ФЕНАЛО́ГІЯ (ад грэч. phainomena з’явы + ...логія),

навука аб сезонных з’явах прыроды, тэрмінах іх надыходу і прычынах, якія вызначаюць гэтыя тэрміны. Вывучае сезонныя з’явы ў жывой прыродзе (біяфеналогія), даты ўстанаўлення і сходу снегавога покрыва, першага і апошняга замаразкаў, ледаставу і інш. Асн. метад — феналагічныя назіранні, на аснове якіх складаюцца календары прыроды, феналагічныя карты, даведнікі, вызначаюцца фенолага-геагр. заканамернасці прыроды, плануюцца мерапрыемствы па сельскай, лясной, паляўнічай і інш. гаспадарцы. Даныя Ф. ўлічваюцца пры арганізацыі мерапрыемстваў па ахове прыроды, ахове здароўя (для вызначэння тэрмінаў прафілакт. работ, барацьбы з сезоннымі хваробамі), барацьбе з хваробамі і шкоднікамі раслін і інш. Як навука Ф. ўзнікла ў 18 ст. (Р.​Рэамюр, К.​Ліней). На Беларусі сістэматычныя феналагічныя назіранні вядуцца з канца 19 ст. З 1924 пытанні Ф. вывучаюцца ў Бел. с.-г. ін-це і Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі, з 1947 у ін-це эксперым. батанікі Нац. АН Беларусі, у 1946—76 у БДУ.

Літ.:

Шкляр А.Х. Сезонное развитие природы Белоруссии. Мн., 1959;

Шульц Г.Э. Общая фекология, Л., 1981;

Юркевич И.Д., Ярошевич Э.П. Сезонное развитие лесной растительности Белоруссии. Мн., 1986.

А.​З.​Цюцюноў.

т. 16, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧА́КВІН Ігар Усеваладавіч (н. 20.8.1954, Мінск),

бел. гісторык, этнолаг і антраполаг. Д-р гіст. н. (1995). Скончыў БДУ (1977). З 1981 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі. Даследуе праблемы этнагенезу і этнічнай гісторыі беларусаў эпохі феадалізму, фарміравання і развіцця іх этнічнай самасвядомасці, сучасныя міжэтнічныя і канфесіянальныя адносіны на Беларусі, пытанні палеаантрапалогіі і палеадэмаграфіі Беларусі 10—16 ст. Зрабіў больш за 20 антрапал. рэканструкцый твару і фіз. тыпу жыхароў бел. зямель 10—18 ст. паводле краніяметрычных матэрыялаў са стараж. курганоў і могільнікаў крывічоў, радзімічаў, дрыгавічоў і балтаў. Адзін з аўтараў кніг «Праблемы сучаснай антрапалогіі» (1983), «Этнаграфія беларусаў: гістарыяграфія, этнагенез, этнічная гісторыя» (1985), «Палессе: Матэрыяльная культура» (1988), «Спадчына Скарыны» (1989), «Сям’я і сямейны быт беларусаў», «Скарына і яго эпоха», «Грамадскі быт і культура гарадскога насельніцтва Беларусі» (усе ў 1990), «Грамадскі быт і культура сельскага насельніцтва Беларусі» (1993), «Гісторыя сялянства Беларусі» (т. 1, 1997), «Беларусы» (1998).

Тв.:

Праблемы этнагенезу беларусаў у працах славянскіх вучоных. Мн., 1982 (разам з В.​К.​Бандарчыкам).

Т.​А.​Навагродскі.

т. 17, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАРП (Sharpe) Уільям Ф. (н. 16.6.1934, г. Бостан, ЗША),

амерыканскі вучоны-эканаміст. Скончыў Каліфарнійскі ун-т (1956). З 1961 выкладаў у Вашынгтонскім ун-це (з 1967 праф.), з 1968 праф. Каліфарнійскага, з 1970 Станфардскага ун-таў, адначасова кансультант па інвестыцыях шэрагу прыватных фірм, прэзідэнт Амер. фін. асацыяцыі (з 1980). Прапанаваў мадэль цэнаўтварэння капітальных актываў, якая дазваляе вызначыць магчымы прыбытак ад каштоўных папер, паменшыць рызыку інвестара на аснове пэўнага спалучэння актываў і пасіваў і выбару адпаведнай структуры акцый. Распрацаваў метады для папярэдняй ацэнкі здзелак і для аптымальнага размеркавання капітальных актываў («Цана капітальных актываў: Тэорыя рыначнай раўнавагі ва ўмовах рызыкі», 1964; «Тэорыя інвестыцыйнага партфеля і рынкі капіталу», 1970). Даследуе пытанні палітыкі планавання інвестыцый пенсіённых, страхавых, дабрачынных і інш. фондаў, фактары, якія ўплываюць на прыбытак ад каштоўных папер. Яго працы паслужылі асновай для развіцця тэорыі цэнаўтварэння на фін. рынках, атрымалі практычнае выкарыстанне ў розных сферах эканомікі. Нобелеўская прэмія 1990 (з Г.Маркавіцам і М.Х.Мілерам).

Тв.:

Рус. пер. — Инвестиции. М., 2001 (разам з Г.​Дж.​Александэрам, Дж.​В.​Бэйлі).

Н.​Г.​Кісялёва.

У.Ф.Шарп.

т. 17, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЬСКІ Алесь (Аляксандр Іванавіч; н. 23.7.1963, в. Цімкавічы Капыльскага р-на Мінскай вобл.),

бел. літаратуразнавец, пісьменнік. Д-р філал. н. (1998), праф. (2002). Скончыў БДУ (1986), працуе ў ім (з 1999 праф.). Адначасова з 2001 гал. рэдактар час. «Беларуская мова і літаратура». Даследуе гісторыю бел. л-ры 20 ст., праблемы сучаснага літ. працэсу, пытанні індывідуальнага маст. майстэрства, нац. спецыфікі мастацкага слова, развіццё сучаснай бел. паэзіі. Аўтар манаграфіі «Жывая мова краявідаў: Пейзаж у беларускай паэзіі» (1997), зб. літ.-крыт. артыкулаў «Пакуль баліць душа» (1995), навуч. дапаможнікаў «Сучасная беларуская літаратура: Станаўленне і развіццё творчых індывідуальнасцей (80—90-я г.)» (1997), «Свет ад травы да зор: Беларуская паэзія: Сістэма вобразаў прыроды, паэтыка пейзажу» (1998), «Краса і смутак», «Сучасная літаратура Беларусі» (абодва 2000). Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай літаратуры XX ст.» (т. 4, кн. 2, 2003) і інш. Пад псеўд. Алесь Ветах піша прозу. Яго творам уласцівы лірыка-драматычны пачатак, містыфікацыя рэчаіснасці. Аўтар зб-каў прозы «Ружовая знічка» (1994), «Хроніка смутку» (1999, Літ. прэмія імя І.​Мележа 2000), аповесці «Час акселерацыі» (1994).

А.​У.​Бельская.

т. 18, кн. 1, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Пыта́ць ’звяртацца з пытаннямі; прасіць дазволу’ (ТСБМ, Шымк. Собр., Нас., Шат., Сл. ПЗБ, Растарг., Мал.), пытацца ’тс’ (ТСБМ, Нас., Мядзв., Гарэц., Чуд.; Воўк-Лев., Татарк., Сл. ПЗБ), пута́ць ’тс’ (маз., Шн. 3; ТС), сюды ж пытальнік ’той, хто пытае, дапытваецца’: прыйдуць страшныя пытальнікі (Кітаб XVI–XVII ст., Стан.), пы́цік ’цікаўны, хто пытаецца пра тое, што яму не трэба знаць’ (Нас.), пы́тма пыта́ць ’дапытвацца, паўтараць пытанні’ (Нас.), укр. пита́ти, рус. пыта́ть ’праводзіць допыт; катаваць’, пыта́ться ’старацца, спрабаваць’, польск. pytać, чэш. ptáti se, славац. pytať ’прасіць’, pytať sa ’пытацца’, в.-луж. pytać ’шукаць, расшукваць’, н.-луж. pytaś ’тс’, дыял. ’пытаць’, славен. pítati ’пытаць, дапытваць’, серб.-харв. пи́тати, балг. пи́там, макед. пита, ст.-слав. пытати ’тс’. Прасл. *pytati ’пытаць, шукаць’, параўноўваюць з лац. putāre ’абдумваць, меркаваць; рэзаць’, тахар. A put‑k ’судзіць, раздзяляць, адрозніваць’. Гл. Фасмер, 3, 421, з літ-рай; Бязлай, 3, 43–44; Шустар-Шэўц, 2, 1199; БЕР, 5, 266. Паводле Варбат (Этим. иссл., 6, 16–17), развіццё значэння ад ’рэзаць’ да ’думаць, меркаваць’, магчыма, звязана са старажытным земляробчым тэрмінам, пра што сведчыць рус. дыял. вы́пытаць ’выкарчаваць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

заты́м, прысл.

1. Пасля гэтага; потым. Сяльчонак зрабіў невялікі даклад, адказаў на пытанні членаў бюро. Затым слова папрасіў Леў Раманавіч. Асіпенка.

2. Уст. Таму, па той (гэтай) прычыне. У кожнай муж быў, так сказаць, вяльможа, затым пра хлеб іх клопат не трывожыў. Дубоўка. / У складзе злучніка прычыны «затым што». Андрэй безнадзейна махнуў рукой і.. пайшоў з хаты. Зеленюка гэта бадай што ўзрадавала. Не толькі затым, што хацеў пабыць сам-насам з Таццянай, а і наогул была ў іх з Андрэем нейкая беспрычынная халаднаватасць. Зарэцкі.

3. Уст. З гэтай мэтай, для таго. / У складзе злучніка мэты «затым каб». — Я да цябе [сонца] затым прыйшоў, каб ты шляхі нам асвятліла. Дубоўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разя́віць, разяўлю, разявіш, разявіць; зак., што.

Разм. Шырока раскрыць (рот, пашчу). Саша ад здзіўлення разявіла рот. Шамякін. Прачнуўся кот, што ляжаў на падушцы; разявіў рот, выгнуў дугой спіну і прутам адставіў хвост. Чарнышэвіч.

•••

Разявіць горла — моцна, на ўсю сілу загаварыць, закрычаць.

Разявіць рот — а) (груб.) сказаць што‑н. [Пятрок] не даваў Асташонку разявіць рот, усё гаварыў і гаварыў сам: гадаваў пытанні і адказваў на іх. Ваданосаў; б) тое, што і разявіць горла; в) быць вельмі няўважлівым, рассеяным, неасцярожным. У цешчы грошы ўкралі на базары, бо рот разявіла яна, — Зноў Калістратава віна. Корбан; г) падрацца, разваліцца (пра абутак). Прайшлі не многа мы, а боты Ужо разявілі раты. Кусянкоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

удава́ць, удаю, удаеш, удае; удаём, удаяце; незак.

Разм.

1. Незак. да удаць.

2. (пераважна са словамі «сябе», «з сябе»). Рабіць выгляд, паказваць; прыкідвацца. Не кідалася [Верачка] радасна да Яўхіма, удавала сябе нават абыякавай, але Яўхім бачыў: рада яму, падабаецца ёй. Мележ. Пытанні і абвінавачванні сыпаліся на Смірніцкага, як удары. Але ён не ўгінаў галавы пад іх цяжарам, ён толькі чырванеў і ўдаваў з сябе пакрыўджанага ды гордага чалавека. Шахавец. [Надзя] ўдае, што кудысьці спяшаецца. Козел.

3. Здавацца. Лаза .. зазелянела першым, яшчэ не густым, кволым лісцем, і здаля, з берага, удавала не зялёнаю, а празрыста-жоўтаю. Сачанка. Як дамоў ішла Хрысціна — не згадала, Незнаёмаю мясціна ўдавала. Дзяргай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ча́ўкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Утвараць характэрныя гукі пры жаванні, ядзе. Немец сядзеў за сталом на лаве, парэзваў нешта ножыкам і клаў у рот, жаваў і чаўкаў. Чорны. «Чаўкае, як свіння», — падумаў Славік, каб хоць як-небудзь прынізіць свайго непрыяцеля. Шамякін. // што і без дап. Есці, гучна прыцмокваючы. [За перагародкай], фарсіста закруціўшы спіраллю хвост, скуб з Віталькавых рук і смачна чаўкаў зелле ладны круглы парсючок. Палтаран. Казюк Клышэўскі смачна чаўкаў і ў той жа час урачыста адказваў на пытанні. Броўка.

2. Утвараць гукі, падобныя на тыя, што ўзнікаюць пры жаванні; чвякаць. Пад ботамі чаўкае набрынялая вадой зямля. Асіпенка. Боты такія мокрыя, што аж чаўкаюць у іх анучы. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шы́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Вымаўляць гук «ш-ш», стараючыся супакоіць каго‑н. Сядзеўшая ў першым радзе вяртлявая дзяўчына, на якую ўжо шыкалі часам суседзі, бо яна ўсё круцілася на месцы, гадавала бліжэйшым недарэчныя пытанні. Лынькоў. Людзі нават не варушыліся, не курылі, шыкалі на тых, хто кашляў. Шамякін.

2. Гукамі «ш-ш», крыкамі, шумам выражаць сваё незадавальненне, злосць (звычайна артысту, аратару і пад.). Калі ў зале пачнуць шыкаць, смяяцца, тупаць нагамі, не звяртайце на гэта ўвагі. Пянкрат.

3. Крычаць «ш-ш!», адганяючы, праганяючы якіх‑н. птушак, жывёл. Станіслаў Пракопавіч адмахваўся ад .. [гусей] голымі рукамі, шыкаў і сцёбаў клятчатай кашуляй па частаколе — выбіваў пыл. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)