ГРЫЗУНЫ́ (Rodentia),

найбольш шматлікі атрад класа млекакормячых. 33 сям., каля 1600 відаў (паводле інш. звестак да 2000 відаў), што складае 40% ад відаў млекакормячых сусв. фауны. Вядомы з пач. палеацэну. Узніклі, магчыма, ад агульных продкаў з насякомаеднымі. Пашыраны на ўсіх мацерыках, акрамя Антарктыды. Найб. разнастайныя і шматлікія ў адкрытых ландшафтах умеранага і субтрапічнага паясоў, асабліва ў арыдных зонах. Найб. пашыраны вавёркавыя (гл. Вавёркі), палятухі, бабры, нутрыевыя (гл. Нутрыя), марскія свінкі, соні, тушканчыкавыя (гл. Тушканчыкі), мышоўкавыя (гл. Мышоўкі), мышыныя (гл. Мышы), слепаковыя (гл. Слепакі) і інш. 15 відаў і 4 падвіды ў Чырв. кнізе МСАП. На Беларусі 7 сям., 24 віды. Насяляюць палі, лясы, сады, поймы рэк, зараснікі па берагах вадаёмаў, трапляюцца каля жылля і ў будынках. 3 віды — соня арэшнікавая (Muscardinus avellanarius), соня садовая (Eliomus quercinus) і палятуха звычайная (Pteromys volans) занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.

Даўж. цела ад 5 (мышоўкі) да 130 см (вадасвінка), маса ад 6 г да 60 кг. Валасяное покрыва (шчацінне або іголкі) ад густога, мяккага да рэдкага. Разцы развітыя, увесь час растуць і вострацца пры сціранні, карэнныя зубы з шырокай жавальнай паверхняй, аддзеленыя ад разцоў прамежкам — дыястэмай. Пераважна расліннаедныя. Вельмі пладавітыя, у многіх некалькі прыплодаў за год. Грызуны — корм для драпежных птушак і млекакормячых. Многія — захавальнікі і пераносчыкі прыродна-ачаговых хвароб, шкоднікі, аб’екты промыслу.

Літ.:

Жизнь животных. Т. 7. 2 изд. М., 1983;

Соколов В.Е. Фауна мира. Млекопитающие. М., 1990.

Л.​В.​Кірыленка.

т. 5, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВУХКРЫ́ЛЫЯ (Diptera),

атрад насякомых. 3 падатр.: даўгавусыя (Nematocera) — камары, мошкі, макрацы і інш.; караткавусыя прамашвовыя (Brachycera-Orthorrhapha) — сляпні, ктыры, жужалы і інш.; караткавусыя круглашвовыя (Brachycera-Cyclorhapha) — мухі, авадні, тахіны, крывасмокі і інш. Больш за 150 сям., каля 100 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі каля 6 тыс. відаў.

Даўж. 0,3—50 мм. Афарбоўка цёмная або стракатая. Развіта адна пара (пярэдняя) крылаў (адсюль назва), задняя рэдукавана і пераўтварылася ў булавападобныя жужальцы. Галава круглаватая з вял. фасетачнымі вачамі. Вусікі шматчленікавыя (даўгавусыя Д.) або кароткія трохчленікавыя (караткавусыя Д.). Ротавыя органы калюча-сысучыя або ліжучыя, зрэдку рэдукаваныя. Развіццё з поўным ператварэннем; за год 1—9 генерацый. Лічынкі чэрвепадобныя, жывуць у вадзе, глебе, гнілых рэштках раслін, жывых раслінах і жывёлах, трупах. Дарослыя Д. кормяцца нектарам і пылком раслін, гнілымі рэчывамі, крывёй жывёл і чалавека (гнюс); некат. не кормяцца. Шэраг відаў Д. — пераносчыкі ўзбуджальнікаў хвароб чалавека і жывёл (пакаёвая муха, маскіты, камары, мошкі, сляпні і інш.). Лічынкі многіх Д. — небяспечныя шкоднікі раслін (даўганожкі, галіцы, збожжавыя мухі і інш.) і паразіты с.-г. жывёл (авадні, гнюс). Некаторыя Д. карысныя як апыляльнікі раслін (журчалкі і інш.), глебаўтваральнікі (грыбныя камарыкі і інш.), знішчальнікі шкодных насякомых (тахіны).

Літ.:

Систематика и эволюция двукрылых насекомых. Л., 1977;

Осмоловский Г.Е., Бондаренко Н.В. Энтомология. 2 изд. Л., 1980;

Жизнь животных. Т. 3. 2 изд. М., 1984.

Двухкрылыя: 1 — камар звычайны; 2 — званец апушаны; 3 — ільвінка звычайная; 4 — чмелявідка празрыстая; 5 — журчалка цыбульная; 6 — сляпень бычыны; 7 — жужала разнаколерны; 8 — муха падлавая звычайная; 9 — зеленавочка збожжавая; 10 — тахіна вялікая.

т. 6, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЫЛІ́, лускакрылыя (Lepidoptera),

атрад насякомых. Выкапнёвыя рэшткі вядомы з мелавога перыяду (каля 140 млн. гадоў назад). Больш за 140 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, найб. разнастайныя ў тропіках. На Беларусі каля 1600 відаў з 59 сям. Каля ​2/3 з сям. агнёвак, ліставёртак, пядзенікаў, совак і выемчатакрылых моляў. У Чырв. кнізе Беларусі 31 від.

Назва атрада ад лускавінак на крылах — відазмененых і сплошчаных валаскоў. Перапончатых крылаў 2 пары, з размахам ад 3 мм да 30 см (еўрап. віды — да 15 см). Вочы вял., фасетачныя, над імі часта ёсць 2 т.зв. простыя вочкі. Разнастайнасць малюнка крылаў утвараецца будовай і пігментацыяй лускавінак. Развітыя органы нюху (сенсілы) размешчаны на паверхні вусікаў. Органы смаку, акрамя ротавых ч., могуць быць і на лапках. Органы слыху выяўлены ў вышэйшых форм (начныя М.). Ротавы апарат (хабаток) сысучага тыпу. Большасць М. актыўныя на змярканні і ўначы. Некат. віды М. (напр., бражнікі) здольныя рабіць пералёты на сотні кіламетраў са скорасцю да 54 км/гадз. Кормяцца нектарам кветак, сокамі і выдзяленнямі раслін. Раздзельнаполыя, зрэдку назіраецца партэнагенез. Лічынкі (вусені) ліняюць звычайна 4 разы, пераважна расліннаедныя; здольныя выдзяляць шаўковыя ніці (пры пабудове гнёзд і сховішчаў, для пляцення кокана пры акукліванні). Кукалкі пераважна пакрытага тыпу. Большасць відаў М. — апыляльнікі раслін. Некат. віды разводзяць для атрымання шоўку (дубовы шаўкапрад, тутавы шаўкапрад, айлантавы шаўкапрад і інш.). Шкоднікі раслін, вырабаў з шэрсці і футра.

Матылі: 1 — зорка; 2 — жаўтушка тарфянікавая; 3 — валовае вока; 4 — жалобніца; 5 — паўлінава вока дзённае; 6 — паўлінава вока малое начное; 7 — перламутраўка вялікая лясная; 8 — серпакрылка дубовая; 9 — стракатка лугавая; 10 — шклянніца вялікая таполевая.

т. 10, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕСПАЗВАНО́ЧНЫЯ (Invertebrata),

шматлікая пазасістэматычная група жывёл, у якіх няма пазваночнага слупа і хорды. Назву ў пач. 19 ст. прапанаваў франц. заолаг Ж.​Б.​Ламарк. Падзяляюцца на 2 падцарствы: прасцейшыя, або аднаклетачныя, і шматклетачныя, у якіх адпаведна 5—9 і да 26 тыпаў жывёл. Узніклі беспазваночныя яшчэ ў дакембрыі (1,5—2 млрд. гадоў назад, магчыма, і раней). Каля 1 млрд. гадоў назад ад аднаклетачных (прасцейшых) развіліся шматклетачныя жывёлы. Прамежкавая ступень паміж імі — каланіяльныя прасцейшыя. У кембрыі ўжо існавалі прадстаўнікі многіх тыпаў беспазваночных. Да беспазваночных належаць тыпы інфузорый, губак, кішачнаполасцевых, ігласкурых, малюскаў, некаторых тыпаў ніжэйшых чарвей, членістаногіх і шэраг інш., усяго да 1—2 млн. відаў. Сярод сучасных беспазваночных найб. колькасцю відаў вызначаюцца членістаногія — да 1 млн. і малюскі — 250 тыс. Беспазваночныя пашыраны ва ўсіх біятопах Зямлі. Сярод іх па колькасці відаў пераважаюць насякомыя. На Беларусі каля 11 тыпаў беспазваночных, больш за 30 тыс. відаў, найбольш насякомых.

Важны момант у эвалюцыі беспазваночных — пераход ад радыяльнай (кішачнаполасцевыя) да двухбаковай (білатэральнай) сіметрыі, якая ўласціва больш высокаарганізаваным беспазваночным. Вышэйшыя беспазваночныя маюць другасную поласць цела (цэлом); лічыцца, што яны далі пачатак першым хордавым жывёлам. Беспазваночныя ўдзельнічаюць у біял. кругавароце рэчываў і энергіі ў біясферы. Доля іх складае да 95% біямасы наземных жывёл. Многія беспазваночныя — корм для звяроў, птушак і рыб, носьбіты ўзбуджальнікаў розных хвароб, шкоднікі с.-г. раслін; выкарыстоўваюцца таксама на харч., лек., гасп.-тэхн. мэты, для барацьбы са шкоднымі жывёламі. Некаторыя ахоўваюцца: 85 відаў беспазваночных занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.

Літ.:

Догель В.А. Зоология беспозвоночных. 7 изд. М., 1981;

Жизнь животных. Т. 1—3. 2 изд. М., 1987—89;

Хаусман К. Протозоология: Пер. с нем. М., 1988;

Беспозвоночные: Новый обобщ. подход: Пер. с англ. М., 1992.

А.​Р.​Александровіч.

т. 3, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУКІ́, цвердакрылыя (Coleoptera),

атрад насякомых. 2 падатр., драпежныя (Adephaga) і разнаедныя (Polyphaga). Каля 140 сям., больш за 300 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды, Цэнтр. Арктыкі, найб. высокіх горных вяршынь. Насяляюць сушу, прэсныя воды; асабліва многа ў тропіках. На Беларусі 100 сям., больш за 3 тыс. відаў. Найб. пашыраны прадстаўнікі 4 сям.: жужалі, стафіліны, слонікі, шчаўкуны.

Даўж. 0,2—200 мм. Афарбоўка розных колераў, часта з метал. бляскам. Цела мае галаву, грудзі і брушка. Покрыва цвёрдае, зрэдку мяккае (мяккацелкі). Галава часцей круглаватая, радзей выцягнута ў галаватрубку. Грудзі і брушка звычайна размежаваныя. Першая пара крылаў — цвёрдыя (адсюль другая назва) надкрылы (элітры), ахоўваюць другую (лятальную) пару крылаў і мяккі верхні бок брушка. Вусікі часцей 11-членікавыя. Ног 3 пары. Ротавы апарат грызучы. Раздзельнаполыя, пераважна яйцакладныя, радзей жывародныя. Пераўтварэнне поўнае (яйцо, лічынка, кукалка, імага). 1—3 пакаленні за год. Па характары кармлення — фітафагі, сапрафагі і заафагі. Глебаўтваральнікі, санітары, рэгулятары колькасці інш. насякомых, апыляльнікі раслін. Некат. — шкоднікі с.-г. і лясных культур, прадуктаў. Шэраг відаў выкарыстоўваецца ў біял. барацьбе з насякомымі-шкоднікамі.

Літ.:

Фауна и экология жесткокрылых Белоруссии. Мн., 1991;

Хотько Э.И. Почвенная фауна Беларуси. Мн., 1993;

Каталог жесткокрылых (Coleoptera, Insecta) Беларуси. Мн., 1996;

Silverberg H. Enumerato coleopterorum Fennoscanduae. Daniae et Baltiae. Helsinki, 1992;

A Checklist of the Ground-Beetles of Russia and Adjacent Lands (Insecta, Coleoptera, Carabidae). Sofia;

Moscow, 1995.

С.​Л.​Максімава.

Жукі 1 — мерцвяед чырванагруды; 2 — мерцвяед матавы; 3 — магільшчык рыжабулавы; 4 — скураед вяндлінны; 5 — скураед музейны; 6 — святляк звычайны: самец (злева) і самка; 7 — мяккацелка бурая; 8 — мяккацелка парасонавая; 9 — свідравальшчык лісцевы; 10 — пчалажук звычайны; 11 — мурашка-жук; 12 — малашка медная; 13 — капуцын; 14 — прытворшчык шаўкавісты; 15 — тачыльшчык хлебны; 16 — шчаўкун грэбенявусы; 17 — шчаўкун бліскучы; 18 — шчаўкун чырвоны; 19 — вусач арлекін; 20 — бронзаўка афрыканская; 21 — афрыканскі галіяф; 22 — златка яванская двухколерная; 23 — алень: самка (злева) і самец; 24 — вусач рэліктавы.

т. 6, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

заве́сціся, ‑вядуся, ‑вядзешся, ‑вядзецца; ‑вядзёмся, ‑ведзяцеся; пр. завёўся, ‑вялася, ‑лося; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). З’явіцца, зрабіцца наяўным. Грошы завяліся. // Узнікнуўшы, распладзіцца, размножыцца. [Дзядуля] даглядае дрэўцы, абразае сухія галінкі, падвязвае маладыя парасткі вінаграду, сочыць, каб не завяліся ў садзе якія шкоднікі. Бяганская. // Арганізавацца, наладзіцца. — У нашым раёне яшчэ дзве трусіныя фермы завяліся. Адна — у «Партызане», а другая... у Пажарках. Ракітны.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Устанавіцца, пачацца. З першых дзён Зеленюковага прыезду ў Сівец у іх завялася з Віктарам цёплая дружба. Зарэцкі. Так завяліся ў містэра Лаяна шырокія сувязі як у дзелавым, так і ў афіцыйным свеце. Лынькоў.

3. Разм. Пачаць бойку, спрэчку і пад. з кім‑н. Сымон яшчэ змалку паказаў сваю злосць. Раз ён завёўся за нешта са сваёй сястрой Марцэляй. Колас. — Я сам злосны і, магчыма, бываю несправядлівы. .. Дык што ты, і мяне знішчыш? — горача насядаў Ходас на Косцю. — Завёўся ўжо! — папракнула яго Вера. Шамякін.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пачаць дзейнічаць у выніку заводу ​2 (у 1 знач.). Гадзіннік завёўся. Матор завёўся.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Мала́нка1, маля́нка ’разрад атмасфернай электрычнасці ў паветры ў выглядзе яркай звілістай лініі, бліскавіца’ (ТСБМ, Мал., Маш., Федар., Сцяшк., Нас., Яруш., Шат., Касп., Бяльк.; ДАБМ, к. 311); мала́ння, мала́нья, маланя́, мылыня́ (віц., ДАБМ, к. 311; Касп., Сл. ПЗБ, Растарг.), мсцісл. мылыньня́ (Нар. сл.), чачэр. мала́йня, карм. мала́ння ’тс’ (Мат. Гом.). Укр. молоння́, рус. молонья́, мо́лонье, молоньё, мола́нья, пск. мола́нка, ст.-рус. мълния, млънии, мълънии, молния, молиня, палаб. mā́uńa, каш. måłńå, чэш. mlna, mlno, mluno, славен. mółnja, серб.-харв. му́ња, макед., балг. молна, молня, мълния, ст.-слав. млънии. Прасл. mъlni ’маланка’ мае і.-е. адпаведнікі ў ст.-прус. mealde ’тс’, літ. mulna, лат. milna ’молат Пяркуна’, літ. milinỹs ’жорны’, ст.-ісл. muln ’агонь’, Mjǫllnir ’маланка, молат Тора’, уэльск. mellt ’маланка’, хецк. malatt ’від зброі’. Лексема мае міфалагічны характар. Параўн. бел. казкі, дзе Малання, Маладня — імя царыцы-маланкі, а маланка ў бел. вераваннях (як і ў ведыйскіх) — гэта зброя Перуна, подобная да двух камянёў жорнаў, у выніку трэння якіх узнікае гром-маланка (Іванаў, Тапароў, Бел. лекс., 59). Гл. маладня́.

Мала́нка2 ’вясёлка’ (петрык., Талстой, АЛА–1974, 58) у выразе: маланка воду бярэ. У выніку семантычнага пераносу.

Мала́нка3 ’мыльнік, Saponaria officinalis L.’ (Сцяшк. Сл.), мыльня́нка ’тс’ пад уплывам маланка1 (перанос значэння паводле падабенства: мыльнік цвіце чырвонымі кветкамі). Гл. мыльнік1.

Маланка́ ’пусты чорны арэх’ (Маш.), маланчу́к, маланкавы арэх ’тс’ (маст., Сл. ПЗБ; Сцяшк. Сл.), палес., беласт. маланчу́к ’спарыння, Claviceps purpurea L.’ (Выгонная, Бел.-укр. ізал., 21). Да мала́нка1 (гл.). Назвы ўзніклі ў сувязі з вераваннем, згодна з якім маланка спальвала арэхі, зерне ў коласе. Аналагічна каш. måłńå апрача ’маланка’, ’туман’ яшчэ і ’зараза’, г. зн. ’шкоднікі-вусеніцы на дрэвах’, ’чорныя плямы на бульбе’, з’яўленне якіх звязваецца са шкодным уплывам маланкі на ўраджаі (Папоўска–Таборска, Бел.-польск. ізал., 103).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)