адзі́н, аднаго́, м.; адна́, адно́й (аднае́), ж.; адно́, аднаго́, н.; адны́, ‑ы́х; ліч. кольк.

1. Лік. Адзін плюс два. // Колькасць, якая абазначаецца лічбай «1». Адзін метр. Адзін кілаграм. Адна кніга. □ У хаце быў я адзін, бацька і маці пайшлі на радзіны да Нічыпара, у яго нарадзіўся сын. Кулакоўскі. Сем раз адмерай, адзін — адрэж. Прыказка. / у знач. наз. адзі́н, аднаго, м.; адна́, адно́й (аднае́), ж. Пра чалавека. Сямёра аднаго не чакаюць. Прыказка. Адзін і пры месяцы робіць, а другі і пры сонцы спіць. Прыказка.

2. у знач. прым. Без іншых, асобна ад іншых, у адзіноце. Распусціўшы сучча У глухім прыволлі, Сам адзін расце ён [дуб] На далёкім полі. Купала. Дзед Талаш ізноў адзін і ў паходзе. Колас. Даспявае маліна У зялёным садку; Ходзіць красна-дзяўчына Адна па цяньку. Куляшоў. [Славіку] сапраўды ў той міг нясцерпна хацелася падхапіць.. [Машу] на рукі і панесці ў невядомую даль, ад людскіх вачэй, дзе б яны маглі застацца адны. Шамякін. // Пусты, пакінуты, адзінокі. Думаў дзед і пра сваю хату, што праз колькі дзён застанецца адна без гаспадароў. Колас. [Прамоўца:] — Вы будзеце не адны: шмат, кажу, такіх ёсць. Маўр. // Тое, што ёсць, без наяўнасці чаго‑н. другога. Аб адной вадзе сыт не будзеш. Прыказка.

3. у знач. прым. Ніхто іншы або нішто іншае, акрамя названага тут. Не спадабаўся балет адной пані Вашамірскай. Бядуля. / У спалучэнні з выдзяляльна-абмежавальнай часціцай «толькі». Адно толькі стажарышча, прысыпанае снегам, чарнелася засохлымі дубовымі галінамі. Колас. І кожны, хто мяне спытае, Пачуе толькі адзін крык: Што хоць мной кожны пагарджае, Я буду жыць! — бо я мужык! Купала. // Ужываецца для выдзялення і ўзмацнення значэння таго слова, да якога адносіцца. Зямля мая савецкая, нідзе я Такой красы і велічы не бачыў. Ты ў нас адна, адна такая ў свеце. Панчанка. У бацькі твар зрабіўся дробны, высах і пажаўцеў. Пальцы тонкія і вострыя — адны косці. Бядуля. / у знач. наз. адно́, аднаго́, н. Пра яго мы ведаем адно: ён быў студэнтам.

4. у знач. прым. Той самы, тоесны; аднолькавы. Стаяць на адным месцы. □ І песня нейкая жывая У дружны тон адзін спявае І з гэтым небам і зямлёй. Колас. Коні розных масцей, Стрэльбы розных гатункаў, Толькі людзі па веры І гарту адны. Броўка. / У спалучэнні са словамі «і той», «і тая», «і тое», «і тыя». Адзін і той чалавек. Адна і тая песня. Адно і тое пытанне. Адны і тыя падзеі. / у знач. наз. адно́, аднаго́, н. Гаворыць адно і тое. □ Куды ні глянь — адно і тое: Усюды стрэльбы і «шнуры» — Стаяць па пары і па трое На скрыжаваннях «каўняры». Колас.

5. у знач. прым. Суцэльны, непадзельны, адзіны. Пераблытаны галіны У адзін [ш]алаш жывы. Колас. [Кулямётчык] ляжаў.. і здаваўся адным целам з кулямётам. Лынькоў. / у знач. наз. адно́, аднаго́, н. [Коркія:] — Вы ведаеце, што азначае сіла ўсяго працоўнага народа, з’яднаная ў адно?! Самуйлёнак.

6. у знач. займ. З прыназоўнікам «з» ужываецца для выдзялення асобы, прадмета, з’явы і пад. або некалькіх асоб, прадметаў з якой‑н. катэгорыі, асяроддзя, раду. Адзін з гасцей параіў быў праз суд спагнаць з Грамабойчыка ўтратнае. Крапіва. Спачатку Лясніцкі меркаваў, што здраднік — адзін з гэтых шаснаццаці. Шамякін.

7. у знач. прым. У спалучэнні з «другі» ужываецца пры пералічэнні, проціпастаўленні шэрагу прадметаў, з’яў, асоб. Праходзіць момант, адзін і другі, праходзяць хвіліны нясцерпнай цішыні. Колас. Адзін чалавек — высокі, з густой барадой, другі — зусім яшчэ малады хлопец. Чорны. / у знач. наз. адзі́н, аднаго́, м.; адна́, адно́й (аднае́), ж.; адно́, аднаго́, н. Гаварыць адно, а думаць другое. Адно другому не замінае. // у знач. ліч. парадк. Першы з пералічаных прадметаў, з’яў, асоб і пад. Адзін жаўнер сядзеў на санях і таптаў сена, другі падаваў яго бярэмямі, а трэці разбіраў стажок. Колас. Адзін пень гарэў, а другі спіну грэў. Прыказка.

8. у знач. прым. У спалучэнні з «другі» ужываецца пры супастаўленні якіх‑н. якасцей, уласцівасцей, дзеянняў і пад., якія, мяняючыся, робяць прадмет, асобу, з’яву і пад. іншымі. Адна справа — паэзія, другая — проза.

9. у знач. неазн. займ. Якісьці, нейкі. [Дзядзька:] — На вайне гэта было.. Фарсіравалі мы адну раку на Палессі. Корбан. Адзін багаты пан вельмі любіў слухаць казкі. Якімовіч. [Гарлахвацкі:] Што ж гэта за выкапень? [Туляга:] Гэта далёкі продак аднае нашай хатняй жывёліны. Крапіва.

•••

Адзін-адзінокі — які жыве ў адзіноце, не знаючыся ні з кім.

Адзін-адзінюткі — абсалютна адзін. Яшчэ ў пачатку ліпеня бывае зжаўцее адзін-адзінюткі лісток на бярозе. Чорны.

Адзін-адным (адна-адною, адно-адным) — зусім адзін (адна, адно). Хіба ўсе павыміралі, а ён адзін-адным астаўся. Бядуля.

(Адзін) бог ведае гл. бог.

Адзін другога варты — пра людзей, якія ў аднолькавай ступені маюць адмоўныя якасці, рысы.

Адзін душою — толькі адзін, больш нікога; без блізкіх. [Пракоп] адзін душою, што ён будзе рабіць, калі не прыйдзе сын? Баранавых.

Адзін за адным; адзін за другім — услед, па чарзе, паслядоўна. Паказаліся адзін за адным, з брызентавымі кузавамі і акенечкамі ў іх, два грузавікі. Янкоўскі.

Адзін канец гл. канец.

Адзін крок гл. крок.

Адзін на адзін — а) тое, што і з вока на вока; сам-насам; б) без удзелу іншых. Вечар быў позні, партызаны разышліся па зямлянках, і яны [Цярэшка і Уладзік] засталіся адзін на адзін. Краўчанка. У кабінеце яны былі адзін на адзін. Гроднеў.

Адзін пад адзін (адна пад адну, адно пад адно) — усе роўныя па росту, па сіле.

Адзін пад адным — адзін за другога меншы (пра дзяцей).

Адзін перад адным (адна перад адной, адно перад адным) — не адстаючы, спаборнічаючы. Салому цяпер скідалі проста на ток, рабіць было лёгка, усе трое як бы хваліліся адзін перад адным. Мележ.

Адзін пры адным (адна пры адной, адно пры адным) — вельмі блізка, побач, шчыльна, густа. Бязвусыя чатырохкантовыя каласы ў паўтары далоні велічынёй стаялі адзін пры адным. Краўчанка.

Адзін у адзін (адна ў адну, адно ў адно) — адборныя, падабраныя па аднолькавая велічыні, якасці. Кідаліся ў вочы, распальвалі апетыт белыя грыбкі, адзін у адзін, маленькія, цвёрдыя. Шамякін.

Адзін час гл. час.

Адзін чорт гл. чорт.

Адзін як кол; адзін як колас; адзін як палец; адзін як пень — адзінокі, зусім адзін.

Адна нага тут, другая там гл. нага.

Адна (толькі) назва гл. назва.

Адна трасца гл. трасца.

Адна, як былінка ў полі — толькі адна, больш нікога; без блізкіх.

Аднаго поля ягадкі гл. ягадка.

Аднаго разу гл. раз.

Адно за адным — пра шэраг падзей, непрыемнасцей і пад., якія ідуць адна за другой.

Адно што — толькі. Не вераць сябрукі, чаму ён з сіняком, — На довады — адно што рагаталі. Корбан.

Адной нагой у магіле (стаяць) гл. нага.

Адны гады; у адных гадах гл. год.

Адны косці гл. косць.

Адным вокам (глянуць, паглядзець, зірнуць і пад.) гл. вока.

Адным вухам чуць гл. чуць.

Адным дыхам (духам) гл. дых.

Адным заходам гл. заход.

Адным махам; за адным махам гл. мах.

Адным мірам мазаны гл. мазаны.

Адным словам гл. слова.

За аднымза адным разам.

За адным скрыпам гл. скрып.

Іграць у адну дудку гл. іграць.

На адзін зуб гл. зуб.

На адзін капыл гл. капыл.

На адзін лад гл. лад.

На адзін манер гл. манер.

На адзін твар гл. твар.

На адной назе гл. нага.

Па адным — не ўсе разам, адзін за адным.

Пад адным дахам гл. дах.

Ставіць на адну дошку гл. ставіць.

Стрыгчы ўсіх пад адзін грэбень гл. стрыгчы.

У адзін голас гл. голас.

У адзін міг (момант, імгненне) гл. міг.

У адно слова гл. слова.

У адной меры гл. мера.

У адну дарогу гл. дарога.

У адных гадах гл. год.

Усе да аднаго — абсалютна усе.

(Усе) як адзін — усе аднадушна; усе да аднаго. Возьмуць стрэльбы самі, як адзін паўстануць на ворагаў. Купала.

Усё адно — ніякай розніцы, аднолькава.

Усё (усе) на адзін капыл гл. капыл.

Як адну капейку гл. капейка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АСУШЭ́ННЕ,

адвод лішніх паверхневых і грунтавых водаў з пераўвільготненых зямель, адзін з відаў меліярацыі. Ажыццяўляецца з дапамогай асушальнай сістэмы. Дазваляе асвоіць новыя землі, павысіць іх урадлівасць, рацыянальна выкарыстоўваць сродкі механізацыі і хімізацыі. Аб’екты с.-г. асушэння — балоты і забалочаныя або залішне ўвільготненыя (часова ці пастаянна) землі. Праводзіцца таксама пры буд-ве, торфаздабычы, асваенні радовішчаў карысных выкапняў, ахове ад падтаплення населеных пунктаў і прамысл. аб’ектаў, у лясной гаспадарцы, з санітарна-аздараўленчымі мэтамі. Асн. спосабы асушэння: стварэнне адкрытай (каналы) і закрытай сетак (трубчасты, кратовы, шчылінны дрэнаж) з вертыкальным дрэнажом. Дадаткова робяць штучныя лагчыны, нагорныя каналы, закрытыя збіральнікі, самацёчныя свідравіны, абвалаванне, польдэры, пасадкі дрэў і інш.

Асушэнне рабілі за 3 тыс. г. да нашай эры ў Егіпце (Фаюмскі аазіс), ганчарны (Месапатамія) і мураваны (Рым) дрэнаж — за 2 тыс. г. да нашай эры. У 16 ст. нашай эры з’явіліся першыя дрэны з керамічных трубаў (Англія), з канца 18 ст. асушэнне праводзілі адкрытымі каналамі. У 19 ст. ў Еўропе і ЗША пашырыўся керамічны дрэнаж. Найб. асушаных зямель у ЗША, Канадзе, Японіі, Індыі, Нідэрландах, Вялікабрытаніі, Польшчы, Венгрыі, Швецыі, Германіі і інш.

У Беларусі асушэнне праводзіцца з канца 18 ст., найперш на Палессі. Асушальная сетка пабудавана на 3,8 млн. га (1994), з іх 2,8 млн. га с.-г. ўгоддзі (40% ворыва, 28 — сенажаць, 27 — паша, 5% інш.).

Найб. асушаных зямель у Брэсцкай (25,3%) і Мінскай (23,6%) абласцях.

Літ.:

Маслов Б.С., Станкевич В.С., Черненок В.Я. Осушительно-увлажнительные системы. М., 1981;

Аношко В.С. Мелиоративная география Белоруссии. Мн., 1978.

Б.​Я.​Кухараў.

Да арт. Асушэнне: пракладка асушальнага канала (злева); укладка керамічнага дрэнажу.

т. 2, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАХРЭ́ЙН, Дзяржава Бахрэйн,

дзяржава (эмірат) у Паўд.-Зах. Азіі, на а-вах Бахрэйн у Персідскім зал. Бліжэйшыя суседзі — Саудаўская Аравія і Катар. Пл. 620 км². Нас. 600 тыс. чал. (1994). Сталіца — г. Манама. Дзярж. мова — арабская, дзярж. рэлігія — іслам. Нац. свята — Дзень прыняцця Канстытуцыі (16 снеж.).

Дзяржаўны лад. Бахрэйн — незалежная канстытуцыйная манархія з 1971. Паводле канстытуцыі 1973 кіраўнік дзяржавы — эмір. Заканад. ўлада належыць 1-палатнаму Нац. сходу, у склад якога ўваходзяць усе члены кабінета і 30 дэпутатаў (выбіраюцца на ўсеагульных выбарах на 4 гады). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае эмір. Пасля ўрадавага крызісу 1975 эмір распусціў Нац. сход, з таго часу выбары не праводзіліся.

Прырода. У склад Бахрэйна ўваходзяць 33 мацерыковыя і каралавыя а-вы. Найб. з іх Бахрэйн (пл. каля 570 км²). Іншыя значныя а-вы: Мухарак, Ум-Наасан, Сітра, Хавар. У цэнтр. частцы в-ва Бахрэйн — вапняковае плато, над якім узвышаюцца ўзгоркі да 130 м. На астравах і ў тэрытарыяльным моры — радовішчы прыроднага газу (запасы каля 250 млрд. м³) і нафты (у значнай ступені вычарпаныя, запасы каля 20 млн. т). Клімат пераходны ад трапічнага да субтрапічнага, гарачы і сухі. Сярэдняя т-ра студз. 16 °C, ліп. 37 °C. Ападкаў каля 90 мм за год, выпадаюць зімой. Расліннасць пустынная, рэдкая: засухаўстойлівыя хмызнякі, палын, астрагал і інш. Жывёльны свет бедны, прыбярэжнае мора багатае рыбай, шматлікія каралы, малюскі-жамчужніцы.

Насельніцтва. 62% складаюць карэнныя жыхары — арабы-бахрэйнцы, 38% — выхадцы з суседніх араб. краін, Індыі, Пакістана, Ірана. Сярэдняя шчыльн. каля 1 тыс. чал. На 1 км². Гар. насельніцтва больш за 90%. Найб. гарады: Манама (121 тыс. ж.; 1991), Сітра, Іса.

Гісторыя. Упершыню Бахрэйн упамінаецца ў 3-м тыс. да нашай эры. У 2000—1800 да нашай эры партовы і гандлёвы цэнтр. На пач. нашай эры Бахрэйн — араб. княства. У 4—6 ст. у складзе дзяржавы Сасанідаў, потым — Арабскага халіфата. У канцы 9 ст. захоплены карматамі, у 10—11 ст. цэнтр іх дзяржавы. У сярэдзіне 13 ст. Бахрэйн стаў незалежны, але ў хуткім часе далучаны да эмірата Армуз. У 1521—1602 належаў Партугаліі, потым Персіі (да 1782). У 1783 захоплены араб. шэйхамі з роду Аль-Халіфа, якія абвясцілі незалежнасць Бахрэйна. Гэты род пануе ў Бахрэйне і цяпер. На пач. 19 ст. ўзмацніўся ўплыў Вялікабрытаніі, якая заключыла з шэйхамі шэраг дагавораў (1820, 1847, 1861), а ў 1871 усталявала свой пратэктарат, пацверджаны дагаворамі 1880 і 1892, і фактычна зрабіла Бахрэйн сваёй калоніяй. У 1934 зацверджаны «новы статус» Бахрэйна — паводле саюзнага дагавора ён стаў падпарадкоўвацца Вялікабрытаніі. У 1968—71 Бахрэйн у складзе Федэрацыі Арабскіх Эміратаў. 14.8.1971 абвешчаны незалежнай краінай. Дзейнасць паліт. партый і прафсаюзаў забаронена.

Бахрэйн — член ААН (з 1971), Лігі арабскіх дзяржаў, удзельнік Руху недалучэння; з 1981 у Савеце супрацоўніцтва арабскіх дзяржаў Персідскага заліва.

Гаспадарка. Эканоміка Бахрэйна заснавана на здабычы газу і нафты, перапрацоўцы імпартуемай нафты і залежыць ад замежнага капіталу (вядучыя галіны знаходзяцца пад кантролем дзяржавы). Здабыча (1993) прыроднага газу каля 1,5 млрд. м³, нафты каля 2 млн. т. Працуюць: нафтаперапр. з (магутнасць 14 млн. т за год; 2-і па велічыні на Блізкім і Сярэднім Усходзе), які перапрацоўвае нафту, пераважна імпартаваную з Саудаўскай Аравіі (больш як 10 млн. т за год); комплекс па вытв-сці алюмінію (120—170 тыс. т за год; на гліназёме з Аўстраліі і таннай мясц. электраэнергіі); док па рамонце супертанкераў; 11 ЦЭС агульнай магутнасцю каля 1400 МВт; прадпрыемствы па вытв-сці буравога абсталявання, алюмініевых, пластмасавых і лакафарбавых вырабаў, трубаў, вадкага кіслароду, прапану і бутану са спадарожнага газу. Ёсць цэм. з, прадпрыемствы лёгкай і харч. прам-сці, верфі па буд-ве невял. суднаў. Развіты саматужна-рамесніцкія промыслы. Сельская гаспадарка развіта слаба. Апрацоўваецца каля 5% тэрыторыі, пераважна ў аазісах. Гал. культура — фінікавая пальма. Вырошчваюць агародніну (батат, памідоры, баклажаны і інш.), пшаніцу, кукурузу, ячмень, садавіну (грэцкі арэх, папайю, персікі). Жывёлагадоўля мае другараднае значэнне. Гадуюць козаў, авечак, зебупадобных кароў, аслоў. Птушкагадоўля. Лоўля рыбы, крэветак, здабыча губак і жэмчугу. Бахрэйн — важны цэнтр міжнар. трансп. камунікацый. Гал. парты — Манама, Сітра. Міжнар. аэрапорт Мухарак (штогод каля 3 млн. пасажыраў) — адзін з буйнейшых у зоне Персідскага зал. Аўтадарог з цвёрдым пакрыццём каля 200 км. Аўтапарк — каля 150 тыс. аўтамашын. Сувязь паміж найб. а-вамі па насыпных дамбах. В-аў Бахрэйн злучаны з Аравійскім п-вам (Саудаўская Аравія) дамбай даўж. каля 25 км з мостам (Сауда-Бахрэйнская шаша). Бахрэйн — буйны банкаўскі цэнтр (каля 150 устаноў, якія аперыруюць больш як 60 млрд. дол. ЗША). Даходы ад фінансавых аперацый даюць каля 16% валавога нац. прадукту. Краіна з’яўляецца цэнтрам транзітнага гандлю — больш за 40% тавараў рээкспартуецца (пераважна ў Саудаўскую Аравію і інш. суседнія краіны). Развіваецца турызм. Экспарт: нафтапрадукты, алюміній, пластмасы, крэветкі і інш. Імпарт: прамысл. абсталяванне і машыны, будматэрыялы, харч. і спажывецкія тавары. Асн. гандл. партнёры: Японія, ЗША, Вялікабрытанія, Саудаўская Аравія, ФРГ, Аўстралія. Грашовая адзінка — бахрэйнскі дынар.

У.​М.​Зайцаў (прырода, гаспадарка).

Герб і сцяг Бахрэйна.

т. 2, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗАКІ́ (цюрк., удалец, вольны чалавек),

казацтва, 1) вольныя людзі — жыхары паўд. ускраін Усх. Еўропы ў канцы 15 — пач. 18 ст., потым асобае ваен. саслоўе ў Расійскай імперыі ў 18 — пач. 20 ст., якое валодала зямлёй пры ўмове абавязковай воінскай павіннасці. Утвараліся ў часы ВКЛ і Рэчы Паспалітай са збеглых сялян, у т. л. з Беларусі, і пасадскіх людзей, што сяліліся ў нізоўях Дняпра, у т.зв. Дзікім полі. У сярэдзіне 16 ст. князь Дз.І.Вішнявецкі заснаваў Запарожскую Сеч. У сярэдзіне 17 ст. вярхі К. мелі намер ажыццявіць ідэю стварэння ўкр. дзяржавы з уключэннем у яе склад паўд.-ўсх. зямель Беларусі. Спробы рэалізацыі ідэі мелі месца ў час вызваленчай вайны ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54 і вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. З канца 15—16 ст. уздоўж Дона, Церака, Волгі і Урала ствараліся самакіравальныя абшчыны К. (як і ўкр., мелі выбарных атаманаў і кіруючы орган — старшыну). У канцы 17 — пач. 18 ст. яны падпарадкаваны рас. ўладамі; узнікла саслоўе К. (уключала К.-воінаў і іх сем’і). Найбольшай ваен.-адм. адзінкай К. было войска (стваралася і з рус. перасяленцаў для аховы межаў дзяржавы ў Сярэдняй Азіі, Сібіры і на Д. Усходзе). У пач. 20 ст. было 11 войскаў (Данское, Кубанскае, Арэнбургскае, Забайкальскае, Сямірэчанскае, Церскае, Сібірскае, Астраханскае, Усурыйскае, Уральскае, Амурскае), больш за 4,4 млн. К., у т. л. 474 тыс. на службе (1916). З 1874 К. адбывалі воінскую павіннасць ва ўзросце 18—38 гадоў і падзяляліся на падрыхтоўчы, страявы і запасны разрады, у 1909 тэрмін іх службы скарочаны на 2 гады; зброю, коней і амуніцыю К. набывалі за свой кошт. У грамадз. вайну К. падтрымлівалі пераважна «белы» рух. У 1920 казацтва ліквідавана як саслоўе, да 1936 служба К. у Чырв. Арміі абмежавана. З пач. 1990-х г. урад Рас. Федэрацыі робіць захады па аднаўленні самакіравання і культ. традыцый К.

2) Тып войска (пераважна лёгкая нерэгулярная конніца) у ВКЛ, Рэчы Паспалітай, Расіі і СССР. У войску ВКЛ і Рэчы Паспалітай К. — атрады ўкр. К., нанятыя на службу каралём і вял. князем, або наёмная конніца, узброеная «па-казацку» (шабля, піка, стрэльба, панцыр). Апошніх, у адрозненне ад запарожцаў, называлі «панцырнымі» К. (у 17 ст. складалі больш за палавіну конніцы Рэчы Паспалітай). У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 дзейнічаў (1654—55) Бел. казацкі полк, сфарміраваны магілёўскім шляхціцам К.Паклонскім. У Расіі ў 14 — пач. 18 ст. былі і служылыя К. — вольныя людзі, якія за грошы або за права карыстання зямлёй неслі ваен. службу ў аддаленых раёнах краіны (гарадавыя К., вартавыя К.), як і стральцы, але мелі падначаленых ваяводам выбарных атаманаў. У той жа час падобныя служылыя К. былі і ў ВКЛ. У 16—17 ст. у баявых дзеяннях рас. войск удзельнічалі атрады вольных К. Пазней казацкія войскі выстаўлялі пэўную колькасць конных, пешых і артыл. часцей, каманды для паліцэйскай службы. Конны казацкі полк складаўся з 4—6 соцень, брыгада — з 2—3 палкоў. Пешыя (з 1842 пластунскія) падраздзяленні зводзіліся ў батальёны. У 1-ю сусв. вайну (да 1917) К. выставілі 164 конныя палкі, 54 артыл. батарэі, 30 пластунскіх батальёнаў, 179 асобных соцень і інш. (усяго 200 тыс. чал.). У 1920 як саслоўе скасаваны, адначасова праводзілася палітыка «расказачвання», якая суправаджалася рэпрэсіямі. 20.10.1936 ЦВК СССР адмяніў абмежаванні для службы К. у Чырв. Арміі. Перад Вял. Айч. вайной сфарміраваны казацкія кав. дывізіі, а ў вайну (снеж. 1941) — і карпусы. Ням.-фаш. войскі мелі ў сваім складзе конныя і пешыя «казацкія» часці з ваеннапалонных і добраахвотнікаў — ураджэнцаў казацкіх абласцей пераважна для барацьбы з партызанамі, у т. л. і на Беларусі. З пач. 1990-х г. урад Рас. Федэрацыі робіць захады па фарміраванні новых казацкіх часцей. Асобныя казацкія фарміраванні ўзнікалі стыхійна і ўдзельнічалі ва ўзбр. канфліктах на тэр. б. СССР (напр., у Прыднястроўі). Спробы стварэння невял. грамадскіх аб’яднанняў К. прадпрымаюцца ў 1990-я г. на Беларусі (напр., у Віцебску).

т. 7, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ба́яцца, ба́ецца; незак.

Зал. да баяць (у 1 знач.).

бая́цца, баю́ся, баі́шся, баі́цца; незак.

1. Адчуваць страх; апасацца каго‑, чаго‑н. [Спаткай:] — Сядзелі ў зямлянках, грызлі сухары і носа баяліся вытыркнуць. Навуменка. Жыў некалі адзін пан, ды такі злосны, што бяда: ніхто не мог яму дагадзіць. Усе яго баяліся, як чорта. Якімовіч. // Знаходзіцца ў стане трывогі. У Ванды закружылася галава. Яна баялася, каб не страціць прытомнасць. Мяжэвіч. // Непакоіцца за каго‑, што‑н. За Валодзіка.. [Змітрок] менш баяўся. Бажко. // Пазбягаць каго‑, чаго‑н. непрыемнага. Баяцца сустрэчы. □ [Мацей Кулеш:] — Воўкам ты жывеш, кума. Жывых людзей баяцца стала. Шамякін. // Не адважвацца на што‑н.; не хацець узяцца за якую‑н. справу; пасаваць перад цяжкасцямі. [Ігнась] баяўся зрабіць непрыемнае сябру сваімі словамі. Мурашка. На якую хвіліну ў хаце ўсталявалася такая ўрачыстая цішыня, што кожны, здавалася, баяўся парушыць яе сваім дыханнем. Лынькоў. [Заатэхнік:] — Я так і ведала. Значыць, баіцеся паходзіць каля фермы. Сергіевіч. // З цяжкасцю пераносіць што‑н. [Чалавек:] — Гэта далёка, вёрст дваццаць адсюль будзе. Але я дарогі не баюся. Скрыган.

2. чаго. Не пераносіць чаго‑н., адмоўна рэагаваць на што‑н.; псавацца ад чаго‑н. Галава стала, холаду баяцца. Толькі на восень паверне, і Дубель носіць зімовую шапку. Ермаловіч. [Палікарпаўна:] — Любіць, пястуха [расада], каб яе рана сеялі, а калі пачне ўзыходзіць, дык вельмі ж баіцца холаду. Кулакоўскі.

3. (з адмоўем «не»), у знач. пабочн. Разм. Будзь упэўнены, не сумнявайся. [Жлукта:] Не бойся, я ведаю, што раблю. Крапіва. [Дзед:] — О, брат, не бойцеся, — .. [Верачка] ведае, з кім сябраваць. У старшыні не толькі хлеб, — у яго і скварка знойдзецца. Брыль.

•••

Баяцца дыхнуць — трымаць сябе ціха, баязліва.

Баяцца як агню — вельмі баяцца каго‑н.

Баяцца як чорт ладану (крыжа, кадзіла) — вельмі баяцца каго‑, чаго‑н.

Бога ты не баішся! — выражэнне дакору ў сувязі з тым, што хто‑н. робіць нешта недазволенае.

Бойся (ты) бога — май сумленне.

Духу баяцца — адчуваць страх пры адным упамінанні каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

РОСТ,

павелічэнне масы і лінейных памераў асобіны і яе органаў. Адбываецца за кошт павелічэння колькасці і масы клетак, няклетачных утварэнняў у выніку перавагі працэсаў анабалізму над працэсамі катабалізму. У жывёл Р. звязаны з якаснымі зменамі — дыферэнцыроўкай. Некат. жывёлы (напр., малюскі, рыбы, земнаводныя) растуць на працягу ўсяго жыцця, у інш. Р. спыняецца на пэўным узросце (напр., шэраг насякомых, птушкі). Працэсы Р. маюць сезонную (звязаныя са зменай пары года, што адлюстроўваецца ў гадавых слаях шкілетных структур) і сутачную (назіраецца па частаце дзялення клетак і павелічэнні памераў усяго арганізма) рытмічнасці; ёсць інш., напр., 15-сутачныя рытмы Р. марскіх малюскаў, звязаныя з прылівамі. Спадчыннасць Р. вызначаецца ўздзеяннем многіх генаў. На Р. уплываюць забяспечанасць ежай, т-ра, вільготнасць (для наземных арганізмаў), салёнасць (для марскіх арганізмаў), шчыльнасць папуляцыі і інш. фактары навакольнага асяроддзя. Рэгулюецца пераважна гармонамі (напр., у пазваночных жывёл — гармонамі гіпофіза, вілачкавай, шчытападобнай і палавых залоз). Р. чалавека, або даўжыня цела — праекцыйная адлегласць ад т.зв. верхавінкі галавы да плоскасці ступняў. У спалучэнні з інш. адзнакамі характарызуе фіз. развіццё, прапорцыі цела, часам этн. прыналежнасць. Залежыць ад сукупнасці фактараў асяроддзя, спадчыннасці і мае ўзроставую, палавую, групавую, унутрыгрупавую (індывід.) і эпахальную зменлівасць. У 1-ы год жыцця сярэдні прырост звычайна 24 см, да 3 гадоў — 10 см, да 7 гадоў — 6—6,5 см, у перыяд палавога выспявання — 5—7 см. З 10 да 14 гадоў дзяўчынкі растуць больш інтэнсіўна, але пасля 14 гадоў хлопчыкі зноў становяцца вышэйшымі. У мужчын працэс Р. заканчваецца ў 18—20 гадоў, у жанчын — у 16—18 і даўж. іх цела на 8—11 см меншая, чым у мужчын. Пасля заканчэння Р. і прыкладна да 50 гадоў даўж. цела стабільная, потым паступова памяншаецца. У чалавека Р. не заўсёды звязаны з геагр. становішчам і кліматам. Напр., малы Р. (ніжэй за 160 см у мужчын) маюць эскімосы, бураты, в’етнамцы; вял. (вышэй за 170 см) — шатландцы, шведы, жыхары Балканскага п-ва. Размах індывід. зменлівасці большы за групавую (18—20 см ад сярэднеарыфм. значэння Р. людзей дадзенай групы). Эпахальныя змены праяўляюцца, напр., у акселерацыі. Паталаг. парушэнні Р. чалавека, звязаныя з дзейнасцю залоз унутр. сакрэцыі, — карлікавы рост і гігантызм. Р. раслін — неабарачальнае павелічэнне памераў і масы раслін, звязанае з новаўтварэннем элементаў іх структуры (клетак, тканак, органаў); аснова рухаў раслін (настый, трапізмаў). Асн. этапы Р. (дзяленне клетак, іх расцяжэнне і дыферэнцыроўка) адбываюцца ў спец. утваральных тканках, мерыстэмах, таму расліны здольны расці на працягу ўсяго жыцця. Тыпы Р. розных органаў вызначаюцца размяшчэннем мерыстэм. Важная асаблівасць — рытмічнасць (чаргаванне працэсаў інтэнсіўнага і запаволенага Р.). Ёсць рытмы, звязаныя са зменамі навакольнага асяроддзя, і рытмы, якія кантралююцца ўнутр. фактарамі, замацаванымі генетычна ў ходзе эвалюцыі. Працэс Р. перапыняецца працяглымі перыядамі яго тармажэння, якія звязаны ў паўн. ш. з памяншэннем светлавога дня і надыходам зімы, а ў паўд.з засушлівым сезонам. Рэгуляцыя Р. фітагармонамі заснавана на яго стымуляцыі (аўксіны, гіберэліны і інш.) і прыгнечанні (абсцызавая кіслата). Інтэнсіўнасць роставых працэсаў залежыць ад асветленасці, мінер. жыўлення, воднага рэжыму, даўжыні дня, т-ры. Р. мікраарганізмаў — каардынаванае самаўзнаўленне клетачных кампанентаў, якое прыводзіць да размнажэння клетак і павелічэння біямасы папуляцыі. Працэсы Р. адбываюцца больш інтэнсіўна, чым у жывёл і раслін (напр., у некат. бактэрый падваенне біямасы адбываецца за 5 мін). Макс. магчымая хуткасць Р. залежыць ад віду мікраарганізмаў, саставу пажыўнага асяроддзя і ўмоў. Клеткі, што не растуць і не перайшлі ў стан спакою (споры), вычэрпваюць рэзервовыя рэчывы і паступова адміраюць.

С.​С.​Ермакова.

т. 13, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́МБУРГ (Freie und Hansestadt Hamburg),

горад на Пн ФРГ, на р. Эльба, за 110 км ад Паўночнага м. Утварае самаст. адм. адзінку — зямлю Гамбург (пл. 755,3 км²). Нас. 1702,9 тыс. ж., разам з прыгарадамі (у т. л. па-за адм. межамі зямлі) больш за 2 млн. ж. (1994). Трансп. вузел (аўтадарогі, чыгункі). Гал. марскі порт краіны (больш за 50% суднаў марскога флоту ФРГ; грузаабарот каля 85 млн. т штогод). Міжнар. аэрапорт Фульсбютэль. Другі па колькасці жыхароў горад ФРГ, важны прамысл., гандл., фін. і культ. цэнтр. Прам-сць: суднабудаванне і дапаможныя яму галіны машынабудавання, авіябудаванне, эл.-тэхн. і радыёэлектронная; каляровая металургія, дакладная механіка, нафтаперапр., хім. і гумавая, лёгкая, паліграф. і дрэваапр., харчасмакавая (у т. л. мукамольная, алейная, тытунёвая, піваварная, маргарынавая, шакаладная, кансервавая, перапрацоўка кавы, чаю); вытв-сць муз. інструментаў (раялі). Кінапрамысловасць. Цэнтр газетна-выдавецкай справы. Буйныя гандл. прадпрыемствы, біржы, у т. л. фондавая і таварныя (кавы, чаю, цукру, каўчуку), банкі. Метрапалітэн. Ін-т ядзерных даследаванняў. 2 ун-ты. Абсерваторыя. Дзярж. опера. Заапарк Гагенбека.

Узнік каля 825 як умацаваны замак. З 831 цэнтр епіскапства, у 843—45 і 1043—72 — архіепіскапства. У 1215 аб’яднаны старая і новая ч. горада. Адзін з першых (з 1241) і найб. уплывовых (пасля Любека) чл. Ганзы. У 1376, 1458, 1483, 1685, 1693 адбыліся цэхавыя і плебейскія паўстанні супраць патрыцыяту, які канцэнтраваў уладу ў гар. савеце. З 1510 вольны імперскі горад. У 1529 у Гамбургу праведзена Рэфармацыя. У 1558 тут засн. першая ў Паўн. Еўропе біржа. Культ. росквіт у 17—18 ст. (у 1678 засн. першы ў Германіі оперны т-р, у 1767 — Гамбургскі нац. т-р). У 1806 акупіраваны франц. войскамі. Вольны горад у складзе Германскага (з 1815) і Паўн.-германскага (з 1867) саюзаў, Герм. імперыі (1871—1918, яе «марскія вароты»). У Гамбургу адбылося Гамбургскае паўстанне 1923. У 1938 у склад Гамбурга ўключаны гарады Альтана, Гарбург-Вільгельмсбург, Вандсбек і шэраг сельскіх раёнаў. У 2-ю сусв. вайну дзейнічалі антыфаш групы, горад амаль цалкам зруйнаваны бамбардзіроўкамі ў 1943—45. Пасля паражэння фат. Германіі ў брыг. зоне акупацыі. З 1949 мае статус зямлі ФРГ.

Сярод арх. помнікаў: у стылі т.зв. цаглянай готыкі — Катарыненкірхе (каля 1380—1426; вежа 1658) і Якабікірхе (2-я пал. 14 ст.), барока — Міхаэліскірхе (1751—78) з вежай «Вялікі Міхель» (1777—86; выш. 132 м). Захавалася некалькі кварталаў з будынкамі 17—19 ст. Пабудовы 20 ст.: дамы «Чылегаўз» (1922—23) і «Шпрынкенгоф» (1922, арх. абодвух Ф.​Гёгер), парк для выставак і адпачынку «Плантэн ун Бломен» (1953), оперны т-р (1954—55, арх. Г.​Вебер; у сааўт.), мост цераз Эльбу (1955, Б.​Гермкес), царква св. Тройцы (1956, Р.​Рымершмід) і інш. Помнікі: Бісмарку ў гавані (1906, скульпт. Г.​Ледэрэр), ахвярам бамбардзіровак Гамбурга на могілках Ольсдорф (1949—52, скульпт. Г.​Маркс). Музеі: Альтонскі, Кунстгале, этнаграфіі, мастацтва і рамёстваў, Дом Эрнста Барлаха і інш.

Да арт. Гамбург. Панарама горада. На пярэднім плане Міхаэліскірхе з вежай «Вялікі Міхель».

т. 5, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Пяхце́р ’кашэль, торба; пра нязграбнага, непаваротлівага чалавека’ (ТСБМ; Нас., Растарг., Мядзв., Мат. Гом.), пе́хцер ’гультай’ (Мат. Гом.), піхце́р ’вяровачны мяшок; няўклюда’ (Нік. Очерки; Касп.), пяхтэ́р, пі́цер, піхто́р, пэхту́р, пяхту́р арг. ’мяшок’ (Рам. 9), сюды ж пяхце́рыць ’набіваць, напіхваць’, пяхце́рыцца ’наядацца’, пяхце́рны ’сетачны’, пехцяро́м ’апрануўшыся неахайна’ (Нас.). Укр. пихті́р, пухті́р, пухті́ер ’мяшок для корму каня ў дарозе’, рус. пе́хте́рь ’кашэль для сена; тоўстае, пражэрлівае дзіця’; сюды ж, відаць, і пе́стер, песте́рь, пе́щерь, пе́ще, пище́р, пе́щур ’заплечная вярэнька, рагожа’, ’няўклюда’. Дакладнай этымалогіі не мае. Варыянтнасць формы, хутчэй за ўсё, сведчыць аб запазычанні. Да той жа высновы схіляе і шырокае ўжыванне ў традыцыйных усходнеславянскіх арго. Анікін (446) рус. пе́стер, пехте́рь і пад. на падставе неўласцівай славянскім мовам варыянтнасці ‑хт‑/‑ст‑ разглядае следам за Вострыкавым (Этим. иссл., 1981, 23–24) як субстратам фіна-ўгорскія элементы, звязаныя з марыйск. пӧштыр, пешыр ’тс’, параўн., аднак распаўсюджанасць ва Украіне, што, магчыма, пярэчыць такой крыніцы. Збліжэнне з піхаць (Нас., 413) можа мець другасны характар; агляд ранейшых версій гл. Фасмер, 3, 250, 254, 428; ЕСУМ, 4, 381. Гл. таксама пяхце́ль.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВАЎНЯ́НКА, ваўнянка ружовая,

ваўнуха (Lactarius torminosus),

шапкавы базідыяльны грыб з роду млечнік сям. сыраежкавых. Пашырана ў Еўропе, Усх. Азіі, Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляецца ўсюды. Расце групамі ў лясах разных тыпаў, асабліва ў бярэзніках (утварае з бярозай мікарызу). Пладовыя целы з’яўляюцца ў ліпені—кастрычніку.

Шапка дыям. 4—10 см, пукатая, потым шырокалейкападобная, з падагнутым уніз пушыстым краем, чырванавата-ружовая, з выразнымі канцэнтрычнымі зонамі, сухая або слізкаватая, лямцава-валасістая. Мякаць шчыльная, светла-крэмавая, з белым едкім млечным сокам, са слаба смалістым пахам. Пласцінкі прырослыя або зыходзячыя, белаватыя, потым жаўтавата-ружаватыя. Ножка цыліндрычная, пустая, святлейшая за шапку. Ядомы грыб (спажываецца салёны пасля вымочвання або адварвання). У некаторых краінах (Германіі, Польшчы) лічыцца ядавітым.

Ваўнянка ружовая.

т. 4, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЕ́НСА ((Wałęsa) Лех) (н. 29.9.1943, в. Папоў, Вроцлаўскае ваяв., Польшча),

дзяржаўны і палітычны дзеяч Польшчы. У 1960—80-я г. электрык на суднаверфях Гданьска. З 1970 актывіст рабочага руху. Як кіраўнік міжвытворчага забастовачнага к-та ў Гданьску ў 1980 падпісаў пагадненні з урадам аб спыненні ўсеаг. забастоўкі ў Польшчы. Адзін з заснавальнікаў незалежнага прафсаюза «Салідарнасць» (1980, з 1981 яго старшыня). У 1981—82 арыштаваны і інтэрніраваны. З 1987 старшыня Усяпольскай выканаўчай камісіі «Салідарнасць». Праводзіў палітыку дыялогу і захавання мірных метадаў барацьбы. У 1989 сустаршыня перагавораў за «круглым сталом», пасля завяршэння якіх адбылася легалізацыя «Салідарнасці» і ўстанаўленне дэмакр. улады ў Польшчы. Прэзідэнт Польшчы ў 1990—95. Міжнар. прэмія па правах чалавека. Нобелеўская прэмія міру 1983.

Л.Валенса.

т. 3, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)