Се́паць ‘тузаць, пацягваць за што-небудзь’ (браг., З нар. сл., Пятк. 2), ‘тузаць, намагацца’, ‘хутка нешта рабіць ці падымаць не пад сілу (Нар. Гом.; браг., Нар. словатв.), ‘торгаць’, ‘цяжка дыхаць’, ‘зло, з крыкам размаўляць’ (Ян.), се́пацца ‘злавацца’, укр. сі́пати ‘тузаць’, рус. дан. си́пать ‘цягнуць рыўкамі’, польск. siepać ‘торгаць, рваць’, н.-луж. sepaś ‘біцца (пра пульс, сэрца)’, серб.-харв. сепати се, себати се ‘тузацца’, балг. се́пвам ‘палохаць, прымушаць здрыгануцца’, дыял. се́пам съ ‘уздрыгваць’, макед. сепнува се ‘асякацца, раптоўна замаўкаць; слупянець’. Прасл. *sěpati ‘тузаць, торгаць’, параўноўваюць з літ. šaipýtis ‘насміхацца, здзеквацца; крывіць вусны’, што дае падставы разглядаць праславянскі дзеяслоў як ітэратыў з першаснай матывацыяй, захаванай у літ. šiẽpti ‘рабіць грымасы, рухі тварам’, што да і.-е. ḱei̯p‑ ‘рабіць рухі, моршчыць твар’, з тым жа коранем авест. saef‑ ‘махаць’, ст.-інд. śipra‑ ‘вусы’ (Борысь, Etymologie, 378). Паводле чаргавання вакалізму кораня сюды адносяць польск. siąpić ‘імжэць’ (Брукнер, 489), чэш. sapat se ‘гвалтоўна нападаць’, славац. sápať ‘торгаць’, славен. sópsti ‘пыхцець, цяжка дыхаць’, на аснове якіх выводзіцца прасл. *sap(a)ti, суадноснае з *sěpati (Сной у Бязлай, 3, 218), гл. сапці. Магчыма, звязана з сіпець, гл. (так Якабсон, IJSLP, 1959, 1–2, 270), параўн. (змяя) mòcna sièpnuŭszy ŭskoczyła (Пятк. 2, 50) і сіпе́ць (сипѣць) ‘шыпець (пра змяю); злавацца’ (Нас.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Су́ды ’два вядры, звычайна з вадой (на каромысле)’ (ТСБМ, Др.-Падб., Нас., Гарэц., Байк. і Некр., Бяльк., Мат. Гом., Сл. ПЗБ, Варл., Шатал.), суда́ ’посуд’ (Сл. рэг. лекс.), суды́, су́дны ’пара вёдзер’ (Касп., Барад.), зборн. су́дзя ’посуд’ (Скарбы; гродз., ЖНС), ’драўляны посуд’ (гродз., Сл. ПЗБ; З нар. сл.), памянш. су́дца ’адно вядро’ (лаг., Жд. 2). Укр. суди́на ’пасудзіна’, рус. дыял. суд ’посуд’, суды́ ’два вядры’, сос́уд, пасу́да, ст.-рус. судъ, ст.-польск. sǫd ’пасудзіна’, в.-луж., н.-луж. sud ’бочка, чан’, чэш., славац. sud ’бочка’, серб.-харв. суд, славен. sọ̑d ’пасудзіна’, балг. съд, макед. сад, ст.-слав. сѫдъ ’пасудзіна’. Прасл. *sǫdъ, этымалагічна тое ж, што і суд (гл.): з прыст. *som‑ і коранем ‑d‑, які да і.-е. *dhē‑ ’ставіць, класці, садзіць’ (гл. дзеяць); параўн. літ. ìndas ’сасуд’, гл. Фасмер, 3, 794; Брукнер, 483; ESJSt, 14, 862. Шустар-Шэўц (1375), следам за Махэкам₂ (591), мяркуе, што гэта назва адносіцца да часу, калі яшчэ не ўжываўся ганчарны круг, а посуд “складвалі” або склейвалі з лазы ці гліны, што адлюстравалася ў чэш. sudy ’цотны’, славен. sod ’тс’, soda ’пара’ (літаральна ’складзены з двух’ або ’складзены ўдвая’), параўн. ст.-інд. samdha‑ ’злучаны, аб’яднаны’, гл. Сной₂, 679. Адсюль і значэнне ’пара вёдзер’ або ’вёдры на каромысле’.

Суды́ ’сюды’ (Мат. Маг.), судэ́мі ’тс’ (маст., Сл. ПЗБ). Гл. сюды.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сцяба́ць і сцёбаць ’біць чым-небудзь гнуткім; хвастаць’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Растарг., Чач., Шат., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), сцяба́ць ’вастрыць мянташкай касу’ (Варл., Гіл.), ’шыць шырокімі шыўкамі’ (Варл.), сцёбаць жыта ’малаціць акалотам’ (лаг., Стан.), сцёб ’хлоп! (удар бізуном)’ (Нас., Байк. і Некр.), сцёб, сцёбка ’пакаранне розгамі’ (Нас.), сцебену́ць ’сцебануць’ (ТС), сцяба́чка ’вострая каса’ (Сцяшк.), ’самаробны брусок вастрыць касу’ (Касп.; докш., Янк. Мат.; мядз., Сл. ПЗБ). Укр. сті́бати ’шыць, прашываць’, стьоба́ти ’сцябаць, біць, хвастаць’, рус. стеба́ть ’шыць, прашываць’, ’аплятаць’, ’упісваць, есці’, ’біць, хвастаць’, стёбка ’прут’, польск. ściebać ’нізаць’. Пэўнай этымалогіі няма. Зубаты (у Фасмера, 3, 750), Праабражэнскі (2, 377–378) меркавалі аб роднасці з рус. стебель ’сцябло’. Паводле Зяленіна (у Фасмера, там жа), слова паходзіць са стега́ть ’прашываць; біць, хвастаць’; ‑б‑ з’явілася пад уплывам стебель. Супраць гэтых версій Ільінскі (ИОРЯС, 23, 7, 176 і наст.), які набліжаў да ням. Steppen ’прашываць’, Stift ’стрыжань’ і лац. stipo, ‑āre ’сціскаць, звальваць разам’, што не адпавядае ‑e‑ ў корані слова. Параўноўвалі таксама з літ. stem̃bti ’мацнець’, stabýti ’спыняць’, ст.-інд. stabnā́ti ’падпірае, затрымлівае’, авест. stəmbana‑ ’апора’ (Уленбек, 343). На думку Груненталя (ИОРЯС, 18, 4, 136), значэнні ’шыць, прашываць’ і ’біць; хвастаць’ маглі развіцца з ’калоць’. Гл. яшчэ Аткупшчыкоў (Этимология–1984, 192), які прыводзіць дакладна адпаведнае славянскаму слову лат. stibát ’сцябаць, хвастаць’. Гл. ЕСУМ, 5, 418.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сыч 1 ’птушка з сямейства сапраўдных соў’ (ТСБМ, Байк. і Некр. Федар. 4, ТС, Сл. ПЗБ), ’птушка Athene noctua Scop.’ (кобр., Горбач, Зах.-пол. гов.); ’птушка Strix nyctea’ (Меер Крыч.), сы́чык памянці, (стол., Лексика Пол., Ласт.). Укр. сич, си́чик, рус. сыч, сы́чык, польск. syczek ’соўка-сплюшка’, чэш. sýc, sýczek ’віды соў’, славац. sýč ’сыч’. Праславянскі дыялектны дэрыват ад *sykati ’сыкаць’, параўн. іншую назву сіпе́ль (ад сіпець, гл.), але Фасмер (3, 821) старажытнасць слова лічыць сумніўнай, таму малаверагодная, на яго думку, роднасць з літ. šáukti ’крычаць’, лат. sàukt ’зваць’, а таксама з сава, як меркавалі Мюленбах-Эндзелін (3, 771–772), Петарсан (KZ, 47, 241). Атрэмбскі (Зб. памяці Раманскага, 72) параўноўвае з літ. suõkt, suõkia, suõke ’крычаць’. Праформу *sytjь узнаўляе Будзішэўска (Słown.), *sytʼь Марэш (Slavia, 1967, 366–369), аналагічна ЕСУМ (5, 248); *sy(k)ťь Лома (Огледна св., 68), у якім бачыць табуізаваную сувязь са ст.-інд. sūkta‑ < *su‑ukta ’добра спамянуты’. Гл. яшчэ Махэк₂, 598. Гл. таксама ціць.

Сыч 2 ’калок у вуллі, на якім трымаліся пляйстры з мёдам’ (ТС), ’клін, звужаная палоска’: сыч картопяль (Сцяц. Сл.), сычы́ ’сорт бульбы, скараспелка’ (Ян.). Укр. сич ’сук ад абламанай галінкі на ствале’. Паводле ЕСУМ (5, 248), магчыма, звязана чаргаваннем галосных з сук (гл.), аднак, відаць, не можа разглядацца асобна ад сычык, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сяга́ць ’ісці, рухацца’, ’прасцірацца, даходзіць да якой-небудзь мяжы, узроўню і пад.’ (ТСБМ), ’працягваць руку, каб што-небудзь узяць’ (Стан.), ’накіроўвацца’ (Сцяшк. Сл.), сіга́ць ’імкнуцца, жадаць, дамагацца’ (Варл.), часцей з прыстаўкамі: дасяга́ць, прысяга́ць (гл. прысяга), ст.-бел. сѧгнути: сѧгнулъ рукою (Альтбаўэр). Укр. сяга́ти, сягну́ти ’даставаць, хапаць’, рус. сяга́ть, польск. sięgać ’дасягаць, выцягваць руку’, в.-луж. sahać ’даставаць; ісці вялікімі крокамі’, н.-луж. segaś ’выцягваць руку; даставаць, хапаць’, чэш. sahať ’тс’, славац. siahať ’даставаць, хапаць’, серб.-харв. се̏гнути се ’пацягнуцца, працягнуць руку’, славен. séči ’тс’, балг. пася́гам ’працягваю руку’, макед. сега ’сягаю’, ст.-слав. сѧгнѫти ’працягнуць руку’. Прасл. *sęgti, *sęgati роднаснае літ. sègti ’зашпільваць’, sagà ’засцежка, гузік’, sãgas ’пятля’, лат. segt ’пакрываць’, ст.-інд. sájati ’прылягае, прымыкае’, ст.-перс. frahanjati ’вешае’, ірл. suanem ’канат’; да і.-е. *seg‑, *seng‑ ’вязаць, злучаць, датыкацца’; гл. Траўтман, 252; Покарны, 887; Фасмер, 3, 825; Скок, 3, 214; Шустар-Шэўц, 1264; Борысь, 547; супраць сувязі з літ. siekti ’сягаць, дасягаць’, síeknis ’сажань’ Міклашыч, 291; Махэк₂, 535, таксама Бязлай (3, 221) па фанетычных прычынах; гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 495–496; Анікін (Этимология–1983, 48 і наст.) звязвае славянскае слова з герм. *sinkʷan, (параўн. гоц. sagqjan, ст.-в.-ням. senken, ст.-сакс. sincan і г. д.), у семантычным радзе яшчэ ёсць значэнні ’апускацца, асядаць; тануць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сястра́ ’дачка ў адносінах да іншых дзяцей гэтых жа бацькоў’, перан. ’асоба сярэдняга медыцынскага персаналу ў лячэбнай установе і ласкавы зварот да яе’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ); сестра́ ’тс’ (ТС), сюды ж сястро́нка, сястру́ха, сястру́хна ’стрыечная сястра’ (Сл. ПЗБ), сястру́нка ’тс’ (Янк. 1). Укр., рус. сестра́, стараж.-рус. сестра, польск. siostra, в.-луж. sotra, н.-луж. sotša, палаб. sestră, чэш., славац. sestra, серб.-харв. сѐстра, славен. séstra, балг. сестра́, макед. сестра, ст.-слав. сестра. Прасл. *sestra, першапачаткова аснова на ‑r‑, потым перайшло да асноў на ‑a, роднаснае літ. sesuõ, Р. скл. seser̃s, ст.-прус. swestro, ст.-інд. svásar‑, гоц. swistar, лац. soror, ст.-ірл. siur, тахар. A ṣar ’тс’ < і.-е. *su̯esor, якое з’яўляецца, як мяркуюць, складаным словам ад і.-е. *su̯e‑ ’свой’ і *sor‑ ’жанчына’; гл. Фасмер, 3, 612 з ранейшай літ-рай; Махэк₂, 541–542; Шустар-Шэўц, 1335–1336; Скок, 3, 226; Сной, 564; ЕСУМ, 5, 223; Борысь, 549; Трубачоў (История терм., 63 і наст.) адзначае неаднастайнасць тлумачэння другой часткі кампазіта; напрыклад, аспрэчваецца рэальнасць і.-е. *sor ’жанчына’ і прапаноўваецца кампазіт *su‑esor ’сваёй крыві’, г. зн. ’адзінакроўная’, дзе *esor: *esr ’кроў’, параўн. санскр. ásrk, грэч. έαρ ’тс’. Адносна слав.-герм. str < і.-е. *sr параўн. струга, струя і пад. Агляд версій гл. ESJSt, 13, 800–801.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Таі́ць ’трымаць у тайне, хаваючы ад другіх, утойваць’ (Сл. ПЗБ, Нас., Ласт., Некр. і Байк., ТС), таі́цца ’скрываць; утойваць; хавацца, скрывацца’, таі́ті ’ўтойваць’, таі́тісʼе ’падпільноўваць, цікаваць’ (Вруб.), ’запірацца’ (Нас., ТСБМ, Некр. і Байк., Касп., Ласт., Сл. ПЗБ, Сержп. Прымхі, Варл., ТС, Ян.), ст.-бел. таити ’ўтойваць’ (XV ст., КГС). Укр. таї́ти, таї́тися, рус. таи́ть, таи́ться, польск. taić (się), в.-луж. tajić (so), н.-луж. tajiś (se), tawiś, чэш. tajit (se), славац. tajiť (se), славен. tajíti (se), серб.-харв. та́јити (се), tájati, харв., чак. tōjȁt, балг. та́я, макед. таи, ст.-слав. таити, таити сѧ ’хаваць, утойваць’. Да прасл. *tajiti, дыял. *taja̋ti (рэканструкцыя Фурлан у Бязлай, 4, 147), якія з’яўляюцца вытворнымі ад *taj ’таямніца, тайна’, ’таямніча, скрытна’ (роднаснага *tatъ ’злодзей’), параўн. старое серб.-харв. tȃj, tȁja, tãja ’таямніца’, ст.-слав. таи ’таемна, употайкі, скрытна’, чэш. taj ’таямніца; невядомае’. Махэк (634) прапануе, аднак, некалькі іншае развіццё: *tajǫ < *taj‑jǫ < *taj‑ī‑tei. Далейшыя сувязі бачаць у хец. tai̯ela ’красці’, ст.-інд. (s)tāyú‑ḥ‑ ’злодзей’, авест. tãiiu/tãyu‑ ’тс’, ст.-ірл. tāid ’тс’, грэч. τήτη ’нястача’, τητάω ’пазбаўляю, адбіраю, рабую’, якія працягваюць і.-е. *(s)tă‑i‑ (Покарны, 1010); гл. таксама: Фасмер, 4, 11; Борысь, 625; Чарных, 2, 224; ЕСУМ, 5, 503 з літ-рай; Рэйзак, 649.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ты — займеннік 2‑й ас. адз. л. ‘ты’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., ТС, Федар. 4, Некр. і Байк.; ашм., Стан., Вруб., Сл. ПЗБ): чужых жэ, малазнаёмых і толькі знаёмых людзей называюць на ты (Сержп. Прымхі), ст.-бел. ты ‘тс’ (1492 г., ГСБМ), ты = лац. tu (Жлутка). Параўн. укр. ти, рус., стараж.-рус. ты, польск., н.-луж., в.-луж., чэш., славац. ty, палаб. tåi, славен. tí, харв. tî, серб. ти̂, макед., балг. ти, ст.-слав. ты. Прасл. *ty роднаснае літ. tù, лат. tu ‘ты’, ст.-прус. tou, tū, гоцк. þu, ст.-н.-ням. thu, ст.-англ. thou; с.-ням., в.-ням., швед., дацк. du, алб. ti (< *tū), ірл. tu, вал. ti, ст.-грэч. дар. τύ), авест. tū і tvə̄m, ст.-перс. tuvam, ст.-інд. tvám, хіндзі tū < і.-е. *tu і tū; другую форму тлумачаць як сцягненне двух элементаў: tu‑wa > tewe > twe, апошняе — энклітыкай В. скл., параўн. ст.-грэч. σε; элемент t‑ ідэнтыфікуюць з указальным t‑ (ESSJ SG, 2, 706; ESJSt, 17, 1007). Гл. таксама: Фасмер, 4, 130; Мюленбах-Эндзелін, 4, 254; Махэк₂, 663; Брукнер, 587; Шустар-Шэўц, 1566; Скок, 3, 466; Борысь, 657; ЕСУМ, 5, 564; Арол, 4, 124. Сюды ж ты́каць ‘звяртацца да каго-небудзь на «ты»’ (ТСБМ, ТС, Яўс.), ты́кацца (týkacsa) ‘тс’, ‘фамільярнічаць’ (Федар. 4).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кал ’змесціва кішэчніка, якое выдзяляецца пры спаражненні’ (БРС, ТСБМ, Гарэц.), ’вадкі, найбольш моцны гной’ (Шат.), ’гразь’ (Клім.; бяроз., КЭС; драг., Нар. лекс., Нар. словатв., Сцяшк. МГ; бяроз., пін., Шатал.; брэсц., гродз., паўдн. бел., Яшк.), ’замёрзлая на дарозе гразь’ (свісл., Шатал.). Паводле даных новых дыялектных слоўнікаў: ’гразь, гной, бруд’ (беласт., гродз., карэл., свісл., гарад., Сл. паўн.-зах.). Статус слова ў літ. мове не вельмі ясны; тэарэтычна такое значэнне магло развіцца на базе вядомага ў гаворках значэння ’гной’, аднак хутчэй за ўсё тут запазычанне (з польск., з рус.?). У гаворках слова адзначана найбольш часта на паўдн. захадзе. Укр. кал ’гразь; кал; гразь на дарозе, на целе і інш.’, рус. кал (статус у гаворках няясны; СРНГ прыводзіць толькі смал., вяц. кала ’нечыстоты, кал’, арханг. калиться ’спаражняцца’), польск. kał ’кал’, дыял. ’гразь, мул, балота і інш.’, каш. kał ’гразь на дарозе’, славін. ko ’гразь, ціна’, kal ’гразь на дарозе’, н.-луж. kala (статус падазроны), чэш. kal ’вадкая гразь, брудная вада, калужа і інш.’, славац. kal ’брудная вада, вадкая гразь і інш.’, славен. kal ’гразь у калужы і інш.’, серб.-харв. ка̏о, дыял. кал ’гразь, ціна і інш.’, макед. кал ’гразь і інш.’, балг. кал ’гразь і інш.’, ст.-слав. калъ ’гразь, ціна’. У шэрагу слав. моў супадаюць канкрэтныя значэнні тыпу бел., славен., укр. ’гразь на целе’. Прасл. kalъ, далейшыя сувязі няясныя. Трубачоў (Эт. сл., 9, 128) звяртае ўвагу на адзнакі архаізма ў гэтым слове і адсутнасць адпаведніка ў балт. мовах, слова нематываванае на слав. глебе, як і і.-е. *kālo‑s або *kālo‑s‑ на і.-е. глебе. З ліку традыцыйных паралелей можна згадаць ст.-грэч. πηλός, дар. πᾱλός ’гліна; гразь, балота і інш., аднак π‑ у гэтым слове можа ўзыходзіць як да *p, так і да *k​u̯. Думка аб роднаснасці слав. і грэч. лексем належыць Мейе, MCL, 13, 1905, 291–292, а таксама слав. лексемы з лац. squālus ’брудны і інш., гэта паралель іншымі аўтарамі аспрэчваецца па семантычных крытэрыях (Вальдэ-Гофман, 2, 582). Фасмер (2, 163) упэўнена мяркуе аб сувязі са ст.-інд. kāla‑ ’сіня-чорны’; Слаўскі (2, 32) таксама дапускае магчымасць праформы *kāloḥ, што дазваляе суаднесці слав. лексему з іншымі назвамі колеру і плям (тыпу літ. kalýbas, kalývas ’з белай шыяй (аб сабаках)’, лац. cālidus ’з белай плямай на лбе (пра коней)’, ст.-грэч. κηλάς ἀίξ ’каза з плямай’ і інш.). Відавочна, аднак, што найбольш моцны семантычна і фармальна прыклад — ст.-інд. слова — на самой справе або дравідыйскае, або вельмі дэфармаваны, ва ўсякім разе ‑l‑ тут першаснае, гл. Слаўскі, 2, 33; Трубачоў, Эт. сл., 9, 128, дзе спасылка на Майргофера, 1, 203. Трубачоў (там жа) звяртае ўвагу яшчэ і на тое, што ст.-грэч. καλάς лічыцца няясным па паходжанню, што вельмі зніжае яе надзейнасць як паралелі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тул 1 ‘задняя частка ў процілегласць пярэдняй, у тым ліку патыліца, спіна, азадак’ (Нас., Гарэц. 1, Яруш., Некр. і Байк., Бяльк., Байк. і Некр.); сюды ж ту́лом ‘задам, схіліўшы галаву’ (Нас.). Параўн. рус. фалькл. тул ‘тулава [?]’, смал., валаг. ту́ло ‘тс’ (СРНГ). У сувязі з арэальнай і функцыянальнай абмежаванасцю беларускай формы (першапачаткова фіксуецца ва ўсходняй Магілёўшчыне, пазней са слоўніка Насовіча трапіла ў слоўнікі літаратурнай мовы) з’яўляецца мясцовым варыянтам асноўвай формы тыл (гл.), паралельна з якой ужываецца на адзначанай тэрыторыі. Аб мене ы > у ў гаворках з дысімілятыўным аканнем гл. Нарысы дыял., 53; Крывіцкі, Дыялекталогія, 182. Па меркаванні Куркінай (Этимология–1982, 23), у асобных выпадках можна дапусціць уплыў асновы тулава (гл.). Звяртае на сябе ўвагу славянскае запазычанне ў беларускім ідышы tul ‘тулава, туша’ (Астравух, Ідыш-бел. сл., 807). Фурлан (Jez. zap., 11, 1, 115–124) разглядае як праславянскі анатамічны тэрмін *tȕlъ (далучаючы сюды рэз’ян. túlac ‘патыліца’), утвораны ад прыметніка *tȕlъ ‘тоўсты, тлусты’, што звязана з тыл, тыць (Фасмер, 4, 131). Прапанаваная Фурлан (там жа) далейшая сувязь з *tulъ вытворнага тэрміна харв. zȃtuljak ‘патыліца’ (*zatűlъkъ) з беларускім геаграфічным тэрмінам зату́лак ‘зацішнае месца, куды сонца рэдка заглядвае’ (Нас., ад затуля́ць, (гл. туліць) здаецца штучнай (“закрыта” пярэдняй часткай галавы?).

Тул 2, ст.-бел. тулъ ‘калчан, чахол для стрэл’ (XVI ст., ГСБМ, Скарына, Альтбаўэр, ПГС, Ст.-бел. лексікон), ту́ля ‘похва для стрэл’ (Ласт.). Захавалася як архаізм стараж.-рус. тулъ (тоулъ), ст.-рус. тулъ, у XVIII ст. — туло ‘тс’, ст.-рус. маск. тулъ ‘похва для лука’. Найбольш працяглы час словы тул, ту́ло і вытворныя ад іх ужываліся ў стараўкраінскай мове і ўкраінскай мове пачатку XIX ст.: тульник ‘той, хто вырабляе калчаны’, ‘які носіць калчаны і стрэлы’, тульникі́вна ‘дачка тульніка’, тульниче́нко ‘сын тульніка’, тульничка ‘жонка тульніка’ (гл. ЕСУМ, 5, 671; Адзінцоў, Этимология–1973, 98–101). Польск. tuł, tół, tula, tuleja ‘калчан’ (Варш. сл.), ст.-польск. tuł (да XVII ст.) ‘тс’, чэш. toul, toulec, ст.-чэш. túl ‘калчан’, славац. tulec, славен. tul̑, tul̑ec, tul̑ičeh ‘тс’, ст.-харв. tul̑, харв. tuljac, серб. ту̑л, ту́лац, балг. тул ‘тс’, радоп. ‘скрынка з кары’, макед. тул ‘скураная похва для стрэл’, ст.-слав. тоулъ ‘тс’. Прасл. *tulъ ‘калчан, похва, чахол, футарал’ развілося з і.-е. *tu̯ah₃‑ul‑o, параўн. ст.-інд. tūn̥a‑, tūn̥í, tū́n̥iras ‘тс’ (Фасмер, 4, 117), інд. tūn̥ava ‘дуда’, ст.-грэч. σωλήν ‘труба, жолаб, канал’ (Сной₂, 791). Захаваныя вытворныя ў народных мовах, параўн. туле́йка (гл.), рус. вту́лка ‘трубка, затычка’, балг. дыял. ‘туле́шник ‘жалезная скрынка на свечкі’, ту́ли́ще ‘кошык на арэхі’, макед. охрыд. тулина ‘жывот’ і інш., схіляюць да версіі пра першаснае значэнне ‘покрыва, накрыўка, схоў’ і сувязь з туліць ‘утойваць, хаваць’ (гл.). Агляд і абгрунтаванне версій у ESJSt, 17, 997; Куркіна, Этимология–1982, 21–23; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 400; Анікін, РЭС, 9, 95.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)