ПАРТЭНАКАРПІ́Я (ад грэч. parthenos нявінніца + karpos плод),
утварэнне на расліне пладоў без апладнення. Адрозніваюць П.: вегетатыўную (або аўтаномную) — плады завязваюцца і развіваюцца без апладнення, і стымулятыўную — для ўтварэння плода неабходна раздражненне рыльца кветкі чужародным пылком (напр., пылок яблыні здольны выклікаць П. ў грушы, пылок памідора — у баклажана). Такія плады не маюць насення або маюць яго без зародка. Расліны з безнасеннымі пладамі размнажаюцца вегетатыўна. Вядома П. ў многіх пладовых раслін (вінаград, груша, мандарын, яблыня і інш.) і часта з’яўляецца замацаванай сартавой адзнакай. Штучная стымулятыўная П. (мех., хім. і інш. раздражненнямі) мае гасп. значэнне (безнасенныя плады маюць добрыя смакавыя якасці).
т. 12, с. 143
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСА́ТЫ (ням. Passat, галанд. passaat, верагодна, ад ісп. viento de pasade вецер, які спрыяе пераезду),
устойлівыя на працягу года паветраныя цячэнні ў трапічных і экватарыяльных шыротах (ад 25—30° паўн. ш. і паўд. ш. амаль да экватара) пераважна над акіянамі. Паблізу зямной паверхні ў выніку трэння і дзейнасці Карыяліса сілы ў Паўн. паўшар’і вятры маюць паўн.-ўсх. напрамак, у Паўд. — паўд.-ўсходні. Паміж П. Паўн. і Паўд. паўшар’яў — унутры-трапічная зона канвергенцыі; над П. дзьмуць антыпасаты. П. маюць важнае значэнне ў агульнай цыркуляцыі атмасферы, абумоўліваюць узнікненне пасатных цячэнняў, на сушы садзейнічаюць утварэнню і захоўванню трапічных пустынь (гл. Пасатны клімат).
т. 12, с. 160
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́ЗМА КРЫВІ́,
вадкая частка крыві, якая застаецца пасля выдалення форменных элементаў. Мае ў сабе 90—93% вады і 7—10% сухога рэчыва. У П.к. ёсць бялкі (каля 200 відаў), тлушчы, вугляводы. мінер. солі, ферменты, вітаміны, гармоны і інш. Асн. функцыі П.к.: трафічная, рэгулятарная, ахоўная, гамеастатычная, ферментатыўная. Абумоўлівае згусальнасць крыві, удзельнічае ў газаабмене. Найб. значныя бялкі П.к. — альбуміны, глабуліны, фібрынаген (пры гемакаагуляцыі ператвараецца ў фібрын). П.к. без фібрыну наз. сывараткай. Змены ў саставе П.к. маюць дыягнастычнае значэнне для вызначэння захворвання (рэўматызм, цукровы дыябет). З П.к. гатуюць лек. прэпараты (напр., альбумін, фібрынаген, гама-глабулін). Гл. таксама Кровазаменныя вадкасці.
А.С.Леанцюк.
т. 12, с. 401
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭЦЫЗІ́ЙНЫ СТАНО́К,
металарэзны станок для высокадакладнай (прэцызійнай) апрацоўкі загатовак. Адрозніваюць П.с. такарныя, свідравальна-расточныя, шліфавальныя, зубаапрацоўчыя, фрэзерныя. Паводле дакладнасці апрацоўкі паверхні дэталей падзяляюцца на станкі павышанай дакладнасці, высокай дакладнасці і звышдакладныя. Апрацоўка на П.с. забяспечвае атрыманне вырабаў з паверхнямі правільнай геам. формы з дакладным прасторавым становішчам восей і нізкай шурпатасцю паверхні да 11-га класа чысціні з забеспячэннем 2-га (пры пэўных умовах — 1-га) класа дакладнасці. Асабліва важнае значэнне пры прэцызійнай апрацоўцы мае дакладнасць перамяшчэння рухомых вузлоў П.с., што забяспечваецца выкарыстаннем высокадакладных спец. базавых дэталей, зніжэннем трэння ў механізмах перамяшчэння рухомых вузлоў і інш.
В.І.Шагун.
т. 13, с. 97
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯ́ДЗЯ,
старажытная адзінка (мера) даўжыні ў Беларусі і Расіі, роўная макс. адлегласці па прамой лініі паміж канцамі выцягнутых вялікага і ўказальнага пальцаў рукі чалавека. Слова «П.» абазначае «кісць рукі» і паходзіць ад агульнага кораня са словам «пяць». Лікавае значэнне П. вагалася ад 18 да 27 см. У 16 ст. мерную П. прыраўнавалі да 1/4 аршына (17,78 см), пасля чаго найменне «П.» паступова выйшла з карыстання. Захавалася ў прымаўках: «Ні пядзі зямлі» (не аддаць, не саступіць). У англамоўных краінах выкарыстоўваюць падобную адзінку даўжыні спэн (англ. span — пядзя), роўную 9 цалям, або 22,86 см.
т. 13, с. 155
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Р,
васемнаццатая літара бел. алфавіта. Паходзіць з кірыліцкай Р («рцы»), утворанай на аснове грэка-візантыйскай устаўнай Ρ («ро»). У старабел. графіцы ў сувязі з функцыянаваннем розных пісьмовых школ і выкарыстаннем розных тыпаў пісьма (устаў, паўустаў, скорапіс) ужывалася ў некалькіх варыянтах, якія памагаюць вызначаць час і месца напісання помнікаў. Абазначала гук «р» («рама», «рука»). Мела лічбавае значэнне «сто». У 16 ст. акрамя рукапіснай набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае санорны дрыжачы пярэднеязычны цвёрды і зацвярдзелы зычны гук «р» («рэчка», «рыс», «раса», «хмара»). Бывае вялікая і малая, мае рукапісную і друкаваную форму.
А.М.Булыка.
т. 13, с. 181
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУМО́ЎСКІ (Сцяпан Якаўлевіч) (9.11.1734, в. Стары Пагост Цвярской вобл., Расія — 18.7.1812),
расійскі астраном. Акад. Пецярбургскай АН (1767). У 1765—90 кіраўнік геагр. дэпартамента, з 1800 віцэ-прэзідэнт Пецярбургскай АН. У 1803—12 апякун Казанскай вучэбнай акругі. Навук. працы па астраноміі і картаграфіі. Пасля апрацоўкі вынікаў уласных назіранняў праходжання Венеры па дыску Сонца (1761, Забайкалле; 1769, Кольскі п-аў) атрымаў блізкае да сучаснага значэнне паралакса Сонца 8″, 67. Кіраваў картаграфічнымі работамі, склаў і апублікаваў першы для Расіі каталог 62 астр. пунктаў (1802). Адзін са складальнікаў першага ў Расіі этымалагічнага слоўніка. Вядомы як перакладчык твораў Ж.Бюфона, Тацыта, Л.Эйлера.
т. 13, с. 440
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Гайда́чыць ’марнатравіць, транжырыць’ (Юрч.). Відавочна, ад гайда́к ’від танца’. Першапачатковае значэнне ’танцаваць, скакаць’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Плаймо́та ’мноства’ (ветк., Мат. Гом.). Да плойма (гл.). Суф. ‑ота надае адцягненае значэнне.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Вазгра́ ’маруда’ (Юрч.). Значэнне другаснае з ’неахайны’, як вазголя ’пэцкаль’ > вазголя ’маруда’. Гл. вазгры.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)