ЧА́КВІН Ігар Усеваладавіч (н. 20.8.1954, Мінск),
бел. гісторык, этнолаг і антраполаг. Д-р гіст. н. (1995). Скончыў БДУ (1977). З 1981 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі. Даследуе праблемы этнагенезу і этнічнай гісторыі беларусаў эпохі феадалізму, фарміравання і развіцця іх этнічнай самасвядомасці, сучасныя міжэтнічныя і канфесіянальныя адносіны на Беларусі, пытанні палеаантрапалогіі і палеадэмаграфіі Беларусі 10—16 ст. Зрабіў больш за 20 антрапал. рэканструкцый твару і фіз. тыпу жыхароў бел. зямель 10—18 ст. паводле краніяметрычных матэрыялаў са стараж. курганоў і могільнікаў крывічоў, радзімічаў, дрыгавічоў і балтаў. Адзін з аўтараў кніг «Праблемы сучаснай антрапалогіі» (1983), «Этнаграфія беларусаў: гістарыяграфія, этнагенез, этнічная гісторыя» (1985), «Палессе: Матэрыяльная культура» (1988), «Спадчына Скарыны» (1989), «Сям’я і сямейны быт беларусаў», «Скарына і яго эпоха», «Грамадскі быт і культура гарадскога насельніцтва Беларусі» (усе ў 1990), «Грамадскі быт і культура сельскага насельніцтва Беларусі» (1993), «Гісторыя сялянства Беларусі» (т. 1, 1997), «Беларусы» (1998).
Тв.:
Праблемы этнагенезу беларусаў у працах славянскіх вучоных. Мн., 1982 (разам з В.К.Бандарчыкам).
Т.А.Навагродскі.
т. 17, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)