АКСІДА́ЗЫ,

ферменты класа аксідарэдуктазаў, што каталізуюць у жывых клетках акісляльна-аднаўленчыя рэакцыі, акцэптарам вадароду ў якіх з’яўляецца кісларод паветра. Пры гэтым утвараецца вада або перакіс вадароду (H2O2). Паводле структуры адрозніваюць аксідазы-металаферменты (напр., тыразіназа і аскарбінатаксідаза маюць медзь) і аксідазы-флавапратэіды (напр., глюкозааксідаза). Кафермент многіх аксідазаў — вытворныя вітаміну B2 — ФАД або ФМН. Аксідазы адыгрываюць значную ролю ў катабалізме (распадзе) і дэтаксікацыі розных злучэнняў (напр., монаамінаксідаза разбурае біягенныя аміны).

т. 1, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)