БУ́РКА,

1) мужчынская вопратка з башлыком, якую надзявалі ў дарогу, у халоднае дажджлівае надвор’е паверх кажуха ці світкі. Як тып вопраткі прыйшла ў Еўропу з Усходу (тэрмін лічыцца персідскім). На Беларусі вядома з 17 ст., з канца 19 ст. пад уплывам гар. касцюма замацавалася ў сял. асяроддзі. Шылі буркі з саматканага валенага сукна цёмных колераў прамога крою, двухбортнай, з адкладным каўняром, шырокім хлясцікам (поясам), праразнымі кішэнямі. Святочныя буркі ўпрыгожвалі дэкар. строчкай і нашыўкамі чорнага ці чырвонага сукна, тасьмы. Да 1950-х г. бытавала амаль па ўсёй Беларусі (у некаторых мясцовасцях наз. бурносам).

2) Святочная ўзорыстая спадніца з паўшарсцяной валенай саматканкі ў маларыцкім строі. Ткалі буркі камбінаваным спосабам: узор выконвалі бранай, фон — шматнітовай тэхнікай, шылі з 4—5 полак адносна кароткай (закрывала калені), запрасоўвалі ў буйныя складкі. Для яе характэрны вытанчанасць геам. арнаменту, строгая ўраўнаважанасць шэра-белых і карычнева-чырвоных папярочных палос, якія пераходзілі ў больш шырокі дамінуючы шляк па нізе. Буркі насілі да 1940-х г. 3) Лямцавы плашч у народаў Каўказа.

М.​Ф.​Раманюк.

Бурка (вопратка). Брагінскі раён Гомельскай вобласці. Пач. 20 ст.
Бурка (спадніца). Маларыцкі раён Брэсцкай вобласці. Канец 19 ст.

т. 3, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЁМІНГ (Wyoming),

штат на З ЗША. Пл. 253,3 тыс. км². Нас. 470 тыс. чал. (1993), гарадскога каля 80%. Адм. цэнтр — г. Шаен. Большую ч. тэр. займаюць Скалістыя горы. Найвыш. пункт — г. Ганет-Пік (4201 м). На У частка Вял. раўнін (​1/4 тэр. штата). Клімат кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. да -12 °C у гарах, у ліп. ад 10 да 24 °C. Ападкаў за год ад 100 мм у міжгорных катлавінах да 510 мм у гарах. Рэкі адносяцца ў асноўным да сістэмы Місуры — Місісіпі, Йелаўстанскі нац. парк з ракой і воз. Йелаўстан. Горназдабыўны штат: нафта, прыродны газ, сода, каменны вугаль, золата, серабро, жал. руда, медзь, уран. Лесанарыхтоўка (хвойныя пароды). Апрацоўчая прам-сць: нафтаперагонка, нафтахімія, вытв-сць угнаенняў, шкла. У сельскай гаспадарцы 78% даходаў дае жывёлагадоўля. 38% тэр. штата займае паша. Пераважае авечкагадоўля воўнавага кірунку і гадоўля буйн. раг. жывёлы мяснога кірунку; характэрны буйныя жывёлагадоўчыя гаспадаркі — ранча і фермы. Асн. с.-г. культуры: сеяныя травы (люцэрна), ячмень, пшаніца, кукуруза, цукр. буракі, бульба. ​2/3 апрацаваных зямель арашаецца. Штат перасякаюць чыгункі і аўтадарогі. Больш за 100 аэрапортаў і аэрадромаў. Турызм.

М.​С.​Вайтовіч.

т. 3, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНЫ́ ((Vigny) Альфрэд Віктор дэ) (27.3.1797, г. Лош, Францыя — 17.9.1863),

французскі пісьменнік. Граф. Чл. Франц. акадэміі (1845). У 1814—27 служыў у каралеўскай арміі. Яго творчасць адна з вяршынь франц. рамантызму. Дэбютаваў як паэт у 1820. Аўтар зб-каў «Вершы» (1822), «Паэмы на старажытныя і новыя сюжэты» (1826). У рамане «Сен-Мар» (т. 1—2, 1826) адлюстраваў сутыкненне рамантычнай асобы з сац.-гіст. рэаліямі. Драмы Віны прысвечаны аналізу ключавых для яго творчасці антыномій — гісторыя і чалавек, які становіцца ахвярай яе паступовага руху («Жонка маршала д’Анкра», 1831), творчая асоба і грамадства («Чатэртон», 1835). У аповесці «Няволя і веліч салдата» (1835) раскрыў супярэчнасці паміж воінскім абавязкам і маральнымі прынцыпамі. Для яго сталай паэзіі характэрны трагічнае светаадчуванне (зб. «Лёсы», выд. 1864), гіст. і экзістэнцыяльны фаталізм, апяванне вернасці перакананням і мужнасці пад ударамі лёсу (паэма «Смерць ваўка», 1843, і інш.). Аўтар рамана «Дафна» (выд. 1913), «Дзённіка паэта» (выд. 1867).

Тв.:

Рус. пер. — Неволя и величие солдата. Л., 1968;

Избранное. М., 1987;

Сен-Мар, или Заговор во времена Людовика XIII;

Стелло, или «Синие дьяволы»: [Романы]. М., 1990.

Літ.. Соколова Т.В. Философская поэзия А. де Виньи. Л., 1981.

К.​М.​Міхееў.

т. 4, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМБІВАЛЕ́НТНАСЦЬ (ад лац. ambo абодва + valentia сіла),

дваістасць успрымання і перажывання, калі адзін і той жа аб’ект выклікае ў чалавека процілеглыя пачуцці і ацэнкі (задавальненне і незадаволенасць, сцвярджэнне і адмаўленне). Тэрмін «амбівалентнасць» увёў у 1930 швейц. псіхіятр Э.​Блейлер для вызначэння супярэчлівага псіх. стану. Рас. літ.-знавец М.​Бахцін надаў яму значэнне эстэт. паняцця. Амбівалентнасць выявілася ў нар. і неафіц. культуры эпохі сярэднявечча і Адраджэння, у фальклоры, нар. мастацтве. Амбівалентныя вобразы, сюжэты і матывы характэрны для бел. і інш. архаічнай міфалогіі, сінкрэтычнай творчасці з нявыяўленай дыферэнцыяцыяй эстэт. катэгорый-апазіцый (прыгожага і агіднага, узнёслага і нізкага, трагічнага і камічнага). Амбівалентныя гратэск і сімволіка ёсць у творчасці Ф.​Рабле, М.​Сервантэса, М.​Гогаля, Ф.​Багушэвіча, Я.​Купалы. У класічным мастацтве і бел. нац. фальклоры амбівалентнасць выкарыстоўваецца як дасціпны і шматзначны маст. сродак, спалучэнне прыкмет эпічнага героя і камічнага дублёра ў чарадзейных казках і легендах, нар. тэатры, прыказках і прымаўках, літ.-маст. травестацыях і пародыях (польска-бел. камедыі, інтэрмедыі 17—18 ст., ананімныя творы «Энеіда навыварат», «Тарас на Парнасе»). У сучасным мастацтве праяўляецца ў сатыр. жанрах (у творах А.​Макаёнка, ананімнай паэме «Сказ пра Лысую гару»), цыркавой клаунадзе і інш.

У.​М.​Конан.

т. 1, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБСАЛЮ́ТНАЕ І АДНО́СНАЕ,

катэгорыі дыялектыкі. Абсалютнае абазначае безумоўнае, нестваральнае, вечнае, усеагульнае, характарызуе яго аўтаномнасць ад інш. формаў. Адноснае (рэлятыўнае) выступае як умоўнае, апасродкаванае, якое залежыць ад тых або інш. умоў і, значыць, часовае, недаўгавечнае, спароджанае. У стараж.-грэч. філасофіі абсалютнае вызначалася як дасканаласць, завершанасць, самадастатковасць існага і выражалася ў паняццях «па прыродзе», «у чыстым выглядзе», «само па сабе». У Арыстоцеля адноснае выступае як нешта, што залежыць ад інш. ці адносіцца да яго. У сярэдневяковай філасофіі існавала рэліг. тлумачэнне абсалютнага як «божага», якое процістаіць «зямному», «свецкаму». У філасофіі Новага часу (асабліва ў ням. класічным ідэалізме) вылучаюцца розныя аспекты абсалютнага і адноснага, якія раскрываюцца ў сістэме катэгорый «у сабе», «для іншага», «для сябе», «само па сабе» і да т.п. Для метафізікі характэрны адрыў абсалютнага ад адноснага. Рэлятывізм зыходзіць з разумення адноснага толькі як рэлятыўнага, якое выключае момант абсалютнасці. У розных формах ідэалізму абсалютнае ўяўляецца як самадастатковая існасць — абсалют. З пункту гледжання матэрыяліст. дыялектыкі процілегласць абсалютнага і адноснага не выключае, а дапускае іх адзінства, узаемасувязь. Пра абс. і адносную ісціну гл. ў арт. Ісціна.

Літ.:

Кураев В.И., Лазарев Ф.В. Точность, истина и рост знания. М., 1988;

Социально-философские проблемы производства и применения научных знаний. Мн., 1992.

т. 1, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУАЛІ́ЗМ (ад лац. dualis дваісты),

філасофскае вучэнне, якое прызнае існаванне двух раўнапраўных пачаткаў — матэрыі і духа, матэрыяльнага і ідэальнага. Выступае ў якасці антыпода розных формаў манізму, прадстаўнікі якога тлумачаць свет на падставе сцвярджэння першаснасці матэрыі або духа. У гісторыі філасофіі Д. накіраваны на прымірэнне маністычных поглядаў і іх сінтэзу ў межах дуалістычнай сістэмы. Тэрмін «Д.» увёў ням. філосаф К.​Вольф і выкарыстаў яго для азначэння матэрыяльнай і духоўнай субстанцый. Адзін з буйнейшых прадстаўнікоў Д. — Р.Дэкарт лічыў, што быццё падзяляецца на мыслячую (дух) і працяглую (матэрыя) субстанцыі. Суадносіны гэтых субстанцый у чалавека ён вырашаў з пазіцыі псіхафіз. паралелізму, дзе матэрыяльны і духоўны пачаткі выступаюць незалежна адзін ад аднаго. І.Кант развіваў вучэнне аб антынамічнасці розуму, якое было падставай дуалістычнага размежавання «рэчаў у сабе» і «з’яў». Для філасофіі новага часу характэрны формы гнасеалагічнага Д. (Дж.​Лок, Д.​Юм і інш.). Ён зыходзіць не з проціпастаўлення матэрыяльнай і духоўнай субстанцый, а з проціпастаўлення пазнаючага суб’екта пазнавальнаму аб’екту, што вядзе да абсалютызацыі свядомасці і яе адрыву ад сваёй матэрыяльнай асновы. Паняцце «Д.» сустракаецца ў разнастайных маральных, эстэт., паліт. і інш. канцэпцыях, дзе аб’ядноўваюцца несумяшчальныя пачаткі (дабро і зло, прыгожае і агіднае і інш.).

В.​І.​Боўш.

т. 6, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯЛЕ́НДЗІК (Анатоль Андрэевіч) (н. 4.3.1934, в. Кулакі Салігорскага р-на Мінскай вобл.),

бел. драматург. Скончыў Мінскі мед. ін-т (1957), Літ. ін-т імя М.​Горкага (1969). У 1943 разведчык у партыз. атрадзе. Працаваў урачом-псіхіятрам. У 1968—80 на кінастудыі «Беларусьфільм». Друкуецца з 1955. Першы зб. гумару і сатыры «Пагібель «Тытаніка» (1963). Аўтар драм «Выклік багам» (паст. 1965), «Грэшная любоў» (паст. 1967), «Начное дзяжурства» (паст. 1970), «Гаспадар» (паст. 1984), камедый «Абы ціха» (1964), «Амазонкі» (паст. 1972), «Аперацыя «Мнагажэнец» (паст. 1974), «Гіпапатам» (1981), «Аўкцыён» (паст. 1988), «Дурнічка» (паст. 1996), «Султан Брунея» (паст. 1997), «Заморскі жаніх» (паст. 1998), шэрагу аднаактовых п’ес. Напісаў сцэнарыі тэлефільмаў «Спазнай сябе» (1972), «Блакітны карбункул» (1979), маст. фільмаў «Заўтра будзе позна» (з М.​Крно, 1973), «Нязручны чалавек» (1985), «Ваўкі ў зоне» (1990), радыёп’ес. Асн. тэмы твораў Дз. — маральна-этычныя праблемы, сям’я, дачыненні асобы і калектыву, складанасць чалавечых характараў. Для іх характэрны сцэнічнасць, эмацыянальная і псіхал. напружанасць дзеі, вастрыня драм. калізій.

Тв.:

Аперацыя «Мнагажэнец». Мн., 1981;

П’есы. Мн., 1985;

Дамы покупают кавалеров. Мн., 1998;

Грешница. Мн., 1998.

Літ.:

Орлова Т. Ты и я. Мн., 1969. С. 174—193;

Беларуская драматургія, 1966—1986: Бібліягр. давед. Мн., 1993. С. 97—103.

І.​У.​Саламевіч.

А.А.Дзялендзік.

т. 6, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАПЕ́ЖНЫЯ ЗВЯРЫ́ (Carnivora),

млекакормячыя атр. драпежных. 7 сям., 90 родаў, 232 віды. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. У шэрагу месцаў акліматызаваны. Жывуць на адкрыты прасторах, у гарах, лясах і інш. Большасць аселыя, інш. мігрыруюць. Трымаюцца па адным або парамі, зрэдку аб’ядноўваюцца ў статкі. Большасць драпежнікі, радзей усёедныя. Актыўныя пераважна ў прыцемках і ноччу. У Чырв. кнізе МСАП 36 відаў і 20 падвідаў. На Беларусі жыве 15 відаў з 6 сямействаў. 3 віды занесены ў Чырв. кнігу: барсук, буры мядзведзь, рысь.

Даўж. цела ад 11 см (ласка) да больш як 300 см (тыгры), маса ад 100 г да 1000 кг (белы мядзведзь). Цела ўкрыта валасамі, сярод якіх вылучаюць накіравальныя, восцевыя і пуховыя. Лінькі 2 або 1, у зімовы час валасяное покрыва больш густое. Зубы падзяляюцца на разцы, вял. конусападобныя востраканцовыя выгнутыя іклы і карэнныя (сярод іх — драпежныя зубы). Характэрны развітыя грабяні на чэрапе для мацавання моцнай сківічнай мускулатуры. Пераважна манагамы. Дзіцянят 1—8, зрэдку 20—22, нараджаюцца сляпыя і бездапаможныя. Многія Д.з. — аб’екты промыслу і зверагадоўлі, некат. шкоднікі.

С.​У.​Кучмель.

Драпежныя звяры: 1 — леапард амурскі; 2 — генета плямістая; 3 — гарнастай; 4 — панда малая; 5 — пясец меднаўскі; 6 — мядзведзь камчацкі; 7 — гіена плямістая.

т. 6, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЛА́ЎСКАЯ КА́ФЛЯ,

архітэктурна-дэкар. кераміка 15—18 ст., знойдзеная пры археал. раскопках замка і пасада ў г. Заслаўе (Мінскі р-н). Выяўлена каля 2000 цэлых вырабаў і фрагментаў, а таксама рэшткі 11 кафляных печаў 16—17 ст. Паводле тэхналогіі вырабу падзяляецца на групы: гаршковыя кафлі з крыжападобным, цыліндрычным або квадратным вусцем (15—1-я пал. 16 ст.); каробчатыя тэракотавыя, мураўленыя і паліхромныя кафлі (16—18 ст.), якія паводле формы і прызначэння былі сценныя (вонкавыя і вуглавыя), паясныя, карнізныя, а таксама калонкі, медальёны і навершы-каронкі для печаў. Вядома больш за 60 відаў і варыянтаў малюнкаў — геральдычныя, партрэтныя, сюжэтныя, з расл. і геам. арнаментамі, пашыранымі на Беларусі і ў Літве. Для З.к. 16 ст. характэрны рэльефныя малюнкі з партрэтнымі выявамі (падобныя кафлі знойдзены пры раскопках Віленскага і Лагойскага замкаў, Троіцкага прадмесця ў Мінску), з выявамі гербаў тагачасных уладароў Заслаўя магнатаў Глябовічаў, Сапегаў, узброеных коннікаў, грыфонаў, ільвоў.

Літ.:

Заяц Ю.А. Заслаўская кафля. Мн., 1990;

Яго ж. Заславль в эпоху феодализма. Мн., 1995.

Ю.​А.​Заяц.

Да арт. Заслаўская кафля. Кафлі: злева — з выявай конніка, 17 ст.; з выявай герба Сапегаў, 2-я пал. 17 ст.; справа — вуглавая, канец 16 ст.; карнізная, канец 16 ст.

т. 6, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЛА́ЎСКАЯ КЕРА́МІКА,

кухонны, сталовы і тарны посуд 10—18 ст., знойдзены пры археал. раскопках г. Заслаўя і Заслаўскага курганнага могільніка (Мінскі р-н). У 10—14 ст. выраблялі пераважна гаршкі для хатняга ўжытку, якія аздаблялі лінейным рыфленнем, хвалістымі лініямі, зігзагамі, касымі або прамымі насечкамі і інш. У 10 ст. арнаментавалі ўсё тулава гаршка, пазней — частку ад шыйкі да сярэдзіны тулава або толькі плечукі пасудзіны. У некат. вырабах дэкарыравалі толькі венчык. У 16—18 ст. асартымент посуду значна пашырыўся. Выраблялі танкасценны сталовы посуд (макотры, міскі, талеркі, чаркі і інш.) з высакаякаснай глінянай масы. Унутр. паверхню большасці вырабаў палівалі, знешнюю аздаблялі ангобам; некат. з іх палівалі звонку і знутры. Дэкарыравалі пераважна верхнюю частку вырабаў лінейным ці хвалістым арнаментам, валікамі, зашчыпамі, кветкавым узорам. У канцы 17—18 ст. выраблялі эмаліраваны керамічны посуд. З 18 ст. пашыраны чорназадымлены глянцаваны посуд. Для З.к. 16—18 ст. характэрны стандартызацыя і уніфікацыя форм посуду, блізкасць да мінскай керамікі.

Літ.:

Заяц Ю.А. Керамическая посуда Заславля X—XVIII вв. // Сярэдневяковыя старажытнасці Беларусі. Мн., 1993;

Яго ж Заславль в эпоху феодализма. Мн., 1995.

Ю.​А.​Заяц.

Заслаўская кераміка 10—11 ст.
Заслаўская кераміка. Гаршчок 15 ст. (злева); посуд 17—18 ст.

т. 6, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)