ФЕНАЛО́ГІЯ (ад грэч. phainomena з’явы + ...логія),

навука аб сезонных з’явах прыроды, тэрмінах іх надыходу і прычынах, якія вызначаюць гэтыя тэрміны. Вывучае сезонныя з’явы ў жывой прыродзе (біяфеналогія), даты ўстанаўлення і сходу снегавога покрыва, першага і апошняга замаразкаў, ледаставу і інш. Асн. метад — феналагічныя назіранні, на аснове якіх складаюцца календары прыроды, феналагічныя карты, даведнікі, вызначаюцца фенолага-геагр. заканамернасці прыроды, плануюцца мерапрыемствы па сельскай, лясной, паляўнічай і інш. гаспадарцы. Даныя Ф. ўлічваюцца пры арганізацыі мерапрыемстваў па ахове прыроды, ахове здароўя (для вызначэння тэрмінаў прафілакт. работ, барацьбы з сезоннымі хваробамі), барацьбе з хваробамі і шкоднікамі раслін і інш. Як навука Ф. ўзнікла ў 18 ст. (Р.​Рэамюр, К.​Ліней). На Беларусі сістэматычныя феналагічныя назіранні вядуцца з канца 19 ст. З 1924 пытанні Ф. вывучаюцца ў Бел. с.-г. ін-це і Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі, з 1947 у ін-це эксперым. батанікі Нац. АН Беларусі, у 1946—76 у БДУ.

Літ.:

Шкляр А.Х. Сезонное развитие природы Белоруссии. Мн., 1959;

Шульц Г.Э. Общая фекология, Л., 1981;

Юркевич И.Д., Ярошевич Э.П. Сезонное развитие лесной растительности Белоруссии. Мн., 1986.

А.​З.​Цюцюноў.

т. 16, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)