Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫВЁЛЫ ШКО́ДНЫЯ,
жывёльныя арганізмы рознага паходжання, узроўню арганізацыі, сістэматычнай прыналежнасці і экалагічных умоў месцапражывання, якія прама або ўскосна, часова або пастаянна, перыядычна або неперыядычна шкодзяць гаспадарцы, здароўю чалавека, свойскім і дзікім жывёлам і раслінам. Вылучаюць Ж.ш. у залежнасці ад аб’ектаў, якім яны шкодзяць: гасп. (шкоднікі сельскай, рыбнай, паляўнічай гаспадаркі і інш.), ландшафтным (шкоднікі поля, саду, агарода, лесу і інш.), групам і відам раслін і жывёл (шкоднікіс.-г. раслін, хвойных і лісцевых парод дрэў і інш.). Назва «Ж.ш.» даволі ўмоўная, для канчатковай ацэнкі пэўнага віду жывёл у кожным выпадку неабходны дакладны эколага-эканам. аналіз. Аднак біягеацэнатычнае значэнне віду вызначыць цяжка. Абсалютных Ж.ш. у прыродзе няма. На Беларусі да Ж.ш. належаць некат. віды млекакормячых (палёўкі звычайная і рыжая, дамавая мыш, чорны пацук і інш.), птушак (мышалоў балотны, шэрая варона, ястраб-цецяроўнік, верабей дамавы і інш.), рыб (напр., джгір), малюскаў (напр., дрэйсена) і інш.; найбольшую шкоду гаспадарцы прычыняюць Ж.ш. з класа насякомых (напр., шаўкапрады, пільшчыкі, пядзенікі, караеды, пухаеды, сляпні, каларадскі жук, шведская муха, бураковая блыха, гарохавы зерняед і інш.) Для барацьбы з Ж.ш. выкарыстоўваюцца гасп. (напр., агратэхн. прыёмы рэгуляцыі колькасці), біял. (натуральныя ворагі), механічныя (непасрэднае знішчэнне пасткамі і інш.), фізічныя (знішчэнне з дапамогай высокіх або нізкіх тэмператур, ультрагуку і інш.), хім. (ядахімікаты), генетычныя (масавы выпуск лятальных мутацый, якія парушаюць нармальны цыкл размнажэння Ж.ш.) метады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРУ́НАЧНІЦЫ (Tingitidae),
сямейства насякомых атр. клапоў. Каля 2000 відаў. Пашыраны ўсюды. Пераважна шкоднікі раслін. На Беларусі найб. вядома К. грушавая (Stephanitis pyri). Жывуць на пладовых дрэвах (груша, яблыня), ліпах.
Даўж. 1—10 мм. Крылаў 2 пары, пярэднія з перапончатым верхам, аснова крыла цвёрдая, скурыстая. Надкрылы і пярэдняспінка ячэйкавыя або карункавыя (адсюль назва). Ротавыя органы колюча-сысучыя. Кормяцца сокам лісця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗІ́МАЯ СО́ЎКА (Agrotis segetum),
насякомае атрада матылёў. Пашырана ў Еўразіі, Афрыцы, Аўстраліі.
Размах крылаў 4—5 см. Пярэднія крылы шэрыя або амаль чорныя з плямамі, заднія — белыя. Актыўныя ўначы. Самка вельмі пладавітая, адкладвае больш за 2 тыс. яец. Матылькі жывяцца нектарам кветак, сокам раслін, вусені — травяністымі раслінамі. Шкоднікіс.-г. культур: псуе высеянае зерне азімых злакаў, шкодзіць руні, кукурузе, сланечніку, бавоўніку і інш. раслінам.