СО́ЎКІ, начніцы (Noctuidae),

сямейства матылёў. Больш за 30 тыс. відаў; пашыраны паўсюдна. На Беларусі каля 300 відаў. Начныя жывёлы, дарослыя жывяцца нектарам кветак, сокам раслін. Шкоднікі культ. раслін: азімая соўка, клічная, выдатная, гарохавая, агародная, капусная, лугавая, хваёвая, С.-гама, С.-коска, зерневая, баваўняная і інш. Вылучаюць С. падгрызаючых (вусені жывуць у паверхневым слоі глебы, падгрызаюць расліны каля каранёвай шыйкі) і лісцегрызучых (вусені жывуць на раслінах, кормяцца надземнымі ч. раслін).

Размах крылаў 1—11 см. Цела масіўнае, шчыльна ўкрытае валаскамі. Агульная афарбоўка цёмная, пярэднія крылы вузкія з характэрным малюнкам (3 плямы), заднія белаватыя ці шараватыя, цямнейшыя па вонкавым краі. У С. добра развіта мімікрыя (колер і малюнак крылаў адпавядаюць колеру паверхні, на якой яны сядзяць). Вельмі пладавітыя. Вусені шаравата-бурыя, карычневыя або зялёныя з прадаўгаватымі палоскамі, пераважна голыя. Кукалка жаўтавата-бурая, карычневая, без кокана, звычайна ў глебе.

Соўкі і іх вусені: 1 — капусная; 2 — звычайная зерневая; 3 — паўднёвая сцябловая; 4 — бавоўнавая; 5 — соўка-гама.

т. 15, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)