каро́на, ‑ы, ж.

1. Галаўны ўбор з каштоўнымі ўпрыгожаннямі, які з’яўляецца знакам улады манарха. Царская карона. □ Жыў ды быў найлюты цар, Той краіны ўладар. У залатой сваёй кароне Ён сядзеў сабе на троне. Якімовіч. // Адбітак, малюнак падобнага прадмета па гербах, ордэнах і пад. Усе леснікі былі ўжо ў зборы, У лепшым стражніцкім уборы: У новых куртках са шнурамі, А на грудзінах са знакамі, На шапках «Н» было з каронай. Колас. Эмблемай, адметным знакам царскай юстыцыі была карона на падстаўцы з надпісам «Закон». Г. Кісялёў. // перан.; чаго. Аб прадмеце падобнай формы, падобнага выгляду. Калі хто-небудзь сцішыць мог Той боль, што я з тугою нёс, Дык гэта ты — зямны мой бог З каронай сонечнаю кос. Кірэенка. / у знач. прысл. каро́най. Дзяўчына паправіла рукой тугія бялявыя косы, што каронай ляжалі на галаве. Васілёнак.

2. перан. Улада манарха. Адрачыся ад кароны. Прыняць карону. // Дзяржаўная ўлада ў манархічнай краіне. Ходзіць май па свеце, Сцяг яго чырвоны Патрасае грозна Троны і кароны. Купала. Тут пад ярмом кароны жыў, Цярпеў галечу, крыўду, здзек І чалавекам век не быў Забіты горам чалавек. А. Александровіч.

3. Тое, што і крона ​1. Пад каронай — Парасонам Ліпы пышнай і зялёнай — Адзінокі колас жыта Рос замкнёна і забыта. Колас. Уверсе ж кароны старых хвой, сходзячыся з двух бакоў сценкі, спляталі жывы полаг. Гартны.

4. Светлы арэол вакол Сонца, бачны ў час сонечнага зацьмення. Сонечная карона.

•••

Карона з галавы не зваліцца (не спадзе) — гонар не будзе закрануты, аўтарытэт не паменшае.

[Ад лац. corona — вянок.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разварушы́ць, ‑рушу, ‑рушыш, ‑рушыць; зак., каго-што.

1. Варушачы, раскінуць што‑н. складзенае, сабранае. Сцёпка разварушыў вогнішча і прыгарнуў бульбу вуголлем. М. Ткачоў. Васіль падышоў да брычкі, адвязаў лейцы, разварушыў свежае сена на сядзенні. Савіцкі. А вецер раптам друз разварушыў І разгарнуў стары вучнёўскі сшытак. Бураўкін. // Прывесці ў рух, прымусіць варушыцца. Язэпка падняўся, разварушыў сяк-так ногі і пайшоў, кульгаючы, па ржэўніку. Якімовіч. — Прачнуўся раз пад раніцу — не магу паварушыцца, зусім закалеў. Сяк-так устаў, разварушыў косці. Дамашэвіч.

2. (звычайна ў форме дзеепрым. зал. пр.). Паварушыўшы што‑н., раздражніўшы каго‑н., выклікаць хаатычны рух; вывесці са стану спакою. Разварушыць звера ў бярлозе. □ Мне шкада было бачыць, як разварушаныя чмялі сіратліва кружацца над сваёй разбуранай хатай. Грамовіч. [Салдаты] беглі і паўзлі, нібы з разварушанага мурашніка, залягалі і падымаліся зноў. Грахоўскі.

3. перан. Разм. Вывесці са стану апатыі, абыякавасці; ажывіць. Часамі ўдавалася .. [Тукалу] разварушыць, і тады ён рабіўся вясёлым, жартлівым, здольным усіх захапіць сваімі жартамі і смяяўся такім заразлівым смехам, што нельга было не паддацца яму. Колас. Вікторыя і так і гэтак загаворвала з .. [Генадзем], але не дала ніяк рады яго разварушыць. Сабаленка. // Выклікаць жаданне дзейнічаць, займацца чым‑н. Шмат папрацавалі Аня і яе сябры-актывісты, пакуль разварушылі вясковую моладзь, зацікавіла яе камсамольскімі справамі. Кухараў.

4. перан. Разм. Прабудзіць, выклікаць, узмацніць (якія‑н. думкі, пачуцці і пад.). Бабуля нешта думае. Казка, відаць, разварушыла ўспаміны. Брыль. // Расхваляваць, пазбавіць спакою. Разварушыць душу. □ Палонны пайшоў на кватэру засмучоны, пануры. Усё гэта, гэтае спатканне і гаворка, разварушылі яму сэрца. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чалаве́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да чалавека (у 1 знач.), належыць яму. Чалавечыя рукі. Чалавечая постаць. □ Пачуўся голас чалавечы. Аж узняліся ў дзядзькі плечы, Ды каб схаваць, што ён спужаўся, Спакойна дзядзька адазваўся. Колас. Доктар знайшоў бабчыну сухую руку, пагладзіў. Часта чалавечымі словамі нельга сказаць таго, што скажаш маўчаннем. Скрыган. // Які складаецца з людзей. Чалавечае грамадства. □ І тут толькі заўважыла чалавечая грамада, што няма пастуха. Мурашка. // Які робіцца, здзяйсняецца чалавекам. Матэрыялістычнае вучэнне гісторыі з’явілася адзінай тэорыяй, якая правільна, навукова тлумачыць чалавечую гісторыю як працэс. «Весці». Усё адыходзіць у нябыт, астаюцца толькі плёны чалавечай працы. Карпаў.

2. Уласцівы, характэрны для чалавека. Чалавечая годнасць. Чалавечае шчасце. Чалавечыя слабасці. □ Пісьменніку ўдалося раскрыць варожую сутнасць кулацтва, паказаць звярыную псіхалогію ўласніка, які ў пагоні за нажывай страчвае чалавечае аблічча, становіцца ворагам працоўнага народа. Гіст. бел. сав. літ. І адчувае Алежка: вось-вось здарыцца цуд, загавораць між сабой на чалавечай мове лясныя жыхары, — і тады ўсе вялікія і важныя тайны адкрыюцца яму. Вышынскі. // Такі, як трэба; належны, добры. — Яно не кепска было б кіламетраў пяцьдзесят ад’ехацца, — раптам спыняецца Тарасюк. — Тады можна было б спакойна дзён колькі адлежацца, чалавечы выгляд набыць. С. Александровіч. Бавар Вейс знойдзе другую. І яна будзе працаваць у яго на чалавечых умовах. Ракітны.

3. Гуманны, чалавечны. Чалавечая, шчырая трывога пра невядомага чалавека балюча кранула Нічыпара. Асіпенка. Не ведаю, што робіцца са мной: Ад дабраты я плачу чалавечай, Заўсёды плачу ад спагады нечай — Не ведаю, што й робіцца са мной! Сіпакоў.

•••

Род чалавечы гл. род.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пуд1 ’мера вагі (16 кг)’, (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС, Варл., Бяльк., Мат. Гом.), ст.-бел. пудъ ’адна з асноўных адзінак меры і вагі ў ВКЛ, звычайна мёду, воску, радзей інш. (ад 15 да 18,7 кг)’ (Ст.-бел. лексікон), у дамове смаленскага князя з Рыгай 1229 г. слова мела агульнае значэнне ’вага’, ’вагавы эталон’ (Скурат, Меры, 113), пра што сведчыць прыметнік пудъный: А соль весите пудънымъ ременемъ по старому закону (дамова Полацка з Рыгай 1405 г.); сюды ж вытворнае пудовня ’адзінка вымярэння сыпкіх рэчываў, роўная пуду’ (Нас. гіст.), ’мерка, у якую змяшчаўся пуд пэўнага рэчыва’, адзначанае і ў сучасных народных гаворках: пудо́ўня ’пуд’ (Ян.), а таксама пудо́вік, пудаві́к ’тс’ (Мат. Гом.), пу́дзіць ’купляць пудамі што-небудзь; купляць на вагу’ (Нас.); укр. пуд, рус. пуд. Запазычана са ст.-нардыйск. pund ’фунт’, параўн. ст.-ісл. pund ’тс’, продкамі ўсходніх славян у праформе *pǫd‑ > пудъ (Векслер, Hist., 104). Крыніцай агульнагерманскага слова з’яўляецца аблатыўная форма лац. pondo, выдзеленая са спалучэння libra pondo ’вагой у адну лібру’, якая ўжывалася як нескланяемы назоўнік у якасці сіноніма да libra. У адпаведнасці з рэгулярнымі фанетычнымі зменамі зыходнае слова было перааформлена ў ст.-в.-ням. pfunt, якое з XIV ст. у форме фунт (гл.) замацавалася ў славянскіх мовах.

Пуд2 ’страх, сполах, ляк’ (ТСБМ; Гарэц.; Шат., брасл., віл., ст.-дар., круп., Сл. ПЗБ; Бяльк.; петрык., светлаг., калінк., Мат. Гом.; ТС, Маш., Шн. 2; капыл., Жыв. сл.; докш., Янк. Мат.), ’сполах жывёл’ (Варл.), укр. пуд ’страх’, польск. pęd ’рух, імкненне’ > бел. пэнд (гл.), чэш. pud ’інстынкт’. Самастойныя ўтварэнні ў кожнай са славянскіх моў ад прасл. *pǫditi ’гнаць, прыспяшаць’, ці, паводле Когена (Запіскі, 2, 239), ’піхаць, цясніць’, гл. пудзіць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сцень ’прывід’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Барад.), ’цень’ (Нас., ТСБМ, Бяльк.; рас., Варл.; мёрск., слаўг., ЛА, 1; глыб., барыс., Сл. ПЗБ), ’цень ад чалавека’: чалавек стаіць і яго сцень (Шн. 2, ЛА, 1), сьцені свое боіцца (Бяльк.), ’міфічная істота’ (ушац., ЛА, 1), ’хвароба ад спалоху’ (Касп.), ’хвароба з трызненнем’ (Шн. 3), ’хвароба ўласнага ценю’ (Рам. 5, Мат. Маг.), ’хто вельмі худы’ (мёрск., З нар. сл.; шуміл., Сл. ПЗБ), ст.-бел. стѣнь ’здань, прывід’. Рус. дыял. стень ’цень’, ’душа чалавека’, ’дзіцячая хвароба’, таксама стинь, стараж.-рус. стѣнь ’цень, прывід’, польск. дыял. pościen ’цень чалавека’, чэш. stín ’цень’, славац. stieň ’тс’, в.-луж. sćin ’тс’, ст.-слав. стѣнь ’цень’. Этымалогія няпэўная. Прасл. *stěnь разглядаюць як вынік кантамінацыі *sěnь (сені) і *temnь, гл. цемень (Слаўскі, 1, 100), або выводзіцца з *scěn‑ < і.-е. *skoi‑ ’слаба свяціць, цень, водбліск’ (Шустар-Шэўц, 1277). Параўноўвалі з грэч. σκιᾱ́ ’цень’, ст.-інд. chãyã ’бляск’; як зыходнае прапаноўвалі *skoini‑ і *sḱoini‑ (гл. сень у сенцы); гл. Міклашыч, 411; Младэнаў, 626. Па іншай версіі набліжэнне да сень другаснае, у выніку кантамінацыі сень і цень; гл. Фасмер, 3, 755 з літ-рай. Махэк₂ (578) рэканструюе прасл. *scěnь, адкуль выводзіць і сень, і цень, якія, апрача грэч. і ст.-інд., параўноўвае яшчэ са ст.-норд. skuggi ’цень; прывід’, нарв. skugge ’цень’, швед. skugg ’тс’, а таксама з ням. Schein ’зара, свет; падман, ілюзія’. Аткупшчыкоў (Из истории, 237–238) ст.-слав. стѣнь суадносіць са ст.-слав. стѣна як асновы на ‑i‑ і на ‑ã‑: *stegsnis/*stegsna з першасным значэннем ’накрытае месца’. Спробы звязаць са славен. stȇnj ’кнот’ гл. у Сной₂, 698; Куркінай, Этимология–1986–1987, 75–76. Гл. таксама Свяжынскі, БЛ, 13, 70; Жураўлёў, Язык и миф, 408.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ла́ўнік1 ’чыноўнік магістрата, які мае права засядаць на дзяржаўнай лаве’ (Нас.), ’член суда’ (Гарэц., Др.-Падб.), ст.-бел. лавникъ ’тс’ (1514 г.), смал. лавник ’чалавек, які выганяў сялян на паншчыну’. Да лава5 (гл.). Запазычана са ст.-польск. ławnik або пад яго ўплывам (Слаўскі, 5, 55; Булыка, Запазыч., 21). Параўн. запазычанае з польск. таксама ўкр. лавник, лавний, рус. архаічнае лавник, літ. lóvininkas, lóvynykas.

Ла́ўнік2 ’старшы плытагон’ (дняпроўска-прыпяцкі арэал, Лобач, Рэгіян. трад.). Да ла́ва2 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Леге́нда ’народнае паданне аб якой-небудзь падзеі, асобе, якое выдаецца і ўспрымаецца як імавернае’, ’вымысел, што-небудзь неверагоднае’, ’сукупнасць умоўных знакаў на карце, плане’, ’надпіс на манеце’, ст.-бел. леенда ’апавяданне’ (1646 г.), смал. легендить ’малоць лухту, бязглуздзіцу’. Запазычана са ст.-польск. мовы (Булыка, Запазыч., 186) або з с.-лац. legenda ’жыцці святых, апавяданне пра жыццё святога’ < legendus ’тое, што трэба чытаць (штодзённа) у царкве (касцёле)’ < legere ’чытаць’ (Слаўскі, 4, 114–115; Фасмер, 2, 473 з літаратурай).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лі́нія ’вузкая палоска, уяўная рыса, якая злучае дзве кропкі паверхні’, ’граніца, край, абрыс, контур’, ’доўгі рад прадметаў або з’яў’, ’прасека ў лесе’ (ТСБМ, Сцяшк.; карэліц., З нар. сл.; в.-дзвін., брасл., Сл. паўн.-зах.), лі́ня ’прасека’ (чэрв., баранав., Сл. паўн.-зах.), лі́нія ’чыгунка’ (драг., З нар. сл.), лі́ня ’тс’ (Сцяшк.). Ст.-бел. линия, линея (XVI ст.) запазычаны са ст.-польск. linija, якое з лац. līnia, часцей linea ’льняны шнур’ < lineus ’льняны’ (Булыка, Лекс. запазыч., 40; Слаўскі, 4, 265).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вярхо́ўны ’вышэйшы’ (БРС, КТС, Касп.), укр. верховний ’тс’, рус. верховный ’верхні’; ’тоўстае палатно са зрэб’я’; ’жыхар з вярхоўя ракі’; ’конны’, ст.-рус. верховный, вьрховьний, вьрьховнии, връховный ’верхні; ’вышэйшы, галоўны’; ’конны’; ’палацавы’ (з X ст.), славен. vrhǫ́ven, серб.-харв. вр̀ховни, макед. врховен, балг. върховен ’вярхоўны’. Да ст.-слав. прыметніка врьховьнии ’галоўны, вышэйшы’ (у царкоўным сэнсе). Відавочна, царкоўнаславянізм; гл. Шанскі, 1, В, 69. Утворана ад врьхъ і суф. ‑ьn‑ъ. Крукоўскі (Уплыў, 110) мяркуе, што бел. лексема — калька з рус. мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Галяле́ць ’блішчаць (пра ваду на лугах і палях)’ (Янк. III). Няяснае слова. Магчыма, ёсць нейкая сувязь са слав. *galo ’прагаліна і да т. п.’, але такая этымалогія застаецца вельмі гіпатэтычнай (няма дадатковых даных), хоць з семантычнага боку яе можна прыняць (*galo ’прагаліна’ — ’прагаліна, голае месца’ > ’голае месца з вадой, што блішчыць’, нарэшце, самастойны дзеяслоў галяле́ць). Трэба звярнуць увагу на тое, што *galo ў некаторых мовах (дыялектах) значыць проста ’возера’ (напр., укр. га́ло; гл. яшчэ Талстой, Геогр., 104–109).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)