няго́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Якога нельга выкарыстаць; непрыгодны, дрэнны. Нягодны праект. □ [Маразюк:] — А будзе ж час, што і ты, Антось Іванавіч, саступіш некаму месца, як я табе саступіў. — Ты не саступіў! — злосна адказаў Антось. — Цябе зволілі, як нягоднага гаспадара. Чарнышэвіч.

2. Нізкі ў маральных адносінах; паганы, нядобры. Язэп спачатку слухаў Кацю прыхільна, але потым не сцярпеў: — Такія, што і нашым і вашым служаць, — самыя нягодныя людзі. Асіпенка. [Мартын:] — Няма ў цябе сэрца, Аўгіня... Ты нягодная і няшчырая. Колас. / у знач. наз. няго́дны, ‑ага, м.; няго́дная, ‑ай, ж. [Дзед:] — Ох, нягодная, не хоча з Веркай гуляць. Ну, мы ж ёй пакажам. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паку́та, ‑ы, ДМ ‑куце, ж.

Вялікая фізічная або душэўная мука; мучэнне. Часам.. дзверы вагона адчыняліся, і людзі маглі ступіць на зямлю, выпіць пэўную порцыю вады, атрымаць кавалачак дрэннага хлеба, глытнуць свежага паветра. А потым зноў бясконцыя пакуты... Маўр. Рэўнасць.. [Сцяпана] нарадзілася разам з каханнем, і гэтыя пачуцці-блізняты па чарзе то натхнялі яго, то прычынялі пакуту. Дуброўскі. // у знач. вык. Аб чым‑н. вельмі цяжкім, пакутлівым. Ну ж і балота! вось атрута, То не работа мне — пакута: Ступіў два крокі і спыняйся. Колас. // Аб выяўленні пакутлівых адчуванняў. Наталля Пятроўна сядзела, сціскаючы скроні далонямі, і на твары яе была пакута. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паме́рзнуць, ну, ‑неш, ‑не; пр. памёрз, ‑мерзла; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Загінуць ад марозу — пра ўсё, многае або ўсіх, многіх. Кветкі памерзлі ад марозу.

2. Прабыць некаторы час на марозе, на холадзе. Той, хто столькі, як я, памёрз На скрыжаваннях дарог і вёрст, Не здолее ўседзець у цішыні Пры цёплым хатнім агні. Панчанка.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Моцна азябнуць, змерзнуць — пра ўсё, многае або ўсіх, многіх. [Марцін:] — Ідзі, далажы... І няхай прышлюць змену, а то мы памерзлі ўжо. Пестрак. Віктар і Ларыса стаялі ў той вечар.., пакуль ногі ў іх не памерзлі. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перахрысці́ць, ‑хрышчу, ‑хрысціш, ‑хрысціць; зак., каго-што.

1. Зрабіць рукой знак крыжа над кім‑, чым‑н. Андрэй нахіліўся над бацькам. Стары перахрысціў яго тры разы, абняў за шыю і пацалаваў. Чарнышэвіч.

2. Выканаць абрад хрышчэння, ахрысціць. Ну, бацюшка перахрысціў малога, пачалі дамаўляцца наконт платы. Кірэйчык. Пайшоў дзед да папа, каб сына перахрысціў. Якімовіч.

3. Ахрысціць пры пераходзе ў іншую хрысціянскую веру.

4. Разм. Даць новае імя, назву, мянушку. Макар Міхайлавіч чалавек высокага росту, шыракаплечы. Калі ён быў маладзейшы, у гаражы неяк яго перахрысцілі на Паўтара Макара. Мяжэвіч.

5. Разм. Вельмі моцна ўдарыць каго‑н. Перахрысціць бізуном.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

по́вад 1, ‑а, М ‑дзе; мн. павады, ‑оў; м.

Прывязаная да аброці вяроўка або рэмень, на якіх водзяць каня, радзей — цяля, карову. [Кандрат] сярдзіта крыкнуў: «Тпру!» — і, схапіўшы коней за павады, вывеў іх з баразны. Лобан. За хлопцам, на повадзе, таксама звесіўшы галаву, неахвотна плёўся конь. Мележ. За санкамі валачэцца прывязаная повадам карова. Бядуля.

по́вад 2, у; мн. повады, ‑аў; м.

Тое, што можа паслужыць асновай, зачэпкай для чаго‑н. Але Вінцусь Шавель не прыняў .. [суседавых] слоў за ўцеху, а выкарыстаў як повад да лаянкі. Гартны. Увесь дзень на полі, робяць, шчыруюць, ну і пажартуюць хвілінай, калі знойдзецца повад. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыручы́ць, ‑ручу, ‑ручыш, ‑ручыць; зак., каго-што.

1. Зрабіць ручным, прымусіць прывыкнуць да каго‑, чаго‑н. (жывёлу, птушку і пад.). А выведуцца маладыя арляняты, возьме [Гошка] адно з гнязда і прыручыць: няхай у іх будзе ручны арол. Даніленка. Выходзіць, калі добра даглядаць, абыходзіцца з ім як след, дык і ваўка можна прыручыць. Пальчэўскі.

2. перан. Разм. Зрабіць каго‑н. больш даверлівым, паслухмяным; прывучыць да сваіх парадкаў. «Малады яшчэ, толькі з інстытута, — цікуючы спадылба на Антона Антонавіча, разважаў Маслабаеў. — Яго няцяжка прыручыць, пад свой, так сказаць, уплыў узяць». Каршукоў. «Ну і мядзведзь, — думаў Сярмяжка, пазіраючы, як павольна клыпае гэты здаравяка. — Нічога, мы цябе прыручым». Дадзіёмаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прысту́кнуць, ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. што, чым і па чым. Злёгку, нямоцна стукнуць. Дзед Ларка прыстукнуў малатком цвічок, прыцмокнуў языком. Пянкрат. — Вось і вы сваю цаглінку паклалі ў будынак школы, — сказаў муляр ды прыстукнуў кельмай зверху, раўняючы рад. Юрэвіч. — І, ведайце, усё на сваім пастаўлю, — прыстукнуў .. [Хлор] па стале кулаком. Гартны. Пшэбора спрытна павярнуўся, Як першы ў свеце кавалер, Прыстукнуў ботам ды прыгнуўся, Аж бліснуў срэбраны каўнер. Колас.

2. каго. Разм. Забіць, прыбіць. Рабіў Макар усё на злосць старшыні, лаяў яго спачатку за вочы, а пасмялеўшы, і ў вочы. Выпіўшы, пагражаў прыстукнуць у цёмным закутку. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рыка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Утвараць рык, рыканне (пра хатніх і лясных жывёл). На дварэ працяжна рыкала карова, чуўся клапатлівы гаспадынін голас. Мележ. Чуваць было, як у суседняй вёсцы рыкаў бугай. Дайліда. І хадзіў, хадзіў, каламі хадзіў вакол лясной хаткі леапард. Зрэдку рыкаў. Караткевіч. // перан. Утвараць моцныя, адрывістыя гукі, якія нагадваюць рык жывёл. А гром рыкаў ужо раз’юшана За кожнай елкай і сасной. Панчанка.

2. Разм. Груба, раздражнёна і адрывіста крычаць на каго‑н. Ну, ты памалу, не рыкай, — бурчыць спакойна Іван. Лынькоў. — Не рыкаць на мяне! — яшчэ больш, гнеўна скарагаворкай агрызнуўся Вілюевіч. Грамовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свярбе́ць, ‑біць; незак.

1. Выклікаць адчуванне казытлівага болю. Я помню, як яна [крапіва] апякае рукі: як агнём, на целе потым чырванеюць пухіры, яны пякуць і свярбяць, іх потым раздзіраеш да крыві і слініш — робіцца трохі лягчэй. Адамчык. // Адчуваць казытлівы боль (пра цела і яго часткі). Цела так свярбела ад поту і тырсы, што хацелася драць абедзвюма рукамі. Місько. Узмакрэла ад поту шыя, правае вока, быццам што трапіла туды, непрыемна свярбела. Савіцкі.

2. безас. перан. Разм. Пра неадольнае жаданне зрабіць што‑н. Ну ж і свярбела стрэльнуць, — прызнаўся Амяллян. Грахоўскі.

•••

Рукі свярбяць у каго гл. рука.

Скура свярбіць гл. скура.

Язык свярбіць гл. язык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

се́сія, ‑і, ж.

1. Пасяджэнні розных прадстаўнічых органаў і калегіяльных устаноў, якія адбываюцца перыядычна, а таксама перыяд такіх пасяджэнняў. Сесія Вярхоўнага Савета. Юбілейная сесія ААН. Навуковая сесія. □ Ды раз у сесію Міхася К сабе ляснічы заклікае. «Ну, гэта нешта азначае», Ў Міхала думка праняслася. Колас. Судзіла [Ваешку] выязная сесія лінейнага суда. Шынклер.

2. Экзамены ў вышэйшых і спецыяльных сярэдніх навучальных установах, а таксама перыяд здачы такіх экзаменаў. Вясна прыносіць і студэнтам многа клопату — прыходзіць экзаменацыйная сесія. Шахавец. [Андрыян Цітавіч] запытаўся, як Уладзік здаў экзамены, ці не цяжка было ў час сесіі, ці не адвык ад дому за год вучобы. Марціновіч.

[Ад лац. sessio — пасяджэнне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)