РАСІ́ЙСКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў ЛІТАРАТУ́РЫ І МАСТА́ЦТВАў Маскве.
Створаны ў 1941 як Цэнтр.дзярж.літ. архіў СССР часткова на базе збору Дзярж.літ. музея. Сюды перададзены профільныя фонды з Цэнтр.дзярж. архіва Кастр. рэвалюцыі СССР, Дзярж.гіст. музея, Цэнтр. архіва стараж. актаў, Дзярж. Траццякоўскай галерэі і інш. архівасховішчаў. У 1954 перайменаваны ў Цэнтр.дзярж. архіў л-ры і мастацтва СССР, з 1992 сучасная назва. 2886 фондаў, 1 101 400 адзінак захоўвання з 18 ст. да 1994 (ёсць асобныя дакументы 14, 16, 17 ст.); 5 181 612 кадраў мікрафільмаў. Найбуйнейшае сховішча дакументаў па гісторыі рус. л-ры, грамадскай думкі, музыкі, тэатра, кіно, выяўл. мастацтва. Захоўвае фонды адм. органаў у галіне культуры: К-та па справах мастацтваў пры СНКСССР (1936—53) і РСФСР (1938—53), Галоўмастацтва (1925—28), Мін-ва культуры СССР і яго аддзелаў (1953—91), галіновых органаў упраўлення асобнымі відамі мастацтва. Зберагае дакументы творчых саюзаў, т-ваў і арг-цый, выд-ваў, тэатраў, кінастудый, музеяў і інш., асабістыя фонды дзеячаў л-ры і мастацтва. У дарэв. фондах захоўваюцца дакументы Акадэміі мастацтваў (1757—1918), Т-ва аматараў рас. славеснасці (1811—1930), Маскоўскай канторы Імператарскіх тэатраў (1842—1917), рэдакцый газет і часопісаў, у т. л. «Русский вестник», «Дело», «Русское богатство», «Современник». Сярод асабістых фондаў — «Астаф’еўскі архіў» Вяземскіх, фонды Ф.Дастаеўскага, І.Ганчарова, М.Някрасава, І.Тургенева, М.Салтыкова-Шчадрына, А.Астроўскага, А.Сухаво-Кабыліна, А.Чэхава, Г.Ахматавай, А.Блока, М.Цвятаевай, І.Буніна, А.Купрына, А.Грына, У.Маякоўскага, К.Паустоўскага, Б.Пастарнака, Ю.Тынянава, А.Фадзеева, І.Эрэнбурга, С.Ясеніна і інш. Мастацтва прадстаўлена фондамі І.Рэпіна, П.Чайкоўскага, Дз.Шастаковіча, С.Пракоф’ева, С.Эйзенштэйна, У.Меерхольда, А.Даўжэнкі, В.Камісаржэўскай і інш. У архіве зберагаюцца матэрыялы бел. мастацтва: аўтографы вершаў Я.Купалы, М.Багдановіча; пераклады на рус. мову твораў Я.Коласа, П.Броўкі, П.Глебкі, А.Куляшова, П.Панчанкі, М.Танка, Э.Самуйлёнка; лісты А.Міцкевіча, Э.Ажэшкі, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Лынькова, І.Мележа, Я.Брыля, В.Быкава, Ф.Турука, І.Шамякіна, М.Янчука, П.Малчанава і інш. У фондах Н.Лойтара і С.Розанава — дакументы пра іх дзейнасць у БДТ-2, рэжысёрская распрацоўка камедыі «Несцерка» В.Вольскага; у фондзе В.Бялыніцкага-Бірулі — матэрыялы па бел.выяўл. мастацтве, эскізы і фатаграфіі работ Я.Чамадурава, В.Цвіркі, У.Сухаверхава; у фондзе Ю.Тарыча — матэрыялы пра пастаноўкі кінафільмаў, перапіска з У.Корш-Сабліным. У фондах архіва шмат фатаграфій бел. музыкантаў, акцёраў (Л.Александроўскай, Я.Цікоцкага, Г.Цітовіча), у фондах Галоўрэперткома і «Масфільма» — п’есы К.Крапівы, А.Макаёнка, М.Клімковіча, лібрэта і сцэнарыі розных аўтараў і інш. Дакументы архіва публікуюцца ў выданнях «Літаратурная спадчына» (т. 1—98, 1931—91), «Сустрэчы з мінулым» (вып. 1—8, 1970—96).
Літ.:
Центральный государственный архив литературы и искусства СССР: Путеводитель. Вып. 1—7. М., 1959—98;
Архивы России: Москва и Санкт-Петербург М., 1997;
Дакументы па гісторыі Беларусі, якія зберагаюцца ў цэнтральных дзяржаўных архівах СССР. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДАНО́ВІЧ (Максім Адамавіч) (9.12.1891, Мінск — 25.5.1917),
бел. паэт, перакладчык, літ.-знавец, празаік. Раннія дзіцячыя гады правёў у Гродне (1892—96), жыў і вучыўся ў Ніжнім Ноўгарадзе (1896—1908) і Яраслаўлі (1908—16). Скончыў Дзямідаўскі юрыд. ліцэй у Яраслаўлі (1916) і восенню прыехаў у Мінск. Працаваў сакратаром губ. харчовай камісіі. У лют. 1917 цяжка хворы выехаў на лячэнне ў Ялту. Там памёр і пахаваны. Першы друкаваны твор — алегарычная казка-прытча «Музыка» («Наша ніва», 1907, №24). Адзіны прыжыццёвы зб.вершаў «Вянок» (Вільня, 1913). Яго паэзія развівалася ва ўмовах рэакцыі, у атмасферы вострых сац.-паліт. канфліктаў. Асн. кірунак творчасці — патрыят. служэнне сац. і нац. вызваленню бел. народа, сцвярджэнне ідэй роўнасці і братэрства, барацьба за гуманіст. ідэалы. Не прымаючы тагачаснай рэчаіснасці, уціску чалавека-працаўніка, Багдановіч проціпастаўляў ім агульначалавечыя духоўныя пачаткі прыгожага і добрага (вобразы мадоннаў у «Вянку»). Дэмакратызм паэта эвалюцыянаваў да сцвярджэння ідэй гераічнага, самаахвярнага змагання за інтарэсы народа. У паэзіі Багдановіча моцна гучалі ідэі нац.-вызв. барацьбы супраць царскай імперыі як турмы народаў, супраць вялікадзярж. шавінізму. Багдановіч-мастак асн. сваёй задачай лічыў узбагачэнне роднай л-ры новымі тэмамі і формамі. Яго вершы — шматгранны паказ жыцця чалавека ў разнастайных сувязях з грамадствам і прыродай. Галоўнае ў іх — жыццялюбства («Прывет табе, жыццё на волі!», «Выйшаў з хаты»), актыўнае стаўленне да рэчаіснасці («Рушымся, брацця, хутчэй», «Кінь вечны плач свой аб старонцы!»), захапленне красой жыцця («Па-над белым пухам вішняў», «Зімой»), маладосцю («Маладыя гады»), мудрасцю, працавітасцю, таленавітасцю народа («Летапісец», «Слуцкія ткачыхі»). Але ў абставінах тагачаснай рэчаіснасці на першы план вылучаліся тэма паднявольнага жыцця прац. народа, роднага краю («Краю мой родны! Як выкляты богам», «Народ, Беларускі Народ!», «Беларусь, твой народ дачакаецца»), вобраз селяніна-працаўніка («Гнусь, працую, пакуль не парвецца», «Пан і мужык»), грамадзянскі сум («Мяжы», «Ой, чаму я стаў паэтам», «Вы, панове, пазіраеце далёка», «Эмігранцкая песня», «Пагоня»). Матывы смутку паглыбляліся асабістай драмай паэта, з 18 гадоў хворага на сухоты. У Багдановіча-лірыка моцная схільнасць да роздуму, развагі. Адсюль філас. заглыбленасць яго вершаў («Зразаюць галіны таполі адну за адной», «Калі зваліў дужы Геракл у пыл Антэя», «Жывеш не вечна, чалавек», санет «На цёмнай гладзі сонных луж балота», рандо «Узор прыгожы пекных зор», «Перад паводкай»). Багдановіч з Я.Купалам — заснавальнікі пейзажнай і інтымнай любоўнай лірыкі ў бел. паэзіі («Я бальны, бесскрыдлаты паэт», трыялет «Мне доўгае расстанне з Вамі», «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы»). Вялікая заслуга паэта ў распрацоўцы гіст. тэмы («Летапісец», «Безнадзейнасць», «Перапісчык», «Агата», цыкл «Места», «Песня пра князя Ізяслава Полацкага») і урбаністычных матываў («Вулкі Вільні зіяюць і гулка грымяць», «На глухіх вулках — ноч глухая»). Шырока развіваў у бел. лірыцы т.зв. вечныя тэмы жыцця, смерці, кахання, дружбы (нізка «Каханне і смерць», рандэль «На могілках», трыялет «С.Палуяну»). Творчасць Багдановіча мела першаступеннае значэнне ў гіст. самапазнанні народа і сцвярджэнні яго месца ў гісторыі чалавецтва. Яго вершы вызначаюцца майстэрскім выкарыстаннем вобразна-выяўленчых сродкаў класічнай і песенна-нар. паэтыкі. Выхаваны на паэзіі А.Пушкіна, А.Фета, Ф.Цютчава, добра знаёмы з сучаснай яму рус. паэзіяй, узбагаціў родную л-ру перадавымі ідэямі і багатым эстэтычным вопытам. Зб. «Вянок» стаў у бел. паэзіі ўзорам творчага засваення класічнай паэтыкі на нац. глебе. Школай высокага майстэрства з’яўляюцца змешчаныя тут санеты, трыялеты, рандо, актавы, тэрцыны, пентаметры. Класічную культуру нёс роднаму слову Багдановіч і як перакладчык Гарацыя, Авідзія, Ф.Шылера, Г.Гейнэ, А.Ф.Арвера, П.Верлена, Э.Верхарна, Ю.Святагора, А.Пушкіна, А.Майкава, А.Крымскага, М.Розенгейма, А.Алеся. Перакладаў на рус. мову творы Я.Купалы, Т.Шаўчэнкі, І.Франко, В.Стафаніка, У.Самійленкі. Вялікае месца ў творчасці Багдановіча займаў фальклор: выкарыстанне бел. міфалогіі («Чуеш гул? — Гэта сумны, маркотны лясун», «Вадзянік», «Змяіны цар»), вобразаў, матываў, рытміка-інтанац. складу бел.нар. песні («Не кувай ты, шэрая зязюля», нізка «На сінім Дунаі»). Вершы т.зв. беларускага складу — узор лірыкі, стылізаванай пад песенна-нар. паэтыку («Бяседная», «Лявоніха», «Скірпуся»). Паэмы Багдановіча — пошук нац. эпасу: гераічнага — «Максім і Магдалена», «Страцім-лебедзь», сац.-бытавога — «Мушка-зелянушка і камарык — насаты тварык». Пісаў у класічных і песенна-нар. формах іншых паэзій (песні «Руская», «Украінская», «Сербская», «Скандынаўская», «Іспанская», у форме рубаі — «Персідскія», у форме танкі — «Японскія»). Праца Багдановіча-крытыка накіравана на абарону рэалізму і народнасці — эстэт. асноў перадавой бел. л-ры пач. 20 ст. («Глыбы і слаі», 1911; «За тры гады», 1913; «Забыты шлях», 1915). Адзін з заснавальнікаў навук. гісторыі бел. л-ры («Кароткая гісторыя бел. пісьменнасці да XVI сталецця», «Новы перыяд у гісторыі бел. літаратуры»). Лепшыя апавяданні Багдановіча стаяць каля вытокаў бел.нац. прозы («Апокрыф», 1913; «Апавяданне аб іконніку і залатару...», 1914). Даследаваў л-ру і гісторыю слав. народаў (арт. пра Шаўчэнку, М.Ламаносава, Пушкіна, М.Лермантава, гіст.-этнагр. нарысы «Украінскае казацтва», «Галіцкая Русь», «Угорская Русь», «Браты-чэхі» і інш.). Яго публіцыстыка звязана з супрацоўніцтвам (1913—16) у яраслаўскай газ. «Голос». Прозу, літ.-знаўчыя і публіцыстычныя артыкулы часткова пісаў на рус. і ўкр. мовах. Паэзія Багдановіча ўвайшла ў духоўную скарбніцу бел. народа. Яна ўплывае на развіццё бел. паэзіі і сёння, асабліва сваім глыбокім пранікненнем у духоўны свет чалавека і высокай культурай паэт. слова. Некаторыя вершы сталі нар. песнямі («Зорка Венера», «Слуцкія ткачыхі»), многія пакладзены на музыку кампазітарамі. На лібрэта А.Бачылы кампазітар Ю.Семяняка напісаў оперу «Зорка Венера» (паст. 1970). У Мінску працуе Багдановіча М. літаратурны музей. Помнікі паэту ў Мінску і Місхоры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРШАСКЛАДА́ННЕ, версіфікацыя,
сістэма гукавой арганізацыі вершаванай мовы на аснове пэўнай рытміка-інтанацыйнай суладнасці і перыядычнасці. У адпаведнасці з культ. традыцыямі і прасадычнымі асаблівасцямі мовы еўрап. вершаскладанне падзяляецца на дысметрычнае (несувымернае) і метрычнае (размеранае, урэгуляванае). Адзінка сувымернасці вершаў у розных мовах — склад. Асн. фанетычныя характарыстыкі склада (складаўтваральнага галоснага) — вышыня, даўжыня і сіла. Упарадкавацца можа як агульная колькасць складоў (сілабічнае вершаскладанне), так і колькасць складоў пэўнай вышыні (меладычнае вершаскладанне), даўжыні (антычнае, або метрычнае вершаскладанне) і сілы (танічнае вершаскладанне). Звычайна гэтыя фанетычныя прыкметы ўзаемазвязаны, таму існуюць сістэмы, заснаваныя на дзвюх і больш прыкметах (напр., сілаба-меладычнае, сілаба-метрычнае, сілаба-танічнае вершаскладанне). У розных мовах розныя сістэмы вершаскладання развіваюцца па-рознаму. Напр., у рус. мове, дзе вышыня і даўжыня гукаў не з’яўляюцца фаналагічнымі (сэнсавызначальнымі), не развілося меладычнае і метрычнае вершаскладанне. У франц. мове, дзе таксама не фаналагічны націск у слове, не развіліся танічнае і сілаба-танічнае вершаскладанне. Разам з тым не ўсе сістэмы, прыдатныя для пэўнай мовы, атрымліваюць аднолькавае развіццё (напр., стараж.-грэч. мова дазваляла пашырэнне і метрычнага, і танічнага, і сілабічнага вершаскладання, а пераважным стала метрычнае).
У бел. паэзіі склаліся 2 віды дысметрычнага вершаскладання — інтанац.-сказавае і танічнае, або акцэнтнае. Першы з іх заснаваны на гукавой уладкаванасці пэўных сінтаксічных частак ці перыядаў паэт. фразы (напр., стараж. ўзоры нар. паданняў, асобныя ўрыўкі «Слова пра паход Ігараў»). Танічны верш заснаваны на раўнамернасці т.зв. моцных акцэнтаў у рытмарадзе, якія падкрэсліваюць сэнсавую і структурную ролю пэўных слоў. Да танічнага верша звярталіся амаль усе бел. пісьменнікі (паэма «Безназоўнае» Я.Купалы, «Сымон-музыка» Я.Коласа, «Сцяг брыгады» А.Куляшова). Найб. развітыя і арыгінальныя ўзоры антычнага вершаскладання ёсць у творчасці бел. паэтаў-лаціністаў 16—17 ст. Я.Вісліцкага, М.Гусоўскага і інш. Зараджэнне бел. сілабікі ў 16—17 ст. звязана з дзейнасцю Ф.Скарыны, Я.Пашкевіча, Сімяона Полацкага. Нягледзячы на сваю неадпаведнасць прасодыібел. мовы, сілабічнае вершаскладанне праіснавала амаль да канца 19 ст. і было важным этапам у гіст. развіцці нац. паэзіі. У творчасці В.Дуніна-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча і інш. прадстаўнікоў новай бел. л-ры сілабічнае вершаскладанне мадэрнізавалася і ўзбагацілася. Пад уплывам нар.-песенных формаў, жывых традыцый гутарковай мовы яно прыкметна танізавалася, набліжаючыся да сілаба-танічнага гучання (пачатак паэмы «Гапон» Дуніна-Марцінкевіча). Паралельна з гэтым у пач. 19 ст. пад уплывам рус. і ўкр. літаратур зарадзілася і бел. сілабатоніка (паэмы «Энеіда навыварат», «Тарас на Парнасе»). Працэс сінтэзу сілабічных і танічных прынцыпаў вершаскладання завяршыўся ў канцы 19 ст. (цыкл «Песні» Багушэвіча, вершы і байкі Я.Лучыны, А.Гурыновіча). У пач. 20 ст. сілаба-танічнае вершаскладанне стала пануючым у бел. паэзіі. Для яго характэрна максімальная танізацыя вершаванай мовы, кандэнсацыя энергіі рытму на самых значных у сэнсавых адносінах словах, шырокае выкарыстанне сродкаў эмац. падкрэслівання (эмац. звароты і выклічнікі, паўзы, міжрадковыя пераносы, паўторы, гукаперайманні). Істотную выяўл. ролю адыгрывае страфа як вышэйшая форма арганізацыі верша. У сувязі з далейшым паглыбленнем сац.-эстэтычных і філас. асноў сучаснай бел. паэзіі побач з традыц. формамі сілабатонікі ўсё большае пашырэнне набывае свабодны верш, які будуецца на чаргаванні эквівалентных па гучанні рытмарадоў, аб’яднаных адзінствам думкі, дынамізмам унутр. лірычнай плыні.
Літ.:
Лазарук М.А., Ленсу А.Я. Пытанні тэорыі літаратуры. М., 1964;
Ралько І.Д. Беларускі верш: Старонкі гісторыі і тэорыі. Мн., 1969;
Грынчык М.М. Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКАДЭ́НЦТВА, дэкаданс (франц. décadence ад позналац. decadentia заняпад),
агульная назва нерэалістычных кірункаў у мастацтве і літаратуры 2-й пал. 19 ст. — пач. 20 ст. (імпрэсіянізму, сімвалізму, эстэтызму і інш). Склалася пад уплывам адчування крызісу рэчаіснасці і свядомасці, няздольнасці чалавечага розуму асэнсаваць супярэчлівую рэальнасць, што прывяло да татальнага крызісу рацыяналізму і ўзмацнення ірацыянальных, містычных, інтуітывісцкіх элементаў у адлюстраванні свету і чалавека. Для яго характэрны настрой песімізму, адчуванне душэўнай і інтэлектуальнай стомленасці, заняпад духу, непрыняцце жыцця і адначасова абвостраная прага да жыццёвых радасцей — геданізм. Найб. моцна на фарміраванне Д. паўплывала метафізічная філасофія А.Шапенгаўэра і «філасофія жыцця» Ф.Ніцшэ. Прадстаўнікі Д. культывавалі падыход да мастацтва як да адзінага спосабу пазнання ісціны, пранікнення ў трансцэндэнтнае, адстойвалі самадастатковасць мастацтва, яго незалежнасць ад жыцця, культ генія і прыгажосці, непадуладных законам «цвярозага розуму» і абывацельскай маралі. Упершыню матывы Д. выявіліся ў творчасці франц. паэтаў Ш.Бадлера, Т.Гацье і інш., паэтаў парнаскай школы. Д. адлюстравала крызіс еўрап. грамадства, але яго нельга вызначыць як «заняпад мастацтва». Імкнучыся пераадолець духоўны крызіс, знайсці выйсце з лабірынта лёсу, абараніць чалавечае ў чалавеку, Д. выклікала да жыцця жывапіс франц. імпрэсіяністаў і англ.прэрафаэлітаў, паэзію П.Верлена, А.Рэмбо, С.Малармэ, С.Георге, Г. фон Гофмансталя, маладога Р.М.Рыльке, «тэатр маўчання» М.Метэрлінка, прозу О.Уайльда і інш. У Расіі Д. знайшло адлюстраванне ў творчасці сімвалістаў М.Мінскага, Д.Меражкоўскага, З.Гіпіус, К.Бальмонта, Ф.Салагуба і інш. сімвалістаў. Д. зрабіла істотны ўплыў на многіх майстроў рэалізму (А.Франс, Т.Ман, Л.Андрэеў), узбагаціла сродкі маст. выразнасці, многія з якіх сталі набыткам мадэрнісцкіх кірункаў у мастацтве (гл.Мадэрнізм).
Праблема Д. актыўна абмяркоўвалася ў бел. прэсе ў канцы 19 — пач. 20 ст. (газ. «Минский листок», «Северо-Западный край», «Наша ніва»), Дыскусіі адбываліся на фоне росту папулярнасці выяўленчых, тэатральных, літаратурных твораў майстроў зах.-еўрап. і рус. Д., якія ўваходзілі ў кантэкст культ. жыцця Беларусі таго часу. Эстэтыка Д., у т. л. сімвалізму і імпрэсіянізму, паўплывала на творчасць мастакоў Віцебскай школы (К.Малевіч, М.Шагал, Л.Лісіцкі, Р.Фальк, В.Ермалаева і інш.). Элементы сімвалізму ёсць у шэрагу прац мастака Я.Драздовіча (напр., карціны «Трызна мінуўшчыны», «Дух зямлі», «Брама будучыні», «Пагоня Ярылы»), Прыкметы Д. ў бел. л-ры парадаксальным чынам суадносяцца з адраджэнцкай тэматыкай твораў пісьменнікаў, што групаваліся вакол газеты «Наша ніва». У шэрагу твораў М.Багдановіча гучыць характэрны для Д. матыў трагічнай наканаванасці чалавечага існавання, збліжаюцца моманты нараджэння і смерці чалавека (цыкл вершаў «Каханне і смерць»). Багдановіч стаў першым перакладчыкам паэзіі Верлена на бел. мову (пераклаў 22 вершы). На творчасць Я.Купалы істотны ўплыў зрабілі дэкадэнты — Л.Андрэеў, А.Белы, Ф.Салагуб, С.Пшыбышэўскі, С Выспянскі і інш. Драматычная паэма Я.Купалы «Адвечная песня» мае відавочныя рэмінісцэнцыі з п’есай Андрэева «Жыццё чалавека». Суб’ектывізм, паэтычны «шыфр», цьмяная сімволіка назіраюцца ў драм. паэме «Сон на кургане» і некаторых лір. вершах Я.Купалы. Містычны, ірацыянальны пачатак пры трактоўцы універсальных праблем жыцця, уласцівы эстэтыцы Д., можна назіраць у празаічных творах М.Гарэцкага («Патаёмнае», «Што яно?», «Страхаццё»), «імпрэсіях» З.Бядулі, алегарычных апавяданнях Ядвігіна Ш., у філас. лірыцы А.Гаруна. Разам з тым Д. ў бел. л-ры пач. 20 ст. выступае не як адасобленая з’ява, а ў цесным узаемадзеянні з праявамі новага рамантызму, рэалізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОНЕГАДО́ЎЛЯ,
галіна жывёлагадоўлі па развядзенні коней свойскіх. Асн. кірункі: племянная і спартыўная К. У працэсе развіцця К. створаны 3 асн. тыпы коней: верхавы, запражны, цяжкавозны. Коні выкарыстоўваюцца на некат. палявых і трансп. работах, а верхавыя і рысістыя — у конным спорце. У некат. краінах развіваецца мясная і малочная К. З конскай крыві атрымліваюць прафілакт. і лек. сывараткі і інш. К. ўзнікла ў краінах Еўропы і Азіі ў 4-м тыс. да н. э. З часу прыручэння конь быў пастаянным памочнікам чалавека ў выкананні с.-г. і трансп. работ, адыгрываў важнейшую ролю ў арміі. У 1995 у свеце было 60894 тыс. коней. Найбольшае пагалоўе ў Кітаі (10039 тыс.), Бразіліі (6300 тыс.), Мексіцы (6185 тыс.), ЗША (6000 тыс.), Аргенціне (3300 тыс.), Эфіопіі (2750 тыс.), Расіі (2400 тыс.). На тэр. Беларусі свойскія коні былі ў бронзавым веку (2-е тыс. да н. э.). З жал. веку (з 7—6 ст. да н. э.) павялічваецца іх роля ў земляробстве. У 1800—1917 на Беларусі існавала больш за 45 прыватных конных з-даў і 6 дзярж. заводскіх стайняў. У Вял.Айч. вайну пагалоўе коней паменшылася на 75%. У 1961 было 519 тыс. коней. (гл. табліцу). Іх пагалоўе скарачалася ў сувязі з механізацыяй сельскай гаспадаркі і развіццём аўтамаб. транспарту. У 1990-я г. коні на Беларусі гадуюць у грамадскіх гаспадарках і ў прыватным сектары. Стварэнне фермерскіх гаспадарак і наданне большай самастойнасці індывід. сектару абумовілі павелічэнне пагалоўя коней. На Беларусі К. развіваецца ў 3 кірунках: племянная, цяглава-транспартная, або карыстальніцкая, прадукцыйная. Развядзеннем элітных парод коней, іх селекцыяй займаюцца 5 спецыялізаваных конезаводаў: «Мір» (Баранавіцкі р-н, парода бел. запражная), № 59 (Веткаўскі р-н, рус. рысістая), № 120 (Мсціслаўскі р-н, рус. цяжкавозная), імя Даватара (Мінскі р-н, тракененская), № 5 (Смалявіцкі р-н, бел. запражная).
Спартыўных коней разводзяць у 3 гаспадарках. Гадуюць коней тракененскай, гановерскай, украінскай верхавой, будзёнаўскай парод. Н.-д. работа па К. вядзецца ў Бел.НДІ жывёлагадоўлі. Беларусь экспартуе коней у Італію (на мяса), спарт. парод — у Германію, Польшчу, Фінляндыю і інш. Цяглава-трансп. К. прадстаўлена каняфермамі ва ўсіх калгасах і саўгасах; па 1—2 кані ёсць у многіх фермерскіх і індывід. гаспадарках. Пераважаюць коні бел. запражной пароды (каля 70% пагалоўя, найб. прыстасаваны да мясцовых умоў), ёсць арлоўскай, рус. рысістай, літ. запражной парод, а таксама беспародныя. Прадукцыйнае К. развіваецца для атрымання пераважна мяса і малака (ідзе на выраб кумысу).
македонскі пісьменнік, лінгвіст. Вучыўся ў Бялградскім і Сафійскім ун-тах. Быў старшынёй Саюза пісьменнікаў Югаславіі (1961—64), прэзідэнтам Макед.АН. Літ. дзейнасць пачаў у 1939. Аўтар паэмы «Мост» (1945), зб-каў лірычных вершаў «Зямля і каханне» (1948), «Песні» (1953), «Вышывальшчыца» (1955), «Рэкі» (1968), «Запісы» (1974). Лірыцы К. ўласцівы зварот да філасофіі, рэфлексіўнасць і экспрэсіўнасць, спалучэнне верлібра з традыц. песеннасцю. Майстэрства псіхал. аналізу выявілася ў прозе К. (зб.апавяд. «Вінаграднікі», 1955). Аўтар. першай навук. «Граматыкі македонскай мовы» (1952—54), гісторыка-літ. прац.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
нале́жаць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; незак.
1.каму-чаму. Быць, з’яўляцца ўласнасцю каго‑, чаго‑н. Гэтыя кнігі належаць таварышу. □ Дзед не раз гаварыў пра зямлю пад Дубамі, пра паплавы на рэчцы, якія калісьці належалі мужыкам.Колас.// Быць, знаходзіцца ў распараджэнні каго‑н. Будучае належыць моладзі. □ Цяпер вуліца належала .. [працэсіі]: сустрэчныя аўтамашыны збаўлялі хуткасць, а тыя, што даганялі, паволі сунуліся ззаду.Карпаў.// Быць, з’яўляцца чыім‑н. тварэннем, быць напісаным, створаным (пра твор, ідэю, думкі і пад.). Пяру Янкі Купалы належаць пераклады многіх вершаў з «Кабзара».Палітыка.//перан. Быць прысвечаным каму‑, чаму‑н. Усё жыццё Дзяміда належала лесу.В. Вольскі.//(ззайменнікам «сабе»). Свабодна распараджацца сабою, ні ад каго не залежаць. Цяпер Міхал Шарупіч належаў не толькі сабе. Дэлегацыю на вакзале ўжо чакалі, і прыйшлося пасяліцца ў гасцініцы «Масква».Карпаў.
2.дакаго-чаго. Адносіцца да якой‑н. групы, уваходзіць у склад чаго‑н. Відаць, прахожыя належалі да тутэйшых механізатараў і цяпер па нейкай патрэба ішлі ў РТС.Быкаў.Адчувалася, што доктар не належаў да вельмі спакойных і ўраўнаважаных натур.Васілевіч.
3.каму-чаму. Быць чыім‑н. правам, непасрэдным абавязкам. [Андрыян Цітавіч:] — Калі справа ідзе аб павышэнні, то рашаючае слова павінна належаць .. [Валі].Марціновіч.
4.безас.каму. Падлягаць выплаце, выдачы за што‑н. Вам належыць заплаціць за білет. □ Бабка была зацікаўлена ў гэтай ссыпцы, бо і ёй належала некаторая частка гарцаў.Колас.//зкаго. Разм. Пра пачастунак з якой‑н. нагоды. — З цябе сёння належыць, — смеючыся на ўсю палатку, сказаў Пракапенка. — Пішы, што ты імяніннік.. Пойдзем у клуб, пачытаеш, як там цябе ў заводскай насценгазеце расхвалілі.Кулакоўскі.[Лявон:] Ну, пане гаспадар, дакоскі зрабіў, з вас бутэлька належыць.Козел.
5.безас.каму і без дап. Быць устаноўленым, вызначаным. Па статуту нам належаць пісталеты. Але дзе ж там.. — калі і вінтовак усім не хапіла...Брыль.
6.безас.зінф., каму. Быць неабходным. Перш за ўсё належала сабраць насенне, ачысціць яго, пратруціць, каб увесну было што ўкінуць у зямельку.Сабаленка.Нарэшце пагадзіліся [настаўнікі] на тым, што дырэктару школы належыць яшчэ раз сустрэцца са старшынёй.. сельскага Савета.«Звязда».
•••
Як (і) належыць — як патрэбна, як мае быць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ГІЛЕ́ВІЧ (Ніл Сымонавіч) (н. 30.9.1931, в. Слабада Лагойскага р-на Мінскай вобл.),
бел. паэт, літаратуразнавец, фалькларыст, перакладчык, грамадскі дзеяч. Нар. паэт Беларусі (1991). Канд.філал.н. (1963), праф. (1978). Засл. дз. нав. Беларусі (1980). Скончыў БДУ (1956). У 1960—80 выкладчык кафедры бел. л-ры БДУ, у 1980—89 1-ы сакратар праўлення СП БССР. Старшыня пастаяннай камісіі Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і захаванні гіст. спадчыны (1990—96). Друкуецца з 1946. Першая кніга «Песня ў дарогу» (1957). Выдаў зб-кі лірыкі «Прадвесне ідзе па зямлі» (1959), «Неспакой» (1961), «Бальшак» (1965), «Перазовы» (1967), «А дзе ж тая крынічанька» (1972), «Актавы» (1976), «У добрай згодзе» (лірыка, сатыра, гумар, 1979; адзначаны разам з перакладчыцкай дзейнасцю Дзярж. прэміяй БССР імя Я.Купалы 1980). Асн. змест паэзіі — любоў да роднага краю, асэнсаванне гіст. вопыту бел. народа. У яго паэтычных творах пераважаюць традыц. формы класічнай паэтыкі, тэмы гіст. повязі часоў і пакаленняў, памяці маленства, суровых выпрабаванняў ваенных гадоў (вянок санетаў «Нарач», паэмы «Заручыны», «Сто вузлоў памяці», нізка вершаў «Гарыць, гарыць мая Лагойшчына»). Раман у вершах «Родныя дзеці» (1985) увабраў у сябе тое, чым жыў, пра што хваляваўся творца. Раман ствараўся з улікам духоўнага росту чытача і ўсведамлення неабходнасці вярнуць страчаныя сац. і духоўныя каштоўнасці. Боль і гнеў, вера і надзея, каханне і пяшчота, туга і расчараванне — такі спектр чалавечых пачуццяў у творах Гілевіча апошніх гадоў: кн. «Повязь» (1987), «Незалежнасць» (1991), «Жыта, сосны і валуны» (1992), «На высокім алтары», «Талісман» (абедзве 1994). Гілевіч — аўтар прац па літаратуразнаўстве і фалькларыстыцы: «Акрыленая рэвалюцыяй (Паэзія «Маладняка»)» (1962), «Наша родная песня» (1968), «З клопатам пра песні народа» (1070), «Паэтыка беларускай народнай лірыкі» (1975), «Паэтыка беларускіх загадак» (1976), «Вусная народная творчасць і сучасная лірычная паэзія ўсходніх і паўднёвых славян» (1978), зб-каў літ.-крытычных і публіцыст. артыкулаў «У гэта веру» (1978), «Удзячнасць і абавязак» (1982), «Покліч жыцця і часу» (1983), «Годнасць, сумленнасць, мужнасць» (1988), «Вяртанне і працяг» (1990), «Выбар» (1993). Ён стваральнік кніг сатыры і гумару, твораў для дзяцей, зб-ка п’ес «Начлег на буслянцы» (1980), аўтабіягр. аповесці «Перажыўшы вайну» (1988); укладальнік і навук. рэдактар зб-каў фальклору «Песні народных свят і абрадаў» (1974), «Лірычныя песні» (1976), «Лірыка беларускага вяселля» (1979), «Народныя казкі-байкі, апавяданні і мудраслоўі» (1983) і інш. Перакладае творы балт. пісьменнікаў (зб. «Балгарскія народныя песні», 1961; анталогіі «Ад стром балканскіх», 1965; «Сто гадоў, сто паэтаў, сто песень», 1978, і інш.), паасобныя творы югасл., польскіх, рус., укр., сербалужыцкіх паэтаў. Выдаў зб. выбраных перакладаў слав. паэтаў «Роднасць» (1983). Узнагароджаны ордэнам Кірыла і Мяфодзія 1-й ступені, ордэнам Югаслаўскай зоркі са стужкай. Лаўрэат Міжнар. прэміі імя Хрыста Боцева (1986). На вершы Гілевіча напісалі музыку М.Аладаў, А.Багатыроў, Я.Глебаў, Э.Зарыцкі, Л.Захлеўны, І.Лучанок, М.Пятрэнка, Дз.Смольскі, Э.Ханок, Я.Цікоцкі, М.Чуркін і інш.
Тв.:
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1981;
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1991;
Лісце трыпутніку. Мн., 1968;
Запаветнае. Мн., 1975;
Любоў прасветлая. Мн., 1996.
Літ.:
Сіненка Г.Д. Ніл Гілевіч: Нарыс творчасці. Мн., 1981;
Арочка М. Балючая памяць зямлі // Полымя. 1984. №7;
Бечык В. Любоўю кроўнай... // Бечык В. Прад высокаю красою... Мн., 1984;
Быкаў В. Высакароднасць погляду на свет і жыццё // Гілевіч Н. Святлынь. Мн., 1984;
Вярцінскі А. Калі радок хвалюе // Вярцінскі А. Высокае неба ідэала. Мн., 1979;
Калеснік У. Паэт у страі: (Рысы да літ. партрэта Ніла Гілевіча) // Полымя. 1976. №4;
Конан У. Паэтычны голас сумлення // Там жа. 1996. №9;
Ламека Л. Радок чысціні світальнай // Маладосць. 1991. № 9;
Яе ж. Боль і сумленне Бацькаўшчыны // Роднае слова. 1996. № 9.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЁТЭ ((Goethe) Іаган Вольфганг фон) (28.8.1749, г. Франкфурт-на-Майне, Германія — 22.3.1832),
нямецкі пісьменнік, мысліцель і прыродазнавец; адзін з заснавальнікаў ням. л-ры новага часу. Замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1826). Вучыўся ў Лейпцыгу (1765—68) і Страсбуры (1770—71). З 1775 жыў у Веймары. Першы зб.вершаў «Лейпцыгская кніга песень» (1769). Пад уплывам літ. руху «Бура і націск» напісаны драмы «Гёц фон Берліхінген» (1773), «Клавіга» (1774), «Стэла» (1775), сентыментальны раман «Пакуты маладога Вертэра» (1774). У 1786—88 і 1790 падарожнічаў па Італіі. Сябраваў з Ф.Шылерам, у канцы 1780-х г. разам з ім распрацаваў канцэпцыю т.зв. веймарскага класіцызму (трагедыі «Іфігенія ў Таўрыдзе», 1787; «Тарквата Таса», цыкл «Рымскія элегіі», абодва 1790). У гіст. драме «Эгмант» (1788) уславіў барацьбу за нац. незалежнасць. Яго негатыўныя адносіны да Французскай рэвалюцыі 1789—99 выявіліся ў «Венецыянскіх эпіграмах» (1790, выд. 1796), п’есе-памфлеце «Грамадзянін-генерал» (1793), скіраванай супраць рэв. насілля, і паэме-ідыліі «Герман і Даратэя» (1797). У паэме «Рэйнеке-Ліс» (1793) высмеяў феад. прыгнёт і дэспатызм. Класічны ўзор «рамана выхавання», спалучаны з сац. утопіяй, — «Гады вучэння Вільгельма Майстэра» (1795—96) і «Гады вандраванняў Вільгельма Майстэра» (ч. 1—3, 1821—29). Праблемы фарміравання асобы і ўзаемаадносін чалавека і грамадства закрануты таксама ў аўтабіягр. кнігах «З майго жыцця. Паэзія і праўда» (ч. 1—4, выд. 1811—33) і «Італьянскае падарожжа» (т. 1—3, 1816—29). Цікавасць да Б.Усходу выявілася ў зб. інтымнай лірыкі, навеянай перс. паэзіяй, «Заходне-ўсходні дыван» (1819). Твор усяго жыцця Гётэ, выдатны маст. помнік ням. і сусв. л-ры — трагедыя ў вершах «Фауст» (ч. 1—2, 1808—31), якая падвяла вынік развіццю еўрап. асветніцкай думкі 18 ст. У ёй філас. роздум пра сэнс быцця, спрадвечнае імкненне чалавека спасцігнуць таямніцы сусвету, вера ва ўсепераможнасць працы і пазнання. Гётэ аўтар літ.-маст. даследаванняў («Да дня Шэкспіра», 1771; «Пра нямецкае дойлідства», 1773; «Пра нямецкі тэатр», 1812—13, і інш.), прыродазнаўчых прац («Вопыт аб метамарфозе раслін», 1790; «Вучэнне пра колер», 1810, і інш.).
Шырокую вядомасць набылі малюнкі Э.Дэлакруа да «Фауста». На творы Гётэ пісалі музыку: Л.Бетховен — да драмы «Эгмант» (1810), Ш.Гуно — оперу «Фауст» (1859), А.Бойта — оперу «Мефістофель» (1868), Ж.Маснэ — оперу «Вертэр» (1886), Г.Берліёз — араторыю «Асуджэнне Фауста» (1846). На бел. мову творы Гётэ перакладалі А.Барычэўскі, Ю.Гаўрук, А.Дудар, Ю.Таўбін, В.Вольскі, С.Ліхадзіеўскі, А.Зарыцкі, В.Сёмуха, А.Лойка. І.Навуменка адзначыў тыпалагічныя паралелі асобных вобразаў і сцэн у творах Я.Купалы і Гётэ, падкрэсліваў значэнне «Фауста» для стварэння драм. паэм Я.Купалы «Адвечная песня» і «Сон на кургане». Бел. мастак А.Кашкурэвіч даў новую маст. інтэрпрэтацыю вобразаў «Фауста». Бел.т-р оперы і балета ажыццявіў пастаноўкі опер «Фауст» Гуно (1950), «Вертэр» Маснэ (1959).
Тв.:
Бел.пер. — Рэйнеке-Ліс. Мн., 1940;
Спатканне і ростань: Выбр. лірыка. Мн., 1981;
Фауст: Трагедыя. Мн., 1996;
У кн.: Гаўрук Ю. Кветкі з чужых палёў. Мн., 1928;
У кн.: Ліхадзіеўскі С. Берасцянка жывых трывог. Мн., 1962;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—13. М.; Л., 1932—49;
Собр. соч.Т. 1—10. М., 1975—80;
Фауст. Мн., 1971;
Избр. произв.Мн., 1977.
Літ.:
Барычэўскі А. Гётэ і ягоны Фауст // Полымя рэвалюцыі. 1932. № 1;
Вильмонт Н. Гете: История его жизни и творчества. М., 1959;
Тураев С. Иоганн Вольфганг Гете. 2 изд. М., 1957;
Шагинян М. Гете. М.; Л., 1950;
Эккерман И.П. Разговоры с Гете в последние годы его жизни. М.; Л., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМАНО́САЎ (Міхаіл Васілевіч) (19.11. 1711, в. Дзянісаўка, цяпер с. Ламаносава Халмагорскага р-на Архангельскай вобл., Расія — 15.4.1765),
рускі вучоны-прыродазнавец, паэт, мастак, гісторык, асветнік. Акад. Пецярбургскай АН (1745), чл.рас. Акадэміі мастацтваў (1763). Ганаровы чл. Шведскай (1760) і Балонскай (1764). Вучыўся ў Славяна-грэка-лац. акадэміі ў Маскве (1731—35), у акад. ун-це ў Пецярбургу (1735), у Германіі (1736—41). З 1742 у Пецярбургскай АН, праф. хіміі (з 1745). З 1748 працаваў у першай у Расіі хім. лабараторыі пры АН (створана па яго ініцыятыве), адначасова (з 1756) на заснаванай ім шкляной ф-цы. Навук. даследаванні па хіміі, фізіцы, астраноміі, геаграфіі, геалогіі, металургіі. Распрацаваў асновы карпускулярнага (атамна-малекулярнага) вучэння; малекулярна-кінетычную тэорыю цяпла і газаў, тэорыю колераў. Эксперыментальна даказаў закон захавання масы рэчыва ў хім. рэакцыях (1756), сфармуляваў прынцып захавання матэрыі і руху. Адзін з заснавальнікаў фіз. хіміі. Абгрунтаваў неабходнасць выкарыстання фіз. метаду ў хіміі, даў фіз. хіміі азначэнне, блізкае да сучаснага, напісаў «Увядзенне ў сапраўдную фізічную хімію» (1752). Прапанаваў канструкцыю шэрагу (каля 100) розных прылад, у т. л. аптычных. Адкрыў існаванне атмасферы на Венеры (1761). У працы «Першыя асновы металургіі або рудных спраў» (1763) апісаў уласцівасці металаў і практычныя метады іх атрымання. Выклаў асновы тэорыі геал. развіцця Зямлі і зямной кары. Растлумачыў паходжанне многіх карысных выкапняў і мінералаў. Быў кіраўніком Геагр. дэпартамента. З яго ўдзелам складаўся геагр. «Атлас Расійскі». Даследаваў марскія льды і даў іх першую класіфікацыю. Выказаў ідэю аб важнасці для Расіі даследавання Паўн. марскога шляху і асваення Сібіры. У 1755 па ініцыятыве Л. створаны Маскоўскі ун-т.
Л. — адзін з пачынальнікаў новай рус. л-ры, рэфарматар рус. вершаскладання. У «Лісце аб правілах расійскага вершаскладання» (1739, апубл. 1778) абгрунтаваў сілаба-танічную сістэму вершаскладання. Стваральнік новых літ. жанраў, у т. л.рус. оды філас. і высокага грамадз. гучання («На ўзяцце Хаціна», 1751, і інш.). Аўтар паэмы «Пётр Вялікі» (незавершаная, часткова апубл. 1760—61), трагедый у вершах «Таміра і Селім» (1750), «Дземафонт» (1752) і інш., вершаў на выпадак (надпісы, эпіграмы і г.д.). Яго сатыра «Гімн барадзе» распаўсюджвалася ў спісах (апубл. 1859). Асн. рысы паэзіі Л. — грамадзянскасць, патрыятызм, пачуццё ўласнай годнасці паэта. Перакладаў Гамера, Вергілія, Авідзія і інш.ант. аўтараў. Напісаў фундаментальныя філал. працы: «Кароткі дапаможнік красамоўства» (1748; першая рус. рыторыка), «Расійская граматыка» (1757; першая рус. граматыка), «Прадмова пра карысць кніг царкоўных у расійскай мове» (1758; першая спроба рус. стылістыкі). На дакумент. аснове склаў «Старажытную расійскую гісторыю ад пачатку расійскага народа да... 1054 года» (ч. 1—2, 1754—58, апубл. 1766), «Кароткі расійскі летапісец з радаводам» (1760), у якіх крытыкаваў нарманскую тэорыю. Вынайшаў і распрацаваў новы спосаб вырабу смальты для мазаік, заснаваў мазаічную майстэрню, у якой ствараліся партрэты, абразы, ландшафты («Вобраз Хрыста», 1753; пано «Палтаўская баталія», 1762—64).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
стыль1, ‑ю, м.
1. Сукупнасць прыкмет, якія характарызуюць мастацтва поўнага часу і напрамку з боку ідэйнага зместу і мастацкай формы. Гатычны стыль. Рамантычны стыль. Стылі ў жывапісе. □ Змрочны, масіўны будынак сельмага ў манументальным стылі мінулых часоў, а цераз вуліцу, у садку, — вясёлы, зграбны ружовы домік з керамічна[й] цэглы — само ўвасабленне лёгкасці, прыгажосць яко[й] адкрыў чалавецтву наш касмічны век.Палтаран./ Пра мэблю, творы прыкладнога мастацтва. Чый гэта голас Кволенькі, Без мужнасці і без веры .. Чуецца з-за шыфаньераў, Са спальняў імпартных, з крэслаў Самага моднага стылю.Кірэенка.
2. Моўныя сродкі, характэрныя для якога‑н. пісьменніка або літаратурнага твора, жанру, напрамку; сукупнасць прыёмаў выкарыстання такіх сродкаў. Стыль Коласа. Газетны стыль. Кніжны стыль. Фальклорны стыль. □ Уладзімір Караткевіч вылучаецца не толькі адметнасцю тэматыкі, не толькі асацыятыўным, метафарычным вершам, дасканалыя, амаль іканаграфічным стылем сваіх аповесц[ей], якія хутчэй нагадваюць раманы.«Маладосць».// Сукупнасць асаблівасцей у пабудове сказаў і словаўжыванні, манера выказвання. Чым выклікаліся гэтыя слёзы: ці то стылем пісьма, перасыпаным такімі звонкімі і мудрымі словамі, ці то Мікітаваю здольнасцю пісаць так хораша і складка.Колас.// Пабудова выказвання ў адпаведнасці з нормамі сінтаксісу і словаўжывання. Працаваць над стылем. Памылкі ў стылі.
3. Метад, характар якой‑н. работы, дзейнасці. Ленінскі стыль кіраўніцтва. □ Возьмем, для прыкладу, такое важнае пытанне, як савецкі стыль работы. Яго галоўнымі рысамі з’яўляюцца канкрэтнасць, дзелавітасць, наватарства, пастаянная апора на сучасную навуку і перадавую практыку.Машэраў.// Спосаб выканання, ажыццяўлення чаго‑н., які характарызуецца сукупнасцю пэўных тэхнічных прыёмаў. Плаваць стылем «брас». □ Вось ужо чутна, як лыжы стукаюць аб дарогу. Ідуць двое рознымі стылямі; адзін бяжыць, другі едзе, моцна рыўкамі адштурхоўваючыся палкамі. Размаўляюць.Шамякін.
4.Разм. Манера паводзіць сябе, гаварыць, адзявацца і пад. Маякоўскі нас уразіў .. незабыўнай манерай чытання сваіх вершаў, усім стылем сваіх паводзін на сцэне.Рамановіч.Ліда часамі спрабавала кальнуць яе за такі модны стыль у адзенні, але Кулінка рабіла выгляд, нібы яна не чуе.Ермаловіч.
•••
Вольны стыль — у спартыўных спаборніцтвах — спосаб плавання, які выбіраецца самім плыўцом.
Высокі стыльгл. высокі.
У стылікаго-чаго або уякімстылі — такі або так, як у каго‑н. (пра знешні выгляд, манеры, паводзіны).
[Фр. style ад грэч. stylos — палачка для пісьма.]
стыль2, ‑ю, м.
Спосаб летазлічэння.
•••
Новы стыль — сістэма летазлічэння, уведзеная ў 1582 г.; грыгарыянскі каляндар.
Стары стыль — сістэма летазлічэння, уведзеная ў 46 г. да н. э. і прынятая ў Расіі да 1917 г.; юліянскі каляндар.
[Фр. style ад грэч. stylos — палачка для пісьма.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)