы пад яблынямі, грушамі, персікамі, абрыкосамі. Жывёлагадоўля характарызуецца нізкай прадукцыйнасцю. Пагалоўе: буйн. раг. жывёлы — 10 млн. галоў (больш за 90% складаюць зебу), коз і авечак — каля 3 млн. галоў, свіней — 1,4 млн. галоў. Птушкагадоўля.

Лясная гаспадарка і рыбалоўства. У год вылоўліваюць каля 100 тыс. т рыбы, крэветак, крабаў, вустрыц, лангустаў. Прам-сць прадстаўлена дробнымі і сярэднімі прадпрыемствамі, пераважна горназдабыўной і харч. прам-сці. Здабываюць храміты — 146 тыс. т, графіт — 14 тыс. т, слюду — 1 тыс. т. Невял. здабыча кварцу, цыркону, берылу, танталіту, паўкаштоўных камянёў (аметыст, турмалін, тапаз). У харч. прам-сці пераважаюць прадпрыемствы: мукамольныя, рысаачышчальныя, цукр., тытунёвыя, мясакансервавыя, алейныя (перапрацоўка соі, арахісу, пальмавых ядраў). Вытв-сць электраэнергіі 595 млн. кВт гадз (1995), на невял. ЦЭС (працуюць на імпартнай нафце) і ГЭС. Іншыя галіны прам-сці прадстаўлены асобнымі прадпрыемствамі: з-ды нафтаперапр., па вытв-сці ўгнаенняў (Туамасіна), 2 аўтазборачныя (Антананарыву), 2 цэм. (Махадзанга і Анцырабе), суднабуд. (Манандзары), суднарамонтны (Анцэранана), фармацэўтычны (Фіянаранцуа); ёсць прадпрыемствы радыё- і электратэхнічныя, лакафарбавыя, дрэваапр., гарбарна-абутковыя, тэкст., па вытв-сці пластмас. Развіты саматужныя промыслы — выраб тканін, адзення, абутку, мэблі, керамікі і інш. Асн. цэнтры прам-сці — гарады Антананарыву, Туамасіна, Фіянаранцуа, Махадзанга. Транспарт аўтамабільны, чыгуначны, марскі. Аўтадарог 49,8 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 5,7 тыс. км, у краіне 48 тыс. легкавых і 34 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1997). Даўж. чыгунак (каляя — 1 м) 883 км. Марскі флот адыгрывае вял. ролю ва ўнутр. перавозках і знешнім гандлі. У краіне больш за 20 марскіх партоў, галоўныя — Туамасіна (больш за 40% аб’ёму знешняга гандлю), Махадзанга, г. Анцэранана. Авіяц. транспарт базіруецца на 105 аэрапортах (1996). Міжнар. аэрапорты каля г. Антананарыву і Махадзанга. У 1996 экспарт склаў 493 млн. дол., імпарт — 612 млн. долараў. М. экспартуе каву (45% па кошце), ваніль (20%), гваздзіку, крэветкі, тэкстыль, храміты, графіт, слюду; імпартуе машыны і абсталяванне, паўфабрыкаты, нафту, тавары шырокага ўжытку, харч. прадукты. Асн. гандл. партнёры Францыя (41% экспарту, 40% імпарту), Японія, ЗША, Германія, Паўд.-Афр. Рэспубліка. М. атрымлівае фін. дапамогу ад Францыі і міжнар. арг-цый. Грашовая адзінка — малагасійскі франк.

І.​І.​Пірожнік (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Мадагаскара.
Да арт. Мадагаскар. Панарама г. Антананарыву.
Да арт. Мадагаскар. На рацэ ў раёне ўсходняга ўзбярэжжа.

т. 9, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́ЦКА-ПО́ЛЬСКАЯ ВАЙНА́ 1920,

вайна сав. дзяржавы з Польшчай у крас.—кастр. 1920; частка польска-сав. вайны 1919—20, выкліканай экспансіяй Польшчы пры падтрымцы яе дзяржавамі Антанты і ЗША. У перыяд адраджэння польск. дзяржавы (канец 1918 — пач. 1919) краіны Антанты і ЗША, зацікаўленыя выкарыстаць яе ў барацьбе супраць сав. рэспублік — РСФСР, Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (Літбел) і УССР, падтрымлівалі заваёўніцкія планы кіруючых польск. колаў. Пры іх падтрымцы польск. армія была даведзена да 545 тыс. чал. У 1-й пал. 1919 Польшча атрымала ад ЗША на 60 млн. дол. зброі і на 51,6 млн. дол. харчавання. Значнымі былі ваен. пастаўкі з Францыі, на яе тэр. было сфарміравана 5 польскіх дывізій. У пач. 1919 польск. камандаванне стала канцэнтраваць свае войскі каля граніц сав. рэспублік. На сав. прапановы аб перамір’і польскі ўрад не адказаў. Ён выступіў супраць устанаўлення сав. улады ў Беларусі і Літве, не прызнаў абвяшчэння суверэннай Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР), а потым і стварэння Літбела. У 1-й пал. лют. 1919 Польшча пачала ваен. дзеянні супраць сав. рэспублік. Паўн. група польск. войск наступала ў напрамку Вільні і Ліда—Маладзечна, паўд. — на Баранавічы—Мінск і Кобрын—Пінск; разгортваліся ваен. дзеянні і на тэр. Украіны. Для адпору інтэрвенцыі ў лют. 1919 створаны сав. Заходні фронт 1919—24. 8.4.1919 Літбел аб’яўлена на ваен. становішчы, але спыніць польск. войскі не ўдалося. Урады РСФСР і Літбела звярталіся да польск. ўрада з прапановамі мірна вырашыць спрэчныя пытанні, але польскі бок адхіліў іх. 22.4.1919 захоплена сталіца Літ.-Бел. ССР Вільня. У гэты перыяд у польск. друку і грамадскай думцы адносна Беларусі вызначыліся 2 тэндэнцыі. Адна выражала інтарэсы кіруючых колаў: далучыць землі былога ВКЛ (Беларусь і Літву) да Польшчы. Другая адлюстроўвала думку польскіх дэмакр. сіл, якія разглядалі Беларусь, Літву і Украіну як самаст. дзяржавы, звязаныя з Польшчай уніяй (т.зв. «федэралістычная канцэпцыя»). З ёй спачатку вымушана лічыўся і нач. польскай дзяржавы Ю.​Пілсудскі. Але неўзабаве ён ад яе адмовіўся. Віленская дэкларацыя (прынята польск. сеймам 2.5.1919) нават сцвярджала, што «бацькаўшчына Касцюшкі, Міцкевіча і Траўгута належыць да Польшчы, як частка непадзельная». Фактычна Пілсудскі адмовіўся ад «федэралістычнай канцэпцыі і ўзяў на ўзбраенне іншы план — захапіць Літву з Вільняй, Беларусь з Мінскам, Украіну з Кіевам». Сутнасць палітыкі Польшчы адносна Беларусі была выкладзена ў памятнай запісцы кіраўніцтва «Стражы крэсовай» — далучэнне да Польшчы «крэсаў усходніх» (бел., літ. і ўкр. зямель). У сак.—крас. 1919 польскія войскі занялі Брэст, Ваўкавыск, Слонім, Скідзель, Шчучын, Пінск, Баранавічы. Урад РСФСР заявіў пратэст ураду Польшчы і прапанаваў мірна ўрэгуляваць усе спрэчныя пытанні. Важнае значэнне мелі пастановы ЦВК Украіны, Літвы і Беларусі (прыняты ў маі 1919) аб неабходнасці заключэння ваен.-паліт. саюзу. На іх аснове ЦВК Расіі прыняў 1.6.1919 пастанову аб аб’яднанні ваен. сіл сав. рэспублік. Але праціўнік меў значную перавагу (яго сілы амаль падвоіліся, калі з Францыі была перакінута добра ўзбр. армія). 1.7.1919 польск. войскі разгарнулі наступленне на Зах. фронце, а 8 жн. занялі Мінск. У сярэдзіне жніўня яны занялі практычна ўсю тэр. Літ.-Бел. ССР і шэраг раёнаў Украіны.

У Беларусі лінія фронту праходзіла па р. Бярэзіна, на Украіне — па р. Славечна — г. Наваград-Валынскі — г. Магілёў-Падольскі. Польскі ўрад адхіліў чарговыя мірныя прапановы сав. ўрада (22.12.1919, 28.1 і 2.2.1920). 25.4.1920 войскі Польшчы (агульная колькасць узбр. сіл 740 тыс. чал.) пачалі наступаць: у Беларусі — 1-я, 4-я, 7-я арміі (79 тыс. штыкоў і шабляў, камандуючы ген. С.​Шаптыцкі); на Украіне — 2-я, 3-я, 6-я (65 тыс. штыкоў і шабляў, камандуючы Пілсудскі). У Беларусі ім процістаялі войскі Зах. фронту [180 тыс. штыкоў і шабляў, камандуючыя У.​М.​Гіціс (з 7.7.1919), М.​М.​Тухачэўскі (з 29.4.1920)]; на Украіне — войскі Паўд.-Зах. фронту [120 тыс. штыкоў і шабляў, камандуючы А.​І.​Ягораў (10.1—31.12.1920), чл. РВС: Р.​І.​Берзін (10.1—18.12.1920), Х.​Г.​Ракоўскі (6.2—9.10.1920), І.​В.​Сталін (10.1—1.9.1920), С.​І.​Гусеў (29.8—14.10.1920), С.​І.​Аралаў (1—31.12.1920)]. У сак. 1920 польскія войскі занялі Мазыр, Калінкавічы, Оўруч, перарэзалі чыгункі паміж Зах. і Паўд.-Зах. франтамі; у крас. 1920 пры падтрымцы ўкр. палкоў С.​Пятлюры захапілі Корасцень, Жытомір, Казацін, 6 мая — Кіеў (гл. Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918—22).

12.5.1920 у сав. дзяржаве абвешчана ваен. становішча, у тэзісах «Польскі фронт і нашы задачы» (апубл. 23.5.1920) ЦК РКП(б) заклікаў працоўных на барацьбу з інтэрвентамі, на польскі фронт накіравана больш за 24 тыс. камуністаў. З Беларусі па парт. мабілізацыі на Зах. фронт з 1.1 да 1.10.1920 накіравана 1116 камуністаў. Паводле няпоўных звестак у дзеючых часцях Чырв. Арміі ў перыяд вайны было больш за 100 тыс. ураджэнцаў Беларусі. У Беларусі фарміравалася Запасная армія Зах. фронту, якая ў маі 1920 мела да 40 тыс. чал. (камандуючы П.​А.​Пятраеў). 13 курсаў і школ рыхтавалі камандзіраў Чырв. Арміі. 28.4.1920 Палітбюро ЦК РКП(б) ухваліла план наступлення, распрацаваны Гал. камандаваннем Чырв. Арміі. Гал. ўдар наносіў Зах. фронт праз Беларусь на Варшаву; часці Паўд.-Зах. фронту пасля вызвалення Кіева павінны былі наступаць праз Роўна на Брэст. На ўмацаванне Зах. фронту накіраваны 10-я стралк. і 2-я кав. дывізіі, на Паўд.-Зах. — 1-я Конная армія (камандуючы С.​М.​Будзённы) і 25-я стралк. дывізія. 14.5.1920, не дачакаўшыся рэзерваў, Зах. фронт пачаў наступаць. 16-я армія фарсіравала Бярэзіну паміж прытокамі Бобр і Клява і наступала ў напрамку Мінска. Польск. камандаванне падцягнула рэзервы з літ. граніцы і контрударам прымусіла сав. войскі адысці на зыходныя рубяжы. Наступленне польск. войск на Украіне было затрымана. Паўд.-Зах. фронт, падмацаваны 1-й Коннай арміяй, нанёс паражэнне 3-й і 6-й польск. арміям і 12.6.1920 вызваліў Кіеў.

Летам 1920 на Зах. фронце было больш за 100 тыс. чал., 2573 кулямёты, 598 гармат. 4.7.1920 ударная група фронту (3-і кав. корпус Г.​Дз.​Гая, 4-я, 15-я і 3-я арміі) разбіла польск. войскі каля Полацка і рушыла да Вільні і Маладзечна, 16-я армія фарсіравала Бярэзіну і 11.7.1920 вызваліла Мінск. Мазырская група (57-я стралк. дывізія і зводны атрад) наступала ўздоўж чыгункі Мазыр—Брэст. 14 ліпеня войскі Зах. фронту занялі Вільню, 19 ліп. фарсіравалі Нёман, Шчару і выйшлі на тэр. Польшчы (гл. Майская аперацыя 1920, Ліпеньская аперацыя 1920). На Украіне Чырв. Армія разбіла польск. войскі пад Роўнам, 11 ліп. заняла Сарны, Роўна, Камянец-Падольскі. У канцы ліп. ў Беластоку створаны Польскі рэвалюцыйны камітэт (Польрэўком). У сав. тыле фарміравалася 1-я Польская Чырв. Армія, якая на восень 1920 мела 22 вайск. часці (2507 чал.). Да сярэдзіны жн. 1920 сав. войскі падышлі да Варшавы і Львова. Але стомленасць войск, іх адарванасць ад баз забеспячэння далі магчымасць польск. арміі, якой дапамагала зброяй Антанта, прыпыніць наступленне Чырв. Арміі ў Варшаўскай аперацыі 1920 і прымусіць яе адысці.

Паражэнне Чырв. Арміі ў Варшаўскай аперацыі было абумоўлена найперш пераацэнкай гатоўнасці рабочых і сялян Польшчы падтрымаць наступленне сав. войск (ідэя сусв. сацыяліст. рэвалюцыі). Абмежаваныя матэрыяльныя рэсурсы сав. краіны не далі магчымасці забяспечыць усім неабходным войскі фронту. Сав. камандаванне зрабіла стратэгічныя і тактычныя памылкі. Недастатковая ўвага аддавалася аператыўнаму забеспячэнню баявых дзеянняў. Змена камандаваннем Паўд.-Зах. фронту напрамку гал. ўдару з Брэсцкага на Львоўскі парушыла ўзаемадзеянне франтоў, што і прадвызначыла канчатковы вынік аперацыі. Да таго ж Чырв. Армія была вымушана весці баявыя дзеянні на інш. франтах. У сувязі з гэтым польскія войскі выкарысталі ініцыятыву і ў вер.—кастр. 1920 прасунуліся на У, захапіўшы Мінск. Крыху пазней яны зноў адступілі. 12.10.1920 у Рызе падпісаны дагавор аб перамір’і і прэлімінарных умовах міру, а 18.3.1921 — Рыжскі мірны дагавор 1921, паводле якога ў складзе Польшчы засталіся занятыя яе войскамі Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна. У час вайны ў баявых дзеяннях удзельнічалі таксама савецкія Дняпроўская ваенная флатылія, Заходнядзвінская ваенная флатылія, Прыпяцкая ваенная флатылія і польская Пінская флатылія (гл. ў арт. Пінская ваенная флатылія).

Літ.:

Директивы Главного командования Красной Армии (1917—1920 гг.): Сб. док. М., 1969;

Сташкевич Н.С. Приговор революции: Крушение антисов. движения в Белоруссии, 191.7—1925. Мн., 1985;

Польско-советская война, 1919—1920: (Ранее не опубл. док. и материалы). Ч. 1—2. М., 1994;

Маль К. Вайна 1920 г. і Беларусь: Вызваленне ці акупацыя? // Бел. гіст. агляд. 1997. Т. 4, сш. 1—2 (6—7);

Круталевич В.А. История Беларуси: становление нац. державности (1917—1922 гг.). Мн., 1999.

М.​С.​Сташкевіч.

т. 14, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

мо́цны, ‑ая, ‑ае.

1. Які цяжка парваць, разбіць, зламаць і пад.; трывалы. Моцная вяроўка. Моцныя карэнні. Моцны будынак. □ На возеры пры млыне лёд яшчэ быў моцны. Бядуля. Замок быў вялікі, цяжкі і, мабыць, вельмі моцны. Курто. // Цэлы, не парваны. Боты яшчэ моцныя.

2. Здаровы, дужы. Моцны арганізм. Моцнае сэрца. □ Гаспадар быў з выгляду моцны і дужы. Чорны. Аж уздыбіліся коні, спыненыя моцнай рукой старога Архіпа. Лынькоў. // Які робіцца з вялікай сілай. Моцны ўдар. □ Вось Чоран зрушыў Лысага,.. адкідае яго моцнымі штурханамі рагатае галавы. Колас. // Інтэнсіўны, сканцэнтраваны. Спачатку вораг абрушыў на гэты адрэзак фронта гвалтоўны і моцны агонь артылерыйскай падрыхтоўкі. Брыль.

3. Значны па ступені свайго праяўлення, моцы, велічыні. Моцны вецер. Моцны сон. □ На дварэ стаяў моцны мароз. Гартны. Нават у моцную навальніцу .. [дубы] варушацца неахвотна, уздымаючы нездаволены суровы шум. Дуброўскі. // Гучны. Моцны трэск. □ Два сабакі спаткалі .. [Нахлябіча] моцным брэхам. Чорны. Моцны стук у шкло кабіны перапыняе цяжкія развагі. Кулакоўскі. / Пра голас. — Што вы робіце? Апомніцеся! — прагучаў чыйсьці моцны, абураны голас. Пестрак.

4. Надзейны, устойлівы; трывалы. Моцная дружба. Моцныя сувязі. □ Моцная дысцыпліна замацоўвала спайку. Брыль. // Глыбокі, вялікі (аб пачуццях, перажываннях і пад.). Моцнае ўражанне. □ Марына ў моцным узрушэнні Бліжэй к танкісту падышла. Колас. Засталося толькі адно моцнае пачуццё: нянавісць да ворага, тая вялікая, святая нянавісць, якую адчуваў у тыя дні кожны савецкі чалавек. Шамякін.

5. Магутны, аўтарытэтны. Моцная дзяржава. □ Больш моцную пазіцыю [у ААН] пачалі займаць краіны Азіі і Афрыкі. Філімонаў. // Значны па свайму ўздзеянню, пераканаўчы. Моцны ўплыў. □ На гэтым лісце было напісана тое, што называецца незвычайным і вельмі ж, мусіць, моцным словам — пратэст. Брыль.

6. Добра ўмацаваны. [Свірын:] — Вось таму і моцная наша граніца, што разам з пагранічнікамі яе ахоўвае ўвесь савецкі народ. Пальчэўскі. Даволі значны стратэгічны пункт Рагачоў ператвараўся захопнікамі ў моцны апорны вузел. Брыль. // Добра ўзброены, шматлікі. Моцны гарнізон. Моцная ахова. □ Навокал стаяў моцны канвой. Лынькоў.

7. Насычаны, канцэнтраваны; не разбаўлены. Моцны настой. □ Увайшоў Сцёпка да пана і закашляўся пасля моцнага тытуню. Якімовіч. // З вялікай колькасцю градусаў. Моцнае віно. // Рэзкі, востры. Моцны водар мяты. □ З пуні патыхнула моцным, такім знаёмым Сцяпану пахам сырой зямлі і свежага сена. М. Стральцоў.

8. Разм. З вялікім дастаткам; багаты, заможны. Моцны калгас. Моцная гаспадарка.

9. перан. Дасведчаны, вопытны, спрактыкаваны; з добрымі ведамі. Моцны вучань. □ У польскай мове Васіль Бусыга быў не дужа моцны. Колас.

•••

Заднім розумам моцны — аб непрадбачлівым, някемлівым чалавеку.

Моцнае слова (слоўца) гл. слова.

Моцны арэх гл. арэх.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

працава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; незак.

1. Займацца якой‑н. працай. Працаваць у полі. Працаваць здзельна. □ Сапраўдны работнік будзе шчыра працаваць на любым месцы. Шахавец. Спачатку работа не ладзілася — проста не было ахвоты працаваць. Колас. // Быць занятым дзе‑н. працай, мець дзе‑н. які‑н. занятак, знаходзіцца дзе‑н. на службе. Працаваць на заводзе. Працаваць у школе. Працаваць у калгасе. □ Бацька Мірона працаваў у млыне, а Віктара — на шкляной гуце. Маўр. // кім. Знаходзіцца на якой‑н. пасадзе, выконваць абавязкі каго‑н. Працаваць настаўніцай. Працаваць бухгалтарам. Працаваць слесарам. □ Дзед Мікалай працаваў вартаўніком на птушкагадоўчай ферме. Даніленка. Ірына працуе прычэпшчыцай ужо другі месяц. Шахавец.

2. над чым. Працуючы, ствараць, удасканальваць ці вывучаць што‑н. Працаваць над дысертацыяй. Працаваць над спектаклем. Працаваць над карцінай. // з кім. Сістэматычна навучаць, выхоўваць каго‑н. Працаваць з дзецьмі. Працаваць з кадрамі.

3. на каго-што. Займацца якой‑н. працай, забяспечваючы ці абслугоўваючы каго‑н. Працаваць на сябе. □ — Вы будзеце на нас працаваць. Ды яшчэ якую вялікую карысць прыносіць савецкім людзям! Новікаў. «Калі б табе, сонейка, прыйшлося працаваць на пана, ты не стаяла б так доўга над лесам, — зайшло б хутчэй...» Брыль. // перан. Дзейнічаць на карысць каго‑н., дзеля чыіх‑н. інтарэсаў. — Час вайны адцягнуты, а час працуе на нас. Гурскі.

4. чым. Прыводзіць што‑н. у дзеянне, кіраваць, дзейнічаць (інструментам, прыладай). Працаваць лапатай. Працаваць малатком. □ Цётка .. энергічна працавала нажніцамі, рыхтуючы бінты. Самуйлёнак. Мужчыны, жанчыны і падлеткі працуюць граблямі. Бядуля. // Энергічна рухаць чым‑н. (якой‑н. часткай цела). Летам, бывала, ляжа Пеця на спіну, рукі раскіне і ляжыць сабе, не кратаецца. А цяпер, як ні стараецца, як ні працуе і рукамі і нагамі, а галаву ледзьве трымае па паверхні. Ваданосаў. Узлятае дружны смех, гучна працуюць далоні. Лужанін. // з чым. У працэсе працы карыстацца чым‑н. (інструментам, дапаможнікам і пад.). Працаваць з мікраскопам. Працаваць са слоўнікам.

5. Знаходзіцца ў дзеянні, дзейнічаць (пра механізмы, агрэгаты і пад.). Увесь дзень бесперабойна працаваў камбайн. Гурскі. Гул бою чуўся выразна з таго боку, дзе зайшло сонца. І там працавала артылерыя. Чорны. // Дзейнічаць, выконваць свае функцыі (пра органы цела). Страўнік не працуе. Сэрца працуе добра. / Пра думкі, уяўленні і пад. Думка прафесара працавала акрэслена, ясна. Кавалёў. // Быць у дзеянні (аб прадметах, установах); быць адкрытым (для наведвальнікаў, пакупнікоў і пад.). Завод працуе ў дзве змены. Бібліятэка працуе без выхадных дзён.

•••

Працаваць над сабой — удасканальваць сябе ў чым‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сярэ́дні, ‑яя, ‑яе.

1. Які знаходзіцца ў сярэдзіне, паміж двума пунктамі, прадметамі, дзвюма лініямі і пад.; аднолькава аддалены ад краёў, канцоў чаго‑н. Яны [Міхал і Антось] лагчынку праязджаюць, Гару сярэднюю мінаюць, Клады з паніклымі крыжамі. Колас. [Гарлахвацкі:] Апіралася гэтая жывёліна пры хадзе не на два пальцы, а на ўсе чатыры, з якіх два крайнія былі крыху меншыя за два сярэднія. Крапіва. // Другі (другая) па ўзросту з трох (дзяцей, братоў, сясцёр). Наташа была сярэдняй у сям’і калгаснага каваля Івана Янкевіча. Шамякін. [Бацька:] — Сыны мае родныя,.. прашу ўважыць адну маю просьбу: прыходзьце да мяне на магілу начаваць тры ночы. Першую ноч — старэйшы, другую — сярэдні, а трэцюю — малодшы. Якімовіч.

2. Прамежкавы па сваіх уласцівасцях, прыкметах паміж дзвюма крайнімі (процілеглымі) уласцівасцямі, прыкметамі (паміж вялікім і малым, цяжкім і лёгкім, высокім і нізкім і пад.). Баксёр сярэдняй вагі. Абутак на нізкім, сярэднім і высокім абцасе. □ [Юстын:] Ну, росту быў [аграном] такога вось, як і ты, сярэдняга. Краўчанка. У Буханцава, хоць узрост яго толькі набліжаецца да сярэдняга, за плячыма немалы вопыт афіцэра-пагранічніка. Хадкевіч. Усім жывым — дзядам і дзіцянятам, І хто ў сярэдні ўвабраўся век, Бабулям рупным, модніцам-дзяўчатам — Адзін заўсёды служыць чалавек. Лось. // Які аб’ядноўвае ў сабе прыкметы, уласцівасці двух розных прадметаў, дзвюх з’яў. Гаварыць тонам, сярэднім паміж просьбай і загадам. □ Хлопец гаварыў, як гавораць беларусы з некаторых мясцін Гродзеншчыны. Не націскаючы на «а», вымаўляючы яго як нешта сярэдняе між «а» і «о». Караткевіч. // Які займае прамежкавае становішча паміж старшымі і малодшымі па званню, пасадзе і пад. Сярэдні медыцынскі персанал. // Які займае прамежкавае становішча паміж двума класамі, дзвюма грамадскімі групоўкамі і пад. Дробная і сярэдняя буржуазія. Сярэдняе сялянства.

3. Ні добры, ні дрэнны; пасрэдны. Сярэднія здольнасці. // Які нічым не вылучаецца; звычайны, радавы. Сярэдні вучань. □ [Клава:] — Скажу я табе [Язэп] шчыра, што і камандзір ён [Гаравы] быў сярэдні. А вось як камандаваў спачатку падрыўнікамі — сваю справу рабіў. Асіпенка. Іхняя брыгада [маляроў] у рамонтна-будаўнічай канторы лічылася сярэдняй: не было яшчэ выпадку, каб яна вырвалася наперад. Даніленка.

4. Не вышэй звычайнага ўзроўню, нормы. Сярэднія патрабаванні.

5. Атрыманы дзяленнем сумы некалькіх велічынь на іх колькасць; тыповы для дадзенай групы з’яў. Сярэдняя гадавая тэмпература. Сярэдняя заработная плата. Сярэдняя велічыня.

6. у знач. наз. сярэ́дняе, ‑яга, н. У матэматыцы — велічыня, якая атрымліваецца ад дзялення сумы некалькіх лікаў на іх колькасць. Сярэдняе арыфметычнае.

•••

Сярэдняе вуха гл. вуха.

Сярэдняя школа гл. школа.

Вышэй (ніжэй) сярэдняга — вышэй (ніжэй) якой‑н. нормы.

Сярэдняй рукі гл. рука.

У сярэднім — выходзячы з сярэдніх велічынь, паказчыкаў, норм; прыблізна. Жывуць зубры ў сярэднім да трыццаці — пяцідзесяці год. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

НОВАЯ ЛІТАРАТУРА

Бел. літаратура сярэдзіны 18—19 ст. — якасна новы этап у гісторыі бел. прыгожага пісьменства. Яе першыя прыкметы адлюстраваны ўжо ў «Прамове Мялешкі» і «Лісце да Абуховіча», у інтымнай лірыцы і грамадзянскай паэзіі, гіст.-мемуарнай прозе эпохі барока. Творы новай літаратуры мелі свецкі характар, і ідэі Асветніцтва займалі ў ёй пануючае становішча. У час інтэнсіўнага фарміравання новай бел. літаратуры шматмоўнасць маст. творчасці выяўлялася праз устойлівае выкарыстанне польскай мовы, адыход ад стараслав., старабел., лац. моў і зварот да народна-гутарковых пластоў бел. мовы. На шляху вяртання ў нацыянальна-моўнае ўлонне тагачасная літаратура прайшла праз польскамоўнае (Ф.​Багамолец, А.​Нарушэвіч, Ю.​У.​Нямцэвіч), рускамоўнае (Г.​Каніскі) і лацінамоўнае (М.​Карыцкі) выяўленне класіцызму, зведала сентыменталізм (Ф.​Князьнін), асвоіла рамантызм (Т.​Лада-Заблоцкі, А.​Міцкевіч, А.​Ходзька і інш.), заклала асновы рэалізму (А.​Плуг, У.​Сыракомля). Паралельна з гэтым узнікалі беларускамоўныя творы, якія ў 1-й пал. 19 ст. вызначаліся стылявым сінкрэтызмам, хоць адраджэнскія тэндэнцыі спрыялі рамант. светаўспрыманню і замацаванню пануючага становішча паэзіі. Калі ў даўняй літаратуры асн. месца належала прозе, то цяпер яно канчаткова перайшло да паэзіі і драматургіі. Распрацоўваліся жанры травесційнай («Энеіда навыварат», прыпісваецца В.​Равінскаму) і парадыйнай («Тарас на Парнасе») паэмы, гутаркі, быліцы («Купала», «Халімон на каранацыі» В.​Дуніна-Марцінкевіча), балады («Нячысцік» А.​Рыпінскага), вершаванай драматург. сцэнкі («Яжовыя» Я.​Чачота), лірычнага верша (П.​Багрым, Ф.​Багушэвіч, Я.​Баршчэўскі, Я.​Вуль, В.​Каратынскі, Я.​Лучына, У.​Сыракомля і інш.); з празаічных жанраў — апавядання, заснаванага на быт. анекдоце (Ф.​Багушэвіч, А.​Плуг), мемуараў (А.​Абуховіч). З’явіліся першыя спробы гіст. нарыса бел. літаратуры (прадмова Р.​Падбярэскага да зб. Я.​Баршчэўскага «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях»).

Складанасць і супярэчлівасць развіцця літаратуры Беларусі з 1740-х г. у значнай ступені абумоўлена імклівым чаргаваннем крызісных з’яў і паліт. падзей на тэр. Рэчы Паспалітай (шляхецкая анархія, дэцэнтралізацыя ўлады, каралеўскія рэформы, Барская і Таргавіцкая канфедэрацыі, падзелы Рэчы Паспалітай, Канстытуцыя 3 мая 1791, вызваленчае паўстанне пад кіраўніцтвам Т.​Касцюшкі і інш.). Развівалася асветніцка-філас. думка (Б.​Дабшэвіч, А.​Доўгірд, М.​Карповіч, К.​Нарбут і інш.), распаўсюджваліся погляды Вальтэра і Ж.​Ж.​Русо, абнаўлялася адукац. сістэма, адбывалася судакрананне элітарнага і нар. мастацтваў, пашыралася кнігадрукаванне, выспяваў краёвы патрыятызм пры шматмоўным спосабе выяўлення думкі, шырокім бытаванні польскай мовы ў бел. грамадстве і захаванні бел. гаворак у асяроддзі сялян і шляхты. У культ. жыцці важнае месца займалі тэатр і музыка, а інтэрмедыі школьных тэатраў сталі важкім аргументам для захавання за бел. мовай статуса літаратурнай. Традыцыі школьнага тэатра, інтэрмедыі і нар. драматургіі набылі развіццё ў «Камедыі» выкладчыка Забельскага калегіума К.​Марашэўскага (нап. 1787). У ёй выявілася пазітыўнае, гуманіст. стаўленне да мужыка, якое абуджала цікавасць да нар. жыцця і яго духоўнага напаўнення, выяўленага ў мове. Твор своеасабліва сінтэзаваў старыя традыцыі і новыя, асветніцкія тэндэнцыі: з аднаго боку, прасочваецца залежнасць ад барочнай драмы-маралітэ (біблейскі матыў, павучальны фінал); з другога — праўдзіва адлюстроўваюцца супярэчнасці прыгоннай вёскі, умовы жыцця бел. сялянства. Мацей Радзівіл стварыў лібрэта оперы «Агатка, або Прыезд Пана» (1784), якое выявіла бел. ментальнасць і абазначыла традыцыі нац. драматургіі, развітыя пазней у творах В.​Дуніна-Марцінкевіча. Батлейкавы тэатр у 18 ст. зазнаў прынцыповыя змены: яго рэпертуар стаў больш свецкім, набыў рысы дэмакратычнасці; рэліг. па змесце застаўся толькі пралог. Наладжваліся паказы драмы «Цар Ірад», нар. камедыі «Мацей і доктар-шарлатан» і інш. Лепшыя традыцыі батлейкавага тэатра працягваліся і ў 19 ст. («Цыган і цыганка», «Антон з казой і Антоніха»).

У рознастылёвай шматмоўнай літаратуры Беларусі сцвярджаўся класіцызм (Ф.​Багамолец, К.​Марашэўскі, М.​Цяцерскі і інш.) і сентыменталізм (Ф.​Князьнін), працягваліся традыцыі барока (Ю.​Бака, К.​Беніслаўская) і перадрамантычныя тэндэнцыі (А.​Нарушэвіч); узнікалі вершаваныя ўзоры, арыентаваныя на жывую нар. гаворку (І.​Храптовіч) і стылізаваныя пад творы стараж. бел. паэзіі (вітанні каралю Станіславу Аўгусту Панятоўскаму), з’явіліся рускамоўныя творы прыезджых аўтараў (І.​Сакольскі), распаўсюджвалася ананімная і агітацыйна-паўстанцкая літаратура і г.д. Бел. паэзія 2-й пал. 18 ст. адметная пашырэннем бурлескна-сатыр. твораў, якія дасціпна парадзіравалі біблейскія сюжэты («Того дня вельмі слаўного», «Уваскрэсенне Хрыстова і сашэсце яго ў пекла»).

Далучэнне Беларусі да Рас. імперыі ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай у канцы 18 ст. выклікала лёсавызначальнае ўскладненне грамадска-культ. жыцця і духоўных пошукаў беларусаў: у шляхецкім асяроддзі пачало нарастаць імкненне да аднаўлення Рэчы Паспалітай і ВКЛ. Нац.-вызваленчы рух, паўстанні 1830—31 і 1863—64 фарміравалі лакальна-гіст. і мясц. патрыятызм, а разам з гэтым падводзілі да беларускамоўнага адраджэння літаратуры, якое адбывалася ва ўмовах паланізацыі і русіфікацыі грамадства. Да 1820-х г. літ. жыццё Беларусі працягвала развівацца ў рэчышчы Асветніцтва. Аўтары па-ранейшаму прытрымліваліся яго гал. кірунку — класіцызму. У жанры травесціі (бурлеска) напісана парадыйна-сатыр. паэма «Энеіда навыварат» (каля 1820-х г.), што ўзнікла як дэмакр. рэакцыя на класіцызм. Твор напоўнены рэаліямі бел. жыцця часоў прыгонніцтва. Аўтар дэманструе дасканалае веданне бел. фальклору, вял. выяўленчыя магчымасці бел. мовы. У ананімнай паэме «Тарас на Парнасе» (сярэдзіна 19 ст.) упершыню ў бел. літаратуры апавяданне вядзецца ад імя простага селяніна. Твор адстойваў сапраўдную народнасць літаратуры, сцвярджаў неўміручасць народа, яго таленавітасць і жыццялюбства. Абедзве паэмы прасякнуты нар. гумарам, напісаны жывой гутарковай мовай; яны істотна паўплывалі на літ. працэс, узмацнілі яго дэмакр. плынь.

Паліт. падзеі адцягвалі грамадскую ўвагу ад літ. праблем, аднак касмапалітычная эстэтыка класіцызму супярэчыла тэндэнцыям пісьменніцкага самавыяўлення, спасціжэння нар. жыцця і маст. адлюстравання з’яў, не асвоеных літаратурай. Расла цікавасць да мясц. гісторыі і вуснай паэзіі, да славянскай даўніны. На старонках віленскіх часопісаў [«Dziennik Wileński» («Віленскі дзённік»), 1817, №34; 1818, т. 1, №5] пачалі друкавацца фалькларыстычныя працы М.​Чарноўскай, К.​Ляха-Шырмы і інш. Даследчыкі ставілі асветніцкія задачы ў справе назапашвання і вывучэння вусна-паэт. спадчыны. Праца З.​Даленгі-Хадакоўскага «Пра славяншчыну да хрысціянства» (1818) змяніла асветніцкае стаўленне да фалькл. творчасці. Перагляд застылых эстэт. нормаў класіцызму, што не дапускалі ўзаемадзеяння літаратуры і вуснай паэзіі, асабліва ў «высокіх» жанрах, быў здзейснены ў краі філаматамі, членамі нелегальнага студэнцкага згуртавання, і найбольш таленавіта — у паэзіі А.​Міцкевіча, першая кніга якога «Балады і рамансы» (1822) распачынала новы рамант. кірунак у польскамоўнай літаратуры былога ВКЛ і ва ўсёй польскай літаратуры. Бел. нар. паэзія ўвайшла ў творчасць А.​Міцкевіча арганічна і натуральна. Рамант. асваенне беларускамоўнай вуснапаэт. творчасці адкрыла перад пісьменнікам магчымасці разнастайнага літаратурна-фалькл. ўзаемадзеяння, што найперш выявілася ў баладах «Свіцязь», «Свіцязянка», «Рыбка» (усе 1822). З’яўленне А.​Міцкевіча ў друку з паэзіяй рамант. складу паўплывала на рост пісьменніцкай цікавасці да вусна-паэт. набытку беларусаў, выклікала да жыцця значную колькасць твораў, заснаваных на бел. фалькл. матэрыяле найперш у філамацкім асяроддзі (Т.​Зан, А.​Петрашкевіч, А.​Ходзька, Я.​Чачот), а пасля ў інш. паэтаў (А.​Грот-Спасоўскі, Т.​Лада-Заблоцкі і інш.). Гэта прадвызначыла збліжэнне «кніжнай» і нар. творчасці, а таксама характар узаемадзеяння літаратуры і фальклору ў наступныя дзесяцігоддзі. У 1840—50-я г. судакрананне польскамоўнай пісьмовай і беларускамоўнай вуснай сфер маст. свядомасці спрыяла з’яўленню самабытных твораў, істотна ўплывала на дэмакратызацыю літаратуры. Бел. літаратары пільней прыглядаліся да сялянства. Сустрэчны рух літаратуры і фальклору забяспечваўся і паскараўся фалькларыстыкай, развіццё якой на Беларусі перапляталася з творчасцю пісьменнікаў. Адной з цэнтр. постацей літ.-грамадскага руху быў Я.​Чачот. Ён сабраў больш за 1000 бел. нар. песень і выдаў іх у перакладзе на польскую мову пад назвай «Сялянскія песні» (кн. 1—6, 1837—46), зарыентаваўшы выданне на чытача, выхаванага на кніжнай культуры. У вершаваных творах Я.​Чачота, стылізаваных пад бел. фальклор, назіраецца імкненне зрабіць вусна-паэт. творчасць беларусаў здабыткам спачатку польскамоўнага, а затым і беларускамоўнага чытача. А.​Рыпінскі выдаў у Парыжы кнігу фалькл.-этнагр. матэрыялаў «Беларусь» (1840) і прысвяціў яе «першаму з беларускіх мужыкоў, які спачатку навучыцца чытаць, а потым гаварыць і думаць па-польску», імкнучыся падключыць самабытную творчасць землякоў да сферы жыўлення польскага рамантызму народнасцю. Упершыню ў гісторыі беларусістыкі даследчык сістэматызаваў вусную творчасць бел. народа па жанрах і тэматыцы.

Калі раней актуальным было збліжэнне з вуснай нар. традыцыяй, то ў 2-й пал. 19 ст. важным стала размежаванне з ёю. Пачалі складвацца маст. індывідуальнасці. На стыку літ. і вуснапаэт. традыцый напісана беларускамоўная рамант. балада «Нячысцік» А.​Рыпінскага (Лондан, 1853). Твор, стаўшы з’явай бел.-польскага літ.-фалькл. ўзаемадзеяння, даў пачатак бел. баладзе і завяршыў бытаванне жанру рамант. балады. Баладная традыцыя ў маст. асэнсаванні бел. фалькл. матэрыялу праявілася ў творчасці Я.​Баршчэўскага (вершы «Рабункі мужыкоў», «Дзеванька», «Гарэліца»). Яго зб. «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» (1844—46), у якім шмат беларускамоўных уставак, адыграў важную ролю ў раскрыцці розных бакоў жыцця бел. народа, гістарычна абумоўленых асаблівасцей яго светаўспрымання і маральна-псіхал. складу. Твор раскрыў шырокаму колу чытачоў багатую скарбніцу нар. фантастыкі. Творчасць В.​Дуніна-Марцінкевіча, пісьменніка беларускамоўнай арыентацыі, адметная заглыбленасцю ў этнакультурную стыхію бел. народа. У.​Сыракомля ў варшаўскай перыёдыцы падтрымаў яго бел. творчасць: у рэцэнзіях на п’есы «Гапон», «Вечарніцы», «Купала» ў сувязі з адраджэннем нац. літаратуры ён звярнуўся да прыкладаў з гісторыі і падкрэсліў, што бел. мова не заўсёды была пазбаўлена тых правоў, у якіх ёй адмаўлялі ў сярэдзіне 19 ст., і што хавальнікі яе — толькі сялянства і дробная шляхта. Палемізуючы з варшаўскім грамадскім дзеячам Ф.​Скібіцкім адносна выдання твораў В.​Дуніна-Марцінкевіча «на простанароднай гаворцы», У.​Сыракомля развейваў скептыцызм у дачыненні да бел. мовы. Сам У.​Сыракомля далучыўся да бел. літаратуры вершамі «Добрыя весці», «Ужо птушкі пяюць усюды» і ментальна-бел. напоўненасцю сваіх польскамоўных твораў; ён падтрымліваў таксама беларускамоўную творчасць В.​Каратынскага, які ў паэме «Таміла» (1858) у масіве польскай мовы па-мастацку асвоіў бел. матэрыял, што стварала прэцэдэнт сумяшчальнага суаднясення дзвюх традыцый і ментальнасцей. Праблема ўсебаковага літ. выкарыстання бел. мовы ў сярэдзіне 19 ст. паўстала з асаблівай вастрынёй, калі ў перыёдыцы з’явіліся палемічна-публіцыстычныя матэрыялы, у якіх завастралася ўвага на магчымасці стварэння на нац. мове паўнавартасных маст. твораў. Гэтую праблему ўзнімалі тыя пісьменнікі, у творчасці якіх даволі шырока замацавалася двухмоўнасць. У 1-й пал. 19 ст. пісьменнікі карысталіся пераважна польскай і бел. мовамі, часам рус. (П.​Шпілеўскі, В.​Равінскі і інш.). У 18 ст. эстэтыка класіцызму дапускала выкарыстанне побач з іншымі жывой бел. мовы, але толькі ў «нізкіх» жанрах (інтэрмедыя, камедыя, пародыя). Білінгвальныя творы, а таксама ананімныя вершы і песні, напісаныя па-беларуску, сведчылі аб адыходзе бел. пісьменства ад старабел. кніжнай мовы і яго звароце да народна-гутарковых пластоў. Полілінгвальная літаратура Беларусі пакінула рэдкія (пераважна рукапісныя) прыклады выкарыстання бел. мовы ў высокіх маст. жанрах (верш-віншаванне «Всем многі век в новой хаці...» І.​Храптовіча, верш «Шчоб ліха не знало дом Радзівілаў...» Станіслава Аўгуста Панятоўскага на прыезд у Дубай пад Пінскам караля Рэчы Паспалітай).

Да сярэдзіны 19 ст. ў бел. літаратуры выявілася апрабаваная раней білінгвальнасць у межах аднаго твора. Беларуска-польскімі ў моўных адносінах з’яўляюцца «Камедыя» К.​Марашэўскага (1787), інтэрмедыі да школьных драм. макаранічныя вершы, змешчаныя ў кнізе А.​Рыпінскага «Беларусь» («Плач пакінутага каханай», «За пекнай паненкай аж душа сумуе»), лібрэта камедыйнай оперы В.​Дуніна-Марцінкевіча «Сялянка» («Ідылія», 1846) і вершаваная сатыр. мініяцюра І.​Легатовіча «Скажы, вяльможны пане» (1838), якая несла ў сабе адраджэнскі патэнцыял беларускамоўнасці. Пачатак 1850-х г. адметны супярэчнасцямі паміж тэндэнцыяй да станаўлення новай нац. літаратуры як самаст. і адсутнасцю бел. друкаванай трыбуны. Верш П.​Багрыма «Зайграй, зайграй, хлопча малы» быў змешчаны ў мемуарнай кнізе І.​Яцкоўскага «Аповесць з майго часу, або Літоўскія прыгоды» (Лондан, 1854; Познань, 1859), а ўрывак з камедыйнага лібрэта А.​Вярыгі-Дарэўскага «Грэх чацвёрты — гнеў» — на старонках варшаўскага часопіса «Ruch Muzyczny» («Музычны рух», 1859). В.​Дунін-Марцінкевіч змяшчаў вершаваныя аповесці на бел. мове толькі ва ўласных двухмоўных кнігах — «Гапон», «Вечарніцы і Апантаны» (абедзве 1855), «Цікавішся? — Прачытай!» (1856), «Дудар беларускі, або Усяго патроху» (1857). Ён паэтызаваў духоўную прыгажосць і высакароднасць сялян, гіст. мінулае свайго краю, адначасова імкнуўся да праўдзівага адлюстравання рэчаіснасці, раскрыцця індывід. асаблівасцей характару чалавека ў адпаведнасці з сац. асяроддзем («Халімон на каранацыі»). Паводле ўзору кніг В.​Дуніна-Марцінкевіча В.​Каратынскі намерваўся скласці з вершаў на польскай і бел. мовах свой першы паэт. зборнік «Чым хата багата, тым рада» (выд. 1857), аднак У.​Сыракомля, які адчуваў лёсавую патрэбу выхаду бел. друкаванага слова на самаст. шлях, схіліў яго адкласці бел. вершы дзеля выдання супольнай кнігі. Задума не здзейснілася па аб’ектыўных прычынах. Не дайшоў да чытачоў сярэдзіны 19 ст. і пераклад В.​Дуніна-Марцінкевіча на бел. мову дзвюх песень паэмы А.​Міцкевіча «Пан Тадэвуш». Шырока распаўсюджваліся толькі нелегальна выдадзеныя вершаваныя гутаркі («Гутарка старога дзеда», 4 выпускі «Гутаркі двух суседаў»), узнікненне якіх было абумоўлена выспяваннем новых грамадскіх з’яў і агітацыйнымі мэтамі напярэдадні паўстання 1863—64. Найб. распаўсюджаным агітацыйным антыцарскім выданнем на Беларусі перад паўстаннем была газета «Мужыцкая праўда» (№1—7, 1862—63). Публіцыстыка К.​Каліноўскага на старонках гэтай газеты і яго эмацыянальны паліт. запавет «Лісты з-пад шыбеніцы» разам з прадчуваннем аптымістычнай перспектывы прынеслі ў нац. літаратуру жанравае і стылёвае ўзбагачэнне. Дзейнасць К.​Каліноўскага паўплывала на тое, каб творы на бел. мове адрасаваліся ўжо не толькі мужыку, як у В.​Дуніна-Марцінкевіча, а ўсяму народу (хоць і праз вобраз мужыка), як у Ф.​Багушэвіча. Паўстанне 1863—64 стала мяжою, якая падзяліла літ. працэс на два перыяды: у першым беларускамоўныя творы цесна суіснавалі з іншамоўнымі (найперш з польскамоўнымі), у другім адбылася дыферэнцыяцыя ўласна бел. літаратуры і яе самаўсведамленне.

Пасля падаўлення паўстання ўлады практычна забаранілі бел. друкаванае слова, што істотна прыпыніла літ. працэс. Арыгінальныя бел. маст. творы друкаваліся пераважна за мяжой, акрамя зб. Я.​Лучыны «Вязанка», які выйшаў у 1903 у Пецярбургу, паэмы «Тарас на Парнасе» (Віцебск, 1896, 1898, 1904; Гродна, 1896, 1899; Магілёў, 1900, 1902), паасобных твораў А.​Ельскага, М.​Косіч. Разам з гэтым развівалася грамадска-паліт. думка, якая сведчыла пра якасна новы ўзровень самаўсведамлення беларусаў: «Да беларускай моладзі» (1881), «Пісьмы пра Беларусь» Д.​Баравіка (1882), «Пасланне да землякоў-беларусаў» Шчырага Беларуса (1884), два нумары гектаграфічнага часопіса «Гомон» (1884). У канцы 19 ст. маст. жыццё часта абмяжоўвалася вуснай ці рукапіснай формай. Ніводнага беларускамоўнага твора не апублікавалі пры жыцці А.​Абуховіч, А.​Гурыновіч, Ф.​Тапчэўскі. У 1891 у Кракаве выйшаў зб. Ф.​Багушэвіча «Дудка беларуская» (перавыд. 1896), які засведчыў, што адраджэнскія тэндэнцыі ператварыліся ў адраджэнскі патэнцыял бел. літаратуры, якая выйшла нарэшце на самаст. шлях. У 1892 Ф.​Багушэвіч выпусціў там жа апавяд. «Тралялёначка». За мяжой быў выдадзены і другі яго вершаваны зб. «Смык беларускі» (1894).

У мясц. перыяд. друку (газ. «Минский листок», «Паўночна-Заходні каляндар на 1893 год») пачынаючы з 1891 змяшчаў беларускамоўныя вершы Я.​Лучына. А.​Ельскі выдаў у Пецярбургу вершаваныя і празаічныя брашуры «Сынок! Расказ з праўдзівага здарэння: Усім бацькам і дзецям для перасцярогі» (1895), «Выбіраймася ў прочкі! Скарэй у Томск!» (1896), «Слова аб праклятай гарэлцы і аб жыцці і смерці п’яніцы: Добраму беларускаму народу на пакрапленне яго душы і розуму...» (1900). У польскай перыёдыцы вершаваныя творы друкавалі Ф.​Багушэвіч, А.​Ельскі, Я.​Лучына, З.​Манькоўская, В.​Савіч-Заблоцкі. Арыентаваныя на дэмакр. чытача Ф.​Багушэвіч і Я.​Лучына не прымалі самадзяржаўную арганізацыю жыцця ў парэформенны час. У цэнтр увагі сваіх твораў яны ставілі селяніна, але рабілі гэта па-рознаму: Ф.​Багушэвіч раскрываў сац. пытанні вёскі ў проціпастаўленнях і кантрастах, Я.​Лучына закранаў іх ускосна ці апасродкавана, праз унутр. перажыванні героя. Гэта ўзбагачала літаратуру, у якой пераважала паэзія апавядальна-гутарковага характару. Аднак узнікалі вершы публіцыстычнага (А.​Гурыновіч) і саркастычнага складу (Ф.​Тапчэўскі). У творчасці Ф.​Багушэвіча, А.​Гурыновіча, Я.​Лучыны рэалізоўваліся рэалістычны і рамантычны пачаткі. На першы план выходзілі спробы аб’ектыўнага канкрэтна-рэаліст. паказу жыцця ў тыповых абставінах. Значную ўвагу паэты сталі аддаваць маст. перакладу (А.​Гурыновіч, А.​Ельскі, М.​Косіч, Я.​Лучына, З.​Манькоўская), у якім назіралася ўсвядомленая пераемнасць традыцый (выданне перакладу 1-й кнігі «Пана Тадэвуша» А.​Міцкевіча, здзейсненага А.​Ельскім, як рэакцыя на канфіскацыю перакладу В.​Дуніна-Марцінкевіча). Развівалася беларусазнаўства (А.​Ельскі), якое ўплывала на актывізацыю бел. літ. руху. У апошняй чвэрці 19 ст. паўстала патрэба ў напісанні гісторыі літаратуры Беларусі. Дзякуючы А.​Рыпінскаму, які збіраў матэрыялы і распачаў працу над біяграфіямі пісьменнікаў, што «нарадзіліся на Белай Русі, або таксама пра яе пісалі на абедзвюх мовах нашай правінцыі, як польскай, так і русінскай», захаваліся яго копіі твораў «Адвячорак» Г.​Марцінкевіча і «Два д’яблы» (прыпісваецца К.​Вераніцыну). У 1889 у газ. «Минский листок» упершыню апублікавана паэма «Тарас на Парнасе», якая да гэтага шырока распаўсюджвалася ў спісах і стала фактам сведчання выхаду бел. сціпласялянскай літаратуры на новы ўзровень.

Устойлівасць міфал. светаўспрымання як прыкмета бел. архетыпа была гарантыяй вяртання маст. творчасці ўраджэнцаў Беларусі ў нац. беларускамоўнае ўлонне. Бел. літаратура 19 ст. — маст. феномен на гістарычна-культ. шляху і назапашаны патэнцыял для беларускамоўнага адраджэння ў пачатку 20 ст. Рэвалюцыянізацыя грамадства была прычынай звязвання нац. ідэі з абвостранай увагай да сац. праблем, перапляценнем у літаратуры сац. крыўды і нац. самаўсведамлення, руху літаратуры ад класавага салідарызму (у 1-й пал. 19 ст.) да класавага процістаяння як нац. дыферэнцыяцыі (у канцы 19 — пач. 20 ст.).

У.​І.​Мархель.

Тытульны ліст паэмы «Пан Тадэвуш» А.​Міцкевіча. Парыж. 1834.
Тытульны ліст кнігі В.​Дуніна-Марцінкевіча «Гапон». Мінск. 1855.
Фрагменты артыкула К.​Каліноўскага на старонках газеты «Мужыцкая праўда». 1862. №1.
Аўтограф верша «Мая дудка» Ф.​Багушэвіча. 1890.

Літаратура пачатку 20 ст. (602).

Літаратура 1920—40-х гадоў (608).

Літаратура Заходняй Беларусі (617).

Літаратура перыяду Вялікай Айчыннай вайны (619).

Літаратура 1950 — пач. 2000-х гадоў (620).

Літ.:

Калеснік У. Максім Танк і заходнебеларуская літаратура. Мн., 1959;

Яго ж. Ветразі Адысея: У.​Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі. Мн., 1977;

Навуменка І.Я. Пісьменнікі-дэмакраты. Мн., 1967;

Грынчык М.М. Фальклорныя традыцыі ў беларускай дакастрычніцкай паэзіі. Мн., 1969;

Чамярыцкі В.А. Беларускія летапісы як помнікі літаратуры. Мн., 1969;

Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971;

Лойка А.А. Беларуская паэзія пачатку XX ст. Мн., 1972;

Яго ж. Гісторыя беларускай літаратуры: Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1—2. 2 выд. Мн., 1989;

Яго ж. Старабеларуская літаратура. Мн., 2001;

Каваленка В.А. Вытокі. Уплывы. Паскоранасць. Мн., 1975;

История белорусской дооктябрьской литературы. Мн., 1977;

Хромчанка К.Р. Беларуская мастацкая проза (канец XIX — пачатак XX ст.). Мн., 1979;

Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый: Літ. Беларусі пераходнага перыяду (другая палавіна XVII—XVIII ст.). Мн., 1980;

Казбярук У.М. Рамантычны пошук. Назіранні над беларускім рамантызмам пачатку XX ст. Мн., 1983;

Семяновіч А. Гісторыя беларускай драматургіі: XIX — пач. XX ст. Мн., 1985;

Мархель У.І. Прадвесце: Бел.-пол. літ. ўзаемадзеянне ў першай палавіне XIX ст. Мн., 1991;

Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры. Мн., 1992;

Саверчанка І.В. Старажытная паэзія Беларусі: XVI — першая палова XVII ст. Мн., 1992;

Яго ж. Aurea mediocritas. Кніжна-пісьмовая культура Беларусі: Адраджэнне і ранняе барока. Мн., 1998;

Кніга жыцій і хаджэнняў. Мн., 1994;

Беларускія летапісы і хронікі. Мн., 1997;

Гісторыя беларускай літаратуры: Стараж. перыяд. 4 выд. Мн., 1998;

Гісторыя беларускай літаратуры: XIX — пачатак XX ст. 2 выд. Мн., 1998;

Макарэвіч А.М. Праблема жанравых мадыфікацый у беларускай прозе XIX — пачатку XX ст. Магілёў, 1999;

Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя. Т 1—4. Мн., 1999—2003;

Кісялёў Г.В. Ад Чачота да Багушэвіча. 2 выд. Мн., 2003;

Анталогія даўняй беларускай літаратуры: XI — першая палова XVIII ст. Мн., 2003;

Пачынальнікі: 3 гісторыка-літ. матэрыялаў XIX ст. / Уклад. Г.​В.​Кісялёў. 2 выд., 2003.

т. 18, кн. 2, с. 599

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯСВІ́Ж,

горад, цэнтр Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. За 112 км ад Мінска, 14 км ад чыг. ст. Гарадзея на лініі Мінск—Баранавічы. Аўтадарогамі злучаны з Баранавічамі, Клецкам, Навагрудкам, Стоўбцамі, з аўтамагістраллю Мінск—Слуцк. 14,6 тыс. ж. (2000).

Упершыню ўпамінаецца ў 1446 як уласнасць Сяляўкі, перададзеная вял. кн. ВКЛ Казімірам М.​Неміровічу. З 1492 уласнасць маршалка ВКЛ П.​Я.​Мантыгірдавіча, з 1523 — Радзівілаў. У 1547 з атрыманнем М.​Радзівілам Чорным княжацкага тытула Н. стаў цэнтрам Нясвіжскага княства. У сярэдзіне 16 ст. ў Н. дзейнічаў кальвінскі збор. Па ініцыятыве М.​К.​Радзівіла Сіроткі 23.4.1586 Н. атрымаў магдэбургскае права. У 1586 засн. Нясвіжскі езуіцкі калегіум, у 1591 — Нясвіжскі кляштар бенедыкцінак, у 1598 — Нясвіжскі кляштар бернардзінцаў. У 1583 пачата буд-ва Нясвіжскага замка (гл. ў арт. Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс). У 1586 Н. стаў цэнтрам зямельнага ўладання Радзівілаў — Нясвіжскай ардынацыі з рысамі дзярж. адзінкі ў Навагрудскім ваяв. У вер. 1655 і 1660 у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 Н. заняты ўкр. казакамі і рас. войскамі, але замак аблогу вытрымаў. У 1672 засн. Нясвіжскі кляштар дамініканцаў. У 1673 у Н. каля 2,4 тыс. ж., 366 «дымоў». У 1681 заснаваны штогадовы Міхайлаўскі кірмаш (праводзіўся на свята св. Міхаіла, 29 вер.). Моцна пацярпеў Н. ад шведаў у 1706 у час Паўночнай вайны 1700—21, адбылася Нясвіжа абарона 1706. Горад і замак адбудаваны ў 1720-я г. М.​К.​Радзівілам Рыбанькам. У прыгарадзе Н. Альбе знаходзілася загарадная рэзідэнцыя Радзівілаў, дзе быў пабудаваны палац, разбіты парк, выкапаны каналы, у 1726—36 працаваў Нясвіжскі чыгуналіцейны завод. У 1764 і 1768 Н. заняты рас. войскамі з-за антырас. пазіцыі К.​С.​Радзівіла Пане Каханку. З 1793 у Рас. імперыі, да 1796 цэнтр Нясвіжскага павета, пасля заштатны горад Слуцкага пав. У канцы 18 ст. ў Н. 2,7 тыс. ж., 409 дамоў. У ліст. 1812 як уладанне Д.​Радзівіла, які з атрадам дзейнічаў у складзе войск Напалеона, заняты рас. арміяй, каштоўнасці замка канфіскаваны. У 1897 у Н. 8446 ж. У ліст. 1917 тут адбыўся 2-і з’езд салдат 2-й арміі Заходняга фронту. У лютым—снеж. 1918 акупіраваны герм. войскамі, 6.8.1919 заняты польск. войскамі. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр павета Навагрудскага ваяв. У кастр. 1926 у Н. адбылася сустрэча маршала Ю.​Пілсудскага з буйнымі землеўладальнікамі. З вер. 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр раёна. У 1939—8,5 тыс. ж. У Вял. Айч. вайну 28.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў горадзе больш за 6 тыс. чал., у 1943 дзейнічала падп. група. Вызвалены 2—4.7.1944 часцямі 65-й арміі 1-га Бел. фронту ва ўзаемадзеянні з партызанамі ў ходзе Мінскай аперацыі 1944. У 1959—6,7 тыс. ж.

Працуюць (2000) Нясвіжскі завод медыцынскіх прэпаратаў, хлебазавод, швейная ф-ка, малочны з-д, камбінат быт. паслуг, рыбгас «Альба»; Нясвіжскі педагагічны каледж, санаторый «Нясвіж», Нясвіжскі гісторыка-краязнаўчы музей.

У 1580-я г. на тэр. сучаснага Н. пачало фарміравацца паселішча гар. тыпу. Да 1533 на месцы стараж. гарадзішча пабудаваны драўляны замак. Ад першага ўпамінання Н. ў пісьмовай крыніцы ў 1446 і да пач. 16 ст. тут існаваў феад. двор, які ў канцы 15 ст. быў умацаваны. У 1589 пачалося буд-ва ратушы. У канцы 15 ст. пабудаваны касцёл св. Духа, існавала правасл. царква Раства Багародзіцы. У канцы 16 — пач. 17 ст. фарміруецца арх. аблічча Н. (захавалася яго планіровачная структура з невял. зменамі). М.​К.​Радзівіл Сіротка з удзелам запрошаных ім італьян. архітэктараў узвёў мураваны замак, абнесены земляным валам і вадзяным ровам. У пач. 17 ст. вакол Н. насыпаны земляныя бастыёны і курціны (іх рэшткі захаваліся на беразе Дзявочага става каля кляштара бенедыкцінак, даўж. каля 100—150 м). У 1584—1616 Н. набыў рэгулярную сістэму планіроўкі, сфарміраваўся як горад-крэпасць. Рака падзяляла яго на 2 часткі: уласна горад з замкам і яго прадмесце Новае места, якое будавалася на працягу 17 ст. На 4 асн. уездах у горад былі збудаваны брамы: Нясвіжская замкавая вежа, Нясвіжская Слуцкая брама, Віленская (спачатку наз. Мірская) і Клецкая. Н. меў прамавугольную сістэму планіроўкі з невял. квадратнымі кварталамі. Кампазіцыйным цэнтрам была прамавугольная ў плане Рыначная плошча, забудаваная па перыметры з 3 бакоў мураванымі жылымі дамамі, у цэнтры якой знаходзілася мураваная ратуша. У 17 ст. абапал яе размяшчаліся гандл. рады (перабудаваны ў 18 ст.; гл. Нясвіжская ратуша і гандлёвыя рады). У 1672 за ратушай узведзены мураваны дамініканскі кляштар (не захаваўся). Аснову планіровачнай структуры складалі 2 узаемна перпендыкулярныя вуліцы. Адна, больш працяглая (частка гасцінца Слуцк—Вільня), праходзіла праз увесь горад з З на У і злучала Слуцкую і Віленскую брамы, другая (наз. Водная) — з Пн на Пд, звязвала Рынак з замкавай грэбляй. З канца 16 ст. Н. забудоўваўся паводле класічнай рэнесансавай схемы, прамаляванай ням. жывапісцам А.​Дзюрэрам у выглядзе чалавечага цела: замак — галава, калегіум езуітаў з касцёлам — сэрца, ратуша і гандл. рады на рынку — страўнік, рукі і ногі пазначаны кляштарамі і цэрквамі па перыметры горада. Некат. карэкціроўка ўнесена наяўнасцю забалочанага поплаву р. Уша. У канцы 16 ст. паўн.-ўсх. частцы горада, каля замкавай вежы, пабудаваны Нясвіжскі касцёл езуітаў і Нясвіжскі езуіцкі калегіум, у паўд.-ўсх. частцы — Нясвіжскі кляштар бенедыкцінак, у паўн.-зах. частцы — Нясвіжскі кляштар бернардзінцаў. У 1673 узведзены Нясвіжскі кляштар бенедыкцінцаў з касцёлам св. Крыжа. У 2-й пал. 16 ст. ўзнік прыгарад Альба, дзе ў 17—18 ст. сфарміраваўся Альбінскі палацава-паркавы ансамбль. У 1654 і 1659 горад разбураны, у 1706 разрабаваны і спалены, узарваны бастыёны, горад пацярпеў і ад пажараў 1836 і 1843 (згарэла 150 дамоў). У 1720-я г. адбудаваны. У 18 ст. існаваў гар. палац, у 19 ст. — цэрквы Праабражэнская (з 1846 у будынку ратушы), Георгіеўская, Прачысценская (пабудавана ў 1577), 2 касцёлы, сінагога, 7 яўр. малітоўных дамоў. Сучасны горад захаваў гіст. арх.-планіровачную структуру. Ракой і вадаёмам ён падзелены на паўн.-зах. (гіст.) і паўд.-ўсх. (асн. жылы масіў з грамадскім цэнтрам) часткі, звязаныя паміж сабой земляной дамбай і мостам. Асн. кампазіцыйныя восі — вуліцы Ленінская—Савецкая-1 Мая і Шымко—К.​Лібкнехта—Садовая (з Пн на Пд). Пасля Вял. Айч. вайны горад развіваўся паводле схемы планіроўкі 1955 (Баранавіцкія праектныя майстэрні) і генплана 1965 (ін-т «Белдзяржпраект»), Гал. вуліца — Ленінская. Адм.-грамадскі і культ. цэнтр сфарміраваўся на Цэнтральнай плошчы (б. Рыначная), на ёй разбіты сквер. Цэнтр забудаваны 3—5-павярховымі дамамі. Сфарміраваліся паўн.-зах. і паўд.-ўсх. вытв. зоны. Зона адпачынку — паркі, вадаёмы, лесапарк. Захаваліся помнікі архітэктуры 16—19 ст.: плябанія, Нясвіжскі «Дом на рынку» і інш. Паводле генплана 1982 (БелНДІПгорадабудаўніцтва, арх. Т.​Станішэўская) і праекта дэталёвай планіроўкі цэнтра 1978 (ін-т «Мінскграмадзянпраект», арх. А.​Кракалёва, Л.​Шылінская, Г.​Перліна) прадугледжана далейшае развіццё горада на ПдЗ і ПдУ, стварэнне грамадскага цэнтра на стыку гіст. цэнтра з раёнамі новай жылой забудовы. У 1985 распрацаваны праект рэстаўрацыі і рэгенерацыі гіст. забудовы Н. (арх. Г.​Босак, А.​Дарэнскі, Т.​Куцапалава і інш.). У 1982 у Н. пастаўлены помнік С.​Буднаму (скульпт. С.​Гарбунова).

Да 20 ст. культ. жыццё Н. развівалася дзякуючы мецэнатам — князям Радзівілам. У 16 і 18 ст. працавала Нясвіжская друкарня, заснаваная С.​Будным, М.​Кавячынскім і Л.​Крышкоўскім і адроджаная Радзівілам Рыбанькам. У 16 ст. склаўся т.зв. Нясвіжскі літ. гурток, у які ўваходзілі С.​Будны, А.​Рымша, Г.​Пельгжымоўскі, Я.​Радван, Я.​Козак, пазней — Б.​Будны і С.​Рысінскі. У замку захоўваліся творы дэкар.-прыкладнога мастацтва, карціны, архіў і б-ка Радзівілаў; буйныя кнігазборы былі ў кляштарах. У канцы 16 — пач. 17 ст. пры двары Радзівіла Сіроткі працаваў гравёр і картограф Т.​Макоўскі, складзена 1-я дакладная карта ВКЛ. Пры езуіцкім калегіуме з 1610 існавала муз. бурса, з 1620 — канвікт (інтэрнат) для малазабяспечаных вучняў, з 1627 — аптэка, меўся шпіталь, у 1696—1758 дзейнічаў школьны т-р. У 17 ст. ў калегіуме выкладалі паэт М.​К.​Сарбеўскі, філосаф З.​Лаўксмін, у 18 ст. — паэт і драматург Ю.​Катэнбрынг, гісторык Я.​А.​Пашакоўскі. У сярэдзіне 18 ст. Радзівіл Рыбанька заснаваў Нясвіжскую мануфактуру шаўковых паясоў, Нясвіжскую дывановую мануфактуру і Нясвіжскую суконную мануфактуру. У 18 ст. ў Н. працавалі архітэктар К.​Ждановіч, мастакі Гескія, гравёр Г.​Ляйбовіч. У 18 ст. дзейнічаў Нясвіжскі кадэцкі корпус для падрыхтоўкі афіцэраў радзівілаўскага войска. У 18 — пач. 19 ст. існавалі Нясвіжскі тэатр Радзівілаў з Нясвіжскай балетнай школай, Нясвіжская капэла Радзівілаў з Нясвіжскай музычнай школай; ставіліся п’есы Ф.​У.​Радзівіл, оперы М.​Радзівіла. У выніку канфіскацый рас. улад у 1772 і 1812 страчана значная частка замкавай б-кі, музейных збораў і каштоўнасцей. У 1815 у Н. жыў паэт-дзекабрыст К.​Ф.​Рылееў, у 1833—35 і 1840—44 — паэт У.​Сыракомля. Пасля скасавання езуіцкага ордэна ў 1773 замест калегіума адкрыта вучылішча Адукацыйнай камісіі, да 1835 дзейнічала школа пры дамініканскім кляштары. У 1875 адкрыта Нясвіжская настаўніцкая семінарыя, дзе вучыліся этнографы А.​Я.​Багдановіч і А.​К.​Сержпутоўскі, пісьменнікі Я.​Колас, К.​Чорны, Р.​Мурашка, мастак М.​К.​Сеўрук (з 1939 жыў пастаянна, тут і пахаваны). У 1921—24 дзейнічала Нясвіжская бел. гімназія. У 1994 для адраджэння помнікаў Н. заснаваны міжнар. фонд «Нясвіж». З 1995 працуе Нясвіжскі гісторыка-краязнаўчы музей. У 1996 створаны гіст.-культ. запаведнік «Нясвіж». У горадзе праводзяцца міжнар. навук. сімпозіумы па гісторыі і культуры, фестывалі старадаўняй і камернай музыкі «Музы Нясвіжа». Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму, мемар. знак на месцы расстрэлу ахвяр фашызму. Помнік Вызвалення ад ням.-фаш. захопнікаў.

Літ.:

Деленковский Н.И. Несвиж: Ист.-экон. очерк. Мн., 1979;

Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі: Мінская вобл. Т. 2. Мн., 1987;

Шишигина К.Я. Музы Несвижа. Мн., 1986.

В.​С.​Пазднякоў (гісторыя, культура), Т.​І.​Чарняўская, І.​М.​Чарняўскі, С.​Ф.​Самбук (архітэктура).

Панарама горада Нясвіж.
Нясвіж. Гравюра Т.​Макоўскага. Пач. 17 ст.
Герб горада Нясвіж. 1586.

т. 11, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)