сімвалі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які змяшчае ў сабе сімвал; сімвалізуе што‑н. Сімвалічны знак. Сімвалічны вобраз. □ Ужо сам загаловак «Новае рэчышча» сімвалічны. Гіст. бел. сав. літ. На вокладцы кнігі М. Гамолкі «Дзень добры, школа!» намалявана амаль сімвалічная сцэна. Шкраба. // Які сведчыць пра наяўнасць сімвала ў чым‑н. Глыбокі сімвалічны сэнс набывае фінал паэмы. Івашын.

2. Умоўны. Але невялікі, хутчэй за ўсё сімвалічны ганарар у «Першай беларускай», я ўпэўнены, ніхто б не прамяняў на зарплату за якую іншую працу. «Полымя».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

слёзка, ‑і, ДМ ‑зцы, ж.

1. Памянш.-ласк. да сляза (у 1, 2 і 4 знач.). Дзяўчынка к хлопчыку нагнулася і, слёзкі Сціраючы яму, штось пачала казаць. Багдановіч.

2. толькі мн. (слёзкі, ‑зак). Злакавая расліна з суквеццем, якое складаецца з буйных каласкоў; дрыжнік. І мядунка і герань, Слёзкі, мята, кашка! Сто букетаў назбіраць Тут за дзень няцяжка. Гілевіч. На світанні выходзіць за вёску Па іскрыстай халоднай расе, І чабор, і рамонкі, і слёзкі У прыполе дадому нясе. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стаўбуне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

Абл. Расці не ў караняплод, а ў стаўбун (у 5 знач.). // перан. Марнець, ведучы бясплоднае жыццё. Нарэшце Тоня адкінуў усе жарты ўбок і ціха выгаварыў пра свае намеры. [Насця:] — Як жа я пайду за цябе. — Ты ж цяпер ужо «Дойла». Хочаш, каб мяне дойліхаю дражнілі? [Тоня:] — Як быццам ты без мянушкі! Разяда! Цябе ж усе і завуць так з-за тваіх .. духоў, якімі ты ўсім некалі хвалілася. Стаўбуней сабе ў дзеўках, Разяда. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

туры́ць, туру, турыш, турыць; незак., каго-што.

Разм.

1. Гнаць, праганяць. Дружна хлопцы тураць Ворага за Тураў. Пушча. Два дыпломы, два значкі — Два закончыў інстытуты. Працаваць жа спец такі Лічыць горшаю пакутай. Дзе б ён толькі ні рабіў — Адусюль мятлою тураць. Маеўскі. // Паганяць, падганяць. — Я каня гэтак турыў, гнаў гэтак, — гаварыў маладзейшы [хлопец], з нейкаю як бы крыўдаю ў голасе. Чорны.

2. Несці, везці што‑н. вельмі грузнае, грувасткае. Наперадзе насос, за ім жа бочкі тураць. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

убі́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад убіць.

2. у знач. прым. Утаптаны, утрамбаваны да цвёрдасці. Убітая сцежка. □ За брамкай і брамай з чорных жалезных прутоў — залітая сонцам прастора, сем-восем крокаў па ўбітым жвіры. Брыль. Пад нагамі свістала і спявала ўбітая гладкая дарога. Чарнышэвіч. / у знач. наз. убі́тае, ‑ага, н. Конь, вывернуўшы з пяску на ўбітае, мінуў адразу Боганчыкавы калёсы, зачапіўся быў колам за заднюю вось, мінаючы Махорку, і цяпер пер .. у лагчыну. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ублы́тацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. у што. Заблытацца ў чым‑н. Левы конь за .. паўхвілін[ы] паспеў ублытацца ў пастронкі. Чорны. Усё .. [Настачцы] здавалася, што за ёй пагоніцца пчала, ублытаецца ў валасы. Кулакоўскі.

2. Абвязацца, абматацца чым‑н. Ублытацца рознымі лахманамі, каб машкара не кусала.

3. перан.; у што і без дап. Разм. Умяшацца, увязацца ў што‑н.; прыняць удзел у чым‑н. Ублытацца ў чужую справу. □ А тады цёшча ўблыталася: «Няма, — кажа, — дастатку ў нас на вялікіх гасцей». Кандрусевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

удзя́чнасць, ‑і, ж.

Пачуццё, якое ўзнікае ў адказ за зробленае дабро (увагу, паслугу, дапамогу і пад.); падзяка. Я шчырае слова Удзячнасці братняй Пакінуць у кнізе хачу. Гілевіч. Высокі, танклявы, яшчэ малады, няйначай студэнт, чалавек глядзеў дабрадушна, выказваючы шчырую ўдзячнасць за паслугу. Скрыган. — Давай твой чамадан. Я вынесу, — прамовіў Федзя, — а вы, хлопцы, чакайце тат... — Ну добра, — сказала Наташа і з удзячнасцю зірнула яму ў вочы. Каваль. Паходня прапанаваў мне пасяліцца ў яго, і я з удзячнасцю згадзіўся. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

удо́сталь, прысл.

1. Дастаткова, у дастатковай ступені. Магутная цеплаэлектрацэнтраль дае ўдосталь святла гораду і яго ваколіцам і энергіі прамысловым прадпрыемствам. Хадкевіч. За паўтара года вайны пакут хапіла ўдосталь. Навуменка. // у знач. вык. Многа, даволі. [Дармідон] яшчэ зранку пайшоў у сталярню — там рабілі парніковыя рамы, і работы яму цяпер было ўдосталь. Сабаленка.

2. Разм. Уволю, колькі хочацца. Дзед прыняў іх [узброеных людзей] за партызан, накарміў удосталь і нават чарку паставіў. Шчарбатаў. «Хай сабе ўдосталь паспіць», — разважала сама сабе Марта. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хаджэ́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. хадзіць (у 2, 3 знач.).

2. Уст. Вандраванне, паломніцтва. Хаджэнне па святых месцах. // Адзін з жанраў старажытнарускай літаратуры, у якім апісваюцца вандраванні. «Хаджэнне за тры моры» цвярскога купца Афанасія Нікіціна.

•••

Хаджэнне ў народ — рух разначыннай інтэлігенцыі ў вёску ў 60–70 гг. 19 ст. з асветніцкімі, рэвалюцыйнымі мэтамі.

Мець хаджэнне (кніжн.) — быць ва ўжыванні, у абыходку.

Хаджэнне па муках (пакутах) — шэраг цяжкіх жыццёвых выпрабаванняў, якія ідуць адно за адным.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ця́пнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

Разм.

1. Аднакр. да цяпаць.

2. Хапіць зубамі; урваць (пра сабаку і пад.). Паслухмяны Кудлік ашчэрыў зубы, цяпнуў калючы клубок і ўмомант, як уджалены, адскочыў назад. Рылько. Наша ўвага была скіравана на тое, каб .. сабака ўпотайкі не цяпнуў нас за калошу. Сташэўскі. // Выпіць спіртнога. [Яраш:] — Трэба нам з табой, Кірыла, хоць спірту па мензурцы цяпнуць за Новы год. Шамякін.

3. Стукнуць, ударыць каго‑н. Цяпнуць па галаве.

•••

Цяпнуць гора — перажыць цяжкія нягоды.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)