ПАЧАТКО́ВАЯ ШКО́ЛА,

агульнаадукацыйная навучальна-выхаваўчая ўстанова для дзяцей малодшага школьнага ўзросту, якая дае пач. адукацыю. Разлічана пераважна на дзяцей 6—10-гадовага ўзросту. Тэрмін навучання ў розных краінах ад 4 да 8 гадоў. На Беларусі ўзніклі ў 11 ст. як манастырскія школы граматы. Вядома іх дзейнасць пры епіскапскіх кафедрах у Полацку і Тураве. У 12 ст. П.ш. з’явіліся пры некаторых жаночых манастырах, у т. л. пры манастыры Св. Спаса, заснаваным Ефрасінняй Полацкай, дзе існавала школа для навучання грамаце. Рыхтавалі клірыкаў для службы ў цэрквах і манастырах, а таксама давалі элементарную адукацыю дзецям заможных гараджан. У ВКЛ доўгі час развівалася ў выглядзе манаскіх школ. У 1387 вял. кн. Ягайла заснаваў школу пры каталіцкім кляштары ў Вільні. У 1522 у мяст. Гайна Барысаўскага павета і ў 1545 у мяст. Мядзведзічы Слуцкага павета адкрыты П.ш. пры мясц. каталіцкіх кляштарах. Дзейнічалі П.ш. і пры праваслаўным Святадухаўскім манастыры ў Вільні (засн. ў пач. 16 ст.), а таксама пры манастыры ў Брэсце. З 17 ст. пачалі працаваць П.ш. пры уніяцкіх манастырах у Беразвеччы, Мсціславе, Мазалаве. Да П.ш. належала большасць брацкіх школ. Пануючае месца ў асветніцкай справе Рэчы Паспалітай займалі каталіцкія манаскія ордэны езуітаў і піяраў, якія ў 1740 трымалі пры сваіх кляштарах адпаведна 67 і 27 навуч. устаноў. Станаўленне свецкай П.ш. адбылося ў 2-й пал. 18 ст., што звязана з забаронай ордэна езуітаў (1773) і стварэннем Адукацыйнай камісіі. Новыя П.ш. дзейнічалі пры свецкіх акруговых і падакруговых вучылішчах (па колькасці яны саступалі манаскім школам, якія былі амаль пры кожным кляштары).

На бел. землях у складзе Рас. імперыі свецкая сістэма адукацыі, створаная Адукацыйнай камісіяй, ліквідавана, а школы зноў перададзены ордэнам. Падобнага падыходу прытрымлівалася і кіраўніцтва Віленскай навучальнай акругі. У 1824 сярод больш як 380 П.ш. свецкіх практычна не было. Паводле школьнага статута 1828 П.ш. падзяляліся на прыходскія вучылішчы і павятовыя вучылішчы, якія маглі існаваць асобна ці пры гімназіях. Акрамя выхаваўчых мэт П.ш. актыўна ўдзельнічалі ў русіфікацыі Беларусі. У 1864 і 1874 зацверджаны статуты пач. нар. вучылішчаў. Паралельна са свецкімі П.ш. існавалі і царкоўнапрыходскія школы, якія падпарадкоўваліся Св. Сіноду. З канца 19 ст. ствараліся і прыватныя П.ш. У пач. 20 ст. на Беларусі дзейнічала 17 тыпаў П.ш. (больш за 6 тыс. навуч. устаноў). Асобнае месца сярод іх займалі гарадскія вучылішчы (павышаны тып П.ш.) і прафесійна-тэхн. школы. У 1917 усе школы сталі дзяржаўнымі. У выніку аддзялення царквы ад дзяржавы (з 1918) школы сталі цалкам свецкімі. Тэрмін навучання ў П.ш. з 1918—5 гадоў, з 1923 (у сувязі з увядзеннем у сістэму адукацыі 7-гадовай школы) — 4 гады. У пач. 1930-х г. у БССР уведзена абавязковая пач. адукацыя (у Зах. Беларусі з 1939).

Пасля ўпарадкавання структуры школьнай адукацыі (1934) П.ш. стала часткай (1-й ступенню) адзінай агульнаадук. школы. Тэрмін навучання з 1970—3, з 1986—4 гады. Навуч. праграмы адзіныя. Прымаюцца дзеці з 6 гадоў (з 1998). Выкладаюцца бел. і рус. мовы, матэматыка, прыродазнаўства, выяўл. мастацтва, спевы, фіз. культура, прац. навучанне, замежныя мовы і інш. Адраджаецца сістэма прыватных П.ш. У 1999/2000 навуч. г. ў падрыхтоўчых і 1—4-х класах усіх школ Рэспублікі Беларусь займалася 588,9 тыс. вучняў.

Літ.:

Чехов Н.В. Народное образование в России с 60-х гг. XIX в. М., 1912;

Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі. Мн., 1968;

Снапкоўская С.В. Адукацыйная палітыка і школа на Беларусі ў канцы XIX — пачатку XX стст. Мн., 1998.

А.​Ф.​Самусік.

т. 12, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

век, ‑у; мн. вякі, ‑оў; м.

1. Стагоддзе. Дваццаты век. Мінулы век. □ Збуцвеўшы лад былых вякоў З магілы не паўстане. Колас. Аж праз дзевяць вякоў [Мінск] Раптам стаў — Мільянерам! Барадулін.

2. Жыццё, перыяд існавання каго‑, чаго‑н. Пастарэлі, пакрыліся мохам будынкі. Усё дажывае свой век. Грамовіч. У хлусні кароткі век. Прыказка. // Узрост. Чалавек сярэдняга веку. □ Сярод нас былі людзі рознага веку — і старэйшыя, і маладзейшыя, і зусім маладыя. Лынькоў.

3. Перыяд, характэрны чым‑н.; эпоха. Каменны век. Касмічны век. Век тэхнікі.

4. Вельмі доўгі час, усё жыццё. Захаваць успаміны на век.

5. у знач. прысл. Заўсёды, вечна. Век вас буду слухаць. □ [Максіму Астаповічу] здалося, што ён век ведаў гэтыя рысы. Чорны. Ды не век я тут гарую, Дачакаю волі. Колас.

•••

Ад веку да веку — усё жыццё, вечна.

Век веку падасць — пра нешта вельмі моцнае, трывалае, носкае.

Век да веку — усё жыццё, да апошніх дзён жыцця.

Век звекаваць гл. звекаваць.

Век цэлы — усё жыццё, вельмі доўга.

Век-вяком; векі вечныя; век вечны — а) заўсёды, з самых даўніх часоў, спрадвеку. У падхалімаў так вядзецца век-вяком! Ці б’е начальства ў цэль, ці шле «за малаком», Дык знойдуцца заўсёды Івановы, Што памахаць яму гатовы. Крапіва. — Найшлі! Як ляжала зямля век вечны без карысці, дык ахвоты не было нікому да яе! Мележ; б) ніколі. Не забудзеш век-вяком Ты ў бары вячэру! Гілевіч.

Да (канца) веку — да апошніх дзён жыцця.

Дажываць (свой) век — а) жыць, існаваць апошнія дні; б) рабіцца няздатным, непрыгодным.

З век вякоў — з далёкіх часоў, заўсёды.

З векам упоплеч — не адставаць ад жыцця.

З веку (ад веку) ў век — пастаянна, на працягу доўгага часу.

З вякоў вечных — спрадвеку.

Залаты век — час росквіту навукі, мастацтва ў гісторыі якога‑н. народа.

Зжываць (свой) век — траціць сваё ранейшае значэнне.

Малады век — юнацкія, маладыя гады жыцця.

На век — назаўсёды, на доўгі час.

На векі вечныя (на век вечны); на векі вякоў; на ўсе вякі — назаўсёды.

На маім вяку — у час майго жыцця, за маю памяць.

На сваім вяку — на працягу свайго жыцця.

Напроці (свайго) веку (стаяць) — быць у маладым узросце.

Не першага веку — не першай маладосці, сярэдняга ўзросту.

Па век вякоў (веку) — да скону дзён, назаўсёды.

Праз (увесь) век — на працягу ўсяго жыцця, праз усё жыццё.

Праз вякі (век) — бязмежна доўга, на працягу доўгага часу.

Спакон вякоў (веку) — з самага даўняга часу, спрадвеку.

У вякі — назаўсёды.

У глыбіню вякоў — у глыбіню гісторыі, у старажытнасць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

касі́ць ​1, кашу, косіш, косіць; незак., каго-што.

1. Зразаць траву касой ​2 або касілкай. Касіць луг. Касіць атаву. □ Хутка з косамі прыйдуць гурбой дзецюкі, Паплавы касіць стануць рупліва. А. Александровіч. // Быць вострай, добра рэзаць (пра касу). Каса чыста косіць.

2. перан. Губіць, нішчыць, забіваць у вялікай колькасці. Маці .. [Пеці] неўзабаве памерла ад тыфу, які няшчадна касіў людзей пасля доўгай вайны. Ракітны. Трапныя кулі народных мсціўцаў бязлітасна касілі ворага. Сіняўскі.

•••

Сабакам сена косіць (пагард.) — пра таго, хто знаходзіцца невядома дзе і за якім заняткам. — Ну, дзе ж твой муж, Юля? — Круціцца недзе. Сабакам сена косіць. Доўгі рубель збіў з панталыку. Паўлаў.

Хоць касой касі — вельмі многа, процьма. — Грыбоў, ягад — хоць касою касі. Пальчэўскі.

касі́ць ​2, кашу, косіш, косіць; незак.

1. што. Рабіць касым; перакошваць, скрыўляць. Касіць плечы.

2. што і чым. Глядзець коса, убок; скошваць (вочы). Мы крочым па самай сярэдзіне вуліцы,.. з хвіліны на хвіліну чакаем каманды і ад гэтага ўвесь час патроху косім у бок на камандзіра свае погляды. Галавач. [Конь] трошкі паварочваў галаву і касіў адным вокам на вароты. Крапіва.

3. Быць касавокім, касым. Кірыны вочы касілі больш, чым звычайна, але гэта цяпер Пракопу было самым мілым і дарагім ва ўсім яе вобліку. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падагна́ць, падганю, падгоніш, падгоніць; пр. падагнаў, ‑гнала; заг. падгані; зак., каго-што.

1. Гонячы, наблізіць або прымусіць наблізіцца да каго‑, чаго‑н. Пасля снедання ля тока паставілі малатарню, падагналі трактар. Асіпенка. Пастушок пачуў умоўны свіст і падагнаў статак бліжэй да лесу. Пальчэўскі. / у безас. ужыв. Падагнала да берага вялікую крыгу. Шамякін.

2. Загнаць пад што‑н. Падагнаць лодку пад мост.

3. Прымусіць хутчэй ісці, бегчы, ехаць. Шумейка імпэтна тузануў лейцы, працяглым покрыкам падагнаў каня: Нно-оо! Савіцкі. // Прымусіць рабіць, выконваць што‑н. хутчэй. — Трэба адзявацца ды выходзіць на месца, — падагнала сама сябе Зося і хутка павярнула ў хату. Гартны. // перан. Прыспешыць надыход чаго‑н. Час не конь: не падгоніш і не прыпыніш. Прыказка.

4. Зрабіць адпаведным па форме адно другому; прыладзіць. Падагнаць дэталі. □ Праз пяць дзён заказ мой быў гатовы — арматуру новенькую адлілі, .. вінцік да вінціка падагналі. Краўчанка. // Зрабіць адпаведным росту, фігуры каго‑н. Я па некалькі разоў вадзіў.. [пакупнікоў] у прымерачную, круціў перад люстэркам, каб хоць як-небудзь падагнаць мешкаваты і доўгі пінжак або шырачэзнае паліто. Нядзведскі.

5. Разм. Гонячы, даставіць. [Вінцук:] — Тут, хлопча, крыху [са статкам] пачакай. Толькі не распускай лішне. Я зараз падганю яшчэ табе ў чараду... Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́сак, ‑ска, м.

1. Вузкі доўгі кавалак чаго‑н. (тканіны, скуры і пад.). Я ледзь не падскочыў ад радасці, падняў з зямлі дзягу, сеў на пянёк і пачаў кроіць яе на тонкія доўгія паскі. Капыловіч. Паўлік рэзаў нажом і лупіў доўгімі паскамі хваёвую кару. Лобан.

2. Шырокая рыска, лінія на чым‑н. [Мірон:] — Бачыш, іглы больш сціснутыя, а знізу во якія два сінявата-белыя паскі. Маўр.

3. чаго. Прадаўгаваты ўчастак, які вылучаецца чым‑н. з акружаючага. Праўда, лагчына выдалася нешырокая, .. [партызаны] хутка перайшлі яе і падаліся ўздоўж паскі хмызу, блізка, аднак, не падыходзячы да яго. Быкаў. Не паспее добра сцямнець, як ужо на ўсходзе вымалёўваецца залаты пасак світанку, і адразу ж прачынаецца лясное птаства. Сабаленка.

4. Рэмень, шнурок, матуз і пад. [Чалавек на фатаграфіі] у вайсковай форме, парусінавыя паскі са спражкамі прыціскаюць на плячах гімнасцёрку. Кулакоўскі. Купец выхапіў з кішэні пасак ды прывязаў пана да хвоі. Якімовіч. Маці, не разабраўшыся, расперазала фартух і адлупцавала Грышу паскамі. Пальчэўскі.

5. Частка конскай збруі — рэмень, працягнуты ад адной аглоблі да другой цераз падсядзёлак. Рукі яго [дзеда] дрыжалі больш, чым звычайна, і я памог яму засупоніць хамут і завязаць на аглоблі пасак ад падсядзёлка. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пячы́ся, пякуся, пячэшся, пячэцца; пячомся, печацеся, пякуцца; пр. пёкся, пяклася, няклося; заг. пячыся; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Гатавацца сухім награваннем, без вады, на адкрытым агні, у духу або на патэльні (пра ежу). Пячэцца бульба. □ Дзень быў святы. Яшчэ ад рання Блінцы пякліся на сняданне, І ўжо пры печы з чапялою Стаяла маці... Колас. Вось гэтую хату і ўсё, што рабілася, гаварылася і пяклося ў ёй, я любіў шчыра і даўно. Сіпакоў.

2. Разм. Грэцца на сонцы, быць доўгі час пад праменямі сонца, у гарачым месцы. Пячыся ля печы. □ Дзеці цэлымі днямі пякліся на сонцы, з іх ужо разы тры злазіла скура. Хомчанка. Ясь пачаў сам «зарабляць хлеб»: летам і ўвосень ганяў на пашу вербаўскую жывёлу, пёкся цэлымі днямі на сонцы, мок на дажджы. Мележ.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Мець здольнасць, уласцівасць паліць, абпальваць, жыгацца. Гарачая скаварада пячэцца. Крапіва пячэцца. □ Дзяўчаты працягваюць рукі, некаторыя ледзь не загортваюць агонь прыгаршчамі і раптам ускрыкваюць: пячэцца ўсё-такі! Кулакоўскі. / у безас. ужыв. Я бяру, абкруціўшы травою, каб не пяклося ў рукі, кацялок і бягу у буданчык. Сачанка.

4. Зал. да пячы (у 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рассе́сціся, ‑сядуся, ‑сядзешся, ‑сядзецца; пр. рассеўся, ‑селася; зак.

1. (1 і 2 ас. адз. не ўжыв.). Сесці, размясціцца дзе‑н. — пра ўсіх, многіх. Усе мае таварышы даўно ўжо расселіся ў вагоне, уладзіўшы транспартныя справы, а майго чамадана ўсё не было. Лынькоў. На тратуары расселася чародка галубоў, якія нешта дзяўблі на асфальце. Гроднеў.

2. Разм. Сесці свабодна, заняўшы шмат месца. — Пасуньцеся, вельмі шырока расселіся, — пачуў .. [чалавек], як праз сон, нечы голас. Прокша. Глушэц чым далей, то ўсё болей Дзесь на суку за тоўстай хвояй Рассеўся важна і балбоча. Колас. // Пасяліцца. Там, дзе на разлегласці раней яшчэ быў рассеўся Мазавецкі з сваім новым хутарам, цяпер быў проста-такі цэлы фальварак. Чорны. // перан. Шырока разрасціся. Высока, разл[о]жыста Расселася пры хаце Стара-старая ліпа, Паважная, як свацця. Купала.

3. Сеўшы, затрымацца доўгі час; сесці дзе‑н. надоўга. Прайшло некалькі хвілін у здранцвення «Чаго ж гэта я расселася? Трэба нейкую раду даваць», — спахапілася нарэшце Ірына Віктараўна. Пальчэўскі. — Ну і што там з гэтай кнігай рассеўся? Дроў сушэйшых пайдзі прынясі!.. Брыль.

4. Даць трэшчыны, раскалоцца. [Алегу] ўявілася вялікая крыга, якая плыла па шырокай рацэ, потым натужліва цярнулася аб [нешта] неадольнае, мацнейшае за яе, крыгу, і расселася папалам. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гры́ва

1. Мель, якая раздзяляе ваду пры зліцці дзвюх рэк (Шчуч.).

2. Купка кустоў; кусты на лузе (Слаўг.).

3. Недакошаны пракос, недажаты ўчастак (Слаўг., Стол.).

4. Доўгі, выгнутай формы ўзгорак; гарыстае, прадаўгаватае ўзвышша на заліўных лугах, якое ніколі не заліваецца вадой (Ветк., Віц., Крыч., Міласл. Меер, 1786, Рэч., Слаўг.).

5. Узвышша; высокае, прадаўгаватае, аблямаванае лесам месца (Нас., Нас. АУ).

6. Броўка з травы вакол крыніцы (А. Карпюк. Дзве сасны, 1958, 44).

7. Града, узгорак, груд сярод балота, лугу або нізіннага лесу (Пар.).

8. Курган на ўзвышаным месцы сярод балота, які парос лесам (Смален. Дабр.).

□ ур. Балабнёўская Грыва (разаранае ўзвышша на лузе) каля в. Каменка Слаўг.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

Саламя́ ’салома або кастрыца, накладзеная на грэбень саламянай страхі’ (Шат.), ’верхняе бервяно, якое накладвалася на козлы і служыла непасрэднай апорай страхі’ (Малчанава, Мат. культ.), саламяно ’бэлька, якая вагаецца на слупе ў калодзежы з жураўлём’ (бых., КЭС), со́лам’е, со́ломʼя, со́ломʼе, со́лумʼе ’кладзь, якая служыла апорай страхі на сохах’ (калінк., лельч., Нар. сл.), ’чалеснікі ў пячы і верхняе спалучэнне іх’ (усх.-палес.), ’вялікі агонь у пячы’ (жытк., Нар. сл.), со́ламʼя ’чалеснік’ (Мат. Гом.), со́ламенне ’ямка для жару на прыпечку’ (калінк., Нар. сл.), со́ломjе, со́ломень ’чалеснікі’ (Шушк.), sołommie (Маш.), сало́мʼе ’скляпенне’ (петрык., Шатал.), со́ломjе ’вусце печы’ (Шушк.). Рус. царк.-слав. слѣмя, больш позняе (XVI ст.) соломина ’брус, бервяно, перакладзіна’, польск. ślemię, szlemię ’брус, вільчак’, чэш. slémě, slemeno ’брус, вільчак’, ’горны грэбень’, славац. slemā, slemeno ’брус, перакладзіна’, серб.-харв. шље̏ме ’вільчак’, ’горны грэбень’, славен. slé̥me ’тс’, балг. сле́ме ’вільчак’. Прасл. *selmę, ‑ene. Верагодныя паралелі толькі ў літ. šelmuõ, Род. с. šelmens ’вільчак, франтон, доўгі брус’, šelmenỹs ’тс’, лат. salmene ’саламяны капялюш’, гл. Траўтман, 301 і наст., Мюленбах-Эндзелін, 3, 674 і наст. Далей мяркуюць аб магчымасці і.-е. *kʼs(u̯)el‑ + суф. ‑men і параўноўваюць з грэч. σέλμα ’брус, памост, палуба’, англ.-сакс. sealma, selma ’ложа’ < ’драўляны ложак’; гл. Педэрсан, LF, 5, 59; Сной₁, 580; супраць Фасмер, 3, 669. Аналагічна БЕР, 6, 867 — ад і.-е. *sel‑ ’града’ з (kʼ)seul‑, якое роднаснае групам *suel‑, *seel‑, працягам якіх з’яўляецца ст.-в.-ням. swelle ’парог’ < герм. swalja, ням. Schwelle ’тс’. Махэк₂ (553) параўноўвае таксама з лац. culmen ’верх, вяршыня’, але гэта лічыцца фанетычна непрымальным.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

язы́к, -а́, мн. -і́, -о́ў, м.

1. Рухомы мышачны орган у ротавай поласці, які з’яўляецца органам смаку, а ў чалавека ўдзельнічае таксама ва ўтварэнні гукаў мовы.

Паказаць я.

Малако ў каровы на языку (прыказка). Заліўны я. (страва).

2. перан. Палонны, ад якога можна атрымаць патрэбныя звесткі (разм.).

3. У звоне: металічны стрыжань, які ўтварае гук ударамі аб сценкі.

4. перан. Пра што-н. выцягнутае, па форме падобнае на язык.

Языкі полымя.

Языкі сумётаў.

◊

Востры на язык — пра чалавека, які ўмее гаварыць трапна, з’едліва.

Доўгі язык у каго-н. (разм., неадабр.) — пра балбатлівага чалавека.

Злы язык у каго-н. (разм.) — хто-н. злосна, з насмешкай гаворыць пра каго-, што-н.

Злыя языкі — пра ахвотнікаў да плётак, нагавораў.

Мянціць (малоць) языком (разм.) — займацца пустой балбатнёй.

Прыкусіць язык (разм.) — спахапіўшыся, раптоўна замаўчаць, устрымацца ад выказвання.

Прытрымаць язык (разм.) — памаўчаць.

Пытанне было на языку у каго-н. — хто-н. гатовы быў задаць пытанне.

Развязаць язык (разм.) — загаварыць, разгаварыцца пасля маўчання.

Распусціць язык (разм., неадабр.) — пачаць гаварыць лішняе.

Сарвацца з языка (разм.) — сказаць міжвольна, не падумаўшы.

Трымаць язык за зубамі — маўчаць, калі гэта патрэбна.

Цягнуць за язык каго-н. (разм.) — прымушаць гаварыць, выказвацца.

Язык без касцей у каго-н. (разм.) — пра каго-н., хто любіць многа гаварыць, гаворыць лішняе, пустое.

Язык добра падвешаны у каго-н. — мастак добра гаварыць.

Язык не паварочваецца сказаць (разм.) — не хапае рашучасці сказаць.

Язык праглынеш (разм.) — пра што-н. надта смачнае.

Язык свярбіць у каго-н. (разм.) — цяжка прамаўчаць, хочацца сказаць.

|| памянш. язычо́к, -чка́, мн. -чкі́, -чко́ў, м.

|| прым. языко́вы, -ая, -ае (да 1 знач.; спец.) і язы́чны, -ая, -ае (да 1 знач.; спец.).

Языковая мышца.

Язычныя нервы.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)