ГІДРАКСІЛА́ЗЫ, монааксігеназы,

ферменты класа аксідарэдуктаз. Каталізуюць уключэнне ў малекулу арган. субстрату аднаго з двух атамаў кіслароду ў выглядзе гідраксільнай групы (адсюль назва), другі атам аднаўляецца да вады H2O. Гідраксілазы называюць таксама аксігеназамі са змешанай функцыяй (акісляюць адначасова 2 розныя субстраты). Вызначаюцца складаным механізмам уздзеяння. Шырока распаўсюджаны ў прыродзе, біял. тканках; асабліва шмат гідраксілаз у мікрасомах наднырачнікаў млекакормячых, дзе яны ўдзельнічаюць у акісленні прамежкавых прадуктаў абмену стэроідных гармонаў (цытахром-P-450-гідраксілазы).

т. 5, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРО́ЖДЖЫ КАРМАВЫ́Я,

від дражджэй, што атрымліваюць на корм с.-г. жывёле. Вырошчваюць іх на адходах драўніны, кукурузнай аснове, саломе, шалупінні сланечніку, а таксама на адходах сульфітна-цэлюлознай і спіртавой вытв-сці. Д.к. — каштоўны бялкова-вітамінны корм для с.-г. жывёлы ўсіх відаў, маюць вітаміны групы B, правітамін D (эргастэрын), мінер. рэчывы, ферменты, гармоны, якія садзейнічаюць засваенню бялкоў і вугляводаў. Скормліваюць іх з канцэнтраванымі кармамі або ўключаюць у склад камбікармоў.

т. 6, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРУВАТДЭГІДРАГЕНА́ЗА,

поліферментны комплекс, што каталізуе акісляльнае дэкарбаксіліраванне піравінаграднай кіслаты з утварэннем ацэтыл-KaA у тканках чалавека, жывёл, раслін, а таксама ў аэробных мікраарганізмаў. З дапамогай гэтага працэсу вугляводы ўключаюцца ў трыкарбонавых кіслот цыкл. Мае ў сабе 3 ферменты (піруватдэкарбаксілаза, ліпаілтрансацэтылаза, ліпаілдэгідрагеназа) і кафактары, што ўтвараюць комплекс з малекулярнай масай 4,8—10 млн. Прымае ўдзел у найважн. працэсе забеспячэння клетак энергіяй, таму актыўнасць П. шырока рэгулюецца рознымі фактарамі.

С.​С.​Ермакова.

т. 12, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫБАНУКЛЕА́ЗЫ,

ферменты класа гідралаз, якія расшчапляюць рыбануклеінавыя кіслоты шляхам разрыву фосфарна-эфірных сувязей у поліпептыдным ланцугу. Пашыраны ў жывых арганізмах. Найб. вывучана панкрэатычная Р., якая вылучана з падстраўнікавай залозы быка (першы фермент, для якога вызначана паслядоўнасць усіх 124 амінакіслотных астаткаў і ажыццёўлены яго хім. сінтэз; 1960-я г.). Выкарыстоўваюць у біяхім. даследаваннях, для вывучэння структуры нуклеінавых к-т, у медыцыне для прыгнечання росту пухлін, лячэння некат. тыпаў лейкозаў, як абязбольвальны сродак.

т. 13, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАЛА́ЗЫ,

ферменты, якія каталізуюць рэакцыі гідролізу (расшчапленне арган. злучэнняў) з далучэннем на месцы разрыву элементаў малекул вады (H​+ і OH​−). У залежнасці ад характару сувязі, якая гідралізуецца, адрозніваюць эстэразы (ліпазы, фасфатазы і інш.), гліказідазы (амілазы, цэлюлазы, неактыназы і інш.), пратэазы, пептыдазы і г.д. Пашыраны ў прыродзе, адзначаны амаль ва ўсіх жывых арганізмах. Удзельнічаюць у працэсах пазаклетачнага і ўнутрыклетачнага стрававання. Большасць унутрыклетачных гідралаз знаходзіцца ў лізасомах (вакуолях), некат. — у ядры, арганелах і цытаплазме.

т. 5, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНА́ЗЫ, фосфатрансферазы,

ферменты класа трансфераз, што каталізуюць рэакцыі пераносу фасфарыльнага астатку ад адэназінтрыфосфарнай кіслаты (АТФ), радзей ад інш. нуклеазідтрыфасфатаў, на субстраты. Удзельнічаюць у фасфарыліраванні нізкамалекулярных злучэнняў (глюкоза, вітаміны) і бялкоў. Рэакцыі пераносу К.

ажыццяўляюць з затратай энергіі АТФ (неабарачальныя рэакцыі) і без затраты (абарачальныя рэакцыі). Прысутнічаюць ва ўсіх жывых клетках і адыгрываюць значную ролю ў рэгуляцыі абмену рэчываў. Вядома каля 200 К. Вызначэнне актыўнасці крэацінкіназы ў сываратцы крыві выкарыстоўваюць у дыягностыцы інфаркту міякарда і міяпатый.

т. 8, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭ́МІКСЫ (ад лац. prae раней, перад + misceo змешваю),

абагачальныя сумесі біялагічна актыўных рэчываў. Выкарыстоўваюцца для павелічэння пажыўнасці камбікармоў і паляпшэння іх біял. ўздзеяння на арганізм с.-г. жывёл. Паводле складу вылучаюць П. вітамінныя, мінер., вітамінна-тэрапеўт. і інш. У склад уваходзяць: напаўняльнік (аўсяная, травяная мука, вотруб’е, макуха, дрожджы і інш.) і біялагічна актыўныя рэчывы (вітаміны, мікраэлементы, амінакіслоты, ферменты, антыбіётыкі, антыаксіданты і інш.). Вырабляюць на камбікормавых з-дах для жывёл розных відаў, узростаў і кірункаў прадукцыйнасці.

т. 13, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дыпептыда́зы

(ад ды- + пептыдазы)

ферменты, якія каталізуюць гідралітычнае расшчапленне дыпептыдаў на свабодныя амінакіслоты.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

дэзаміна́зы

(ад дэз- + аміны)

ферменты, якія каталізуюць гідралітычныя адшчапленні аміяку ад арганічных рэчываў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

гліказіда́зы

(ад гліказіды)

ферменты класа гідралазаў, якія каталізуюць гідралітычнае (гл. гідроліз) расшчапленне гліказідаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)